— Хай уславіцца Божае імя! Рады вітаць вас, дарагі дружа. Мы ўсе ўжо думалі, што вы памерлі, і я шмат разоў адчытаў Pater і Ave, аб чым я ані не шкадую, за збаўленне вашай душы. Значыць, вас не забілі? Пра тое, што вас абакралі, мы ўжо ведаем.
— Адкуль? — спытаўся я, трохі здзівіўшыся.
— Ну, вы ж ведаеце, той прыгожы гадзіннік з боем, які вы даставалі з кішэні ў бібліятэцы, калі мы казалі вам, што ўжо пара ісці ў царкву. Дык вось, гэты гадзіннік знайшоўся, і вам яго аддадуць.
...Значыць, я яго згубіў...— нерашуча перапыніў я.
Той нягоднік пад замком, і, ведаючы, што гэты чалавек дзеля адной песеты здольны застрэліць добрага хрысціяніна, мы паміралі ад страху, што ён вас забіў. Я пайду з вамі да карэхідора, і вам аддадуць ваш прыгожы гадзіннік. І паспрабуйце пасля там у сябе сказаць, што правасуддзе ў Іспаніі не ведае сваёй справы!
— Прызнаюся шчыра, што я лепш згубіў бы назаўсёды свой гадзіннік, чым стаў бы сведчыць перад судом, каб паслаць на шыбеніцу нейкага небараку, тым болей што... што...
— О, не хвалюйцеся за яго, ён сваё зарабіў, а двойчы яго не павесяць. Дый калі я кажу «павесяць», я памыляюся. Ваш злодзей — ідальга, і таму паслязаўтра яго чакае гарота[153]. А ўжо адным крадзяжом болей ці меней — гэта яго не ўратуе. Ды каб жа ж ён толькі краў! Але ж на яго душы яшчэ і некалькі забойстваў, адно страшнейшае за другое.
— Як яго завуць?
— У нашым краі яго ведаюць як Хасэ Навара, але ў яго ёсць яшчэ і басконскае імя, якое ні мне, ні вам ніколі не ўдасца вымавіць. Дарэчы, на гэтага чалавека варта паглядзець, і калі ўжо вас вабяць усе мясцовыя дзівосы, вам будзе цікава даведацца, як у Іспаніі нягоднікі пакідаюць гэты свет. Ён цяпер у капліцы, і айцец Марцінэс правядзе вас туды.
Мой дамініканін так настойваў, каб я ўбачыў усю падрыхтоўку да «корошы маленкі повьешэне»[154], што мне не было чым бараніцца. I я пайшоў наведаць вязня, узяўшы з сабою пачак цыгар, якія, як я спадзяваўся, мусілі служыць прабачэннем за маю нясціпласць.
Мы ўвайшлі да дона Хасэ, калі ён еў. Ён даволі стрымана мне кіўнуў і ветліва падзякаваў за падарунак, што я яму прынёс. Падлічыўшы цыгары ў пачку, што я паклаў яму ў руку, ён выбраў некалькі, а рэшту аддаў, сказаўшы, што столькі яму не спатрэбіцца.
Я спытаўся, ці з дапамогай грошай або маіх уплывовых сяброў я не магу неяк палегчыць яго лёс. Спачатку ён паціснуў плячмі і сумна ўсміхнуўся. Пасля, падумаўшы, папрасіў заказаць імшу за збаўленне ягонае душы.
— Ці не маглі б вы,— нерашуча дадаў ён,— ці не маглі б вы заказаць яшчэ адну за таго, хто вас абразіў?
— Вядома ж, дарагі дружа,— сказаў я.— Але ж у гэтай краіне мяне ніхто не абражаў.
Ён узяў маю руку і паціснуў яе, паважна паглядзеўшы на мяне. Памаўчаўшы, ён прадоўжыў:
— Ці можна папрасіць вас зрабіць яшчэ адну ласку?.. Калі вы будзеце вяртацца ў вашу краіну, вы, можа, будзеце ехаць праз Навару, прынамсі, вы паедзеце праз Віторыю, што недалёка ад Навары.
— Так,— адказаў я,— я абавязкова паеду праз Віторыю. Але цалкам магчыма, што я завярну, каб заехаць у Памплону, а дзеля вас я з прыемнасцю зраблю такі крук.
— Ну дык вось, калі вы будзеце ў Памплоне, вы ўбачыце там шмат цікавага... Гэта прыгожы горад... Я дам вам гэты медальён (ён паказаў мне маленькі срэбны медальён, што вісеў у яго на шыі), вы загарнеце яго ў паперу...— ён спыніўся на хвіліну, каб суняць хваляванне...— і перадасцё яго самі або праз некага адной добрай жанчыне, я скажу вам яе адрас. Скажаце, што я памёр, толькі не кажыце як.
