Кідае трубку, каб не сказаць што якое мацнейшае: тры тыдні адмоўчваўся, правакаваў на самыя розныя думкі (як жа! гаворку паабяцаў!), а тут - на табе, радуйся... Ды яна мо і ведаць не ведае ніякага палкоўніка Шэршаня! Не ведае, і ўсё на тым!
Тэлефон разрываецца? I няхай. Яна ідзе ў душ. I з раніцы намервалася прайсціся па праспекце, пастаяць над Свіслаччу, паназіраць за качкамі. Ёсць у яе права на адпачынак ці не? Палкоўніку, ты ж разумееш, яна спатрэбілася! Пачакае... Яна больш чакала...
Злосць не адыходзіць, хоць пад цёплымі струменямі вады і мякчэе: ужо ж, і Людміла ў свой час чытала пра падвалы НКУС, пра майстроў допыту і загадзя апраўданую іх жорсткасць, ды тут іншае. Сэрцам чуе: іншае. Ад таго і страху вялікага няма, ад таго і верыцца, што хай і не ўсё тое, ранейшае, адышло, але самае страшнае не здарыцца - не можа здарыцца! Па крайняй меры, з ёю. Ёсць, трымціць у гэтым Шэршані струнка сугучная - што ні кажы, а ёсць. Перацягне - можа і лопнуць, абарвацца, не без таго, а крануцца яе пальчыкамі, спадзяецца, дазволена... Не пацягне ж ён яе ў сваю гульню: навошта? 3 яе яму іншая карысць...
Хоць што значыць, іншая? Ведама ж, другога такога кабяля не знайшла б, калі б схацела! Звані, звані, даражэнькі... Hi для палкоўніка Шэршаня, ні для любога з яго малойцаў Лялечкінай няма. Няма і не будзе. У кожнага свае планы. Яна і-дзе гу-ляць! Джынсы, кашулька з настаўленым каўняром, акуляры, каб прыдбаць крыху больш таямнічасці, самая вясёлая сумка... Калі яшчэ валасы па плячах распусціць... Вось так... Не, лепш звязаць іх, упрыгожыўшы шыкоўным сінім у гарохі бантам! Вось так. О’кей! Цяпер сам чорт ёй не брат.
На праспекце ў гэты час, канешне ж, тлумна. Ну ды яна толькі да ракі ім спусціцца, да набярэжнай...
- Добры вечар, Клаўдзя Захараўна! - віхляе Людміла «хвастом» перад носам самай «ідэйнай» з матрон пад’езда, не чакаючы, пакуль тая зглыне пераселае ў горле здзіўленне і дапне, як зрэагаваць на яе выгляд і вітанне, збягае ўніз: мымра мымраю, а туды ж - у маралісткі пнецца! Мужава цёплае месца ёй сраку грэе, а не мараль, а паслухаць... Ну, яе, Лялечкіну, ёй не праглынуць, задушыцца родненькая. Нягледзячы на сваё калгасна-сялянскае паходжанне.
- Добры вечар.
Гэта яшчэ хто? А-а-а, самы цікаўны з цэкоўскіх пеўнікаў! Матлянуўся, як ад фурыі... Правільна, галубок. Трэба радзей трапляць Лялечкінай на вочы, а то яшчэ ўздумае раптам накапаць на цябе - проста так, ад лёгкасці характару, га? Дзе ты тады апынешся? Hi слабыя крылцы, ні адносна моцны яшчэ карэньчык не дапамогуць...
- Прашу, Людміла Пятроўна.
Дзверцы «Волгі», што тармазнула побач зусім нячутна, так, бы каціла ўвесь час за ёю, паслужліва адчынены, голас палкоўніка ні з чыім не зблытаеш - нічога не застаецца, як, перасмыкнуўшы плячыма, сесці ў машыну на прапанаванае сядзенне, побач з хмурым, занадта сур’ёзным для такога моманту Шэршанем.- Ледзьве пазнаў панёнку. Куды паедзем?
- Гэта залежыць ад майго выбару, палкоўнік? - яна паварочваецца да яго, наструньваючыся. - Ці так, пытанне на засыпку?
- У Азярын, Лёша, - спакойна кідае ён шафёру.
Яна ажно прыўздымаецца на сядзенні; які Азярын? Ён што? «Ты што?» - ужо хоча спытаць, крыкнуць, адчуваючы, што зашкробся, вяртаецца ранейшы страх, а крык як прыстывае да раптам дрогкіх вуснаў, рука нямее пад цяжарам яго апушчанай на яе рукі. Глядзіць на Шэршаня, на яго суровы профіль - і ні зварухнуцца не можа, ні вачэй адвесці, быццам сам сатана перад ёю: і вабіць, і адштурхвае адначасова.
Спрабуе супакоіцца. Вярнуць пачуццё годнасці, калі не пачуццё гумару: усё ж прааналізавана даўно і не адзін раз, усё сыходзілася на тым, што тая ноч у Полацку згадвалася палкоўніку, як згадвалася ёй, ва ўсёй сваёй жудаснай прывабнасці, калі сіла і прага, захапленне і нянавісць, жорсткасць і пяшчота зліваліся зноў і зноў, змушалі іх упівацца адно ў аднаго, знясільваючы і наталяючы ненасытныя целы. Усё сыходзілася.
