— Дзякуй, дзякуй.
I Орса хутка пагнаў каня, накіроўваючыся ў той бок, куды паказала дзяўчынка.
Спачатку сляпое шаленства апанавала яго, і ён падумаў, што лёс дае яму цудоўную магчымасць пакараць мярзотніка, што калечыць каня, помсцячыся за поўху. Але дарогаю абяцанне, што ён даў прэфекту, а асабліва боязь размінуцца з міс Нэвіл, змянілі ягоныя намеры і прымусілі амаль жадаць, каб сустрэча з Арландуча не адбылася. Неўзабаве ўспаміны пра бацьку, калецтва, учыненае каню, пагрозы Барычыні распалілі ягоны гнеў і натхнілі знайсці ворага, дадзець яго і прымусіць біцца. Так, усхваляваны супярэчлівымі імкненнямі, ён ехаў наперад, але цяпер ужо з перасцярогаю, аглядаючы хмызы і прысады, а часам нават спыняючыся, каб услухацца ў невыразны шум, што даносіўся з усіх бакоў. Праз дзесяць хвілін пасля сустрэчы з малою Кілінай (было ўжо гадзін дзевяць раніцы) ён апынуўся перад вельмі стромым пагоркам. Дарога ці, хутчэй, ледзь вызначаная сцяжынка, якою ён ехаў, цягнулася праз нядаўна спаленыя макі. У гэтым месцы зямля была прысыпана сіваватым попелам, а сям-там усё яшчэ ўзносіліся ўгору дрэўцы і нават вялікія дрэвы, ужо нежывыя, счарнелыя ад полымя, зусім голыя. Калі бачыш спаленыя макі, здаецца, што пераносішся кудысьці на поўнач, у сярэдзіну зімы, а кантраст паміж ссохлымі мясцінамі, па якіх прайшлося полымя, і буянаю зелянінаю наваколля робіць іх яшчэ больш сумотнымі і пустэльнымі. Але ва ўсім гэтым краявідзе Орса на той час зважаў на адзіную рэч, што праўда, важную ў ягоным становішчы: выгаленая зямля не дазваляла зладзіць засаду, а той, хто кожную хвіліну чакае, што з гушчару высунецца стрэльба, накіраваная яму ў грудзі, як аазіса ў пустыні, прагне голае зямлі, дзе нічога не схаваецца з вачэй. За выпаленымі макі ляжалі ўзараныя палеткі, абгароджаныя паводле мясцовага звычаю каменнымі сценкамі вышынёю да грудзей чалавеку. Сцяжынка вілася паміж гэтых мураванак; вялізныя каштаны, што раслі без аніякага парадку, здалёк нагадвалі густы лес.
З-за круцізны схілу Орса мусіў злезці з каня і кінуць павады; ён спускаўся пеша, часам слізгаючы на попеле. Яму ўжо заставалася крокаў дваццаць пяць да каменнай агароджы справа ад сцежкі, калі проста перад сабою ён заўважыў спачатку рулю стрэльбы, а пасля чыюсьці галаву, што высунулася з-за грэбеня сцяны. Стрэльба апусцілася, і ён пазнаў Арландуча, гатовага страляць. Орса падрыхтаваўся да абароны імгненна. Абодва яны злажыліся і некалькі хвілін пазіралі адзін на аднаго, ахопленыя тым вострым пачуццём, што адчувае і самы адважны ў хвіліну, калі ён павінны забіць ці прыняць смерць.
— Гнюсны мярзотнік!— закрычаў Орса.
