Пасля яна звярнулася да англічаніна:
— Я ж вам казала, я адразу пазнала, што ён басконец, вы пачуеце, якая смешная ў яго гаворка. Які ў яго дурны выгляд, праўда? Як у ката, якога злавілі ў каморы.
— А ты,— сказаў я сваёй моваю,— ты падобна да бессаромнай круцелькі, і мне хочацца распісаць табе твар перад тваім кавалерам.
— Маім кавалерам! — кажа яна.— Во, дурны, ты сам да гэтага дадумаўся? Ты яшчэ дурнейшы, чым быў да нашых вечароў на вуліцы Кандылеха. Ці ж ты не бачыш, асёл ты гэткі, што я абладжваю цяпер цыганскія справы, і як удала! Гэты дом мой, ракавы гінеі будуць мае, я ваджу яго за нос, я завяду яго туды, адкуль ён ніколі не вернецца.
— А я,— кажу я ёй,— калі ты яшчэ будзеш на гэткі манер абладжваць свае цыганскія справы,— я зраблю так, што табе болей не захочацца.
— Ах, во як! Ці ж ты мой ром, каб мне загадваць? Крывы не мае нічога супраць, а чаго ты лезеш? Будзь задаволены хоць бы з таго, што ты адзіны, каго я называю «мой мінчаро»![191]
— Што ён кажа? — спытаўся англічанін.
— Ён кажа, што хоча піць і не адмовіўся б ад чаркі,— адказала Кармэн.
Яна ўпала на канапу і зайшлася смехам — так ёй спадабаўся яе пераклад.
О пане, калі яна смяялася, немагчыма было гаварыць сур'ёзна. Усе смяяліся разам з ёю. Гэты доўгі англічанін таксама засмяяўся, як дурань, і загадаў прынесці мне выпіць.
Пакуль я піў, яна сказала:
— Бачыш у яго на пальцы пярсцёнак? Хочаш, я табе яго падарую?
Я адказаў:
— Я б сам аддаў палец, каб сустрэцца з тваім мілордам у гарах і каб у кожнага ў руках была макіла.
— Макіла? Што гэта значыць? — спытаўся англічанін.
— Макіла,— адказала Кармэн, смеючыся,— гэта апельсін. Смешнае слова для апельсіна, праўда? Ён кажа, што хацеў бы пачаставаць вас макілай.
— Так? — узрадаваўся англічанін.— Добра! Тады прынясі яшчэ заўтра макілаў.
Пакуль мы гаварылі, увайшоў лёкай і сказаў, што вячэра гатовая. Англічанін устаў, даў мне піястр і падаў руку Кармэн, быццам яна не магла ісці адна. Кармэн, усё яшчэ смеючыся, сказала:
— Прабач, мой хлопча, але я не магу запрасіць цябе на вячэру. Але заўтра, як толькі ты пачуеш барабаны, што склікаюць на вайсковы агляд, прыходзь сюды з апельсінамі. Тут ты ўбачыш пакой, абсталяваны лепш, чым на вуліцы Кандылеха, і ты ўбачыш, ці я ўсё яшчэ тая Кармэнсіта. А пасля мы пагаворым пра цыганскія справы.
Я нічога не адказаў. Калі я выйшаў на вуліцу, англічанін крыкнуў мне:
— Прынясіце заўтра макілаў! — і зноў чуўся смех Кармэн.
Я пайшоў, не ведаючы, што рабіць, я не спаў усю ноч, а раніцай я быў так узлаваны на гэтую здрадніцу, што вырашыў паехаць з Гібралтара, не зайшоўшы яе пабачыць. Але як толькі пачуўся барабанны дробат, уся мая адвага знікла: я ўзяў апельсіны і пабег да Кармэн. Яе аканіцы былі прычыненыя, і я ўбачыў, як яна падпільноўвае мяне вялікім чорным вокам. Напудраны лёкай адразу мяне правёў. Кармэн адаслала яго з нейкім даручэннем, і як толькі мы засталіся адны, яна залілася сваім кракадзілавым рогатам і кінулася мне на шыю. Я ніколі не бачыў яе такой прыгожай. Убраная, як мадонна, напарфумаваная... мэбля абабітая шоўкам, вышываныя фіранкі... ах!.. і я стаю сярод гэтага — злодзей злодзеем.
— Мінчаро! — сказала Кармэн.— Мне хочацца ўсё тут разбіць, падпаліць дом і ўцячы ў сьеру.
