— Так, сеньёр,— адказаў ён.
Гэта былі першыя словы, што я ад яго пачуў, і я заўважыў, што ён вымаўляў «с» не па-андалуску[140], з чаго я зрабіў выснову, што ён, як і я, быў падарожнік, хіба што менш цікаўны да археалогіі.
— Вось гэтая будзе добрая,— сказаў я і падаў яму сапраўдную гаванскую рэгалію.
Ён ледзь заўважна кіўнуў галавой, запаліў сваю цыгару ад маёй, падзякаваў мне, кіўнуўшы яшчэ раз, і пачаў курыць з відавочнай асалодаю.
— Ах! — уздыхнуў ён, выпускаючы павольна першы пацяг праз рот і ноздры.— Як даўно я не курыў!
У Іспаніі частаванне цыгарамі — знак да ўсталявання прыязных адносінаў, як частаванне хлебам і соллю на Ўсходзе. Мой размоўца аказаўся больш гаваркі, чым я чакаў. Зрэшты, хоць ён і назваўся жыхаром наваколля Мантыльі, здавалася, што ён даволі дрэнна ведае тутэйшыя мясціны. Ён не ведаў, як завецца цудоўная даліна, дзе мы знаходзіліся, ён не мог назваць ніводнага навакольнага паселішча. Урэшце, калі я спытаўся ў яго, ці не бачыў ён у гэтых мясцінах разбураных муроў, аскепкаў шырокай дахоўкі з закраінамі, каменных статуй, ён прызнаўся, што ніколі не звяртаў на гэткія рэчы ўвагі. Затое ён аказаўся добрым знаўцам коней. Ён зганіў майго, што мяне не здзівіла, пасля падрабязна пералічыў радавод свайго, які паходзіў са славутага Кордаўскага завода. Гэта была сапраўды шляхетная жывёліна, такая вынослівая, што, як сцвярджаў гаспадар, прабегла аднойчы трыццаць лье за адзін дзень наўзгалоп і рыссю. Сказаўшы гэта, незнаёмы раптам спыніўся, быццам схамянуўшыся і зазлаваўшы на сябе, што сказаў лішняе. Пасля, трохі сумеўшыся, дадаў: «Я вельмі спяшаўся ў Кордаву, каб хадайнічаць у адной судовай справе...» Пры гэтым ён паглядзеў на майго правадніка Антоніо, і той апусціў вочы.
Прахалода і крынічка настолькі мяне зачаравалі, што я згадаў пра некалькі лустак выдатнай вяндліны, якія мае мантыльскія сябры паклалі ў торбу правадніку. Я загадаў іх прынесці і запрасіў незнаёмага падсілкавацца разам са мною. Калі ён ужо даўно не курыў, дык мне здалося верагодным, што ён як найменей два дні нічога не еў. Ён накінуўся на ежу, як згаладалы воўк. Я падумаў, што сустрэча са мною была спасланая гэтаму небараку Божым правідам. Што да майго правадніка, дык ён еў мала, піў яшчэ меней і не гаварыў увогуле, хоць на пачатку падарожжа ён падаўся мне неадчэпным балбатуном. Здавалася, прысутнасць нашага госця бянтэжыла яго, між імі была нейкая насцярожанасць, прычыны якой я ніяк не мог разгадаць.
Ужо зніклі апошнія крышачкі хлеба і вяндліны, мы выкурылі па другой цыгары. Я загадаў правадніку закілзаць коней і збіраўся развітацца з маім новым прыяцелем, калі раптам ён спытаўся ў мяне, дзе я збіраюся заначаваць.
Не паспеўшы заўважыць знакаў, што падаваў мне праваднік, я адказаў, што іду ў бок Варонінай венты.
— Дрэнны прыстанак для такога чалавека, як вы, пане... Я таксама кіруюся туды, і калі вы дазволіце, мы паедзем разам.
— З вялікай ахвотай,— адказаў я, скочыўшы ў сядло.
Праваднік, трымаючы стрэмя, зрабіў мне новы знак вачмі. У адказ я паціснуў плячыма, нібы запэўніваючы яго, што мяне нічога не трывожыць, і мы рушылі ў дарогу.