Не паспеў ён скончыць, як убачыў полымя са стрэльбы Арландуча, і амаль у тую самую хвіліну злева, з другога боку сцежкі, данёсся другі стрэл. Страляў чалавек, якога Орса не бачыў, які хаваўся за іншаю сценкаю. Абедзве кулі паранілі яго: Арландучава прабіла яму левую руку, якую ён выставіў, падняўшы стрэльбу, другая трапіла яму ў грудзі, прабіла вопратку, але, на шчасце, натыкнулася на лязо стылета, зрыкашэціла і адно лёгка кантузіла яго. Орсава левая рука зняможна павісла ўздоўж цела, стрэльба на момант апусцілася, але ён адразу ж узняў яе і, трымаючы адною рукой, стрэліў па Арландуча. Галава ворага, што высуналася з-за сцяны напалову, адразу ж знікла. Орса павярнуўся налева і стрэліў другі раз па чалавеку, якога з-за дыму было ледзьве відаць. I гэтая постаць знікла. Чатыры стрэлы прагучалі адзін за адным з неверагоднаю хуткасцю, спрактыкаваныя салдаты ніколі не стралялі хутчэй. Пасля апошняга Орсавага стрэлу ўсё сціхла. Дым, што ішоў з руляў ягонае стрэльбы, павольна віўся ў неба, ніякага руху, ані шуму не даносілася з-за сцяны. Каб не боль у руцэ, можна было б падумаць, што людзі, па якіх ён толькі што страляў, былі зданямі, плёнам ягонае фантазіі.
Чакаючы новага стрэлу, Орса адступіў некалькі крокаў і стаў за абгарэлае дрэва, што засталося стаяць сярод макі. За гэтым сховішчам ён заціснуў каленямі стрэльбу і паспешліва набіў яе. Аднак ягоная левая рука балела нясцерпна, здавалася, што ён трымае ў ёй вялізны цяжар. Што здарылася з яго супраціўнікамі? Ён не мог зразумець. Калі б яны ўцяклі ці былі параненыя, ён бы напэўна пачуў хоць нейкі шум, хоць нейкі рух у лістоце. То што ж яны, забітыя ці, можа, хутчэй хаваюцца за сценамі і чакаюць выпадку, каб зноў стрэліць па ім? У такім няпэўным стане, адчуваючы, што сілы пакідаюць яго, ён апусціўся на правае калена, на другое паклаў параненую руку, а стрэльбу абапёр на галіну, што адыходзіла ад абгарэлага дрэва. Паклаўшы палец на курок, прыслухоўваючыся да найменшага шуму, ён знерухомеў на некалькі хвілін, што здаліся яму бясконцымі. Нарэшце аднекуль далёка ззаду данёсся крык, і нейкі сабака маланкаю скаціўся з гары і спыніўся ля яго, матляючы хвастом. Гэта быў Бруска, вучань і сябра бандытаў, за якім напэўна павінны быў прыйсці гаспадар, і ніколі нават сумленнага чалавека не чакалі з большаю нецярплівасцю. Сабака задзёр пысу ўгару і павярнуўся убок бліжняе агароджы, занепакоена нюхаючы паветра. Раптам ён глуха забурчаў, пераскочыў цераз сцяну, амаль адразу ж з’явіўся на ёй і зверху пільна паглядзеў на Орса, так зразумела выказваючы вачыма здзіўленне, як толькі гэта можа сабака; потым ён зноў наставіў нос на вецер, гэтым разам у кірунку другое агароджы, і зноў пераскочыў цераз сцяну. Праз хвіліну ён з’явіўся на сцяне, маючы такі самы здзіўлены і занепакоены выгляд. Потым саскочыў у макі, падціснуўшы хвост між лапаў, увесь час паглядаючы на Орса, і павольна, бокам, аддаляючыся ад яго, пакуль не адышоўся досыць далёка. Тады ён пабег і амаль з тою самаю хуткасцю, што і спускаўся, узбег на гару, насустрач чалавеку, што шпарка сыходзіў уніз, неўзіраючы на строму.
— Сюды, Бранда! — закрычаў Орса, адно ўбачыў, што той можа пачуць яго.
— О! Орс Антон! Вас паранілі? — спытаўся Брандалача, калі падбег, зусім засопшыся.— У цела ці ў руку?
