- Каціся, - буркнуў Шэршань, кіруючыся да ганка, і не павярнуўся ні на стук дзверцы, ні на рэзкі старт з месца, калі пасля таго, як натужна ўзвыў матор, стаў аддаляцца яго гул, што прыглушаўся нейкі час ледзь чутным шоргатам колаў. - Унюхаў-такі сёе-тое, сукін сын!
Ішоў не спяшаючыся. Дзівіўся, хоць і без асаблівае радасці, на сосны ўздоўж берага сажалкі, на чысціню не першага сёлета снега, на каляровыя водсветы сонечных промняў перад заходам сонцам на прыцярушаным сасновымі голкамі і снегам даху. Думаў, што, калі і любіў што ў жыцці па-сапраўднаму, то гэту мясціну, гэту сажалку і дом пад соснамі, які яму ніколі не належаў. Не належаў... Дык і нішто іншае не належала! Прыйшоў у гэты свет без анічога свайго - і адыдзе, нічога з сабою не прыхапіўшы. Мо хіба гэты адвячорак...
Шэршань дастаў з кішэні ключы, але ў дом заходзіць не стаў - не хацелася. Ды і рана яшчэ. Захінуўшы паліто, апусціўся на драўляную прыступку ганка, на самы парожак. Так, абхапіўшы сябе рукамі, і сядзеў. Хвілін, якія няспешна наліпалі адна на адну, не лічыў. Hi пра што канкрэтнае не думаў. Думкі, як і позірк, пераляталі з аднаго на другое лёгка, нязмушана. Сінічка трапляла на вока - і ён сачыў за ёю з ціхім смуткам. 3 боку сажалкі далятаў нейкі згук - і ўзгадваў, як плаваў у яе халаднаватай вадзе ўлетку... і не адзін...
Адзін, не адзін - урэшце, значэння не мела, бо заўжды апасля заставаўся адзін. Хоць на службе, хоць дома, хоць тут. Перш нячаста, потым усё часцей, апошні год - пастаянна. I што гэта мяняла? Што падмяняла ці адмяняла? Любыя повязі паміж людзьмі - слабыя і няпэўныя. У адным выпадку на матэрыяльным інтарэсе трымаліся, у другім - на палітычным. Прайгравалі ў свой час і тыя, хто ўвесь час свае выгоды падлічваў, і тыя, хто без страху і сумненняў абараняў абраную ідэйную пазіцыю - абраную ідэю. Прайгравалі - адны спакойна, другія з трагічным для душы неразуменнем: чаму? за што?!
Вечны ідыятызм усё тых жа на ўсім працягу гісторыі пытанняў! Чаму? Таму, што жыццё, адпушчаныя ім дні ў скарбонку, як даляры, не сунеш. За што? А хоць бы за тое, што аднойчы стаў думаць: ад цябе штосьці ў гэтым жыцці залежыць...
Да падобных высноў у сваіх разважаннях Шэршань рэдка калі прыходзіў. Ды і рэдка - не тое слова! Не часу, веры не ставала, каб усур’ёз разважаць над сэнсам свайго ці чужога існавання: штодня ж назіраў (а то і даводзіў сяму-таму): жыццё чалавечае капейкі ломанае не каштавала, не тое што розныя там «сю-сю - ма-сю». Сюсюкай ці выкабеньвайся над тым, што падносіла на кожным сваім прамежку жыццё, - вынік адзін: лёс так або іначай пасмяецца з цябе, з тваіх чаканняў і спадзяванняў. Так або іначай. Раней ці пазней. Калі сам - і тады, калі схочаш! - не паставіш кропку. Кропку, няхай не вельмі зграбную, але дакладную, як паказаная разамлелай ад чакання публіцы фіга.
Не сонца (яно ўжо даўно схавалася за хмаркаю), а само адвячоркавае святло, здавалася, садзілася за лес: там ужо шырылася цёмная, цёмна-ліловая паласа, якая падымалася і зацяняла далягляд. Над палянаю, над домам неба яшчэ сінела, а ў сажалцы, дальні край якой бачыўся з ганка, ужо збіралася цемра, нідзе, ніводным водсветам не адгукаючыся пагляду.
