Гутарачы такім чынам, яны зайшлі на ферму і знайшлі там віна, трускавак і смятаны. Пакуль палкоўнік піў віно, Каломба дапамагала гаспадыні збіраць трускаўкі. На павароце алеі яна заўважыла нейкага старога, што сядзеў на сонейку ў саламяным крэсле. Здавалася, ён быў хворы, бо ягоныя шчокі запалі, вочы ўваліліся, ён быў страшэнна худы, а ягоная нерухомасць, бледнасць, бессэнсоўны пагляд рабілі яго больш падобным да нябожчыка, чым да жывое істоты. Каломба доўга пазірала на яго з такою цікаўнасцю, што прыцягнула ўвагу гаспадыні.
— Гэта няшчасны стары,— сказала яна,— з вашых краёў, бо з вашае гаворкі я адразу зразумела, што вы з Корсікі. На радзіме з ім здарылася няшчасце, ягоныя дзеці памерлі страшнаю смерцю. Кажуць, даруйце мне, панна, што вашы землякі не надта літасцівыя да сваіх ворагаў. Застаўшыся адзінокі, гэты няшчасны пан выехаў у Пізу да сваёй далёкай сваячкі, якой належыць гэтая ферма. З гора і скрухі гэты гаротнік зрабіўся трохі ненармальны... Гэта замінала пані, у яе бывае шмат народу, дык яна выправіла яго сюды. Ён добры, нікому не замінае, за дзень і тры словы не скажа. Доктар прыязджае штотыдзень і гаворыць, што ён доўга не працягне.
— А, дык ён хутка памрэ? — сказала Каломба.— У ягоным становішчы гэта шчасце.
— Пагаварыце з ім трохі па-карсіканску, панна. Можа, яму будзе прыемна пачуць мову сваёй радзімы.
— Трэба паспрабаваць,— сказала Каломба, іранічна ўсміхаючыся.
Яна стала ля яго так, што закрыла яму сонца. Тады бедны вар’ят падняў галаву і пільна паглядзеў на Каломбу, якая глядзела на яго таксама і ўсміхалася. Праз хвіліну стары правёў рукою па твары і заплюшчыў вочы, бы хацеў унікнуць погляду Каломбы. Пасля расплюшчыў іх, але надзвычай шырока, ягоныя вусны дрыжалі, ён хацеў выцягнуць рукі, але, зачараваны Каломбаю, сядзеў, прыкуты да крэсла, не могучы загаварыць, ані варухнуцца. Нарэшце буйныя слёзы пакаціліся па шчоках і некалькі ўсхліпаў вырвалася з грудзей.
— Першы раз бачу яго такога,— сказала садоўніца і звярнулася да старога: — Панна — ваша зямлячка, яна прыехала вас наведаць.
— Злітуйся! — закрычаў стары сіпата.— Злітуйся! Хіба ты не здаволілася? Гэты лісток... Я спаліў яго... Як ты здолела яго прачытаць?.. Але чаму абодвух? Арландуча... Ты не магла нічога прачытаць пра яго... Хай бы ты мне пакінула аднаго... Арландуча... Ты не прачытала ягонага імя...
— Мне патрэбны былі абодва,— ціха сказала яму Каломба карсіканскаю гаворкай.— Галіны абсечаныя, а калі б камель не згніў, я б і яго вырвала. Не скардзіся, табе не доўга пакутаваць. А я пакутавала два гады!
Стары закрычаў, ягоная галава ўпала на грудзі. Каломба адвярнулася ад яго і павольна рушыла да дому, напяваючы незразумелыя словы нейкае Ьаеаіа: «Мне трэба рука, што страляла, вока, што цэліла, сэрца, што задумала...»
Садоўніца кінулася дапамагаць старому, а Каломба, заружавеўшыся, з агнём у вачах, села за стол побач з палкоўнікам.
— Што гэта з вамі? — спытаўся ён.— Вы зноў выглядаеце як у П’етранэры, калі падчас абеду па нас пачалі страляць.
— Мне ўзгадалася Корсіка. Але зараз усё скончылася. Я буду хросная, праўда? О, якія прыгожыя імёны я яму дам: Гільфуча — Тамаза — Орса — Монэ.
У гэтую хвіліну падышла садоўніца.