Таямнічыя знакі Антоніо, яго непакой, некалькі словау, што міжволі вырваліся ў незнаёмага, асабліва пра тыя трыццаць лье язды наўзгалоп і не надта ўдалае ім апраўданне, ужо склалі ў мяне нейкае ўяўленне пра майго спадарожніка. Я не сумняваўся, што маю справу з кантрабандыстам, а можа, і са злодзеем. А што мне да таго? Я дастаткова добра ведаў натуру іспанцаў і таму быў пэўны, што мне не было прычыны баяцца чалавека, з якім я еў і курыў. Сама яго прысутнасць была ўжо надзейнай аховай ад любой нядобрай сустрэчы. Да таго ж мяне вельмі цешыла магчымасць пазнаёміцца з сапраўдным бандытам. Не кожны ж дзень іх бачыш, дый ёсць нават нешта прывабнае ў тым, што знаходзішся побач з небяспечным чалавекам, асабліва калі адчуваеш, што ён рахманы і ўтаймаваны.
Я спадзяваўся паступова схіліць незнаёмага на даверлівую размову і, нягледзячы на мігі правадніка, павярнуў гаворку на злодзеяў і бандытаў. Вядома ж, я гаварыў пра іх з павагай. У тыя часы ў Андалусіі славіўся сваімі подзвігамі бандыт, які зваўся Хасэ-Марыя. «А што, калі побач са мною Хасэ-Марыя?» — думаў я... Я расказаў усе, што я ведаў, гісторыі пра гэтага героя, усяляк яго выхваляючы, і выказаў адкрыта маё захапленне яго адвагай і шчодрасцю.
— Хасэ-Марыя проста блазан,— стрымана адказаў незнаёмы.
«Ён аддае сабе належнае ці кажа так ад празмернай сціпласці? — папытаўся я сам у сябе, бо чым болей я разглядаў спадарожніка, тым болей заўважаў у ім прыкметы Хасэ-Марыі, пададзеныя ў абвестках, расклееных у гарадах Андалусіі.— Так, гэта ён... Светлыя валасы, блакітныя вочы, вялікі рот, прыгожыя зубы, маленькія рукі; тонкая кашуля, аксамітная куртка са срэбнымі гузікамі, гетры з белай скуры, гнеды конь... Усё супадае! Але не будзем раскрываць яго інкогніта».
Мы дабраліся да венты. Яна была якраз такая, як ён апісаў, ці не самая ўбогая з усіх, якія я толькі бачыў. Вялікі пакой быў адначасова і кухняй, і сталовай, і спальняй. Агонь разводзіўся пасярод пакоя на пляскатым камені, і дым выходзіў праз адтуліну, прабітую ў даху, ці, хутчэй, нават не выходзіў, а павісаў воблакам за некалькі стоп ад зямлі. Уздоўж сцен віднеліся раскладзеныя на зямлі пяць ці шэсць старых гунек — то былі пасцелі для падарожнікаў. За дваццаць крокаў ад дома, ці, хутчэй, ад адзінага пакоя, які я толькі што апісаў, стаяла нешта накшталт павеці — гэта была стайня. У гэтым чароўным прытулішчы не было іншае чалавечае істоты, прынамсі на той момант, апроч старой кабеты і дзяўчынкі дзесяці — дванаццаці гадоў, абедзве былі чорныя, як сажа, і ў жахлівых лахманах. «Вось,— сказаў я сам сабе,— усё, што засталося ад насельнікаў старажытнай Мунды Бетыцкае! О Цэзар! О Сэкст Пампей! Як бы вы здзівіліся, калі б вярнуліся да жыцця!»
Заўважыўшы майго спадарожніка, старая ўскрыкнула ад здзіўлення:
— Ай! Сеньёр дон Хасэ!
