Тым часам я лёг на старыя гунькі і, каб да іх не дакранацца, старанна закруціўся ў свой плашч. Папрасіўшы прабачэння за тое, што ён дазваляе сабе легчы побач са мной, дон Хасэ паклаўся пад дзвярмі, не забыўшыся папярэдне памяняць набой у сваім мушкетоне, які ён асцярожна паклаў пад торбу, што была яму за падушку. Пажадаўшы адзін аднаму добрай ночы, праз пяць хвілін мы абодва спалі як забітыя.
Я думаў, што я дастаткова стаміўся, каб здолець заснуць у гэткім прытулішчы, але праз нейкую гадзіну нясцерпны сверб абудзіў мяне. Як толькі я зразумеў яго прычыну, я ўстаў і вырашыў, што лепш правесці рэшту ночы пад вольным небам, чым пад гэтым негасцінным дахам. Ступаючы на дыбачках, я падышоў да дзвярэй, пераступіў цераз пасцель дона Хасэ, які спаў сном праведніка, і выйшаў з хаты так ціха, што ён не прачнуўся. На двары каля дзвярэй стаяла шырокая драўляная лава. Я лёг на яе і ўладкаваўся ўтульней, каб даспаць рэшту ночы. Я ўжо збіраўся заплюшчыць вочы, калі мне падалося, што міма бязгучна прайшлі два цені,— чалавека і каня. Я сеў на лаве і пазнаў Антоніо. Я здзівіўся, што ён выйшаў са стайні гэткай часінай, устаў і пайшоў яму насустрач. Заўважыўшы мяне, ён прыпыніўся.
— Дзе ён? — шэптам спытаўся Антоніо.
— У венце, ён спіць, бо не баіцца клапоў. А нашто вы вывелі каня?
I тады я заўважыў, што, каб не нарабіць шуму, выходзячы са стайні, Антоніо старанна абкруціў конскія капыты старымі анучамі.
— Гаварыце цішэй, у імя Бога,— папрасіў мяне Антоніо.— Дык вы не ведаеце, хто гэты чалавек? Гэта Хасэ Навара, самы славуты бандыт ва ўсёй Андалусіі. Увесь дзень я даваў вам знакі, якіх вы ніяк не хацелі разумець.
— Бандыт ён ці не бандыт, што мне да таго? — адказаў я.— Ён нас не абрабаваў, і я магу закласціся, што ён не збіраецца гэтага рабіць.
— Хай сабе, але таму, хто яго выдасць, дадуць дзвесце дукатаў. За паўтара лье адсюль ёсць уланскі пост, і пакуль развіднее, я прывяду сюды пару дужых малойцаў. Я ўзяў бы ягонага каня, але ён такі злы, што ніхто, апроч Навары, не можа да яго падысці.
— Каб вас д’яблы знеслі! — зазлаваў я.— Што зрабіў вам гэты бедны чалавек, каб яго выдаваць? Дый ці ўпэўнены вы, што ён — той бандыт, пра якога вы гаворыце?
— Ды ўжо ж упэўнены, толькі што ён быў са мной у стайні і сказаў мне: «Здаецца, ты мяне пазнаў. Калі ты скажаш гэтаму добраму пану, хто я такі, я выб’ю табе мазгі». Заставайцеся, пане, заставайцеся з ім, вам няма чаго баяцца. Пакуль вы тут, ён ні пра што не западозрыць.
Размаўляючы так, мы адышліся даволі далёка ад венты, і можна было ўжо не баяцца стукату капытоў. Антоніо імгненна зняў анучы, якімі ён абкруціў конскія ногі, і збіраўся скочыць у сядло. Просьбамі і пагрозамі я спрабаваў яго затрымаць.
— Я бедны чалавек, пане,— сказаў ён.— Я не магу выпусціць з рук дзвесце дукатаў, асабліва калі выпала нагода вызваліць край ад такога нягодніка. Але будзьце асцярожныя, калі Навара прачнецца, ён схопіцца за свой мушкетон, і тады беражыцеся! Мне ўжо няма куды адступаць, а вы ўжо выкручвайцеся як можаце.
I гэты круцель скочыў у сядло, прышпорыў каня і знік у цемры.
Я быў вельмі раззлаваны на майго правадніка і не на жарт занепакоены. Хвілінку паразважаўшы, я вырашыў, што і як я буду рабіць, і вярнуўся ў хату. Дон Хасэ яшчэ спаў — ён, відаць, набіраўся сілы пасля некалькіх утомных дзён і няспаных начэй. Прыйшлося добра яго патрэсці, пакуль ён прачнуўся. Я ніколі не забуду яго люты позірк і рух, калі ён хацеў схапіць мушкетон, які я дзеля асцярогі адсунуў далей ад пасцелі.
— Прабачце, пане, што я вас абудзіў, але ў мяне да вас ёсць адно дурное пытанне: ці не жадалі б вы ўбачыць тут паўтузіна ўланаў?
Ён ускочыў на ногі і спытаўся страшным голасам:
— Хто вам гэта сказаў?
— Абы гэтае папярэджанне было на добрае, а адкуль яно — не так важна.
— Ваш праваднік здрадзіў, але ён мне заплаціць! Дзе ён?
— Не ведаю... Напэўна, у стайні... але мне сказалі...
— Хто?.. Старая не магла сказаць...
— Нехта, каго я не ведаю... Карацей кажучы, ці ёсць у вас прычыны не чакаць тут салдатаў? Калі так, дык не губляйце часу, а калі не, дык дабранач і выбачайце, што не даў вам даспаць.