- Што такое Азярын, палкоўнік? - спытала яна, ледзь толькі Шэршань крыху адпускае руку. - Я не памятаю мясціны пад такою назваю дзе-небудзь паблізу. Спадзяюся, гэта...
- Гэта не турма. I не месца высылкі для надта цікаўных дам з апарату, - суха адгукаецца ён, і ў гэты час Людміла бачыць, краем вока заўважае ў люстэрку насупраць ледзь улоўную ўсмешку шафёра, нечым падобнага да свайго шэфа.
- I не бардэль для начальства? - змушае сябе зрэагаваць на гэту ўсмешку, адкідваючыся на спінку сядзення.
- Навошта так спяшацца? - сядае зручней і ён. - Яшчэ добрых паўгадзіны ехаць.
- I што ж, мне гэтыя паўгадзіны маўчаць загадаеце? Мучыцца нечаканаю здагадкаю - куды і навошта мяне вязуць? - і маўчаць?
- Ну, чаму ж, - лагаднее Шэршань, хоць па-ранейшаму на яе не пазірае. - Можаш расказаць, як карыстаешся сувяззю з кабінетам свайго шэфа і што цікавага здолела падслухаць за гэты час.
- Ты... Вы... - заліваецца яна жарам. - Адкуль вы ўзялі?
- Што? Адкуль? Гэта не твае пытанні, Людміла Пятроўна, - рэзка павярнуўшыся, пазірае на яе ва ўпор (з задавальненнем, як ёй здаецца). - Гэта мне б трэба пытацца з усёй строгасцю: нашто? з якою мэтаю? Але ў нас яшчэ будзе час пра гэта пагаманіць. Цяпер мяне цікавіць іншае. Гэта... - ен шчоўкае пальцамі, абводзячы ў паветры над ею колца, - гэта вось чарговы выбрык моды ці спроба канспірацыі?
- Канс... канспі... рацыі? - нечакана, у адказ на перанапружанне апошняй хвіліны, нападае на яе смех: Людміла стрымліваецца, як можа, заціскае рот абедзвюма рукамі і ўсё-такі пачынае смяяцца, гучна і весела. Дальбог, весела! - іскаркі смеху загараюцца нават у вачах палкоўніка. - Няўжо вы не разумееце, што я ні ў якія - ні ў якія! - гульні не гуляю? ·
- Людзі дзеляцца на тых, хто сам разыгрывае карту, і тых, кім гуляюць.
Смех перасядае ў яе ў горле, і, каб не закашляцца, Людміла некалькі разоў глыбока ўдыхае колкае, далёка не стэрыльнае паветра ў машыне.
- 3 твайго дазволу я закуру, - апускае ён аконнае шкло, і разам з шумам колаў урываецца вецер, - едзем з хуткасцю, якая яўна перавышае ўсе, дазволеныя.
Яна крадком цікуе за яго нервовымі, усё яшчэ нервовымі, рухамі, паступова супаконваючыся, і думае, што, калі ужо мяняць гаспадара, то на такога, як ён, Шэршань: не спатрэбяцца ні сумненні, ні большыя радасці. Дзе ўжо дзе, а тут праўда на яго баку: яны і сапраўды варты адно аднаго - хоць і рознай пароды, але і тая і тая парода - драпежная. У яго - памкненнем скарыць любога - падагнуць, падкамячыць пад сябе... У яе.. У яе - памкненнем уліцца, урасці, разарваць карэньчыкамі, толькі на першы погляд слабымі, любыя ковы, нават такія моцныя, як Шэршаневы. Што небяспечней?
Канспірацыя... Прыдумаў жа! Да яго, таўстаскурага, старасць прыйдзе толькі тады, калі кроў перабродзіць і пачне астываць, а яе, Лялечкіну, кожная лішняя зморшчына да яе прывязвае: не адкаснуцца, не адгарадзіцца. Тут на любыя выбрыкі пагодзішся, абы выгляд захаваць!
Маўчыць. Курыць. А шафёр не-не ды і цікуе за Людмілаю цераз люстэрка... Дарога, па ўсім відаць, яму добра знаёмая, хоць ужо адвярнулі ўбок ад трасы і ехалі некуды ў кірунку Пцічы, наколькі яна арыентавалася, вось і прыглядваўся да вылаўленае шэфам пташкі. Малады. Самаўпэўнены. Позірк - часам адкрыта цынічны: не на гэткіх, маўляў, дзівіўся... Ну, ды чорт з ім! Даволі з яе і палкоўніка, які занадта старанна іграе сваю ролю: адсунуўся да акна, хмурыцца, жуе, жвакае ў губах цыгарэту, а сам бы, здаецца, аблапіў яе прама тут, у машыне, - ажно паветра іскрыць ад яго магутных токаў. А яшчэ, дурніца, пужацца ўздумала! Такія, як ён, ведаюць, чаго хочуць, і бяруць сваё, не цікавячыся нават, хто дае. Так што яна для яго...
- Адпусціў страх, ці ўсё яшчэ думаеш, што трапіла ў дэтэктыўную гісторыю? - пагасіўшы цыгарэту, крутануўся да Людмілы Шэршань так рэзка, што калена ўпёрлася ў яе, і яна хацела адсунуцца, але, затрыманая яго паглядам, толькі сцепанула плячыма, - Лёша ў нас мастак на такія гісторыі, але сёння проста даставіць нас куды трэба.