Я пачынаў ужо разумець цыганскую мову, на якой гаварылі амаль усе мае таварышы, і, пачуўшы слова «ром», здрыгануўся.
— Як! Яе муж! Дык яна замужам? — спытаўся я ў верхавода.
— Замужам,— адказаў ён,— за Гарсіям Крывым, гэткім жа хітрым цыганом, як і яна сама. Бедны хлопец быў на катарзе. Кармэн здолела так затлуміць галаву турэмнаму лекару, што дамаглася, каб ён вызваліў яе рома. Ах, гэтая дзеўка не мае цаны. Два гады яна спрабавала яго вызваліць. Нічога не дапамагала, пакуль не памянялі турэмнага лекара. А з гэтым, відаць, яна хутка здолела дамовіцца.
Уяўляеце сабе, як прыемна было мне пачуць гэтую навіну. Неўзабаве я ўбачыў Гарсію Крывога. Гэта была найбрыдчэйшая пачвара, якая толькі нарадзілася сярод цыганоў, чорны скурай і чорны душою. Гэта быў самы страшны злачынца, якога я толькі сустракаў у жыцці. Кармэн прыйшла з ім, і калі яна называла яго сваім ромам пры мне, трэба было бачыць, якія яна рабіла вочы, якія строіла грымасы, калі Гарсія адварочваўся. Я абураўся і не гаварыў з ёю ўсю ноч. Раніцай мы пагрузілі нашыя пакункі і ўжо рушылі ў дарогу, калі заўважылі, што за намі скача тузін коннікаў. На гэтых андалускіх самахвалаў, якія ўсіх білі і рэзалі толькі на словах, цяпер шкада было глядзець. Узнялася паніка, і ўсе кінуліся наўцёкі. Данкайрэ, Гарсія, прыгожы хлопец з Эсіхі, якога звалі Рэмендада, і Кармэн не разгубіліся. Іншыя ж пакідалі сваіх мулаў і пахаваліся ў яры, дзе не маглі праехаць коні. Сваю жывёлу мы ўжо не маглі ўратаваць і таму хутка разгрузілі самае каштоўнае з нашай пажывы і закінулі ўсё гэта сабе на плечы. Пасля мы паспрабавалі ўцячы праз скалы па самых крутых схілах. Мы кідалі нашыя пакункі наперад і ляцелі як маглі за імі, слізгаючы на пятах. А супраціўнікі ўвесь час палілі па нас з мушкетонаў. Тады я ўпершыню пачуў, як свішчуць кулі, і гэта не надта мяне ўразіла. Калі на вас глядзіць жанчына дык і памерці не страшна. Мы засталіся цэлыя ўсе, апроч небаракі Рэмендада, якому куля трапіла ў спіну. Я скінуў сваю ношу і паспрабаваў яго падняць.
— Вар’ят! — закрычаў на мяне Гарсія.— Прыкончы ты гэтае падла і не згубі панчохі.
— Кінь яго! — закрычала Кармэн.
Я стаміўся і мусіў пакласці яго на хвіліну пад выступам скалы. Падышоў Гарсія і разрадзіў мушкетон яму ў галаву.
— Хай цяпер хто паспрабуе яго пазнаць,— сказаў ён, паглядзеўшы ў твар, разарваны на шматкі дванаццаццю кулямі.
Вось, пане, такім вясёлым жыццём я і жыў. Увечары мы схаваліся ў гушчары, змардаваныя стомай, галодныя, без ежы, без нашых мулаў з таварам. I што ж зрабіў гэты вылюдак Гарсія? Ён дастаў з кішэні карты і пачаў гуляць з Данкайрэ, запаліўшы невялічкі агеньчык. Я тым часам ляжаў, глядзеў на зоркі, думаў пра Рэмендада і казаў сабе, што так хацеў бы быць на яго месцы. Кармэн сядзела побач са мною, час ад часу бразгала кастаньетамі і нешта ціхенька спявала. Пасля, нахіліўшыся, быццам каб сказаць мне нешта на вуха, яна цалавала мяне амаль гвалтам, і так было разы два ці тры.