— Ну што,— спыталася Каломба з самым непарушным выглядам,— ён памёр ці адно знепрытомнеў?
— Усё добра, панна, але дзіўна, як яго ўразіла ваша з’яўленне.
— I доктар казаў, што яму нядоўга засталося?
— Можа быць, не больш за два месяцы.
— Невялікая страта,— заўважыла Каломба.
— Пра каго гэта вы гаворыце? — спытаўся палкоўнік.
— Пра аднаго вар’ята з нашых краёў,— абыякава сказала Каломба.— Ён жыве тут. Я часам буду пісаць сюды, каб даведацца пра яго. Але, палкоўнік, пакіньце ж трускаўкі майму брату і Лідзіі!
Калі Каломба выйшла з фермы і накіравалася да каляскі, фермерыха паназірала за ёю нейкі час, а потым сказала дачцэ:
— Бачыш гэтую прыгожую панну? Я ўпэўнена, што ў яе злое вока.
Кармэн
I
Я заўсёды падазраваў, што географы памыляюцца, калі сцвярджаюць, што бітва пры Мундзе[136] адбылася ў краі пуніцкіх бастулаў, каля сучаснай Монды, за два лье на поўнач ад Марбэльі. Сам я, грунтуючыся на тэксце Bellum Hispaniense[137] невядомага аўтара і на некаторых звестках, сабраных у выдатнай бібліятэцы герцага Асунскага[138], меркаваў, што тое памятнае месца, дзе Цэзар, апошні раз паставіўшы на карту ўсё, разбіў прыхільнікаў рэспублікі, трэба шукаць у наваколлях Мантыльі. На пачатку восені 1830 года я прыехаў у Андалусію і адбыў там даволі працяглае падарожжа, каб высветліць некаторыя дэталі, адносна якіх у мяне яшчэ не было канчатковай пэўнасці. Спадзяюся, што даклад, які я бліжэйшым часам надрукую, не пакіне ніякіх сумненняў ва ўсіх сумленных археолагаў. А пакуль, дзякуючы майму даследаванню, будзе вывучацца гэтая геаграфічная праблема, якая бянтэжыць навуковы свет Еўропы, я раскажу вам невялічкую гісторыю; яна не мае ніякага дачынення да вырашэння найцікавейшага пытання аб месцы, дзе знаходзілася Мунда.
Я наняў у Кордаве правадніка і двух коней і рушыў у дарогу са сціплым пакункам, што складаўся з Каментарыяў Цэзара і пары кашуль. Аднаго дня, блукаючы па ўзвышанай частцы Качэнскай раўніны, знясілены стомай, абпалены спякотным сонцам, я паміраў ад смагі і кляў ад шчырага сэрца Цэзара і Пампеевых сыноў, калі раптам убачыў даволі далёка ад сцежкі, па якой я ішоў, зялёны лужок, зарослы чаротам і трыснягом. Значыць, паблізу мусіла быць крыніца. I праўда, падышоўшы бліжэй, я ўбачыў, што лужок быў зусім не лужок, а балота, у якім хавалася ручаінка, што выцякала, як здавалася, з вузкай гарлавіны паміж двух высокіх адгор’яў сьеры Кабра. Я вырашыў, што, пайшоўшы супраць вады, я дабяруся да месца, дзе вада будзе свяжэйшая, дзе будзе меней жаб і п’явак і дзе сярод скалаў знойдзецца хоць бы лапік ценю. Пры ўваходзе ў гарлавіну мой конь заржаў, і нейкі іншы конь, якога я не бачыў, адразу адказаў яму. Не паспеў я зрабіць сотні крокаў, як гарлавіна нечакана расшырылася і перада мною адкрылася вялікая круглая западзіна, з усіх бакоў прыцененая высокімі стромымі скаламі. Немагчыма было знайсці больш прыдатнага месца для прыпыну стомленага падарожніка. Ля падножжа скалаў крынічка імкліва падала ў невялікі ставок, усцелены белым, як снег, пяском. Пяць-шэсць зялёных дубоў-прыгажуноў, заўсёды схаваных ад ветру і напоеных крынічкаю, раслі над яе берагамі і закрывалі яе густой лістотай; а вакол стаўка расла мяккая раскошная трава — лепшае пасцелі не знойдзеш ні ў адным заездзе за дзесяць лье ў наваколлі.