Я паабяцаў выканаць даручэнне. Наступнага дня я зноў прыйшоў да яго і правёў з ім частку дня. I я пачуў з ягоных вуснаў пра тыя сумныя прыгоды, якія будуць тут апісвацца.
III
— Нарадзіўся я ў Элісонда, у Бастанскай даліне. Маё імя — дон Хасэ Лісарабэнгоа, і вы, пане, дастаткова ведаеце Іспанію, каб маё імя адразу сказала вам, што я басконец і спрадвечны хрысціянін. Калі я ўжываю тытул дон, дык, значыць, я маю на гэта права, і калі б мы былі ў Элісонда, я б паказаў вам мой радавод на пергаменце. Мяне хацелі зрабіць святаром і прымушалі вучыцца, але вялікіх поспехаў у вучэнні я не дасягнуў. Я задужа любіў гуляць у мяч, гэта мяне і загубіла. Калі мы, наварцы, гуляем у мяч, мы забываемся пра ўсё. Аднойчы, калі я перамог аднаго хлопца з Алавы, ён распачаў сварку, і мы ўзялі нашыя макілы[155], і я зноў перамог, але гэтым разам мусіў пакінуць мой клрай. Я сустрэў драгунаў і запісаўся ў Альмансаўскі кавалерыйскі полк. Жыхары нашых гор хутка навучаюцца вайсковаму рамяству. Неўзабаве я стаў брыгадзірам і ўжо рыхтаваўся стаць вахмістрам, калі, на маё няшчасце, мяне прызначылі ў варту на севільскай тытунёвай фабрыцы. Калі вы былі ў Севільі, вы бачылі гэтую вялікую будыніну за гарадскім мурам, на беразе Гвадалквівіра. Я і цяпер бачу, як наяве, браму і вартоўню побач з ёй. Іспанцы, калі яны стаяць на варце, гуляюць у карты або спяць, а я, шчыры наварац, заўсёды стараўся нечым заняцца. Я рабіў ланцужок з масянжовага дроту для запальнай іголкі. I раптам мае таварышы кажуць: «Во, б’юць у званы, зараз дзеўкі будуць вяртацца на працу». Вы ведаеце, пане, там на фабрыцы працуе чатырыста — пяцьсот жанчын. Гэта яны скручваюць цыгары ў вялікай зале, куды мужчыны не могуць увайсці без дазволу вейнтыкуатра[156], бо работніцы, асабліва маладыя, не вельмі саромеюцца і, калі вельмі горача, ходзяць, як ім зручней. Паабедаўшы, яны вяртаюцца на працу, і на іх прыходзяць паглядзець шмат маладых хлапцоў, якія бавяць іх рознымі байкамі. I рэдка хто з паненак адмовіцца ад кітайскай мантыльі, і аматарам такой лоўлі трэба толькі нахіліцца, каб схапіць рыбку. Пакуль іншыя глядзелі, я заставаўся сядзець на лаве каля брамы. Тады я быў малады. Я сумаваў па родным краі і не верыў, што дзяўчаты могуць быць прыгожыя, калі яны не ў сініх спадніцах і калі косы ў іх не спадаюць на плечы[157]. Дый баяўся я тых андалусак, тады я яшчэ не прызвычаіўся да іх манер: ім усё смешкі, разумнага слова не скажуць. Так я і сядзеў, уткнуўшы нос у свой ланцужок, калі раптам чую, як мяшчане кажуць адзін аднаму: «Глядзі, якая цыганачка!» Я падняў вочы і ўбачыў яе. Была пятніца, і я ніколі не забуду той дзень. Я ўбачыў Кармэн, вы яе ведаеце — гэта ў яе я сустрэў вас пару месяцаў таму.
На ёй была чырвоная, даволі кароткая спадніца, белыя шаўковыя панчохі, на якіх была не адна дзірка, чырвоныя саф’янавыя чаравічкі з ярка-агністымі стужкамі. Яна адхінула мантылью, каб паказаць свае плечы і вялікі букет акацыі, схаваны на грудзях. Яшчэ адну кветку акацыі яна трымала ў зубах, ішла яна, пагойдваючы клубамі, як маладая жаробка Кордаўскага завода. У нашых краях, убачыўшы жанчыну гэтак убраную, людзі б жагналіся. У Севільі кожны кідаў зухаватыя кампліменты наконт яе выгляду і манераў, і яна адказвала кожнаму гуллівым позіркам, упершыся кулакамі ў клубы, дзёрзкая і нахабная, як істая цыганка. Спачатку яна мне не спадабалася, і я зноў узяўся за сваю працу; але яна, наследуючы звычку жанчын і катоў, якія не падыходзяць, калі іх клічуць, і падыходзяць, калі іх не клічуць, спынілася перада мной і сказала:
— Гэй, дружа, ты не падаруеш мне свой ланцужок, каб я насіла на ім ключы ад скрыні з грашыма?
