«Хадзем. Дзе мая мантылья?» I яна накінула мантылью на галаву так, што было відно толькі адно яе вялікае вока, і пайшла за маімі людзьмі, рахманая, як авечка. Калі мы прыйшлі ў вартоўню, вахмістр сказаў, што справа сур’ёзная і што трэба весці яе ў турму. Весці яе зноў мусіў я. З бакоў яе трымалі два драгуны, а я крочыў ззаду, як і належыць брыгадзіру ў падобных выпадках. Мы накіраваліся ў горад. Спачатку цыганка маўчала. Але на Змяінай вуліцы — вы яе ведаеце, такая звілістая, нездарма завецца Змяінай — яна спачатку адхінае мантылью на плечы, каб паказаць мне свой вабны тварык, і, павярнуўшыся да мяне, наколькі было магчыма, кажа:
— Пан афіцэр, куды вы мяне ведзяце?
— У турму, дзіцятка,— адказваю я як мага ласкавей, як і павінен гаварыць спраўны салдат з вязнем, тым болей з жанчынай.
— Авох! Што ж са мной будзе? Пан афіцэр, пашкадуйце мяне. Вы такі малады, такі добры! — пасля дадае шэптам: — Дайце мне ўцячы, я падарую вам кавалачак бар лачы, і вас будуць кахаць усе жанчыны.
Бар лачы, пане, гэта магнітны камень, з дапамогай якога, як уяўляюць цыгане, можна рабіць самыя розныя вядзьмарскія дзействы, трэба толькі ўмець ім карыстацца. Дайце выпіць жанчыне пару драбочкаў тоўчанага каменя ў шклянцы белага віна — і яна ваша. Я адказаў ёй як мага сур’ёзней:
— Няма калі зараз языком пляскаць, трэба ісці ў турму, такі загад, нічога не зробіш.
У нас, басконцаў, ёсць свой акцэнт, па якім нас лёгка можна адрозніць ад іспанцаў. Затое ж няма ніводнага з іх, хто мог хоць бы навучыцца казаць baϊi, jaona[160]. Таму Кармэн адразу здагадалася, што я родам з Правінцый. Ведаеце, пане, цыганы, у якіх няма сваёй краіны, заўсёды вандруюць і таму гавораць на ўсіх мовах, і большасць з іх адчувае сябе як дома ў Партугаліі, у Францыі, у Правінцыях, у Каталоніі, паўсюль. Нават з маўрамі і англічанамі яны дадуць рады дамовіцца. Кармэн даволі добра гаварыла па-басконску.
— Laguna ene bihotsarena, сардэчны мой дружа,— раптам сказала мне яна,— вы з нашых краёў?
Наша мова, пане, такая прыгожая, што мы міжволі ўздрыгваем, пачуўшы яе на чужыне...— я хацеў бы, каб мой спавядальнік быў з Правінцый,— дадаў бандыт.
Памаўчаўшы, ён працягваў:
— Я з Элісонда,— адказаў я ёй па-басконску, вельмі ўзрушаны, што пачуў родную мову.
— А я з Эчалара,— сказала яна. (Гэта ад нас за чатыры гадзіны хады.) — Цыганы ўзялі мяне з сабою і прывялі ў Севілью. Я працавала на фабрыцы, каб зарабіць грошай і вярнуцца ў Навару да маёй беднай маці, у якой, апроч мяне і маленькага barratcea[161] з дваццаццю сідравымі яблынямі, нічога няма! Ах, каб жа я была цяпер дома, пад белай гарою! Мяне абразілі, бо я нетутэйшая, не з гэтага краю ашуканцаў і гандляроў гнілымі апельсінамі; а гэтыя абадранкі ўз’еліся на мяне, бо я сказала ім, што іхнія севільскія самахвалы з іх нажамі ўсе разам не напалохалі б аднаго нашага хлопца ў сінім берэце і з макілай у руцэ. Сябра, даражэнькі, няўжо вы нічога не зробіце для зямлячкі?
