Лёгкая, як козка, яна скочыла ў каламажку, фурман сцебануў мула, і ўся вясёлая хеўра паехала немаведама куды.
Як вы здагадваецеся, здаўшы варту, я пайшоў у Трыяну. Але спачатку я пагаліўся і прыбраўся, як на парад. Яна была ў старога гандляра смажанай рыбай Лільяса Пастыі, цыгана, чорнага, як маўр, да якога шмат мяшчан заходзіла паесці, асабліва ж, думаецца, пасля таго, як там знайшла сабе прытулак Кармэн.
— Лільяс,— сказала яна, як толькі мяне ўбачыла,— сёння я цэлы дзень буду занятая. А заўтра паглядзім[170]. Ну, зямляча, хадзем пагуляем.
Перад яго носам яна накінула мантылью, мы выйшлі на вуліцу і некуды пайшлі.
— Шаноўная панна,— звярнуўся я да яе,— я, відаць, мушу падзякаваць вам за падарунак, што вы прыслалі, калі я сядзеў у турме. Хлеб я з’еў, напільнік мне яшчэ спатрэбіцца, каб вастрыць піку, я пакіну яго як памяць пра вас. А грошы вазьміце назад.
— Во, глядзі! У яго засталіся грошы! — зайшлася яна смехам.— А урэшце, добра, бо ў мяне цяпер пустая кішэня. Але ж нічога, сабака, што бегае, з голаду не памрэ[171]. Хадзем наямося на ўсе грошы. Ты частуеш.
Мы вярнуліся ў Севілью. У пачатку Змяінай вуліцы яна купіла тузін апельсінаў, якія я загарнуў у хустку. Трохі далей яна яшчэ купіла хлеба, кілбасы, бутэльку мансанільі. Урэшце яна зайшла ў цукерню. Там яна кінула на стойку залатую манету, што я ёй аддаў, яшчэ адну, якую яна дастала з кішэні, а таксама колькі срэбных манет. Пасля яна загадала мне выкласці ўсё, што ў мяне было. Мне зрабілася вельмі сорамна, бо ў мяне была толькі адна песета і некалькі куартаў. Я думаў, яна зараз скупіць усю краму. Яна ўзяла ўсё самае прыгожае і самае дарагое, што толькі было, емас[172], турон[173], зацукрованую садавіну, наколькі хапіла грошай. Усё гэта я мусіў несці ў папяровых мяшэчках. Вы, можа, ведаеце вуліцу Кандылеха, дзе галава караля дона Пэдра Справядлівага[174]. Яна мусіла б навесці мяне на сякія-такія развагі. Мы спыніліся на гэтай вуліцы перад адным старым домам. Яна ўвайшла ў вузкі праход і пастукала ў дзверы на першым паверсе. Нам адчыніла цыганка, сапраўдная служка сатаны. Кармэн сказала ёй некалькі слоў па-цыганску. Старая спачатку насупілася. Каб яе задобрыць, Кармэн дала ёй два апельсіны, жменьку цукерак і пачаставала яе віном. Пасля яна накрыла ёй плечы плашчом і вывела яе за дзверы, зачыніўшы іх пасля на драўляную засаўку. Як толькі мы засталіся адны, яна пачала скакаць і смяяцца, як ашалелая, спяваючы:
— Ты мой ром, я твая ромі[175].
А я стаяў пасярод пакоя, абвешаны ўсімі яе пакупкамі, і не ведаў, куды іх пакласці. Яна зваліла ўсё на дол, кінулася мне на шыю і сказала:
— Я плачу свае даўгі, я плачу свае даўгі! Такі закон у калэс![176]
Ах, пане, той дзень! Той дзень! Калі я пра яго згадваю, я забываюся на тое, што было пасля.
