— Абяцаю табе, што яны яшчэ пакаюцца. Караць мярзотнікаў, адвагі якіх хапае адно на жывёлу — справа жандараў і астрожнікаў. Я сказаў табе, судоўцы пакараюць іх... а не... то табе не трэба будзе нагадваць, чый я сын...
— Трэба цярпець,— сказала Каломба, уздыхаючы.
— Запомні добра, сястра,— працягваў Орса,— калі я вярнуся і ўбачу, што вы ўчынілі нешта супроць Барычыні, я ніколі табе гэтага не дарую.
Пасля трошкі мякчэй дадаў:
— Вельмі магчыма, нават цалкам верагодна, што я вярнуся з палкоўнікам і ягонаю дачкой; дагледзь, каб пакоі іхнія былі ў парадку, каб вячэра была добрая, ну і каб гасцям нашым было як мага лепей. Канечне, Каломба, добра быць адважнаю, але жанчына павінна яшчэ ўмець трымаць гаспадарку ў парадку. Ну, пацалуй мяне і будзь разумніца; вось, каня ўжо асядлалі.
— Орса,— сказала Каломба,— вы не паедзеце адзін.
— Мне ніхто не патрэбны,— сказаў Орса.— Можаш быць упэўнена, я не дазволю, каб мне рэзалі вушы.
— О, я ніколі не дазволю вам ехаць аднаму падчас вайны! Гэй, Пола Грыфа! Джан Франча! Мэма! Вазьміце стрэльбы, вы паедзеце з маім братам!
Пасля досыць гарачае спрэчкі Орса згадзіўся ехаць з эскортам. Ён выбраў самых зацятых пастухоў, тых, што мацней за ўсіх крычалі за вайну. Потым, паўтарыўшы загады сястры і астатнім пастухам, выправіўся ў дарогу, павярнуўшы гэтым разам у завулак, каб аб’ехаць дом Барычыні.
Яны ехалі хутка і былі ўжо далёка ад П’етранэры, калі, пераязджаючы ручаінку, што гублялася дзесьці ў балоце, стары Пола Грыфа заўважыў цэлы статак свіней, якія зручна ўлегліся ў гразі, цешачыся адначасова сонцам і прахалодаю вады. Адразу ж агледзеўшы найбольшую, стары стрэліў ёй у галаву і забіў на месцы. Сяброўкі забітае надзіва спрытна паўскоквалі і ўцяклі; хоць яшчэ адзін пастух страляў па іх, яны незайманыя дабеглі да гушчару і зніклі ў ім.
— Ёлупы! — закрычаў Орса.— Вы зблыталі свойскіх свінняў з дзікамі!
— Якраз не, Орс Антон,— адказаў Пола Грыфа.— Гэта адвакатавы свінні, мы яго адвучым калечыць нашых коней.
— Як, лайдакі! — закрычаў Орса, апанаваны гневам.— Вы чыніце такое самае мярзоцце, як і нашы ворагі! Прэч ад мяне, нягоднікі! Вы мне не патрэбныя. Вы здатныя адно на бойкі са свіннямі. Богам клянуся, калі вы за мною рушыце,— галовы паразбіваю!
Пастухі збянтэжана пераглянуліся. Орса тыкнуў каня астрогамі і паімчаўся галопам.
— Ну вось табе! — сказаў Пола Грыфа.— Як ты будзеш любіць людзей, калі яны так з табою абыходзяцца. Палкоўнік, ягоны бацька, загневаўся на цябе, бо ты ўзняў стрэльбу на адваката... От і дурны, трэба было страляць!.. А сынок... Сам бачыш, што я зрабіў дзеля яго... А ён кажа, што разаб’е мне галаву, бы нейкі збан, у якім няма болей віна. Вось, Мэма, чаму навучаюцца на кантыненце!
— Так, а калі даведаюцца, што ты забіў свінню, цябе будуць судзіць, а Орс Антон не захоча закінуць за цябе слоўца перад суддзямі, ані наняць адваката. На шчасце, цябе зусім ніхто не бачыў, і ратуе цябе няхай святая Нэга!
Пасля кароткага абмеркавання пастухі вырашылі, што самае разумнае будзе скінуць свінню ў яму. Гэта яны і зрабілі, спачатку, зразумела, выразаўшы сабе па кавалку мяса з гэтае бязвіннае ахвяры ўзаемнае нянавісці родаў дэла Рэбія і Барычыні.
XVII
Вызваліўшыся ад свайго недысцыплінаванага эскорту, Орса рушыў далей, больш думаючы пра радасць спаткання з міс Нэвіл, чым пра небяспеку сустрэчы з ворагамі. «Працэс, што пачнецца з гэтымі мярзотнікамі Барычыні,— думаў ён,— прымусіць мяне паехаць у Бастыю. Чаму б мне не паехаць туды з міс Нэвіл? I чаму б адтуль не паехаць разам на воды ў Арэца?» I раптам дзяцінныя ўспаміны выразна нагадалі яму гэтую маляўнічую мясціну. У думках ён перанёсся на зялёную лугавіну пад шаты старадаўніх каштанаў. На кіліме роснага мурагу, усеянага блакітнымі кветкамі, што нагадвалі вочы, якія яму ўсміхаліся, ён бачыў побач з сабою міс Лідзію. Яна скінула капялюшык, і яе бялявыя валасы, танчэйшыя і мякчэйшыя за шоўк, золатам ззялі ў промнях сонца, што прабіваліся скрозь лістоту. Вочы яе, такія чыста-блакітныя, здаваліся яму сінейшымі за нябёсы. Паклаўшы шчаку на далонь, яна задуменна слухала словы кахання, якія ён шаптаў ёй дрыготкім голасам. На ёй была муслінавая сукня, у якой ён бачыў яе ў апошні дзень у Аяча. Пад складкамі сукні хавалася маленькая ножка ў чорным атласным чаравічку. Орса казаў сабе, што быў бы шчаслівы, каб мог пацалаваць гэтую ножку; на адной руцэ міс Лідзіі не было пальчаткі, яна трымала рамонак. Орса ўзяў кветку, а рука міс Нэвіл сціснула ягоную; і ён цалаваў рамонак, а потым ручку, і на яго не засердзіліся... Гэтыя думкі перашкаджалі яму сачыць за дарогаю, але ўсё адно ён увесь час ехаў бегам. У думках ён ужо другі раз меўся пацалаваць ручку міс Лідзіі, калі ўяве ён ледзьве не пацалаваў грыву свайго каня, які раптоўна спыніўся. Малая Кіліна заступіла яму дарогу і схапіла каня за аброць.
— Куды вы так ляціце, Орс Антон? — спыталася яна.— Хіба вы не ведаеце, што вораг блізка?
— Вораг!— закрычаў Орса, узлаваны, што яго перапынілі на такім цікавым моманце.— Дзе ён?
— Арландуча тут побач. Ён чакае вас. Вяртайцеся, вяртайцеся!
— А, дык ён чакае мяне! Ты яго бачыла?
— Так, Орс Антон. Я ляжала ў папараці, калі ён праехаў. Ён глядзеў ва ўсе бакі ў сваю падзорную трубу.
— З якога боку ён ехаў?
— Ён спусціўся вунь там, адтуль, куды вы едзеце.
— Дзякуй табе.
— Орс Антон, ці не лепей вам пачакаць майго дзядзьку? Ён не забавіцца, з ім вам будзе бяспечна.
— Не бойся, Кілі, я ўпраўлюся без твайго дзядзькі.
— Калі хочаце, я пабягу ўпярод вас.