Яна хлусіла, пане, яна хлусіла заўсёды. Не ведаю, ці за ўсё сваё жыццё гэтая дзеўка сказала хоць бы адно праўдзівае слова; але калі яна гаварыла, я ёй верыў, я нічога не мог з сабой зрабіць. Яна перакрыўлівала басконскія словы, а я верыў, што яна з Навары; ужо адны яе вочы, рот і колер скуры казалі, што яна цыганка. Але я зусім здурнеў, я нічога не заўважаў. Я думаў, што, калі б іспанцы насмеліліся сказаць нешта нядобрае пра маю краіну, я б распісаў ім твар, як толькі што гэта ўчыніла яна. Карацей кажучы, я быў нібы п’яны, я пачынаў казаць глупствы і быў ужо блізкі да таго, каб іх рабіць.
— Калі б я вас штурхнула і вы б упалі, зямляча,— зноў пачала яна казаць па-басконску,— дык гэтыя два кастыльскія рэкруты нізавошта б мяне не злавілі...
Божа, я забыўся пра загад, пра ўсё на свеце і сказаў ёй:
— Добра, сяброўка, зямлячка, паспрабуйце, і хай паможа вам Маці Божая Нагорная!
У той самы момант мы міналі адзін з вузкіх завулкаў, якіх так многа ў Севільі. Раптам Кармэн паварочваецца і штурхае кулаком мне ў грудзі. Я наўмысна падаю наўзнак. Яна ўраз пераскоквае праз мяне і кідаецца бегчы — толькі ногі замільгалі!.. Кажуць: басконскія ногі: а такіх, як у яе, трэба было яшчэ пашукаць... і хуткія, і прыгожыя. Тады я ўстаю, але бяру сваю піку[162] наперавес, каб закрыць праход, што спачатку мае таварышы на нейкі момант спыніліся.
Пасля я сам кідаюся бегчы, яны за мной, але дзе ж ты яе зловіш! Не было чаго і спадзявацца — з нашымі шпорамі, з нашымі шаблямі і пікамі! Яна знікла хутчэй, чым я паспеў вам пра гэта расказаць. Дый усе вулічныя кумкі ёй дапамагалі, насміхаліся з нас, паказвалі нам не ў той бок. Пахадзіўшы яшчэ нейкі час сюды-туды, мы мусілі вярнуцца ў вартоўню без распіскі начальніка турмы.
Мае людзі, баючыся пакарання, сказалі, што Кармэн гаварыла са мною па-басконску; дый, кажучы праўду, не надта верылася, што нейкае дробнае дзяўчо магло так лёгка зваліць сваім кулачком гэткага дужага малойца. Нешта тут было няясна ці, хутчэй, наадварот, занадта ясна. Я здаў варту, мяне разжалавалі і пасадзілі на месяц у турму. Гэта было маё першае спагнанне ад часу, як я быў на службе. Бывайце, вахмістраўскія галуны, што былі так блізка!
Першыя дні ў турме я надта сумаваў. Запісаўшыся некалі ў салдаты, я ўяўляў сабе, што стану афіцэрам. Бо даслужыліся ж да генерал-капітанаў Лонга[163], Міна[164], мае землякі, Чапалангара[165], які быў «чорны»[166], як Міна, і які, як і той, уцёк у вашу краіну; дык гэты Чапалангара быў палкоўнікам, і я гуляў у мяч разоў дваццаць з ягоным братам, гэткім жа бедаком, як і я. Цяпер жа, седзячы ў турме, я казаў сабе: «Увесь гэты час, што ты так беззаганна праслужыў, пайшоў на марна. Вось ты ўжо на дрэнным рахунку. Каб апраўдацца перад начальствам, прыйдзецца высільвацца ў дзесяць разоў болей, чым калі ты быў рэкрутам! I за што ж я пакараны? За нейкую махлярку-цыганку, якая насмяялася з мяне, а цяпер крадзе дзе-небудзь у зацішным куточку». Аднак я мімаволі ўвесь час думаў пра яе. Ці паверыце, пане, увесь час у мяне ўваччу былі яе ножкі ў падраных панчохах, якія так добра былі відны, калі яна ўцякала. Я глядзеў праз турэмныя краты на вуліцу, і сярод усіх жанчын, што міналі маё акно, я не бачыў ніводнай, якая магла б параўнацца з гэтай чортавай дзеўкай! I яшчэ, няздольны стрымацца, я нюхаў кветку акацыі, якую яна мне кінула і якая, хоць і высахла, усё гэтак жа чароўна пахла. Калі ёсць вядзьмаркі на свеце, дык яна — першая!