Бандыт хвілінку памаўчаў, пасля, запаліўшы цыгару, прадоўжыў:
— Мы прабавілі разам цэлы дзень, елі, пілі і ўсё астатняе. Наеўшыся цукерак, нібы шасцігадовае дзіця, яна ўкінула пару жменяў у збан з вадой, што належаў старой кабеце. «Гэта ёй будзе шэрбет»,— казала яна. Яна разбівала емас, кідаючы іх аб сцяну. «Гэта каб нам не назалялі мухі...» — казала яна. Якіх толькі глупстваў і выбрыкаў яна не вычварала! Я сказаў, што хачу паглядзець, як яна танчыць, але дзе ўзяць кастаньеты? Зараз яна бярэ адзіную талерку старой, разбівае яе на кавалкі, і вось яна ўжо скача рамаліс, шчоўкаючы фаянсавымі аскялепкамі гэтак жа спрытна, як бы ў яе былі кастаньеты з эбенавага дрэва або са слановай косці. Я вам клянуся, з гэтай дзяўчынай сумна не было. Настаў вечар, і я пачуў, як барабаны б’юць на вячэрнюю пераклічку.
— Мне трэба вярнуцца ў казарму,— сказаў я.
— У казарму? — перапытала яна з пагардай.— Ці ж ты раб, каб цябе вадзіць на ланцугу? Ты сапраўдная канарэйка, і ўборам, і норавам[177]. У цябе, папраўдзе, куранячае сэрца.
Я застаўся, прымірыўшыся ў душы з тым, што за гэта мне пагражае гаўптвахта. Раніцай першая пра расстанне загаварыла яна.
— Слухай, Хасэіта,— сказала яна.— Я ж табе заплаціла? Паводде нашага закона, я табе не была вінаватая, бо ты — паільё. Але ты прыгожы хлопец, і ты мне спадабаўся. Мы квітыя. Усяго добрага.
Я спытаўся, калі я яе ўбачу.
— Тады, калі ты трохі паразумнееш,— адказала яна, смеючыся. Пасля дадала сур’ёзным тонам:— Ведаеш, сынок, мне здаецца, я трошкі цябе кахаю. Але гэта ненадоўга. Сабака і воўк нядоўга ладзяць. Можа, калі б ты прыняў цыганскі закон, я захацела б стаць тваёй ромі. Але ўсё гэта глупства, гэта немагчыма. Ды што там, хлопча ты мой, ты яшчэ добра выкруціўся, павер мне. Ты сустрэў д’ябла, так, д’ябла. Ён не заўсёды чорны, і ён не скруціў табе карка. Я апранута ў воўну, але я не авечка[178]. Пастаў свечку сваёй махары[179], яна яе заслужыла. Ну, бывай. Не думай болей пра Кармэнсіту, а не, дык яна ажэніць цябе з удавой на драўляных нагах[180].
Сказаўшы гэта, яна адсунула засаўку, выйшла на вуліцу, захінулася ў мантылью і пайшла прэч.
Яна казала праўду. Лепш бы мне было не думаць пра яе. Але пасля таго дня на вуліцы Кандылеха я болей ні пра што думаць і не мог. Я бадзяўся цэлы дзень, спадзеючыся яе сустрэць. Я пытаўся пра яе ў старой і ў гандляра смажанай рыбай. Абое адказвалі, што яна выправілася ў Лалора[181],— так яны называюць Партугалію. Магчыма, яны казалі так, навучаныя Кармэн, і ў хуткім часе я даведаўся, што яны манілі. Праз пару тыдняў пасля таго дня на вуліцы Кандылеха, я стаяў на варце каля адной з гарадскіх брам. Недалёка ад брамы ў адным месцы гарадскі мур трохі абваліўся: удзень там працавалі, уначы там ставілі вартавога, каб не прайшлі кантрабандысты. Удзень я бачыў, як Лільяс Пастыя круціўся вакол вартоўні і гаманіў аб нечым з маімі таварышамі. Усе ведалі яго, а яшчэ больш — яго смажаную рыбу і піражкі. Ён падышоў да мяне і спытаўся, ці не чуў я што пра Кармэн.
— Не,— адказаў я.
