Прэфект і каралеўскі пракурор жылі ў намесніка мэра. Палкоўнік, моцна хвалюючыся за дачку, ужо дваццаты раз прыйшоў да іх спытацца навінаў, калі з’явіўся вальтыжор, якога выправіў сяржант, і распавёў ім пра жахлівую бітву з бандытамі, у якой, што праўда, не было ні забітых, ані параненых, але ў якой захапілі чыгунок, бурку і дзвюх дзяўчат, якія, паводле ягоных словаў, былі каханкі ці шпіёнкі бандытаў. Абвешчаныя такім чынам, з узброеным эскортам з’явіліся дзве паланянкі. Можна ўявіць сабе радасць Каломбы, збянтэжанасць міс Лідзіі, здзіўленне прэфекта, радасць і здзіўленне палкоўніка. Каралеўскі пракурор не мог адмовіцца ад падступнага задавальнення ўчыніць беднай міс Лідзіі нешта накшталт допыту, які спыніў адно тады, калі яна канчаткова збянтэжылася.
— Здаецца мне,— сказаў прэфект,— што мы можам усіх вызваліць. Гэтыя панны хадзілі прагуляцца, што цалкам натуральна такім цудоўным надвор’ем; выпадкова яны сустрэліся з прыемным маладым параненым, і гэта таксама цалкам натуральна.
Потым адвёў Каломбу ўбок і сказаў:
— Панна, вы можаце перадаць свайму брату, што справы ягоныя паварочваюцца лепей, чым я спадзяваўся. Даследаванне трупаў і палкоўнікава паказанне сведчаць, што ён усяго толькі абараняўся і што падчас бою ён быў адзін. Усё ўладкуецца, але няхай ён найхутчэй выйдзе з макі і здасца ўладам.
Было ўжо каля адзінаццаці, калі палкоўнік, ягоная дачка і Каломба селі за астылую вячэру. Каломба ела ўсмак, насміхаючыся з прэфекта, каралеўскага пракурора і вальтыжораў. Палкоўнік еў моўчкі, паглядаючы на дачку, што не падымала вачэй ад талеркі. Нарэшце мякка, але сур’ёзна спытаўся па-англійску:
— Лідзія, ты дала згоду дэла Рэбія?
— Так, тата, сёння,— адказала яна, зачырванеўшыся, але цвёрда.
Пасля падняла вочы і, не заўважыўшы на бацькавым твары гневу, кінулася да яго ў абдымкі і пацалавала, як робяць у такім выпадку выхаваныя панначкі.
— У добры час! — сказаў палкоўнік.— Ён добры хлопец. Але бачыць бог, мы не застанемся ў гэтай д’яблавай краіне! Альбо я не дам згоды.
— Я не ведаю англійскай,— сказала Каломба, што паглядала на іх з надзвычайнаю цікаўнасцю,— але іду ў заклад, што здагадалася, пра што вы гаворыце.
— Мы гаворым,— сказаў палкоўнік,— што павязём вас у падарожжа ў Ірландыю.
— Згода, і я буду surella Colomba[128]. Дамовіліся, палкоўнік? Ударым па руках?
— У такім выпадку цалуюцца,— сказаў палкоўнік.
XX
Праз некалькі месяцаў пасля двайнога стрэлу, ад якога сумелася (так напісалі газеты) уся камуна П’етранэры, нейкі малады чалавек, левая рука якога вісела на подвязцы, апоўдні конна выехаў з Бастыі і накіраваўся да сяла Кардо, слыннага праз фантан, з якога ўлетку бяруць цудоўную ваду разбэшчаныя гараджане. З ім была дзяўчына, высокая і надзвычай прыгожая. Яна сядзела на невысокім вараным коніку, жвавасцю і зграбнасцю якога залюбаваўся б любы знаўца, але, на жаль, левае вуха ў яго было неяк дзіўна рассечана. У сяле дзяўчына спрытна саскочыла на зямлю, дапамагла хлопцу злезці з каня і адвязала ад лукі сядла досыць цяжкія саквы. Коней паставілі ў кагосьці з сялян, жанчына ўзяла саквы, якія яна прыкрыла вуалькай, мужчына дубальтоўку, і яны рушылі ў горы вельмі крутою сцежкай. Не падобна было, каб яна вяла да нейкага жытла. Падняўшыся на адзін з выступаў гары Квэрча, яны спыніліся і селі на траву. Здавалася, яны кагосьці чакалі, бо ўвесь час пазіралі на гару, а жанчына раз-пораз глядзела на прыгожы залаты гадзіннічак, відаць, больш дзеля таго, каб палюбавацца нядаўна падараванаю аздобаю, чым дзеля таго, каб даведацца, ці не надышоў час сустрэчы. Чакалі яны нядоўга. З лесу выскачыў сабака; пачуўшы ад жанчыны мянушку Бруска, ён скочыў да іх лашчыцца. Неўзабаве з’явіліся двое барадатых мужчын, у руках у іх былі стрэльбы, на паясах — ладаўніцы, пры боку віселі пісталеты. Іхняя парваная і залапленая вопратка кантраставала з цудоўнаю зброяй вырабу аднае знакамітае на кантыненце фабрыкі. Неўзіраючы на відавочную няроўнасць становішча, усе чатыры персанажы гэтае сцэны сустрэліся дружна, як старыя сябры.
