Падбегчы да каня, злавіць яго за грыву, усунуць яму ў рот вяроўку замест цугляў — усё гэта бандыт з Каломбінаю дапамогай зрабіў за хвіліну.
— А зараз папярэдзім кюрэ,— сказаў ён і свіснуў два разы.
У адказ пачуўся далёкі свіст, і грымотны голас мэнтанаўскае стрэльбы сціх. Брандалача скочыў на каня. Каломба пасадзіла брата перад бандытам, той абхапіў яго адною рукой, а ў другой сціснуў павады. Нягледзячы на падвойны груз, конь, заахвочаны двума моцнымі ўдарамі пяткамі па баках, рушыў жвава і галопам спусціўся са стромага схілу, на якім любы іншы конь, апроч карсіканскага, сто разоў скруціў бы сабе шыю.
Каломба вярнулася назад, клічучы міс Нэвіл, але ніхто ёй не адказаў... Пэўны час яна ішла наўздагад, шукаючы сцяжынку, якою яны рухаліся, і раптам сустрэла двух вальтыжораў. Яны закрычалі:
— Хто ідзе?
— Але ж і ладны быў вэрхал, панове,— сказала Каломба насмешліва.— Колькі забітых?
— Вы былі з бандытамі,— сказаў адзін салдат.— Пойдзеце з намі.
— З ахвотаю,— адказала яна.— Але недзе тут мая сяброўка, трэба спачатку знайсці яе.
— Вашу сяброўку ўжо знайшлі, сёння вы з ёю будзеце начаваць у астрозе.
— У астрозе? Гэта мы яшчэ пабачым, але пакуль што вядзіце мяне да яе.
Вальтыжоры адвялі яе на стаянку бандытаў, дзе яны збіралі трафеі сваёй экспедыцыі, а менавіта: бурку, якою накрываўся Орса, стары чыгунок і збан з вадою. Там сама была і міс Нэвіл. Салдаты знайшлі яе ледзьве жывую ад страху, і яна праз слёзы адказала ім на ўсе пытанні пра колькасць бандытаў і пра кірунак, у якім яны ўцяклі. Каломба кінулася да яе ў абдымкі і шапнула: «Яны ўцяклі».
Потым звярнулася да сяржанта вальтыжораў:
— Васпане, вы ж бачыце, што панна не разумее нічога з таго, што вы ў яе пытаецеся. Адпусціце нас у сяло, там нас чакаюць.
— Вас, любачка, туды завядуць, і хутчэй, чым вы б хацелі,— сказаў сяржант.— Там вы і растлумачыце, што вы рабілі ў макі такою парой, ды яшчэ з бандытамі, якія толькі што ўцяклі. Не ведаю, якія чары ўжываюць гэтыя лайдакі, але, напэўна, яны прыварожваюць дзяўчат, бо скрозь, дзе ёсць бандыты, знойдзеш і красунь.
— Вы вельмі ветлівы, пане сяржант,— сказала Каломба.— Але лепш бы вы выбіралі словы. Гэтая панна — сваячка прэфекта, не варта жартаваць з ёю.
— Сваячка прэфекта! — прамармытаў адзін вальтыжор начальніку.— I сапраўды, яна ў капялюшыку.
— Капялюшык нічога не значыць,— сказаў сяржант.— Абедзве яны былі з кюрэ, а ён найслаўнейшы спакуснік на востраве; мой абавязак — затрымаць іх. Да таго ж, і нам няма чаго больш тут рабіць. Каб не гэты пракляты капрал Тапэн... гэты французскі п’янюга высунуўся раней, чым я паспеў атачыць макі... Каб не ён, мы б загарнулі іх, як невадам.
— Вас сямёра? — спыталася Каломба.— Ведаеце, панове, калі б выпадкова тры браты Гамбіні, Сарокі і Тэадор Полі былі з Брандалача і кюрэ каля крыжа Святое Хрысціны, далі б яны вам чосу. А каб вам давялося мець справу з Commandant de la campagne[127], я б пастаралася быць адтуль як мага далей. Уночы кулі не разбіраюць.
Магчымасць сустрэцца з грознымі бандытамі, якіх толькі што назвала Каломба, здавалася, зрабіла ўражанне на вальтыжораў. Увесь час кленучы капрала Тапэна, гэтага французскага пса, сяржант загадаў адступаць, і маленькае войска накіравалася да П’етранэры, забраўшы бурку і чыгунок. Што да збанка, дык з ім расправіліся ўдарам нагі. Адзін вальтыжор хацеў узяць міс Лідзію пад руку, але Каломба адпіхнула яго:
— Не руш яе! Вы што, думаеце, што мы збіраемся ўцячы? Лідзія, мілая, абапрыцеся на мяне і не плачце, як дзіцёнак. Гэта ў нас прыгода, але яна скончыцца не кепска; праз паўгадзіны мы будзем вячэраць. Я ўжо паміраю з голаду.
— Што пра мяне падумаюць? — зусім ціха спыталася міс Нэвіл.
— Падумаюць, што вы заблукалі ў лесе, вось і ўсё.
— Што скажа прэфект?.. А што скажа мой бацька?
— Прэфект?.. Скажаце яму, каб займаўся сваёй прэфектурай. А ваш бацька?.. Мяркуючы па тым, як вы гутарылі з Орса, вам будзе што расказаць вашаму бацьку.
Замест адказу міс Нэвіл сціснула ёй руку.
— Хіба мой брат не варты, каб яго кахалі? — прашаптала Каломба ёй на вуха.— Хіба вы не кахаеце яго трошкі?
— Ах, Каломба,— сказала міс Нэвіл, усміхаючыся, нягледзячы на збянтэжанасць,— вы мне здрадзілі, а я так верыла вам!
Каломба абняла яе за талію і пацалавала ў лоб.
— Сястрычка мая,— сказала яна ціхенька,— вы мне даруеце?
— Мушу дараваць, мая жахлівая сястра,— адказала Лідзія, у сваю чаргу цалуючы яе.
[127] Начальнік наваколля — такі тытул узяў сабе Тэадор Полі.