— О! Цяпер гэта ўжо мой брат,— сказала Каломба, падымаючыся.
Але, убачыўшы Кіліну на Орсавым кані, яна страшна закрычала:
— Мой брат забіты!
У палкоўніка шклянка выпала з рук, міс Нэвіл ускрыкнула, усе кінуліся да дзвярэй. Не паспела Кіліна саскочыць з каня, як Каломба схапіла яе, як пёрка, і сціснула так, што ледзьве не задушыла. Дзяўчынка зразумела яе дзікі погляд, і першае, што яна сказала, былі пачатковыя словы хора з «Атэла»[124]:«Ён жывы!» Каломбіны рукі аслаблі, і Кіліна скочыла на зямлю спрытна, як кацяня.
— А тыя? — спыталася Каломба сіпата.
Кіліна перахрысцілася ўказальным і сярэднім пальцамі. I адразу на Каломбіным твары густая чырвань заступіла смяротную бледнасць. Яна кінула палымяны позірк на дом Барычыні і, усміхаючыся, сказала гасцям:
— Хадзеце пап’ём кавы.
Ірыда[125] бандытаў мусіла доўга пра ўсё распавядаць. Гаворка яе, якую Каломба сяк-так перакладала на італьянскую, а потым міс Нэвіл на англійскую, выклікала не адзін праклён у палкоўніка, не адзін уздых у міс Лідзіі, але Каломба слухала абыякава, аднак яна так турзала сваю карункавую сурвэтку, нібы хацела парваць як на шматкі. Разоў пяць ці шэсць яна перапыняла дзяўчынку, прымушаючы паўтарыць словы Брандалача, што рана не страшная, што ён бачыў яшчэ і горшыя. Скончыўшы, Кіліна дадала, што Орса настойліва прасіў прынесці паперы і хацеў, каб сястра ўгаварыла пані, якая, можа быць, прыехала да іх, не ад’язджаць, не атрымаўшы ягонага ліста. «Гэта хвалявала яго найбольш,— сказала дзяўчынка.— Я ўжо рушыла, а ён яшчэ раз паклікаў мяне і нагадаў пра гэтае даручэнне. Гэта ён мне ўжо трэці раз паўтарыў». На гэтыя словы Каломба злёгку ўсміхнулася і моцна сціснула англічанцы руку. Тая залілася слязьмі і вырашыла не перакладаць бацьку гэтае часткі паведамлення.
— Так, вы застанецеся са мною, мілая сяброўка,— закрычала Каломба, абдымаючы міс Нэвіл.— I дапаможаце нам.
Потым яна выцягнула з шафы стос старое бялізны і пачала рваць яе на бінты і на корпію. Пабачыўшы яе бліскучыя вочы, зачырванелы твар, на якім адбіваліся то заклапочанасць, то рашучасць, цяжка было б сказаць, ці яе засмуціла братава рана, ці ўсцешыла смерць ворагаў. Яна то далівала палкоўніку кавы і хвалілася сваім умельствам варыць яе, то давала бялізну міс Нэвіл і Кіліне і навучала іх сшываць і скручваць бінты; разоў дваццаць яна пыталася, ці Орсава рана не прымушала яго моцна пакутаваць. Увесь час яна адкладала работу і казала палкоўніку:
— Двое мужчын, такіх спрытных, такіх страшных!.. А сам паранены, з адною рукой... і забіў абодвух! Ах, міс Нэвіл, якое шчасце жыць у такой спакойнай краіне, як ваша!.. Я ўпэўнена, што вы яшчэ не ведаеце майго брата!.. Я ж казала: сокал выпрастае крылы!.. Вас падмануў ягоны рахманы выгляд... Бо ля вас, міс Нэвіл... Ах, каб ён бачыў, як вы працуеце дзеля яго... Бедны Орса!
Міс Лідзія амаль не працавала і не магла вымавіць ні слова. Яе бацька пытаўся, чаму дагэтуль ніхто не панёс скаргу суддзі. Ён гаварыў пра следства коранэра[126] і пра ўсялякія іншыя рэчы, невядомыя на Корсіцы. Нарэшце ён захацеў даведацца, ці далёка ад П’етранэры да сядзібы гэтага ласкавага пана Брандалача, што даглядае параненага, і ці не мог бы ён сам пайсці наведаць сябра.
Каломба са сваім звычайным спакоем адказвала, што Орса ў макі, што даглядае яго бандыт, што яму было б вельмі рызыкоўна з’яўляцца, пакуль не высветляцца намеры прэфекта і суддзяў. Нарэшце яна сказала, што пастараецца патаемна выправіць да яго спрактыкаванага хірурга.