— Ну дык пачуеце, дружа.
I ён не памыліўся. Уначы мяне паставілі ў варту каля пралому. Як толькі брыгадзір адышоўся, да мяне падышла нейкая жанчына. Сэрца падказвала мне, што гэта Кармэн.
Усё ж я крыкнуў:
— Прэч! Праход забаронены!
— Ды ўжо не злуйцеся так,— сказала яна, даўшы сябе пазнаць.
— Як! Гэта вы, Кармэн!
— Так, зямляча. Ну-тка, пагаворым трошкі. Хочаш зарабіць дуро? Тут будуць ісці людзі з пакункамі. Прапусці іх.
— Не,— адказаў я.— Я мушу іх затрымаць. Такі загад.
[170] Maῆana sera otro dia — іспанская прыказка (аўт.).
[171] Chuquel sos pirela. Cocal terela.
[172] Зацукрованыя яечныя жаўткі (аўт.).
[173] Гатунак нугі (аўт.).
[174] Кароль дон Пэдра, якога мы называем Люты і якога каралева Ізабэла Каталічка называла заўсёды няйначай як Справядлівы, любіў вечарамі гуляць па вуліцах Севільі, шукаючы прыгодаў, як халіф Гарун-ар-Рашыд. Аднае ночы на ўскрайнай вуліцы ён пасварыўся з чалавекам, які спяваў сваёй даме серэнаду. Яны біліся, і кароль забіў закаханага кавалера. На звон шабляў з акна выглянула старая кабета і асвятліла відовішча маленькім ліхтаром, candilejo, які яна трымала ў руцэ. Трэба зазначыць, што кароль дон Пэдра, зрэшты, спрытны і дужы, меў адну надта прыкметную хібу: калі ён ішоў, у яго вельмі моцна хрусцелі каленныя суставы. I старая па гэтым хробусце яго пазнала. Наступнага дня дзяжурны вейнтыкуатра склаў каралю рапарт. «Сір, гэтае ночы на такой а такой вуліцы быў шабельны двубой. Адзін з задзіракаў забіты.— Ці знайшлі вы забойцу? — Так, сір.— Чаму ён яшчэ не пакараны? — Сір, я чакаю вашага загаду.— Выконвайце закон». А незадоўга перад тым кароль абвясціў дэкрэт, згодна з якім кожнаму двубойцу мусіць быць сцятая галава, і галава гэтая мусіць быць выстаўлена на месцы бойкі. Вейнтыкуатра выкруціўся вельмі дасціпна. Было загадана адпілаваць галаву адной са статуй караля і выставіць яе ў нішы пасярэдзіне вуліцы, дзе адбылося забойства. Каралю і ўсім севільцам гэтае рашэнне вельмі спадабалася. Вуліца ўзяла назву ад ліхтара старой кабеты, адзінае сведкі здарэння.— Так кажа народнае паданне. Суніга расказвае гэтую гісторыю трохі іначай (Гл. Anales de Sevilla, t. II, p. 136). Што б там ні было, але ў Севільі дагэтуль ёсць вуліца Кандылеха, а на гэтай вуліцы ёсць каменны бюст, які лічыцца партрэтам дона Пэдра. На жаль, гэты бюст новы. Стары ў XVII стагоддзі пачаў ужо рассыпацца, і тагачасныя гарадскія ўлады вырашылі замяніць яго на той, які можна ўбачыць сёння (аўт.).
[175] Ром — муж, ромі — жонка (аўт.).
[176] Кало, ж. р. калі, мн. л. калэс. Даслоўна — чорны. Так называюць самі сябе цыганы (аўт).
[177] Іспанскія драгуны апрануты ў жоўтае (аўт.).
[178] Me dicas vriardὰ de jorpoy, bus ne sino braco — цыган ская прыказка (аўт.).
[179] Святая — Прасвятая Дзева (аўт.).
[180] Шыбеніца — удава апошняга павешанага (аўт.).
[181] Чырвоная (зямля) (аўт.).