I пачаліся пяшчоты і мілаванні!.. і смех!.. і яна танчыла і абрывала фальбоны з сукні: ніводная малпа ніколі так не скакала, не крывіла мызу, не штукарыла. Калі яна супакоілася і спаважнела, яна сказала:
_ Слухай, пагаворым пра справы. Я хачу, каб ён звазіў мяне ў Ронду, у мяне там сястра-манашка... (Тут яна зноў засмяялася.) Мы будзем праязджаць у адным месцы, якое я табе пакажу. Вы нападзеце на яго і абдзярэце да ніткі! Лепш за ўсё было б яго прыбраць, але,— дадала яна з д’ябальскай усмешкай, якой яна часам усміхалася і пасля якой нікому ўжо не хацелася ўсміхацца,— ведаеш, што трэба зрабіць? Хай Крывы выйдзе першы. Вы наперад не лезьце — гэты рак смелы і спрытны, у яго добрыя пісталеты... Разумееш?..
Яе расказ абарваўся новым прыступам смеху, ад якога я здрыгануўся.
— Не,— сказаў я,— я ненавіджу Гарсію, але гэта мой таварыш. Можа, калі-небудзь я збаўлю цябе ад яго, але мы парахуемся так, як заведзена ў маёй краіне. Цыганом я стаў выпадкова, а што да некаторых спраў, дык я застануся назаўсёды шчырым наварцам, як кажуць людзі[192].
Яна сказала:
— Ты дурань, асёл, сапраўдны паільё. Ты як карлік, які лічыць сябе волатам, бо далёка плюе[193]. Ты мяне не кахаеш. Ідзі прэч.
Калі яна казала: «Ідзі прэч», я не мог ісці. Я паабяцаў вярнуцца да маіх таварышаў і чакаць англічаніна. Са свайго боку, яна паабяцала мне прыкінуцца хворай, пакуль яны не паедуць з Гібралтара ў Ронду. Я прабыў у Гібралтары яшчэ два дні. Ёй хапіла смеласці, пераапрануўшыся, прыйсці да мяне ў заезны двор. Я паехаў, у мяне таксама быў свой план. Я вярнуўся на прызначанае загадзя месца сустрэчы, ведаючы, дзе і калі будзе ехаць англічанін з Кармэн. На месцы мяне чакалі Данкайрэ і Гарсія. Мы пераначавалі ў лесе, развёўшы вогнішча з сасновых шышак, якія выдатна гарэлі. Я запрапанаваў Гарсію згуляць у карты. Ён згадзіўся. Пасярод другой партыі я сказаў, што ён махлюе. Ён зарагатаў. Я кінуў карты яму ў твар. Ён хацеў схапіць мушкетон, але я наступіў на яго нагой і сказаў: «Кажуць, ты ўмееш гуляць з нажом, як найудалейшы малагскі зух, хочаш паспрабаваць са мной?» Данкайрэ спрабаваў нас разняць. Я пару разоў выцяў Гарсію кулаком. Злосць дадала яму адвагі, ён схапіў свой нож, я — свой. Мы сказалі Данкайрэ, каб ён адышоўся і не замінаў. Ён убачыў, што нас ужо нельга спыніць, і адступіў. Гарсія ўжо выгнуўся, як кот, гатовы кінуцца на мыш. Ён стаяў, выставіўшы нож, трымаючы ў левай руцэ капялюш, каб адводзіць удары. Гэта іх андалуская прыхватка. Я стаў па-наварску: проста перад ім, левая рука ўгары, левая нага наперадзе, нож каля правага сцягна. Я адчуваў сябе мацнейшым за асілка. Ён кінуўся на мяне, як страла, я павярнуўся на левай назе, і ён ударыў у пустэчу, а я пацэліў яму ў горла, і нож зайшоў так далёка, што мая рука ўперлася яму ў бараду. Я павярнуў лязо так рэзка, што яно зламалася. Усё было скончана. Лязо вылецела з раны пад напорам крыві, якая палілася патокам таўшчынёй з руку. Ён упаў ніцма, як бервяно.
[191] Мой каханак ці, хутчэй, мой капрыз (аўт.).
[192] Navarro fino (аўт.).
[193] Or esorjlé de or narsichislé, sin chismar lachinguel.— Цыганская прыказка: «Храбрасць карліка — плюнуць далёка» (аўт.).