— Асабліва, пане палкоўнік,— казала яна,— добра запомніце, што вы чулі чатыры стрэлы і вы мне казалі, што Орса страляў другі.
Палкоўнік нічога не цяміў, а ягоная дачка адно ўздыхала і ўцірала слёзы.
Быў ужо дзень, калі ў сяло ўвайшла сумная працэсія. Адвакату Барычыні везлі трупы ягоных сыноў, яны ўпоперак ляжалі на мулах, якіх вялі сяляне. За жалобным шэсцем ішоў натоўп адвакатавых кліентаў і цікаўных. З імі былі жандары, што, як заўжды, з’явіліся запозна, і намеснік мэра, што ўздымаў рукі ў неба, бясконца паўтараючы: «Што скажа пан прэфект!» Некалькі жанчын, сярод якіх была і карміліца Арландуча, ірвалі на сабе валасы і нема крычалі. Але іхняе шумнае гора ўражвала менш, чым маўклівая роспач чалавека, які прыцягваў да сябе ўсе погляды. Гэта быў няшчасны бацька, ён пераходзіў ад аднаго трупа да другога, прыўздымаў іхнія галовы, запэцканыя зямлёю, цалаваў ссінелыя вусны, падтрымліваў ужо акалелыя рукі і ногі, нібы баяўся, што іх растрасе дарогаю. Часам ён адкрываў рот, каб нешта вымавіць але не чуваць было ні слова, ані крыку. Ён не адводзіў вачэй ад трупаў і натыкаўся на камяні, на дрэвы, на ўсе перашкоды, што трапляліся яму на шляху.
Лямант жанчын і праклёны мужчын узмацніліся, калі шэсце наблізілася да Орсавага дома. Некалькі пастухоў-рэбіяністаў пераможна закрычалі, чым выклікалі нястрыманае абурэнне супраціўнікаў. Пачуліся выкрыкі: «Помста! Помста!» Паляцелі камяні, прагучалі два стрэлы. Кулі прабілі аканіцы ў той зале, дзе сядзела Каломба з гасцямі, пашчапалі дрэва і адкінулі трэскі аж да стала, ля якога сядзелі жанчыны. Міс Лідзія страшна закрычала, палкоўнік схапіў стрэльбу, а Каломба кінулася да дзвярэй, і не паспеў палкоўнік яе затрымаць, як яна імкліва іх адчыніла. Там яна стала на высокім ганку, выцягнула рукі, праклінаючы ворагаў, і закрычала:
— Мярзотнікі! Страляеце па жанчынах і іншаземцах! Ці карсіканцы вы? Ці вы мужчыны? Гнюсліўцы, вы ўмееце адно забіваць са спіны! Хадзіце, я вас не баюся! Я адна, мой брат далёка. Забіце мяне, забіце маіх гасцей, больш вы ні на што не здольныя... Вы баіцеся, плюгаўцы! Вы ведаеце, што мы адпомсцім! То плачце ж, як бабы, і дзякуйце, што мы не патрабуем больш вашае крыві!
У голасе і ў постаці Каломбы было нешта велічнае і жахлівае. Убачыўшы яе, натоўп у жаху падаўся назад, нібы сустрэўшы злую чараўніцу, пра якіх на Корсіцы распавядаюць нямала гісторый доўгімі зімовымі вечарамі. Намеснік мэра, жандары, нейкія жанчыны скарысталі гэты рух натоўпу і сталі паміж двума бакамі, бо пастухі-рэбіяністы ўжо схапіліся за зброю, і кожную хвіліну на плошчы магла пачацца агульная бойка. Але абедзве партыі засталіся без сваіх правадыроў, а карсіканцы, дысцыплінаваныя ў сваім шаленстве, рэдка паддаюцца яму ў адсутнасці галоўных завадатараў міжусобных войнаў. Дарэчы, і Каломба, якой поспех вярнуў абачлівасць, стрымала свой маленькі гарнізон:
— Дайце выплакацца гэтым няшчасным, дайце старому забраць сваіх сыноў. Нашто забіваць гэтага старога ліса, ён не мае больш зубоў, каб кусацца. Джудзіча Барычыні! Узгадай другога жніўня! Узгадай скрываўлены нататнік, у якім ты пісаў сваёй махлярскаю рукой! Мой бацька запісаў там тваю пазыку, твае сыны сплацілі яе. Даю табе распіску, стары Барычыні! Склаўшы рукі на грудзях, пагардліва ўсміхаючыся, Каломба глядзела, як трупы ўнеслі ў дом яе ворагаў, як потым павольна разышоўся натоўп. Яна зачыніла дзверы, вярнулася ў залу і сказала палкоўніку:
— Прашу вас дараваць маім землякам, васпане. Ніколі б не падумала, што карсіканцы могуць страляць па доме, дзе ёсць іншаземцы; мне сорамна за маю краіну.