— Ты д’ябал,— казаў я ёй.
— Так,— адказвала мне яна.
Адпачыўшы пару гадзін, яна пайшла ў Гаўсін, і назаўтра раніцою нейкі пастушок прынёс нам хлеба. Мы заставаліся на месцы цэлы дзень, а ўначы падышлі да Гаўсіна. Мы чакалі вестак ад Кармэн. Але іх не было. Калі зноў настаў дзень, мы ўбачылі мулаў з паганятым. Мулы везлі прыгожа ўбраную жанчыну з парасонам і дзяўчынку, відаць, прыслужніцу.
Гарсія сказаў:
— Святы Мікалай шле нам двух мулаў і дзве жанчыны. Лепш бы ён паслаў чатырох мулаў. Ну, нічога, прыдасца і так.
Ён узяў мушкетон, спусціўся да дарогі і схаваўся ў гушчары. Мы, Данкайрэ і я, сядзелі непадалёк і сачылі за ім. Калі яны пад ехалі бліжэй, мы выйшлі са сховішча і крыкнулі, каб паганяты спыніў мулаў. Убачыўшы нас, жанчына, замест таго каб спалохацца аднаго нашага выгляду, залілася смехам.
— Га! Гэтыя лільіпэндзі прынялі мяне за эраньі![188]
Гэта была Кармэн, так пераапранутая, што, калі б яна гаварыла на іншай мове, я б ніколі яе не пазнаў. Яна саскочыла з мула і нейкі час шапталася з Данкайрэ і Гарсіям, пасля сказала мне:
— Гэй, канарэйка, мы яшчэ ўбачымся, пакуль цябе не павесілі. Я еду ў Гібралтар дзеля цыганскіх спраў. Хутка вы пра мяне пачуеце.
I мы рассталіся, але спачатку яна паказала нам месца, дзе мы маглі хавацца некалькі дзён. Гэтая дзяўчына была для нашай банды сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Хутка яна даслала нам трохі грошай і вестку, якая была нам даражэйшая за грошы: у такі і такі дзень два англійскія мілорды будуць ехаць з Гібралтара ў Гранаду па такой і такой дарозе. Мы зразумелі без лішніх тлумачэнняў. у мілордаў знайшлося нямала залатых гіней. Гарсія хацеў іх забіць, але мы з Данкайрэ запярэчылі. Мы ўзялі ў іх толькі грошы і гадзіннікі, а таксама кашулі, якія былі нам вельмі патрэбныя.
Вось так, пане, робішся зброднікам, нават пра тое не думаючы. Спачатку прыгожая дзяўчына задурыць табе галаву, ты б’ешся за яе, здараецца няшчасце, ты мусіш ісці ў горы і незаўважна з кантрабандыста ператвараешся ў злодзея. Мы вырашылі, што пасля справы з мілордамі нам не варта заставацца ў ваколіцах Гібралтара, і мы схаваліся ў сьеру Ронда. Вы расказвалі мне пра Хасэ-Марыю. Дык вось, там я з ім і пазнаёміўся. Ён паўсюль вазіў з сабой сваю каханку. То была прыгожая дзяўчына, разумная, сціплая, пачцівая, ніколі не зманіць, а якая верная!.. Ён жа, наадварот, прыносіў ёй адныя няшчасці. Заўсёды цягаўся за кожнай спадніцай, увесь час папікаў яе, а часам вінаваціў яе ў здрадзе. Аднойчы нават ударыў яе нажом. А яна за ўсё гэта толькі яшчэ болей яго кахала. Вось такія яны, жанчыны, а асабліва андалускі. Гэтая ганарылася пісягом на руцэ і паказвала яго, як нешта надта прыгожае. I пасля, да ўсяго іншага, Хасэ-Марыя быў кепскі таварыш!.. Мы былі з ім разам у адной выправе, дык ён абладзіў усё так, што ўвесь дабытак дастаўся яму, а нам адно штурхалі і непрыемнасці. Але я прадоўжу маю гісторыю. Пра Кармэн не было оольш нічога чуваць. Данкайрэ сказаў:
— Трэба, каб адзін з нас пайшоў у Гібралтар і даведаўся пра яе. Яна, відаць, падрыхтавала нейкую справу. Я б сам пайшоў, але мяне занадта добра ведаюць у Гібралтары.