— Не, гэта для маёй іголкі[158],— адказаў я.
— Іголкі! — засмяялася яна.— Ах, пан, напэўна, пляце карункі, калі займаецца іголкамі.
Усе, хто там быў, выбухнулі смехам, а я адчуваў, што чырванею, і не мог знайсці, што б ёй адказаць.
— Слухай, сардэнька,— кажа яна,— зрабі мне сем локцяў чорных карункаў для мантыльі, мярэжнік ты мой!
I, узяўшы кветку акацыі, што сціскала зубамі, яна кінула яе лёгкім рухам проста мне ў твар. О пане, нібы куля ў лоб... Я не ведаў, куды падзецца, я стаяў як слуп. Калі яна ўвайшла ў будынак фабрыкі, я ўбачыў кветку акацыі каля маіх ног; не ведаю, што на мяне найшло, але я ўпотай ад таварышаў падняў кветку і схаваў яе, як найвялікшы скарб, у кішэню курткі. Першае глупства!
Праз дзве-тры гадзіны я ўсё яшчэ думаў пра гэты выпадак, калі раптам у вартоўню ўваходзіць прыдзвернік, увесь задыханы, з жахам на твары. Уваходзіць і кажа, што ў вялікім цыгарным цэху забілі жанчыну і што трэба паслаць туды варту. Вахмістр кажа мне ўзяць двух чалавек і пайсці паглядзець, што там здарылася. Я бяру двух чалавек і іду. Уявіце сабе, пане, я ўваходжу ў залу і бачу спачатку тры сотні жанчын у адных кашулях ці блізка да таго, усе крычаць, выюць, махаюць рукамі, стаіць такі гармідар — грому Божага не пачуеш. У адным баку ляжыць адна дагары капытамі, уся ў крыві, на твары крыж-накрыж свежыя раны ад нажа. Насупраць параненай, ля якой завіхаліся больш дасведчаныя, я ўбачыў Кармэн, яе трымалі пяць ці шэсць кабецін. Параненая крычала: «Спавядальніка! Спавядальніка! Я паміраю!» Кармэн маўчала, сцяўшы зубы, і круціла вачыма, як хамелеон. «Што здарылася?» — спытаўся я. Я ледзь дабраў ладу, бо работніцы гаварылі ўсе разам. Як выявілася, параненая жанчына выхвалялася, што мае грошай у кішэні, каб купіць на Трыянскім рынку асла. «Во, а мятлы табе ўжо мала, каб ездзіць»,— кажа ёй языкатая Кармэн. Тая, абражаная гэтай заўвагай, якая, відаць, вельмі трапна пацэліла, адказала, што яна не надта знаецца на мётлах, бо не мае гонару быць ні цыганкай, ні д’яблавай хрэсніцай, але панна Кармэнсіта хутка пазнаёміцца з яе аслом, калі пан карэхідор павядзе яе на прагулку[159] з двума лёкаямі ззаду, каб адганяць мух. «Ну чакай, зараз зраблю табе на шчоках вадапой для мух, намалюю на твары шахматную дошку». I тады — раз-раз — нажом, якім адразала кончыкі цыгар, малюе ёй на твары крыж святога Андрэя.
Справа была ясная. Я ўзяў Кармэн за руку і кажу пачціва: «Сястрычка, ідзіце за мной». Яна паглядзела на мяне, быццам пазнаўшы, але адказала пакорліва:
[153] Яшчэ ў 1830 годзе дваране мелі гэты прывілей. Сёння ж, пад канстытуцыйным рэжымам, права на гароту маюць і вольныя сяляне (аўт.).
[154] ...корошы маленкі повьешэне»...— цытата з камедыі Мальера «Пан дэ Пурсаньяк» (дзея III, з’ява 3). Гэта гаворыць швейцарскі жаўнер, які перакрыўляе французскую мову.
[155] Абабітыя жалезам кіі ў басконцаў (аўт.).
[156] Службовец, які ажыццяўляе ахову парадку і гарадское кіраванне (аўт.).
[157] Звычайны строй сялянак Навары і басконскіх правінцый (аўт.).
[158] Іголка — затраўнік у стрэльбе.
[159] ...калі пан карэхідор павядзе яе на прагулку...— Даўней у Іспаніі існавала гэткае пакаранне для жанчын лёгкіх паводзінаў і западозраных у вядзьмарстве: іх садзілі на асла і вазілі па горадзе, паперадзе ішоў карэхідор, а ззаду — стражнікі, што секлі караную дубцамі.