Я, на жаль, не быў першы, хто адкрыў гэты прыгожы куток. Там ужо адпачываў нейкі чалавек, і калі я паявіўся, ён, відаць, спаў. Абуджаны ржаннем, ён устаў і падышоў да свайго каня, які, пакуль гаспадар спаў, добра папасвіўся на навакольнай траўцы. То быў малады дзяцюк, невысокі ростам, але дужы з выгляду, з гордым і змрочным позіркам. Колер яго твару, які раней мог быць і прыгожы, зрабіўся пад няшчадным сонцам цямнейшы за валасы. У адной руцэ ён трымаў за аброць каня, у другой — медзяны мушкетон. Прызнаюся шчыра, што мушкетон і дзікае аблічча незнаёмага спачатку крыху мяне збянтэжылі, але я ўжо не верыў у злодзеяў, шмат пра іх чуўшы і ніколі ніводнага не сустрэўшы. Да таго ж я ўжо столькі сустракаў сумленных арандатараў, якія звычайна едуць на рынак, абвесіўшыся зброяй, што, убачыўшы мушкетон, я не меў ніякіх падстаў сумнявацца ў прыстойнасці незнаёмага. I пасля, казаў я сам сабе, нашто яму мае кашулі і Каментарыі эльзевіраўскага выдання? Таму я прывітаў чалавека з мушкетонам, прыязна кіўнуўшы яму галавою, і спытаўся, усміхнуўшыся, ці я не патурбаваў яго сон. Нічога не адказаўшы, ён уважліва агледзеў мяне з ног да галавы, пасля, нібы задаволены, ён гэтак жа пільна прыгледзеўся да майго правадніка, які якраз падышоў. Я заўважыў, як той збялеў і спыніўся, відавочна, спалохаўшыся. «Благая сустрэча!» — сказаў я сабе, але дзеля асцярогі пастараўся прыхаваць свой непакой. Я саскочыў на зямлю, загадаў правадніку раскілзаць каня і, укленчыўшы на беразе раўчука, апусціў у ваду рукі і твар. Пасля я ўдосыць напіўся, лёгшы на жывот, як благія Гедэонавы ваяўнікі[139].
Тым часам я назіраў за правадніком і незнаёмым. Першы набліжаўся вельмі неахвотна, другі ж, здаецца, не меў да нас ніякіх нядобрых намераў, бо адпусціў каня, а мушкетон, што ён дагэтуль трымаў наперавес, быў цяпер апушчаны ўніз.
Палічыўшы нявартым крыўдзіцца на тое, што маёй персоне не было, відаць, аддадзена вялікае ўвагі, я лёг, выцягнуўшыся, на траву і спытаўся без цырымоній у чалавека з мушкетонам, ці няма ў яго крэсіва. Сказаўшы гэта, я дастаў сваю скрынку з цыгарамі. Незнаёмы нічога не адказаў, пашукаў у кішэні, выняў крэсіва і даў мне агню. Ён відавочна лагаднеў, бо сеў насупраць мяне, не выпускаючы, аднак, з рук сваёй зброі. Запаліўшы цыгару, я выбраў з тых, што ў мяне яшчэ заставаліся, найлепшую і спытаўся ў яго, ці ён курыць.
[136] Мунда — горад у старажытнай Іспаніі, колішняя сталіца пуніцкіх бастулаў, паўднёваіспанскага племя карфагенскага паходжання. У 45 г. да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут войскі Лабіена і двух сыноў Пампея — Гнея і Сэкста. Гэтая цяжкая перамога паклала канец грамадзянскім войнам.
[137] Іспанская вайна (лац.).
[138] Герцаг Асунскі (1579—1624) — іспанскі грамадскі дзеяч і калекцыянер.
[139] ...благія Гедэонавы ваяўнікі — Ізраільскі ваявода Гедэон перад бітваю з суседнім племем мадыяніцянаў выпрабаваў сваіх воінаў, прымусіўшы іх напіцца з ракі. Тых, хто, стаўшы на калені, піў проста з ракі, ён адаслаў дадому як «благіх ваяўнікоў» (Кніга Суддзяў, VII, 5—7).