— Загад, загад! На вуліцы Кандылеха ты не думаў пра загады.
— Ах! — уздыхнуў я, узрушаны гэтым успамінам.— Тады было дзеля чаго забыцца пра загад, але ж я не вазьму грошай ад кантрабандыстаў.
— Ну добра, калі ты не хочаш грошай, дык, можа, сходзім зноў паабедаць да старой Даратэі?
— Не! — адказаў я, ледзь не здушаны намаганнем утрымацца.— Я не магу.
— Тады добра. Калі ты такі ўпарты, дык я ведаю, да каго звярнуцца. Я запрапаную твайму афіцэру схадзіць са мной да Даратэі. Ён, як відаць, добры хлопец і паставіць на варту малойца, які ўбачыць толькі тое, што трэба. Бывай, канарэйка. Я добра пасмяюся, калі выйдзе загад цябе павесіць.
Я меў слабасць яе аклікнуць і паабяцаў прапусціць хоць цэлы табар, калі будзе трэба, каб толькі я атрымаў адзіную плату, пра якую я марыў. Яна адразу ж паклялася, што стрымае слова ўжо заўтра, і пабегла папярэдзіць сваіх сяброў, якія былі побач. Іх было пяцёра, адзін з іх Пастыя, усе нагружаныя англійскімі таварамі. Кармэн пільнавала. Яна мусіла папярэдзіць кастаньетамі, як толькі ўбачыць патруль, але ў гэтым не было патрэбы. Кантрабандысты зрабілі сваю справу імгненна.
На другі дзень я пайшоў на вуліцу Кандылеха. Кармэн прымусіла сябе чакаць і прыйшла ў даволі злым гуморы.
— Я не люблю людзей, якіх трэба доўга прасіць,— сказала яна.— Першы раз ты зрабіў мне значна большую паслугу, не спадзеючыся на гэтым нешта зарабіць. А ўчора ты са мной таргаваўся. Не ведаю, нашто я прыйшла, бо я цябе болей не кахаю. Так што ідзі прэч адсюль, вось табе дуро за клопат.
Я ўжо амаль быў гатовы кінуць гэтую манету ёй у твар і ледзь стрымліваў сябе, каб не набіць яе. Паспрачаўшыся з ёй гадзіну, я выйшаў раз’юшаны. Нейкі час я бадзяўся па горадзе, сноўдаўся сюды-туды, як вар’ят, урэшце зайшоў у царкву і, схаваўшыся ў самы цёмны куток, заплакаў гарачымі слязьмі. I раптам я пачуў голас:
— Драконавы слёзы! Я б зрабіла з іх нагаворнае зелле.
Я падняў вочы і ўбачыў побач Кармэн.
— Што, зямляча, усё яшчэ крыўдуеце на мяне? — спыталася яна.— Відаць, я ўсё ж вас кахаю, бо ад часу, як вы пайшлі ад мяне, я не ведаю, што са мной робіцца. Ну, цяпер ужо я ў цябе пытаюся, ці не хочаш ты пайсці на вуліцу Кандылеха.
Так мы замірыліся. Але настрой у Кармэн пераменлівы, як надвор’е ў нашых краях. У нас у гарах навальніца ніколі не бывае так блізка, як калі свеціць яркае сонца. Яна паабяцала сустрэцца са мной у Даратэі і не прыйшла. А Даратэя зноў сказала мне, што яна паехала ў Лалора дзеля цыганскіх спраў.
Ведаючы з досведу, што рабіць у такіх выпадках, я шукаў Кармэн паўсюль, дзе яна магла быць, і дваццаць разоў на дзень праходзіў па вуліцы Кандылеха. Неяк увечары я быў у Даратэі, якую я ўжо амаль прылашчыў да сябе частуючы яе час ад часу чаркай анісаўкі, калі раптам уваходзіць Кармэн, а з ёй малады мужчына, лейтэнант з нашага палка.
— Ідзі адсюль хутчэй,— кажа яна мне па-басконску.
Я скамянеў, апанаваны гневам.
— Што ты тут робіш? — спытаўся лейтэнант.— Пайшоў прэч!