— Ну што, Орс Антон,— сказаў старэйшы бандыт маладому чалавеку.— Вось ваша справа і скончылася за адсутнасцю складу злачынства. Віншую вас. Шкада, што адваката няма больш на востраве, паглядзець бы, як ён злуецца. Як ваша рука?
— Кажуць, што праз два тыдні я змагу зняць павязку,— адказаў малады чалавек.— Бранда, дружа, заўтра я ад’язджаю ў Італію і хацеў развітацца з табою, а таксама з панам кюрэ. Таму я і прасіў вас прыйсці сюды.
— Вы надта спяшаецеся,— сказаў Брандалача.— Адно ўчора вас апраўдалі, а заўтра вы ўжо ад’язджаеце?
— Бо маем справы,— вясёла адказала дзяўчына.— Панове, я прывезла вам павячэраць: ежце і не забывайцеся пра майго сябра Бруска.
— Вы песціце Бруска, панна Каломба, але ён не забываецца ласкі. Зараз пабачыце,— сказаў ён і гарызантальна падняў стрэльбу.— Давай, Бруска, скокні для Барычыні.
Сабака не рухаўся, аблізваючыся і паглядваючы на гаспадара.
— Скокні для дэла Рэбія!
I сабака скочыў на два футы вышэй, чым было трэба.
— Паслухайце, сябры,— сказаў Орса,— вы займаецеся благою справай. Калі вы не скончыце свае дні на плошчы, што віднеецца вунь там[129], найлепшае, што вам можа выпасці, гэта палегчы ў макі ад жандарскае кулі.
— Што з таго!—сказаў Кастрыконі.—Гэтая смерць, як і любая іншая, яшчэ й лепшая за ліхаманку, якая даканае вас у ложку пад больш ці менш шчырае галашэнне вашых спадкаемцаў. Калі нехта прывычны, як мы, да вольнага ветру, ён не баіцца памерці на нагах, як кажуць нашы сяляне.
— Мне б хацелася,— сказаў Орса,— каб вы пакінулі гэты край... і вялі спакайнейшае жыццё. Напрыклад, чаму б вам не перасяліцца ў Сардынію, як робяць шмат хто з вашых сяброў. Я б мог дапамагчы вам.
— У Сардынію! — закрычаў Брандалача.— Istos Sardos![130] Д’яблы няхай іх дзяруць, разам з іхняю гаворкаю. Для нас гэта кепская кампанія.
— У Сардыніі няма з чаго жыць,— дадаў кюрэ.— А я дык увогуле пагарджаю сардамі. Бандытаў у іх ловіць конная міліцыя, з гэтага насміхаюцца і бандыты, і жыхары краіны[131]. Цьху на гэтую Сардынію! Што мяне дзівіць, пане дэла Рэбія, дык гэта тое, што вы, чалавек з такімі ведамі і густам, не засталіся з намі, паспытаўшы нашага жыцця ў макі.
— Але,— усміхнуўся Орса.— Калі я меў шчасце быць вашым хаўруснікам, я не мог ацаніць прываблівасць вашага становішча, да таго мне і зараз рэбры баляць, як узгадаю тую начную ганітву, калі я ляжаў, як мех, папярок неаседланага каня, якім кіраваў мой сябра Брандалача.
— А радасць унікнуць пагоні! — зноў пачаў Кастрыконі.— Яе вы не ўлічваеце? I як вы можаце ўстояць перад чарамі суцэльнае волі ў краіне з такім кліматам, як наш? З гэтым носьбітам павагі (і ён паказаў стрэльбу) вы кароль скрозь, дзе далятае ваша куля. Гэта, васпане, забава высокамаральная і прыемная, ад якое мы нізашто не адмовімся. Хіба ёсць што лепшае за жыццё вандроўнага рыцара, калі ён лепш узброены і больш разважлівы, чым Дон Кіхот? Вось слухайце: неяк я даведаўся, што дзядзька маленькае Лілы Луіджы, гэты шматок старога сала, не хоча даць за ёю пасагу. Я напісаў яму ліст, без пагрозаў, бо гэта не мой звычай. Што вы думаеце, я пераканаў яго за хвіліну, і ён аддаў яе замуж. Я зрабіў шчаслівымі двух чалавек. Паверце, пане Орса, нішто не параўнаецца з жыццём бандыта. Ба! Можа б, вы і прыйшлі да нас, каб не гэтая англічанка, якую я бачыў толькі мімаходзь, але пра якую ўсе ў Бастыі гавораць з захапленнем.
[128] Сястрычка Каломба (карс.).
[129] Плошча ў Бастыі, дзе адбываюцца пакаранні (аўт.).
[130] Ух, гэтыя сарды!
[131] Гэтую крытычную заўвагу пра Сардынію я запазычыў У аднаго майго прыяцеля, былога бандыта, і ўся адказнасць спадае на яго. Ён хацеў сказаць, што толькі дурань не здолее ўцячы ад конніка і што міліцыі, якая ловіць бандытаў конна, рэдка шанцуе (аўт.).