Аднойчы ў камеру ўвайшоў вартаўнік і даў мне бохан алкальскага хлеба[167].
— Вазьміце,— сказаў ён,— гэта ад вашай стрыечнай сястры.
Я ўзяў хлеб, вельмі здзіўлены, бо ў мяне ў Севільі няма ніякай сястры. «Можа, нехта памыліўся»,— падумаў я, паглядзеўшы на хлеб. Але ён быў такі апетытны, так смачна пахнуў, што я, не надта задумваючыся, адкуль і каму гэты хлеб, вырашыў яго з’есці. Але калі я паспрабаваў яго разрэзаць, мой нож натыкнуўся на нешта цвёрдае. Я паглядзеў і ўбачыў маленькі напільнік, які паклалі ў цеста перад тым, як пячы. Разам з напільнікам я знайшоў залатую двухпіястравую манету. Няма ніякага сумнення, гэта быў падарунак ад Кармэн. Для людзей яе племені свабода значыць усё, і яны падпалілі б цэлы горад, каб толькі дня не праседзець у турме. Зрэшты, гэтая хітруння добра ўсё прадугледзела, з гэтым хлебам мне было няцяжка абдурыць вартаўнікоў. За гадзіну я мог перапілаваць тоненькім напільнікам самы тоўсты прэнт кратаў, а за два піястры я б выменяў у першага анучніка цывільную вопратку замест вайсковага шыняля. Вы згодзіцеся, што чалавек, які шмат разоў даставаў з гнёздаў арлянят у нашых крутых скалах, не будзе баяцца спусціцца на вуліцу з акна з вышыні меней за трыццаць стоп. Але я не збіраўся ўцякаць. У мяне яшчэ заставаўся салдацкі гонар, і дэзерціраваць здавалася мне вялікім злачынствам. Але ж мяне крануў гэты знак памяці. Калі сядзіш у турме, добра думаць, што на волі ёсць нехта, хто памятае пра цябе. Залатая манета мяне трошкі бянтэжыла, я быў бы рады яе аддаць. Але дзе мне знайсці майго пазыкоўца? Гэта здавалася мне няпростай справай.
Пасля цырымоніі разжалавання мне здавалася, што мае пакуты скончыліся. Але мне заставалася перажыць яшчэ адно прыніжэнне: калі я выйшаў з турмы і вярнуўся на службу, мяне прызначылі ў варту простым салдатам. Вы не можаце сабе ўявіць, што адчувае ў такіх выпадках чалавек шляхетнае душы. Думаю, што я б лепш згадзіўся, каб мяне расстралялі. Прынамсі, тады ідзеш адзін перад сваім узводам, нешта такое адчуваеш, на цябе ўсе глядзяць.