Я стаяў як слуп і не мог ступіць кроку. Афіцэр, узлаваны, бачачы, што я не іду і што я не зняў нават сваю шапку, узяў мяне за каўнер і моцна страсянуў. Не ведаю, што я яму сказаў. Ён дастаў шпагу, і я таксама. Старая схапіла мяне за руку, і лейтэнант ударыў мне ў лоб — дагэтуль застаўся знак. Я адступіў, локцем адштурхнуў Даратэю, яна ўпала наўзнак. Лейтэнант кінуўся за мною, я нанёс удар у корпус, і шпага пратнула яму грудзі. Кармэн патушыла лямпу і сказала на сваёй мове Даратэі, каб тая ўцякала. Сам я выскачыў на вуліцу і пабег невядома куды. Мне здавалася, што за мною нехта бяжыць. Трошкі апрытомнеўшы, я ўбачыў, што Кармэн мяне не кінула.
— Дурная канарэйка! — сказала яна.— Ты ўмееш рабіць толькі глупствы. I казала ж я табе, што прынясу табе няшчасце. Нічога, на ўсё знойдзецца сродак, калі твая сяброўка — раманская фламандка[182]. Спачатку абвяжы галаву гэтай хусткай і дай мне свой бандалет. Пачакай мяне ў гэтым праходзе. Я вярнуся праз дзве хвіліны.
Яна знікла і хутка прынесла мне паласаты плашч, які яна невядома дзе знайшла. Яна загадала мне скінуць мундзір і надзець плашч паверх кашулі. Гэтак выстраены, з хусткай, якою яна абвязала маю рану на галаве, я быў зусім як валенсійскі селянін, як тыя, што прыходзяць у Севілью прадаваць чуфавы напой[183]. Пасля яна завяла мяне ў дом, падобны да Даратэінага, што хаваўся ў ціхай вуліцы. Яна і яшчэ адна цыганка абмылі мяне і перавязалі лепш, чым бы гэта зрабіў ваенны хірург, і напаілі мяне няведама чым. Урэшце мяне паклалі на матрас, і я заснуў.
Гэтыя жанчыны, відаць, падмяшалі мне ў пітво нейкага соннага зелля, бо я прачнуўся наступнага дня вельмі позна. У мяне была гарачка і страшна балела галава. Прайшло трохі часу, перш чым у памяці ўсплыло жахлівае здарэнне, удзельнікам якога я стаў днём раней. Перавязаўшы маю рану, Кармэн і яе сяброўка, што сядзелі абедзве на кукішках побач з маім матрасам, абмяняліся некалькімі словамі на чыпе кальі, відаць, гэта было штосьці накшталт медыцынскай кансультацыі. Пасля абедзве запэўнілі мяне, што я хутка папраўлюся, але што трэба як найхутчэй пакінуць Севілью, бо калі мяне тут зловяць, дык абавязкова расстраляюць.
— Мой хлопча,— сказала мне Кармэн,— табе трэба нешта рабіць. Цяпер, калі кароль болей не корміць цябе рысам і сухой траской[184], табе трэба думаць, як зарабляць на жыццё. Ты занадта дурны, каб красці ὰ pastesas[185], але ты дужы і спрытны; калі ты да таго ж і смелы, дык ідзі на ўзбярэжжа і займіся кантрабандай. Ці ж я не абяцала, што цябе павесяць? Гэта лепш, чым быць расстраляным. Зрэшты, калі ты здолееш добра ўзяцца за справу, ты будзеш жыць, як князь, пакуль міньёны[186] і берагавая варта не схопяць цябе за каўнер.
У такім вось прывабным святле гэтая д’яблава дзеўка паказала мне новую кар’еру, якую яна мне прарочыла. I праўда, гэта было адзінае, што мне заставалася цяпер, калі мне пагражала пакаранне смерцю. I што ж, пане, яна намовіла мяне без вялікіх цяжкасцяў. Мне здавалася, што гэтае рызыкоўнае і бунтарскае жыццё яшчэ цясней злучыць мяне з ёй. Я лічыў, што цяпер майму каханню нічога не будзе пагражаць. Я часта чуў расказы пра кантрабандыстаў, якія ездзяць па Андалусіі на добрым кані з мушкетонам у руцэ і з каханкай ззаду ў сядле. Я ўжо ўяўляў сабе, як я скачу праз даліны і горы з мілай цыганачкай за спінай. Калі я казаў ёй пра гэта, яна памірала ад смеху і казала мне, што няма нічога прыгажэйшага, чым правесці ноч на прывале, калі кожны ром уводзіць сваю ромі пад невялічкі намёт, складзены з трох абручоў, накрытых коўдрай.
