- Проста не знайшлося ў свой час нікога, хто ўзяў бы цябе за шкірку, тыцнуў носам у цёмны куток...
Падпалкоўнік? Тут?! Ён жа паспеў ужо стаць палкоўнікам і не мог, ніяк не мог з’явіцца ў яе доме!
- Скажы лепш, няўжо нічым не заплаціла за тую ноч, га-га-га! Няўжо нічым? Ніводным са сваіх падфарбаваных пёркаў?
Ён яшчэ смяецца! Людміла, забыўшыся пра гордасць, павінна прасіць урачоў вырваць, абцугамі выдраць з яе ягонае паганае семя, што прарасло, расце так імкліва, што яна вось-вось пачне раздзімацца, а ён смяецца!
- Ганіце яго адсюль! - просіць урача і раптам з жахам бачыць, што гэта ён, урач, смяецца з яе, з яе страху, з кожным імгненнем становячыся ўсё больш падобным на Шэршаня. - Вы... Ты не зможаш зрабіць аборт... Я не хачу, чуеш? Ты ж не ўрач, палкоўнік, ты не асмелішся! Пагукай мне ўрача!
Крык пераходзіць у лямант, потым у такі гучны стогн, што ў самой закладвае вушы, а яна ўсё крычыць, вырываючыся з дужых, валасатых рук, хоць адчувае, што адна за адною, як тонкія перацягнутыя струны, лопаюцца галасавыя звязкі, і боль не выходзіць горлам, а сцякае кудысьці ўніз, усярэдзіну, туды, дзе, раздзіраючы тканкі жывата, пачынае варушыцца, тузаецца штосьці чужое, чужароднае. Яно не можа так тузацца, яно яшчэ не магло вырасці настолькі...
- Яно? - смяецца яе кат, прывязваючы да якогась жахлівага крэсла і перакідваючы яе разам з ім галавою ўніз. - Гэта яны! Твае дзеці!
- Дзе...ці?! - заглытвае, праглынае яна свой стогн, адпускаючы, выпускаючы боль на волю.
- Ну не кацянятамі ж ты ад мяне, чорт вазьмі, зацяжарала, - бурчыць палкоўнік, пачынаючы распранацца, і яна знізу ўверх, з жахам пазірае, як агаляецца яго аграмаднае валасатае цела, як яно падаецца бліжэй і бліжэй, навісае над ёю, і не можа не тое што закрычаць, расцяць вуснаў.
Боль становіцца вастрэйшы, яна ўжо не спрабуе з ім змагацца, раствараючыся ў жаху, у чаканні чагосьці горшага, найбалючага. I яно насоўваецца з немінучасцю наступнае хвіліны: з’яўляюцца двое ў белых халатах і масках і аддзіраюць, адцягваюць ад яе палкоўніка, які сцінаецца, меншае, знікае проста на вачах, потым падступаюцца да яе, і адзін з іх, вышэйшы, з акрываўленымі, як ёй здаецца, рукамі, груба рассоўвае ёй ногі. На яе кволы пратэст толькі злёгку паварочвае галаву і па-змоўніцку падміргвае:
- Ну што, не надумала раджаць? Тады плаці, красуня! Усімі ненароджанымі дзецьмі заплаціш за гэту работу...
У яе цямнее ўваччу - яна правальваецца ў гэту цемру, у чарнату і, не чуючы нічога, нават страшнага болю, раптам зноў чуе глухаваты голас палкоўніка:
- Жорсткасць - дзіўная штука: у адным выпадку караецца, у другім бласлаўляецца... Ніхто ні ад каго не застрахаваны, Людміла Пятроўна. Вось гэта ўжо не!
- Пайшоў прэч! I ты! Ненавіджу! - крычыць у чарнату, у бездань, куды правальваюцца сказаныя ім, паўтораныя колькі разоў словы.- Не я іх забівала, не я!
- Цішэй, цішэй, дачушка, - астуджае яе гарачы лоб ціхі мамін шэпт. - Я цябе пагайдаю на арэлях, хочаш?
- Не хачу,- палохаецца Людміла таго, што мама прыняла за арэлі тое жахлівае крэсла, у якое яна ўціснута болем, болем і жахам. - Няўжо ты не разумееш, мама, што я ўжо даўно не маленькая, што я вырасла?
Не адказаўшы, мама пачынае ціхенька пагойдваць і спяваць - спявае штосьці пра сонечную пражу, з якой вытчацца сцяжынка, пра залацістыя кветкі і іх салодкі водар і, спяваючы, бязважка, амаль нячутна кранаецца яе рукою. Гэтыя мяккія асцярожныя дотыкі сцягваюць, загойваюць рану, здымаюць боль, праясняюць думкі.
- Я сплю, мама? Ты мне снішся, праўда? Мне ўсё гэта толькі прыснілася?
- Жыццё не можа прысніцца, дачушка, а ты ж жывая, жывеш і ўсё яшчэ не можаш мяне ўбачыць...
- Але ж я бачу, бачу цябе! - прыўздымаючыся, радасна адчувае пад нагамі цвёрдую зямлю Людміла. - Чарната адступіла, знікла, і ў першых промнях святла - ты, мама, і ты ўсміхаешся.
- Я думала: ты мяне не ўспомніш, не пазнаеш з-за сцяны гадоў... I на тым дзякуй, дачушка, і на тым дзякуй.
- Куды ж ты, мама? - імкнецца яна за ёю следам. - Раптам яны вернуцца?
- Хто - яны? - азіраецца.
- Яны... Гэтыя... Я не знаю іх і баюся, - халадзее Людміла ад адной думкі, што ўсё перажытае зноў вернецца, паўторыцца.
- Не бойся, дачушка, - застаецца з ёю толькі голас, мамін голас. - Жыцця не трэба баяцца: яно не падманвае... Ты забыла тое, што ў глыбіні душы хацела забыць. Страціла тое, што хацела страціць...
- Я не хацела забыць цябе, не хацела!
- Хацела... хацела...
Ці то паддражніў яе прасцяг, ці то зрыкашэцілі, ударыўшыся аб нізкую нябесную цвердзь, словы, а рэха ўжо асыпала яе вострымі аскепкамі, прабіла, прадзіравіла нябачную ахоўную абалонку. Праз дзіркі і разрывы стала відаць, што там, дзе павінна б агаліцца яе «я», яе цела, зеўраюць пустоты, і яна пужаецца, спалохана абмацвае сябе і ўздыхае з палёгкаю, толькі пераканаўшыся, што ўсё нібыта на месцы: плечы, рукі, грудзі... У грудзях, праўда, штосьці ўсплёсквае, пачынае пакалыхвацца, але ўрэшце гэта можа быць і сэрца, падталае ад неастылага ўнутранага жару сэрца.
- Ага. Там бродзяць жаданні даўно заглушанага гадамі і, як табе, думалася, даўно пахаванага маленства, што не-не ды і выплёскваюцца, прагныя, прагавітыя, на паверхню, у тваё жыццё.
- Што? - не разумее Людміла ні слоў, ні таго, адкуль яны ідуць.