- Здзекуешся? - не ведае ён, як сябе паводзіць далей, бо, даўшы яму зайсці, Людміла не дае яму прайсці ў пакой, загароджваючы дарогу.
- Ну што ты, Віктар! - прыпамінае яна яго імя. - Твае колькі ўжо ў ад’ездзе?
- Чацвёрты дзень...
- Ну вось бачыш!
- Што? Што ты маеш на ўвазе? - не разумее ён, хоць чырвань ужо адхлынула ў яго ад твару, а цела напружылася ў салодкім прадчуванні адно ад намёку.
А ў Людмілу як чорт раптам усяліўся, падштурхваючы, змушаючы спагнаць з гэтага, маладога, тое, што не здолела ўзяць ад яго папярэдніка: для нечага ж ускіпела ў ёй злосная сіла!
- Пачакай! - цягнецца цераз яго плячо да дзвярэй, да ўнутранага замка, і ён, змушаны падтрымаць яе, на міг адчувае блізкасць звабна адкрытага пагляду цела і ў той жа міг страчвае над сабою кантроль...
- Я не хацеў... я не магу... - яшчэ апраўдваецца, спрабуе апраўдацца, а рукі яго ўжо зрываюць з Людмілы дарагі ўбор, і яна не так стрымлівае яго, як падганяе, прыспешвае, распальваючы пацалункамі, у якіх, пэўна, не менш чым вызваленае, адпушчанае на свабоду прагі наталення, і прыхаванае, неўтаймоўнае яе нянавісці.
Праз хвіліну яны, счэпленыя ў адзін шалёны клубок, ужо качаюцца па падлозе, засланай дываном, і чаго ў гэтай яраснай барацьбе двух целаў, двух жаданняў больш - узаемнае насалоды ці ўзаемнае нянавісці - яна не хоча вызначаць. Адчувае, што гэтак жа, як і ён, мужчына, хоча браць, толькі браць ад другога цела, ад іншае, не свае сілы, і тое, ці падабаецца гэта мужчыне, упершыню не важна.
Калі ён адрываецца ад яе, супакойваецца і, раскінуўшы рукі, застывае побач, Людміла падымаецца, спустошаная, стомленая гэтаю барацьбою, ідзе ў ванну. Доўга плёскаецца пад душам - так, быццам хоча змыць, сцерці з сябе не толькі гэты вечар, а і ўсякі напамін пра яго. Доўга, з прыемнасцю падстаўляючы ручніку зноў пасвяжэлае, бадзёрае цела, выціраецца, накідвае халат.
- Ты ўсё яшчэ тут? - здзіўляецца прысутнасці надзьмутага ад усведамлення нечакана лёгкай перамогі Віктара. - Пайшоў прэч!
- Ш-што?! - зрабіўшы ўжо крок насустрач, натыкаецца ён на зняважлівыя яе словы.
- Я сказала: цяпер пайшоў прэч! - грэбліва разглядае Людміла скарыстанага толькі што маладога пеўніка. - I каб я цябе ніколі - чуеш? - ніколі больш не бачыла ў сябе каля дзвярэй!
- Але...
Яна ўжо насцеж расчыніла дзверы і, назіраючы, як ён спалохана, бачком, бачком выслізвае з кватэры, ціха, помсліва смяецца.
Смяецца нейкі час яшчэ і тады, калі застаецца адна, і смех не згасае, а зусім нечакана пераходзіць у ціхае ўсхліпванне.
Ненавідзела! Як жа яна ненавідзела разумнікаў усіх эпох! Паслухаць каторага, дык жанчына нараджаецца мадоннаю, якую чакаюць любоў і пакланенне. Ці таго больш, толькі вакол яе сэрца, поўнага матчынае любові, можна сабраць сусвет... Лухта! Якая любоў? Які сусвет? Усе яны поўзаюць па паверхні жыцця, апроч біялагічнага, ніякага іншага яго сэнсу не ведаючы. Не ведаючы і не прызнаючы. I жанчынамі - імі! - у гэтым жыцці як пагарджалі, так і пагарджаюць. Уздыхаючы, смуткуючы ў чаканні высокае, усёабдымнае любові, да нябёсаў узносячы жанчыну - абстрактную, намаляваную ўяўленнем жанчыну! - скрозь прыгнятаюць яе, ператвараюць у жывёліну, здзекуюцца з яе спадзяванняў на самастойнасць і роўнасць. Нездарма ж іх філосафы (жанчын, нябось, у сваё кола і па сённяшні дзень не ўпускаюць!) сцвярджалі, што яна, жанчына, без сувязі з мужчынам не была б у поўную меру чалавекам, бо ў ёй, бачыце, задужа цёмная прыродная стыхія, - нездарма ж не прызнавалі і не прызнаюць у ёй асобу. Ды ўжо ж! Дзе ёй, жанчыне, загнанай, затузанай бытам, стаць асобаю? Накарміць бы сваёю плоццю ўсіх, пастаўленых лёсам вышэй, усіх, у кім курчыцца, плача п’янымі слязьмі асоба!