— Калі я завязу цябе ў горы,— казаў я ёй,— я буду спакойны за цябе! Там мне не прыйдзецца дзяліць цябе з нейкім лейтэнантам.
— Ах, дык ты раўнівы,— адказала яна.— Тым горш для цябе. Няўжо ты настолькі дурны? Ці ж ты не бачыш, што я цябе кахаю, бо ніколі не брала з цябе грошай?
Калі яна так казала, мне хацелася яе задушыць.
Карацей кажучы, пане, Кармэн знайшла мне цывільную вопратку, у якой я выйшаў з Севільі нікім не пазнаны. Я пайшоў у Хэрэс з лістом ад Пастыі да гандляра анісаўкай, у якога збіраліся кантрабандысты. Мяне прадставілі гэтым людзям, і іх верхавод, званы Данкайрэ, прыняў мяне ў банду. Мы рушылі ў Гаўсін, дзе я знайшоў Кармэн, якая прызначыла мне там спатканне. У нашых паходах яна была нам за шпіёна, і лепшага за яе ў гэтай справе ў свеце не было. Яна вярнулася з Гібралтара і ўжо дамовілася з адным суднаўладальнікам наконт пагрузкі англійскіх тавараў, якія мы меліся пераняць на беразе. Мы мусілі чакаць іх каля Эстэпоны, пасля схавалі частку тавару ў гарах і, узяўшы астатняе, накіраваліся ў Ронду. Кармэн ужо чакала нас там. Яна ж і паведаміла нам, калі будзе лепей увайсці ў горад. Гэтая першая выправа і некалькі наступных былі шчаслівыя. Жыццё кантрабандыста падабалася мне болей, чым салдацкае, я рабіў Кармэн падарункі. У мяне былі грошы і каханка. Сумленне мяне не мучыла, бо, як кажуць цыганы, прыемная кароста не свярбіць[187]. Паўсюль нас прымалі зычліва, таварышы мае ставіліся да мяне добра, нават з пэўнай павагай. Прычына была ў тым, што я забіў чалавека, а сярод іх былі і такія, хто не меў на сумленні такіх подзвігаў. Але найбольш у маім новым жыцці мне было даспадобы тое, што я часта бачыў Кармэн. Яна была больш прыязная да мяне, чым калі-небудзь раней. Аднак перад таварышамі Кармэн старалася не паказваць, што яна мая каханка, і нават прымусіла мяне паклясціся ўсімі клятвамі, што я нічога пра яе не скажу. Я быў такі слабы перад гэтым стварэннем, што падпарадкоўваўся любым яе капрызам. Зрэшты, тады ўпершыню яна здалася мне сціплай, сумленнай жанчынай, і я быў такі недалёкі, што паверыў, быццам яна і ўпраўду кінула свае колішнія звычкі.
Наша банда складалася з васьмі — дзесяці чалавек, але збіралася разам толькі ў вырашальныя моманты. Звычайна ж мы дзейнічалі ў гарадах і вёсках па двое ці па трое.
Кожны з нас удаваў з сябе рамесніка: гэты быў бляхаром, той — перакупнікам коней, а я быў галантарэйнікам, але не надта паказваўся ў людных месцах з-за маёй севільскай справы. Аднаго дня ці, дакладней сказаць, аднае ночы мы меліся сустрэцца пад Вэхерам. Данкайрэ і я прыйшлі туды раней за іншых. Ён, здавалася, быў у гуморы.
— Хутка да нас далучыцца яшчэ адзін таварыш,— сказаў ён.— Кармэн толькі што зладзіла адну са сваіх найудалейшых спраў. Яна дапамагла ўцячы свайму рому, які сядзеў у тарыфскай турме.
[182] Flamenca de Roma — жаргонны зварот, так называюць цыганак. Roma тут значыць не Вечны Горад, а народ ромі, або жанатыя людзі, як завуць сябе цыганы. Першыя цыганы, відаць, прыйшлі ў Іспанію з Нідэрландаў, таму іх называюць фламандцамі (аўт.).
[183] Корань у выглядзе цыбулін, з якога робяць даволі прыемны напой (аўт.).
[184] Звычайны харч іспанскага салдата (аўт.).
[185] Ustilar ὰ pastesas — красці спрытна, рабаваць без гвалту (аўт.).
[186] Від наёмнай паліцыі (аўт.).
[187] Saraipia sat pesquital ne punzava (аўт.).