Дон Хасэ насупіў бровы і ўладарным рухам падняў руку. Старая адразу змоўкла. Я павярнуўся да правадніка і ледзь заўважным знакам даў яму зразумець, што мне не трэба тлумачыць, з кім я меўся начаваць у адным доме. Вячэра была лепшая, чым я мог чакаць. Нам падалі на маленькі стол вышынёю ў адну стапу старога варанага пеўня з рысам і вострым перцам, пасля чырвоны перац у алеі і, урэшце, гаспача — нешта накшталт салаты з перцу. Тры гэтак вострыя стравы вымушалі нас часта зажываць з бурдзюка з мантыльскім віном, якое мела чароўны смак. Паеўшы, я ўбачыў на сцяне мандаліну — у Іспаніі паўсюль можна ўбачыць мандаліну — і спытаўся ў дзяўчынкі, якая нам слугавала, ці ўмее яна на ёй іграць.
— Не,— адказала яна.— Але дон Хасэ грае так добра!
— Зрабіце ласку,— папрасіў я,— паспявайце што-небудзь. Я вельмі люблю вашу народную музыку.
— Я ні ў чым не магу адмовіць такому пачціваму пану, які частуе мяне такімі цудоўнымі цыгарамі,— сказаў палагаднелы дон Хасэ. Узяўшы ў рукі мандаліну, ён заспяваў, сам сабе акампануючы. Голас у яго быў грубы, аднак прыемны, мелодыя была нязвыклая і сумотная. Што да словаў, дык я не зразумеў ніводнага.
— Калі я не памыляюся, вы спявалі не іспанскую песню,— сказаў я яму.— Гэта нагадвае мне сарсіка, якія я чуў у Правінцыях[141], і спявалі вы, пэўна ж, па-басконску.
— Усё так,— згадзіўся дон Хасэ, спахмурнеўшы.
Ён паклаў мандаліну на зямлю і, склаўшы рукі, з нейкай невыказнай тугою пачаў глядзець на агонь, што ўжо пачынаў затухаць. Асветлены лямпаю, што стаяла на століку, яго твар, адначасова шляхетны і дзікі, нагадаў мне Мілтанавага Сатану[142]. Мой спадарожнік, відаць, таксама тужыў па мясцінах, якія быў вымушаны пакінуць, таксама думаў аб выгнанні, на якое быў засуджаны праз нейкі грэх. Я паспрабаваў зноў распачаць размову, але ён не адказваў, цалкам ахоплены сваімі маркотнымі думкамі. Старая ўжо ўлеглася ў куце, за дзіравай коўдрай-заслонай, нацягнутай на вяроўцы. Дзяўчынка легла побач з ёю ў гэтым закутку, прызначаным для прыгожага полу. Тады мой праваднік устаў і запрасіў мяне з сабой у стайню, але, пачуўшы гаворку, дон Хасэ падхапіўся і рэзкім голасам спытаўся, куды ён збіраецца ісці.
— У стайню,— адказаў праваднік.
— Нашто? Коні накормлены. Ляжы тут, пан табе дазваляе.
— Я баюся, што конь майго пана захварэў, я хацеў бы, каб мой пан яго пабачыў,— можа, ён ведае, што трэба зрабіць.
Было зразумела, што Антоніо хацеў пагаварыць са мною сам-насам. Але я зусім не збіраўся абуджаць у дона Хасэ ніякіх падазрэнняў, і мне здавалася, што ў нашай сітуацыі лепш за ўсё будзе, калі я пастаўлюся да яго з як найбольшым даверам. I я адказаў Антоніо, што я нічога не разумею ў конях і хачу спаць. Дон Хасэ пайшоў з ім у стайню і хутка вярнуўся адзін. Ён сказаў, што з канём усё добра, але мой праваднік лічыць яго такой каштоўнай жывёлінай, што застаўся націраць яго сваёй курткай, каб у каня выйшаў пот, і збіраецца правесці ўсю ноч за гэтым дужа прыемным заняткам.
[140] Андалусцы вымаўляюць «s» з прыдыханнем, гэтак жа, як «c» і «z», якія іспанцы вымаўляюць як англійскае «th». Па адным толькі слове «Seῆor» можна пазнаць андалусца (аўт.).
[141] Прывілеяваныя правінцыі, што маюць права на асаблівыя fueros, правы, гэта значыць Алава, Біская, Гіпускоа і частка Навары. Там гавораць па-басконску (аўт.).
[142] ...Мілтанавага Сатану...— Гаворка ідзе пра аднаго з персанажаў паэмы Джона Мілтана (1608—1674) «Страчаны рай».