Увечары, калі міс Лідзія пайшла ў свой пакой, палкоўнік рушыў за ёю і спытаўся, ці не лепей было б заўтра ж пакінуць гэтае сяло, дзе кожную хвіліну можна чакаць кулі ў лоб, і як мага хутчэй выехаць з гэтае краіны, дзе толькі і ёсць што забойствы ды здрады.
Міс Нэвіл трохі памаўчала, было відаць, што бацькава прапанова паставіла яе ў няёмкае становішча. Нарэшце яна сказала:
— Хіба можна пакінуць гэтую бедную дзяўчыну ў той час, калі ёй так патрэбна падтрымка? Ці не лічыце вы, бацька, што з нашага боку гэта было б жорстка?
— Я гавару так толькі з-за вас, дзіця маё,— сказаў палкоўнік.— I каб я ведаў, што вы ў бяспецы ў гатэлі Аяча, я б нізашто не захацеў пакінуць гэты кляты востраў, не паціснуўшы рукі нашаму адважнаму дэла Рэбія.
— Што ж, бацька, пачакаем яшчэ. А паедзем тады, калі пераканаемся, што больш дапамагчы ім мы не можам.
— Добрае сэрца!— сказаў палкоўнік, цалуючы дачку ў лоб.— Я рады, што ты ахвяруеш сабою, каб падтрымаць у няшчасці іншых. Застанемся, ніхто яшчэ не каяўся за добрыя справы.
Міс Лідзія не магла заснуць і варочалася ў ложку. То нейкі вагкі шум здаваўся ёй падрыхтоўкаю да нападу на дом; то, супакоіўшыся за сябе, яна пачынала думаць пра беднага параненага, што, можа быць, ляжаў гэтым часам на халоднай зямлі і не меў іншага догляду, апроч таго, якога можна чакаць ад ласкі нейкага бандыта. Ёй уяўлялася, што ён увесь заліты крывёю, б’ецца ў жахлівых пакутах; але цікава, што кожны раз, як постаць Орса паўставала ў яе ўяўленні, яна бачыла яго такога, як у хвіліну ад’езду, калі ён прыціскаў да вуснаў талісман, што яна яму падаравала... Потым яна пачала думаць пра ягоную адвагу. Яна казала сабе, што страшнай небяспецы, якое ён нядаўна ўнікнуў, ён падлягаў праз яе, жадаючы ўбачыць яе трошкі раней. Яна амаль пераканала сябе, што Орса быў паранены, абараняючы яе. Яна папракала сябе за гэта, але тым больш ім захаплялася; і хоць у яе вачах славуты двайны стрэл не меў тае вартасці, як у вачах Брандалача ці Каломбы, яна ўсё ж такі лічыла, што няшмат хто з герояў раманаў здолеў бы выявіць такую адвагу, такую цвёрдасць у такой вялікай небяспецы.
Яна займала пакой Каломбы. Над дубоваю малітоўнаю лавачкай, побач са свянцонай вярбою на сцяне вісеў маленькі партрэт Орса ў форме малодшага лейтэнанта. Міс Нэвіл зняла партрэт, доўга разглядала яго і нарэшце, замест таго каб павесіць на месца, паклала яго каля ложка. Заснула яна адно на досвітку, а калі прачнулася, сонца было ўжо высока. Побач з ложкам яна ўбачыла Каломбу, што нерухома чакала, калі яна расплюшчыць вочы.
— Ну што, ці не надта кепска вам у нашым бедным доме?— спыталася Каломба.— Баюся, што вы і не спалі.
[124] «Атэла» — опера Расіні, напісаная ў 1816 годзе на сюжэт аднайменнай трагедыі Шэкспіра.
[125] Ірыда — у грэчаскай міфалогіі крылатая пасланка багоў, сяміколерная перавязь якой атаясамліваецца з вясёлкай.
[126] Коранэр — у Англіі следчы, што вядзе справы аб гвалтоўнай ці раптоўнай смерці.