«Самы час, каб памінаць...» - мільганула неакрэсленая і таму вокамгненная думка, і Шэршань толькі ў гэты момант адчуў, што холад прабіраў да касцей. Падняўся. Крыху патаптаўшыся на ганку, намацаў сунутыя ў адну з кішэняў ключы. Не з першага заходу, але адамкнуў дзверы і шырока адчыніў іх, каб упусціць у дом промні апошняга святла. Міг-другі прамарудзіў, спрабуючы зарыентавацца ў згадках, і прайшоў напрасткі ў пакой, да пісьмовага стала, дзе ў адной з шуфлядак трымаў - у адпаведнасці з няпісаным правілам, якога звычайна прытрымліваўся ў любым стане, прыхоўваў ад самога сябе пляшку малдаўскага каньяку, а ў другой (ніжняй) - баявы пісталет, прывезены некалі з Афгана. Перш дастаў пісталет і, праверыўшы, паклаў на стол, потым узяў з верхняй скрынкі каньяк і з пляшкаю ў руцэ вярнуўся на ганак. Адкаркоўваючы яе, прасачыў за цёмнай паласою неба над лесам, потым цяжка апусціўся на ранейшае месца. Паёрзаў крыху і для большай зручнасці прываліўся спіною да шулы. Выпрастаў ногі і ўздыхнуў: пляшка сагравала руку, а трэба б, каб душу...
Позірк усё яшчэ спрабаваў утрымаць цямрэчу ад распаўзання і няўмольнага набліжэння, а ў душы Шэршань даўно змірыўся і з гэтай шараю гадзінай, і з выспелым рашэннем тут, у адзіноце, сам-насам з бязмежжам, якое згасала на вачах, памянуць «вялікі і магутны»: яму ён аддана служыў, у росквіце яго, як сёння стала ясна, бачыў адзіны сэнс усяго таго, што рабілася і чынілася. Абвешчана смерць краіны - і хрэн з ёю! А вось сэнс... Вялікая ідэя, якую так бяздарна прапілі-пражралі (і ён, Шэршань, у тым ліку), была сапраўды вялікаю. Як ні круці, а не супраць краіны, якую называлі Савецкі Саюз, а супраць ідэі, якая зрабіла яе Савецкім Саюзам, змагаліся прайдзісветы ўсяго свету!
Шэршань піў каньяк проста з гарла, адганяў збрыдлыя за дзень думкі - і запіваў іх, не пражытае жыццё памінаючы, а ўсё яшчэ жывую веру ў жыццё, у яго працяг глушачы. Які працяг? У чым? Агонія распаду, хутчэй за ўсё, не адно дзесяцігоддзе будзе доўжыцца - і што? Смяяцца? Плакаць? Піць да чорцікаў у вачах, спрабуючы да новых гаспадароў прызвычаіцца?
Сплюнуўшы думку пад ногі, Шэршань падняўся. Трасянуў пляшку - штосьці яшчэ боўталася... Салютнуў ёю ўжо амаль да канца зацягнутаму шэранню небу, дапіў рэшту і пайшоў у дом. 3 парога кінуў пустую бутэльку назад, у снег. Адвячорак саступаў вечару, ён, палкоўнік КДБ Шэршань, саступаць новаму дню, нейкаму новаму жыццю не збіраўся. Даволі таго, што ў мінулым прайграна ім самім. Засталося годна прызнаць, што прайграў усё, і паставіць кропку.
Святло згасала. Чорнае вока сажалкі ў абрамленні прыцярушаных ранішнім снегападам соснаў яшчэ не злілося са змрокам, хоць ужо не люстравала ніводнага водсвету неба, і ўсё ж невялічкі прагал сінечы на заха- дзе сведчыў: дзень не дагарэў, а дагараў... Hi ўскрыку птушкі, ні павеву ветру. Так, бы паўсюль, ад краю да краю леса, ад краю да краю света ўсталявалася на некалькі хвілін цішыня.
Калі з дома, з так і не прычыненых дзвярэй пачуўся кароткі, здавалася, прыглушаны самой гэтай цішынёю стрэл, хмарны покрыў ледзь прыкметна ўздрыгнуў, і шэрань тут жа зацягнула апошні светлы прагал. Змрок пачаў гусцець, і ў хуткім часе ўжо цяжка было б правесці мяжу між цёмным, адразу пачарнелым небам і ахутанай шчыльнаю цямрэчаю зямлёй.