Аднойчы ўвечары, калі ўжо нічога не было відаць, я курыў, абапершыся на парэнчы набярэжнай. Па сходах, што вядуць да рэчкі, паднялася жанчына і села побач са мною. У валасах яе быў вялікі букет язміну, пялёсткі якога разлівалі ў вячэрнім паветры п’янючы водар. Адзетая яна была проста, нават бедна, уся ў чорным, як большасць маладых работніц увечары. Прыстойныя жанчыны носяць чорнае толькі раніцай, увечары яны ўбіраюцца ὰ la francesa[145]. Падышоўшы да мяне, купальніца апусціла на плечы мантылью, што акрывала яе галаву, і, пад свеценню прыцемненай, што падае ад зорак[146], я ўбачыў, што яна маленькая, маладзенькая, зграбненькая і што ў яе вельмі вялікія вочы. Я зараз жа выкінуў цыгару. Яна зразумела гэты знак чыста французскай ветлівасці і адразу сказала, што вельмі любіць тытунёвы пах і што нават часам курыць, калі ёй трапляюцца слабенькія папэлітас[147]. На шчасце, я меў такія пры сабе і зараз жа ёй запрапанаваў. Яна мела ласку ўзяць адну і прыкурыла ад запаленай вяроўкі, якую паднёс хлопчык, зарабіўшы свой грош. Седзячы гэтак і курачы, мы — прыгожая купальніца і я — гаварылі яшчэ доўга, і, урэшце, на набярэжнай, апроч нас, амаль нікога не засталося. Я падумаў, што, з майго боку, не будзе непрыстойным, калі я запрашу яе ў неверыю[148] з’есці марожанае. Сціпла павагаўшыся, яна згадзілася, але найперш яна пажадала даведацца, каторая ўжо гадзіна. Я паставіў свой гадзіннік на бой, і бой гэты, як мне здалося, вельмі яе ўразіў.
— Якіх толькі ў вас, замежнікаў, няма дзівосаў! А вы, пане, з якой краіны? Пэўна, англічанін?[149]
— Француз, і гатовы вам служыць. А вы, панна ці пані, вы, відаць, з Кордавы?
— Не.
— Ну, прынамсі, вы андалуска. Гэта чуваць з вашай гаворкі.
— Калі вы так добра заўважаеце акцэнт, дык мусіце ўгадаць, хто я.
— Мне здаецца, вы з краіны Ісуса, што за два крокі ад раю.
(Гэтай метафары, што азначае Андалусію, я навучыўся ад майго сябра Франсіска Севільі, вядомага пікадора.)
— Рай! Ды што вы... тутэйшыя людзі кажуць, што ён створаны не для нас.
— Тады вы маўрытанка або...— і я спыніўся, не наважваючыся сказаць: яўрэйка.
— Ну, ну! Ды няўжо вы не бачыце, што я цыганка? Хочаце, паваражу вам? Ці вы чулі што пра Кармэнсіту? Дык гэта я.
Тады, пятнаццаць гадоў таму, я быў такі бязбожнік, што не адступіўся з жахам, убачыўшы перад сабою вядзьмарку. «Добра! — сказаў я сабе.— На тым тыдні я вячэраў з разбойнікам, чаму мне сёння не зайсці паесці марожанае з д’яблавай прыслужніцай? Калі падарожнічаеш, трэба зведаць усё». У мяне была і іншая прычына працягнуць знаёмства. Не без сораму прызнаюся, што, скончыўшы калеж, я патраціў нейкі час на вывучэнне таемных навук і нават колькі разоў спрабаваў выклікаць дух цемры. Даўно вылечыўшыся ад цягі да гэткіх доследаў, я тым не менш захаваў пэўную цікаўнасць да ўсіх забабонаў і ўжо загадзя радаваўся, што ўбачу, якіх вышыняў дасягнула мастацтва варажбы сярод цыганоў.
Гаворачы гэтак, мы ўвайшлі ў неверыю і селі за маленькі столік са свечкай, накрытай шкляным каўпаком. Там, урэшце, я змог уважлівей разгледзець маю хітану[150], тым часам як некалькі прыстойных людзей елі марожанае і дзівіліся, бачачы мяне ў гэткай нязвыклай кампаніі.