Мяне паставілі на варце перад уваходам у дом палкоўніка. Палкоўнік быў малады і багаты, душа-хлопец, і любіў забаўляцца. У яго сабраліся ўсе маладыя афіцэры, шмат было і мяшчан, не бракавала і жанчын, як казалі, акторак. Мне ж здавалася, што ўвесь горад прызначыў спатканне каля яго дзвярэй, каб на мяне паглядзець. I вось пад’язджае палкоўнікава каламажка, у ёй сядзіць ягоны лёкай. I хто ж, вы думаеце,з гэтай каламажкі выходзіць?.. Мая цыганачка. Гэтым разам вычапураная, як пава, уся ў золаце і стужках. Сукенка з бліскаўкамі, блакітныя чаравічкі таксама з бліскаўкамі, паўсюль кветкі. У руцэ яна трымае бубен. З ёй было яшчэ дзве цыганкі, маладая і старая. Іх заўсёды водзіць нейкая старая, а таксама стары з гітарай, таксама цыган, каб танчылі пад яго музыку. Вы ведаеце, што цяпер часта дзеля забавы запрашаюць цыганоў, каб яны скакалі рамаліс, гэта іх танец, а часта і для зусім іншых спраў.
Кармэн пазнала мяне, і мы абмяняліся позіркамі. Не ведаю, але ў тую хвілю мне хацелася праваліцца на сотню стоп пад зямлю.
— Agur laguna[168],— сказала яна.— Пан афіцэр, ты стаіш на варце, як нейкі рэкрут!
I, перш чым я знайшоў што адказаць, яна знікла за дзвярмі.
Уся кампанія сабралася ва ўнутраным дворыку, і, нягледзячы на тлум, я бачыў праз весніцы[169] амаль усё, што там адбывалася. Я чуў кастаньеты, бубен, смех і ўхвальныя воклічы. Часам я заўважаў яе, калі яна скакала са сваім бубнам. Пасля я чуў, як афіцэры казалі ёй такія рэчы, што мне кроў прылівала да твару. Што яна адказвала — гэтага я не чуў. I я думаю, што з таго самага дня я напраўду пакахаў яе, бо тры ці чатыры разы мне прыходзіла думка зайсці ў дворык і папратыкаць шабляй жываты ўсім гэтым лайдакам, што да яе заляцаліся. Мае пакуты доўжыліся добрую гадзіну, пасля цыганкі выйшлі і некуды паехалі на каламажцы. Кармэн, праходзячы каля мяне, паглядзела на мяне тымі сваімі вачмі і сказала ціха-ціха:
— Зямляк, хто любіць паесці добрай смажанай рыбы, ідзе ў Трыяну да Лільяса Пастыі.
[160] Так, пане (аўт.).
[161] Агарод, сад (аўт.).
[162] Уся іспанская кавалерыя, узброеная пікамі (аўт.).
[163] Лонга, Франсіска (1783—1831) — іспанскі ваявода, што праславіўся падчас вайны з Напалеонам (1808—1813).
[164] Міна, Франсіска (1784—1836) — іспанскі генерал, адзін з правадыроў ліберальнай апазіцыі абсалютысцкаму рэжыму Фердынанда VII.
[165] Чапалангара, Хоакін дэ Пабла Антон (памёр 1830) — іспанскі ваявода-рэспубліканец, быў вымушаны эміграваць у 1823 годзе пасля задушэння іспанскай рэвалюцыі, у 1830 годзе вярнуўся на радзіму, паспрабаваў узняць паўстанне, быў схоплены і расстраляны.
[166] «Чорны».— Так у Іспаніі называлі прыхільнікаў картэсаў (народнага парламента) у перыяд рэвалюцыі 1820 года.
[167] Алкала дэ лос Панадэрас, мястэчка за два лье ад Севільі, дзе пякуць маленькі смачны хлеб. Лічыцца, што асаблівы смак гэтаму хлебу надае вада. Штодня вялікая яго колькасць прывозіцца на продаж у Севілью (аўт.).
[168] Добры дзень, таварыш (аўт.).
[169] Большасць дамоў у Севільі мае ўнутраны дворык, акружаны галерэяй. Там звычайна бавяць час улетку. Гэты дворык накрываецца палатном, якое паліваюць вадою ўдзень і здымаюць увечары. Брама, што вядзе на вуліцу, амаль заўсёды расчыненая, а праход у дворык канчаецца жалезнымі весніцамі вельмі дыхтоўнай работы (аўт.).