Любоў? Цуд? Таямніца? Ды ўсё ж даўно вытлумачана, разгадана, расказана і перасказана. Звычайны шал пачуцця, які часова зрушвае з месца звыклыя рэчы, паняцці, перакананні. Кароткае забыццё, растварэнне сябе ў кімсьці іншым. Патрэба, уцеха, падман... Як хочаш назаві, а цуду не адбываецца...
Работніца, хатняя гаспадыня, маці, жонка, каханка, шлюха - кожны можа разлічваць і разлічвае на тое, што яму патрэбна. Гэта зручна. 3 гэтым усе даўно звыкліся. Ніхто нічога не прагне мяняць: што - на што? Зручны расклад жыцця - на пошук сонечнага зайчыка? Звыклую сцежку, што нітуе з домам і з людзьмі, - на хісткі міраж? Яны ж і так усе пакараны - кожны сваім жыццём. Адно азірнуцца, угледзецца ў любы, як не ў свой уласны твар: на ім цёмнымі кругамі пад вачамі, зморшчынамі і зморшчынкамі вакол пазначаны не толькі іх, жаночы, лёс, а і гістарычны лёс чалавецтва - уцёкі яго ад прыроды, ад біялагічнае, жывёльнае свае сутнасці. Марныя ўцёкі. Зноў і зноў усё пачынаецца спачатку. Ад Адама і Евы. Так і жывуць дасюль паміж спробамі насыціць распусную, ненасытную плоць і думкаю пра любоў як пра шлях да свае несмяротнасці.
Любоў! Цьфу ты, Божа мой... На гэтым шарыку, аблюбаваным для жыцця Космасам, яны выслізгваюць з рук, з абдымкаў адно аднаго - так, быццам ён пакрыты ледзяною карою: яны і на міг не могуць утрымацца, зліцца ў адно, а туды ж - пра любоў! Ды калі б сапраўднаю была любоў, яна не з’яўлялася б, як прывід, у абліччы іх дурных страсцей, яна складала б само існаванне, само жыццё, і не было б, не ўзнікла б патрэбы думаць пра тое, як не застацца ў адзіноце, пакінутаю ці падманутаю, як у тыя дні, калі да дна, да донца агаляецца ўся бязглуздая мітусня, уся нясцерпная мука жыцця, знайсці ў ім, у жыцці, нейкі сэнс...
Думкі перамешваюцца з усхліпамі, злоснымі і бездапаможнымі: жаласна, з жалем і нянавісцю, раз-пораз выціраючы мокрыя шчокі проста да- лонню, пазірае Людміла на сябе, заплаканую, у люстэрку, якое памятае не толькі нядаўняе яе паражэнне... Хоць чаму паражэнне, чаму? Зрабіла тое, што намервалася, і так, як схацела, - у чым жа справа? Адкуль слёзы? Па чым, па кім?
Раскошны пеньюар, падабраны з падлогі, кідае, грэбліва скамячыўшы, у ванну. Не азіраючыся больш на люстэрка, ідзе да лесвіцы. Марудзіць, перш чым пачынае падымацца, і ўсё-такі не азіраецца: вечар заставаўся ззаду - і няхай застаецца. I зусім неабавязкова пакідаць вузельчык на памяць. Зараз дап’е ў самоце віно - і спаць, спаць! Новаё жыццё пачнецца заўтра...
***
Усмешка, ледзьве прабіўшыся ўслед за гэтаю спасылкаю на заўтра, сама асвятляе далёкую згадку - пяцігадовую дзыгу, танюткую, з тонкімі ручанятамі, у якіх, заціснутае ў кулачкі, уздрыгвае толькі што напоўненае гучным плачам паветра.
- Ну чаму, чаму ты мне не верыш? - дрогка прамаўляе яна ў нябачны з-за слёз мамін твар. - Я буду слухацца і не пайду, не пайду больш да ракі з хлопчыкамі, вось убачыш! Заўтра ж не пайду!
- Чаму ж заўтра, а не ўжо сёння? - цікавіцца мама, абыякавая, як ёй здаецца, і да яе слёз, і да яе абяцанняў.
Але ж новае жыццё заўсёды пачынаецца заўтра, - не разумее яе недаверу: пераканана ж, што заўтра стане вялікан і ўсе вакол - нават жыццё! - таксама вырасце разам з ёю.
Мама ўсміхаецца, і яна добра бачыць яе вясёлую ўсмешку - і адсюль, з сённяшняга вечара, добра бачыць: смяюцца вочы, смяюцца, разбягаючыся па твары, вясёлыя зморшчынкі, смяюцца нават рукі, якімі яна раз-пораз усплёсквае ў паветры, перш чым прысесці, абхапіць яе, прыгарнуць да сябе.
- Заўтра пачынаецца новае жыццё... Заўсёды заўтра...
Смех яе, словы яе кружаць за Людмілаю па спальні! - ад ложка да шафы, зноў да ложка - яна не заўважае сваіх рухаў, сваіх дзеянняў, хоць, здаецца, усё-такі дапівае віно і разбірае пасцель. Святло гасне, не пагасіўшы ўспаміну, мо таму, што ён абудзіў падсвядомае жаданне вярнуцца назад, адчуць сябе малою, кволаю побач з маці, пад яе абаронаю, і не расці - не вырастаць, каб не стаць дарослаю так хутка, так незваротна хутка.