Я вельмі сумняваюся, каб панна Кармэн былачыстакроўная цыганка, але ва ўсялякім разе яна была непараўнальна прыгажэйшая за ўсіх жанчын яе нацыі, якіх мне толькі даводзілася бачыць. Каб жанчына была прыгожая, кажуць іспанцы, трэба, каб у ёй спалучалася трыццаць «калі» ці каб яе можна было апісаць дзесяткам прыметнікаў, кожны з якіх стасаваўся б да трох частак яе цела. Напрыклад, яна мусіць мець тры чорныя рэчы: вочы, вейкі і бровы; тры тонкія: пальцы, вусны і валасы і г. д. Падрабязнасці можна знайсці ў Брантома[151]. Мая цыганка не прэтэндавала на дасканаласць. Яе скура, зрэшты, выключна гладкая, колерам нагадвала медзь. Разрэз трошкі раскосых вачэй быў бездакорны, вусны даволі пульхныя, але прыгожа выведзеныя, зубы белыя, як лушчаныя зярняткі міндалю. Валасы ў яе, можа, і занадта жорсткія, былі сінявата-чорныя, як воранава крыло, даўгія і бліскучыя. Каб не стамляць вас шматслоўным апісаннем, скажу, падсумаваўшы, што кожны яе недахоп ураўнаважваўся нейкай вартасцю, якая праз кантраст выдавалася яшчэ значнейшай. Гэта была дзіўная і дзікая прыгажосць, твар, які спачатку здзіўляе, але які пасля немагчыма забыць. Асабліва ж мяне ўразілі яе вочы, яе позірк, пажадлівы і жорсткі, які я больш ні ў кога не бачыў. Цыганскае вока — воўчае вока, кажа іспанская прымаўка, у якой выявілася нечая добрая назіральнасць. Калі ў вас няма часу схадзіць у заалагічны сад, каб пабачыць ваўка, тады паназірайце за вашым катом, калі ён палюе на вераб’я.
Відаць, было б смешна, калі б яна пачала варажыць мне ў кавярні. Таму я папрасіў прыгожую вядзьмарку дазволіць правесці яе дадому. Яна без ваганняў згадзілася, але захацела даведацца, ці шмат прайшло часу, і зноў папрасіла мяне завесці гадзіннік на бой.
— Ці праўда, што ён залаты? — спыталася яна, разглядаючы яго аж занадта ўважліва.
Калі мы выйшлі, была ўжо ноч. Большасць крамак была зачыненая, вуліцы былі амаль зусім пустыя. Мы прайшлі праз мост цераз Гвадалквівір і на самым краі прадмесця спыніліся перад домам, які зусім не нагадваў палац. Нам адчыніў хлопчык. Цыганка сказала яму колькі слоў невядомай мне моваю, як я пасля даведаўся, гэта была цыганская гаворка — рамані або чыпе кальі. Хлопчык адразу знік, і мы засталіся ў даволі прасторным пакоі, дзе стаяў невялічкі стол, два зэдлікі і куфар. Апроч гэтага я ўбачыў там збан з вадой, апельсіны і лукно цыбулі.
Як толькі мы засталіся адны, цыганка дастала з куфра карты, якія, пэўна, шмат пабачылі за свой век, магніт, высахлага хамелеона і яшчэ нейкія прадметы, неабходныя ў яе рамястве. Пасля яна папрасіла, каб я накрэсліў манетай крыж сабе на левай далоні, і магічныя дзействы пачаліся. Няма сэнсу пераказваць вам яе прадказанні, а з таго, як яна ўсё гэта рабіла, было відаць, што варажбітка з яе была не абы-якая.
На няшчасце, хутка мы мусілі перапыніцца. Раптам рэзка расчыніліся дзверы, у пакой увайшоў чалавек, загорнуты да самых вачэй у шырокі цёмны плашч, і не надта ласкава загаварыў з цыганкай. Я не чуў, што ён кажа, але з яго голасу можна было зразумець, што ён нечым вельмі незадаволены. Убачыўшы яго, цыганка не выказала ні подзіву, ні гневу, выбегла яму насустрач і пачала нешта хуценька яму тлумачыць на той таямнічай мове, якой яна ўжо карысталася ў маёй прысутнасці. Слова паільё, паўторанае некалькі разоў, было адзіным словам, што я разумеў. Я ведаў, што так цыгане называюць любога чужога іхняму племені чалавека. Мяркуючы, што гаворка была пра мяне, я рыхтаваўся да высвятлення адносін; я ўжо трымаўся рукою за ножку зэдліка і разважаў сам сабе пра тое, калі будзе зручней шпурнуць яго ў галаву чужынцу. Але той груба адпіхнуў цыганку і кінуўся да мяне. Раптам, спыніўшыся, адступіўся на крок і сказаў:
— Ах! Пане, гэта вы!