— У руку.
— У руку! Гэта нішто. А той?
— Здаецца, я яго зачапіў.
Брандалача пабег за сабакам да бліжняе агароджы і нахіліўся паглядзець на той бок сцяны. Там, скінуўшы каптур, сказаў:
— Прывітанне сеньёру Арландуча.
Потым павярнуўся да Орса і ўрачыста павітаў яго:
— Вось што значыць чалавек добра ўладкаваны!
— Ці ён яшчэ жывы?— спытаўся Орса, ледзьве дыхаючы.
— Якраз! Будзеш тут жыць, калі вы уклеілі яму кулю проста ў вока! Матка боска, якая дзірка! Дальбог, ладная стрэльба! Але ж і калібр! З такім спакойна развернеш галамоўзу! Чуеце, Орс Антон, калі я пачуў спачатку: бах! бах!, то сказаў сабе: «О ліха! Гамон майму лейтэнанту». Пасля чую: бум! бум! Ага, думаю, вось англійская стрэльба загаварыла: ён адказвае... Ат, Бруска, што ты яшчэ хочаш?
Сабака павёў яго да другое агароджы.
— Нішто сабе!— ашаломлена закрычаў Брандалача.— Двайны стрэл! Халера! Відаць, порах вам дарагі: вы яго ашчаджаеце.
— Ну што там, на ласку божую?— спытаўся Орса.
— Ат, яшчэ смешкі строіце, пане лейтэнант. Б’еце дзічыну самі, а каму іншаму за вамі яе падбірай... Каму сёння благі пачастунак будзе, дык гэта адвакату Барычыні. Хочаш свежага мяса — вось табе! Якому ж д’яблу цяпер застанецца спадчына?
— Як! I Вінчэнтэла забіты?
— Зусім забіты. Будзьма здаровы![121] Добра, што вы не прымусілі іх пакутаваць. Зірніце на Вінчэнтэла: стаіць, укленчыўшы, а галавою абапёрся аб мур. Нібы спіць. Вось калі дарэчы будзе сказаць: спіць як забіты. Бедны!
Орса з жахам адвярнуў галаву.
— Ты ўпэўнены, што ён мёртвы?
— Вы як Самп’ера Корса, што рабіў заўжды толькі адзін стрэл. Бачыце, там... на грудзях, злева? Вось так і Вінчылеоне пацэлілі пад Ватэрлоа. Гатовы спрачацца, што куля недалёка ад сэрца. Двайны стрэл! Ого! Дзе ўжо мне так страляць. Двох за два стрэлы!.. Па кулі кожнаму!.. Абодвух братоў!.. Стрэліў бы трэці раз, забіў бы і татку... Ну, ды іншым разам... Але ж і стрэл, Орс Антон!.. Скажы ты, а вось такому малойцу, як я, ніколі не выпадала стрэліць дублетам па жандарах!
Гаворачы такім чынам, бандыт аглядаў Орсаву руку і разрэзваў сваім стылетам рукаў.
— Нішто... Праз гэты сурдут будзе працы панне Каломбе... О, а гэта яшчэ што? Што гэта за дзірка на грудзях?.. Праз яе нічога не заляцела? Не, бо не былі б вы такі жвавы. Так, паспрабуйце паварушыць пальцамі... Адчуваеце, як я кусаю ваш малы палец?.. Не надта?.. Нішто, такое бяды. Дайце я дастану вашу насоўку і гальштук... Гамон вашаму сурдуту... I наліха было так прыбірацца? Ці вы да шлюбу ішлі? Наце, глыніце віна... А вы чаму не носіце баклагі? Хіба карсіканец калі выходзіць без баклагі?
Не скончыўшы бінтаваць, ён спыніўся і закрычаў:
[121] Salute ὰ noi! — выраз, што вымаўляюць звычайна, ужыўшы слова «смерць» (аўт.).