— Мая будучая швагерка не любіць макі,— сказала Каломба, смеючыся.— Яна занадта яго баіцца.
— Значыць, вы хочаце застацца тут? — сказаў Орса.— Згода. Ці магу я што зрабіць для вас?
— Нічога,— адказаў Брандалача.— Хіба што ўзгадаеце часам пра нас. Вы і так нас шчодра дарылі. Кіліна мае пасаг, і, каб яе ўладкаваць, майму сябру кюрэ варта будзе толькі напісаць ліст без пагрозаў. Мы ведаем, што ваш арандатар будзе даваць нам хлеб і порах, калі спатрэбіцца. Ну дык да пабачэння. Спадзяюся ў хуткім часе зноў убачыць вас на Корсіцы.
— У цяжкую прыгоду пару залатовак могуць прыдасца вам,— сказаў Орса.— Цяпер мы ўжо старыя знаёмыя, і вы не адмовіцеся прыняць ад мяне гэтую каліту, яна вам дапаможа.
— Ніякіх грошай, лейтэнант,— рашуча сказаў Брандалача.
— У гарадах грошы робяць усё,— сказаў Кастрыконі.— А ў макі вам дапамогуць толькі адважнае сэрца і стрэльба, што не дае асечкі.
— Я б не хацеў пакідаць вас,— зноў сказаў Орса,— не пакінуўшы што-колечы на памяць. Што б я мог пакінуць табе, Брандалача?
Бандыт паскроб галаву і скоса зірнуў на Орсаву стрэльбу:
— Ат, пане лейтэнант... каб я адно наважыўся... але ж не, вам яна дарагая.
— Што ты хочаш?
— Нічога... сама рэч нічога не значыць... Трэба яшчэ ўмець карыстацца ёю. Я ўсё думаю пра гэты чортаў двайны стрэл адною рукой... О, другі раз так не зробіш.
— Дык ты хочаш маю стрэльбу!.. Я яе табе і вёз; але карыстайся ёю як мага радзей.
— О! Я не абяцаю карыстацца ёю, як вы, але будзьце спакойны, калі яна трапіць да каго іншага, вы зможаце напэўна сказаць, што Бранда Савэлі яна ўжо не патрэбная.
— А вам, Кастрыконі, што падараваць?
— Калі вы канечне хочаце пакінуць мне матэрыяльны ўспамін пра сябе, то я без цырымоній папрашу даслаць мне кніжку Гарацыя як мага меншага фармату. Гэта мяне забавіць і не дасць забыць лаціну. У Бастыі, у порце, ёсць адна сяброўка, што прадае цыгары, аддайце ёй, яна мне яе перадасць.
— У вас будзе Эльзевір[132], пане навуковец; якраз такі ёсць сярод кніг, што я хачу забраць з сабою. Што ж, сябры, час развітвацца. Дайце мне вашы рукі. Калі вы неяк надумаеце пра Сардынію, напішыце мне. Адвакат дасць вам мой адрас на кантыненце.
— Пане лейтэнант,— сказаў Бранда,— заўтра, як будзеце выходзіць з порта, паглядзіце на гэтае месца на гары, мы будзем тут і памахаем вам хустачкамі.
I яны разлучыліся: Орса з сястрою рушылі ў Кардо, а бандыты накіраваліся ў горы.
XXI
Гожым красавіцкім ранкам палкоўнік сір Томас Нэвіл, ягоная дачка, што нядаўна выйшла замуж, Орса і Каломба выехалі на калясцы з Пізы, каб наведаць нядаўна знойдзенае этрускае сутарэнне, на якое ездзілі паглядзець усе чужаземцы. Спусціўшыся ўсярэдзіну, Орса з жонкаю палічылі, што абавязкова павінны замаляваць роспісы, і дасталі алоўкі. Палкоўнік з Каломбаю, абыякавыя да археалогіі, пакінулі іх адных і выправіліся прагуляцца ў наваколлі.
— Мая мілая Каломба,— сказаў палкоўнік,— мы не паспеем вярнуцца ў Пізу да luncheon[133]. Вам не хочацца есці? Орса з жонкаю заняліся старажытнасцямі, калі яны пачынаюць маляваць разам, гэта можа доўжыцца да бясконцасці.
— Так,— сказала Каломба.— Аднак яны не прыносяць ніякіх малюнкаў.
— На маю думку,— сказаў палкоўнік,— варта было б схадзіць вунь на тую маленькую ферму. Мы знойдзем там хлеба і, хто ведае, можа быць, aleatico[134], а таксама смятаны і трускавак і спакойна пачакаем там нашых мастакоў.
— Маеце рацыю, палкоўнік. У нашай сям’і толькі вы ды я разважлівыя людзі. Было б памылкаю пакутаваць з-за гэтых закаханых, што жывяцца адною паэзіяй. Давайце вашу руку. Праўда, я ўжо навучаюся? Я хаджу пад ручку, нашу капялюшыкі і модныя сукенкі, маю аздобы, ведаю безліч прыгожых штучак, я ўжо зусім не дзікунка. Гляньце адно, як грацыёзна я нашу гэты шаль... Той бландзін, афіцэр з вашага палка, што быў на вяселлі... божухна, ніяк не магу запомніць ягонае імя, такі высокі і кучаравы, я б зваліла яго з ног адным ударам...
— Чэртворт? — спытаўся палкоўнік.
— Можа быць, і так, але я ніколі так не вымаўлю. Дык вось, ён закаханы ў мяне насмерць.
— О Каломба! Вы робіцеся какеткаю. Хутка ў нас будзе яшчэ адно вяселле.
— Мне — замуж?! А хто ж будзе гадаваць майго пляменніка.., калі Орса мяне ім узрадуе? Хто навучыць яго гаварыць па-карсіканску?.. Так, ён будзе гаварыць па-карсіканску, і я зраблю яму вастраверхі каптур, каб вас пазлаваць.
— Няхай спачатку ў вас з’явіцца пляменнік, а потым вучыце яго гуляць стылетам, калі вам так захочацца.
— Бывайце, стылеты,— весела адказала Каломба.— Цяпер я маю веер, каб біць вас па пальцах, калі вы будзеце гаварыць кепскае пра маю радзіму.
[132] Эльзевір.— Кнігі, надрукаваныя галандскімі выдаўцамі Эльзевірамі (XVI—XVII стст.), вызначаюцца дробным друкарскім шрыфтам.
[133] Снеданне.
[134] Сорт віна.