Я паглядзеў на яго і пазнаў майго спадарожніка дона Хасэ. У тую хвілю я ўжо трошкі пашкадаваў, што ўратаваў яго ад шыбеніцы.
— А, гэта вы, шаноўны! — закрычаў я і як мага шчырэй засмяяўся.— Вы перапынілі панну якраз тады, калі яна прадвяшчала мне даволі цікавыя рэчы.
— Зноў за сваё! Некалі гэта скончыцца,— працадзіў ён скрозь зубы, утаропіўшы ў яе дзікі позірк.
Тым часам цыганка працягвала нешта яму казаць на сваёй мове. Яна ўсё болей распалялася. Вочы яе наліліся крывёю і зрабіліся страшныя, твар скрывіўся, яна тупала нагою. Мне здалося, што яна прыспяшае яго нешта зрабіць, а ён, відаць, вагаецца. Чым было гэтае «нешта», я зразумеў аж занадта добра, убачыўшы, як яна хуценька чыркае сваёй маленькай ручкай сабе па шыі. Мне міжволі здалося, што гаворка ішла пра тое, каб перарэзаць некаму горла, і я меў пэўныя падазрэнні, што гэтае горла — маё.
На ўвесь гэты бурлівы паток красамоўства дон Хасэ адказаў толькі двума-трыма ўрывістымі словамі. Цыганка адно зірнула на яго з глыбокай пагардай. Сеўшы ў куце па-турэцку, яна ўзяла апельсін, абабрала яго і пачала есці.
Дон Хасэ ўзяў мяне за руку, адчыніў дзверы і выйшаў са мною на вуліцу. Сотні дзве крокаў мы прайшлі моўчкі. Пасля ён паказаў рукою наперад і сказаў:
— Ідзіце проста і вы выйдзеце на мост.
Сказаўшы гэта, ён павярнуўся і пайшоў, прыспешваючы хаду. Я вярнуўся ў свой гатэль трохі збянтэжаны і ў злым гуморы. Але найгоршым было тое, што, раздзеўшыся, я ўбачыў, што майго гадзінніка няма.
З пэўных меркаванняў я не пайшоў наступнага дня патрабаваць яго звароту ці хадайнічаць перад панам карэхідорам, каб ён распачаў пошукі злодзея. Я скончыў працаваць з рукапісам у дамініканаў і выехаў у Севілью. Павандраваўшы некалькі месяцаў па Андалусіі, я захацеў вярнуцца ў Мадрыд і мусіў ехаць праз Кордаву. Я не збіраўся спыняцца там надоўга, бо незалюбіў гэты прыўкрасны горад і купальніц у водах Гвадалквівіра. Аднак мне трэба было пабачыць сяго-таго з сяброў, сёе-тое перадаць, і я мусіў затрымацца дні на тры-чатыры ў гэтай старадаўняй сталіцы мусульманскіх князёў[152].
Як толькі я зноў паявіўся ў дамініканскім кляштары, адзін з айцоў, які заўсёды з вялікай цікаўнасцю ставіўся да маіх даследаванняў адносна размяшчэння Мунды, радасна прывітаў мяне і сказаў:
[145] Па-французску (ісп.).
[146] «...пад свеценню прыцемненай, што падае ад зорак...» — цытата з трагедыі Карнэля «Сід» (дзея IV, з’ява 3).
[147] Папяросы (ісп.).
[148] Неверыя — кавярня з лядоўняй, ці, хутчэй, з запасам снегу. У Іспаніі няма мястэчка, дзе б не было неверыі (аўт.).
[149] У Іспаніі кожнага падарожніка, што не возіць з сабою ўзоры паркалю і шоўку, лічаць англічанінам, Inglesito. Тое самае на Ўсходзе. У Халкідзе я меў гонар быць адрэкамендаваным як Μιλόρδος Φραντσέσος (аўт.).
[150] Цыганка (ісп.).
[151] Падрабязнасці можна знайсці ў Брантома.— Мерымэ мае на ўвазе кнігу П’ера Брантома (1540—1614) «Галантныя дамы».
[152] ...у гэтай старадаўняй сталіцы мусульманскіх князёў.— У Сярэднявеччы Кордава была сталіцай арабскага халіфата ў Іспаніі.