— А! Праваднік! Ваш праваднік! Я з самага пачатку яму не давяраў... але... я з ім парахуюся!.. Бывайце, пане, хай Бог адплаціць вам за паслугу, што вы мне зрабілі. Не такі я ўжо і злы, як вам здаецца... так, ва мне ёсць яшчэ нешта, што заслугоўвае літасці прыстойнага чалавека... Бывайце, пане... Я шкадую толькі, што не магу вам адплаціць.
— У якасці адплаты за маю паслугу паабяцайце мне, дон Хасэ, нікога не падазраваць і не думаць пра помсту. Вось вам цыгары з сабой, добрай дарогі!
I я падаў яму руку.
Нічога не адказаўшы, ён паціснуў руку, узяў мушкетон і торбу і, сказаўшы старой пару слоў на незразумелай мне гаворцы, пабег у стайню. Праз нейкі момант пачуўся стукат капытоў, і ён знік.
Што да мяне, я зноў лёг на лаву, але так і не заснуў. пытаўся ў сябе, ці меў я права ўратаваць ад шыбеніцы злодзея, можа, нават забойцу, і ўсё толькі таму, што я еў з ім разам вяндліну і рыс па-валенсійску. Ці не здрадзіў я свайму правадніку, які стаяў на баку закону, ці не навёў я на яго помсту злачынца? Але ж правілы гасціннасці!.. Дзікунскія забабоны, думаў я, я буду адказны за ўсе злачынствы, што наробіць гэты бандыт... Але ці можна лічыць забабонам голас сумлення, які пярэчыць усім маім разважанням? Можа, у гэтай далікатнай сітуацыі я і не мог зрабіць інакш, каб пасля не пакутаваць душой. Гэтак я вагаўся ў няпэўнасці наконт маральнасці майго ўчынку, калі ўбачыў паўтузіна коннікаў разам з Антоніо, які абачліва хаваўся за іх спіны. Я выйшаў ім насустрач і папярэдзіў, што бандыт уцёк ужо гадзіны дзве таму. Брыгадзір распытаў старую, і тая сказала, што ведае Навару, але, жывучы адна, ніколі не наважылася б яго выдаць, баючыся за сваё жыццё. Яна дадала, што калі ён спыняўся ў яе, дык заўсёды з’язджаў сярод ночы. Што да мяне, я мусіў праехаць некалькі лье, каб паказаць пашпарт і падпісаць сведчанні ў прысутнасці алькальда[143], пасля гэтага мне дазволілі працягваць археалагічныя пошукі. Антоніо злаваўся на мяне, бо падазраваў, што гэта я не даў зарабіць яму дзвесце дукатаў. Аднак мы рассталіся добрымі сябрамі ў Кордаве, там я аддзячыў яму, наколькі дазваляў мне стан маіх фінансаў.
......................................
II
У Кордаве я прабыў некалькі дзён. Мне паведамілі, што ў бібліятэцы дамініканскага кляштара ёсць адзін рукапіс, у якім я магу знайсці цікавыя звесткі пра старажытную Мунду. Айцы дамінікане прынялі мяне вельмі добра, днямі я сядзеў у кляштары, а вечарамі гуляў па горадзе. У Кордаве перад заходам сонца на набярэжнай правага берага Гвадалквівіра збіраецца нямала разявакаў. Паветра там цяжкае ад выпарэнняў гарбарнае фабрыкі, дзякуючы якой край спрадвеку славіўся выдатнымі скурамі, але ж затое прысутныя могуць аглядаць вартае ўвагі відовішча. За некалькі хвілін перад малітвай «Анёл Гасподні» на беразе ракі, ля падножжа высокай набярэжнай збіраецца вялікі тлум жанчын. Ніводзін мужчына не наважыўся б туды сунуцца. Як толькі пачынаюць званіць на малітву, лічыцца, што настала ноч. Калі звон сціхае, усе гэтыя жанчыны раздзяваюцца і ўваходзяць у ваду. Тады ўсчынаецца смех, крыкі, пякельная гамана. З вышыні набярэжнай мужчыны разглядаюць купальніц, вылупваюць вочы, але не надта што бачаць. Тым часам тыя белыя няясныя постаці, што вырысоўваюцца ў рачной сінечы, будзяць паэтычнае натхненне, і, дабраўшы трошкі фантазіі, вы без цяжкасці можаце ўявіць сабе купанне Дыяны і німфаў[144], не баючыся паўтарыць нешчаслівую долю Актэона. Мне расказалі, як аднойчы некалькі шалапутаў назбіралі грошай і падкупілі званара ў катэдры, каб той пазваніў на дваццаць хвілін раней за ўсталяваны час. I хоць было яшчэ зусім светла, гвадалквівірскія німфы не сталі вагацца і, давяраючы званам больш, чым сонцу, спакойна распачалі абрад абмывання, зрэшты, вельмі просты. Мяне там не было. Калі я прыехаў, званар быў ужо непадкупны, сутонне цямнейшае, і толькі кашэчае вока магло б адрозніць старую гандлярку апельсінамі ад спакуслівай фабрычнай маладзіцы.
[143] Алькальд — камендант горада, крэпасці, замка.
[144] ...купанне Дыяны і німфаў...— Паводле антычнай міфалогіі, паляўнічы Актэон падгледзеў аднойчы, як багіня Дыяна купалася з німфамі. За гэта ён быў ператвораны раззлаванай багіняй у аленя і разадраны сваімі паляўнічымі сабакамі.