Крывы сказаў:
— Мяне таксама ведаюць, бо я столькі разоў строіў жарты з ракаў![189] А з адным вокам мне вельмі цяжка прайсці, каб мяне не пазналі.
— Дык, значыць, пайду я? — сказаў я, рады ад адной думкі, што зноў убачу Кармэн.— Ну, што трэба рабіць?
Тыя кажуць мне:
— Можаш дабірацца морам або прайсці праз Сан-Роке, выбірай сам. А калі будзеш у Гібралтары, спытайся ў порце, дзе знайсці шакаладніцу, што завецца Ральёна. Калі ты яе знойдзеш, дык даведаешся ад яе, што там робіцца.
Было дамоўлена, што мы ўтрох пойдзем у сьеру пад Гаўсін, там я пакіну абодвух маіх кампаньёнаў і пайду ў Гібралтар як гандляр садавінай. У Рондзе адзін чалавек дастаў мне пашпарт, у Гаўсіне мне далі асла, я нагрузіў яго апельсінамі і дынямі і рушыў у дарогу. Прыехаўшы ў Гібралтар, я даведаўся, што Ральёну тут добра ведаюць, але што яна ўжо памерла або выправілася на finibus terrae[190], і яе знікненне, на маю думку, тлумачыла, чаму мы страцілі сувязь з Кармэн. Я паставіў асла ў стайню і, узяўшы апельсіны, пайшоў у горад, быццам каб іх прадаваць, але напраўдзе, каб паглядзець, ці не сустрэнецца мне хто знаёмы. Там багата швэндаецца рознай поскудзі з усяго свету, гэта Вавілонская вежа, не ступіш дзесяці крокаў, каб не пачуць за гэты час гэтулькі ж розных моваў. Бачыў я і людзей цыганскага племені, але не наважваўся ім адкрыцца, я правяраў іх, яны правяралі мяне. Мы здагадваліся, што мы злодзеі, але важна было ведаць, ці з адной мы банды. Прабадзяўшыся без толку два дні, я так нічога і не даведаўся ні пра Ральёну, ні пра Кармэн і, закупіўшы сёе-тое, ужо збіраўся вярнуцца да сваіх таварышаў, калі раптам, ідучы ўвечары па вуліцы, чую, як з акна мяне гукае жанчына: «Гэй, гандляр апельсінамі!..» Я паднімаю галаву і бачу: на балконе, абапершыся на парэнчы, стаіць Кармэн, а побач з ёй — афіцэр у чырвоным мундзіры, з залатымі эпалетамі, кучаравы, трымаецца, як вялікі пан. Што да яе, дык яна была ўбраная аж надта пышна: на плячах шаль, залаты грабянец у валасах, адзенне з тонкага шоўку. I яна, баламутка, усё тая самая, смяецца, аж лопаецца. Англічанін, крывячы іспанскія словы, загадаў мне падняцца, бо пані хоча апельсінаў, а Кармэн сказала мне па-басконску:
— Хадзі сюды і не здзіўляйся.
Дый сапраўды, мяне ўжо нічога не дзівіла, ад яе можна было чакаць усяго. Не ведаю, ці я больш узрадаваўся або засмуціўся, калі яе ўбачыў. Ля дзвярэй стаяў даўжэзны англійскі лёкай з напудраным тварам, ён правеў мяне ў цудоўную гасцёўню. Кармэн адразу сказала мне па-басконску:
— Ты не ведаеш ні слова па-іспанску, і мы з табой не знаёмыя.
[188] Гэтыя ёлупы прынялі мяне за прыстойную жанчыну! (аўт.)
[189] Гэтак у Іспаніі называюць англічан за колср іх мундзіраў (аўт.).
[190] На катаргу або да ўсіх д’яблаў (аўт.).