— Я ўдарыў яго, васпане.
— Але калі б вы ўдарылі галерніка, а ён выклікаў вас на дуэль, вы б сталі біцца з ім? Хіба так, пане Орса? Добра, я патрабую яшчэ менш: не шукайце сустрэчы з Арландуча... Я дазваляю вам біцца, калі ён запатрабуе дуэлі.
— Ён запатрабуе яе, я не сумняваюся, але абяцаю вам, што не буду больш даваць яму поўхаў, каб выклікаць на бойку.
— Што за краіна! — паўтараў прэфект, шырокімі крокамі мераючы залу.— I калі ж гэта я вярнуся ў Францыю?
— Пане прэфект,— сказала Каломба найпяшчотнейшым голасам,— ужо позна, зрабіце ласку — паснедайце з намі.
Прэфект не ўтрымаўся ад смеху.
— Я й так ужо задоўга баўлюся ў вас, гэта ўжо нагадвае небесстароннасць... I гэты кляты першы камень... Я мушу ісці... Панна дэла Рэбія... колькі бедаў вы, можа, выклікалі сягоння!
— Прынамсі, пане прэфект, вы павінны прызнаць, што яе доказы дастаткова глыбокія, і зараз я ўпэўнены ў гэтым, вы й самі лічыце, што яны добра абгрунтаваныя.
— Бывайце, васпане,— сказаў прэфект, робячы развітальны жэст.— Папярэджваю вас, што загадаю начальніку жандармерыі сачыць за кожным вашым крокам.
Калі прэфект выйшаў, Каломба сказала:
— Орса, тут вам не кантынент. Арландуча нічога не цяміць у вашых дуэлях, дарэчы, гэты мярзотнік і не павінны памерці смерцю сапраўднага мужчыны.
— Каломба, мілая, ты моцная жанчына. Я шмат абавязаны табе за ўратаванне ад добрага ўдару нажом. Дай пацалую тваю ручку. Але ведаеш, не ўмешвайся. Ёсць рэчы, якіх ты не разумееш. Дай мне паснедаць і адразу ж па ад’ездзе прэфекта дашлі мне малую Кіліну, здаецца, яна цудоўна спраўляецца з даручэннямі. Мне трэба будзе, каб яна занесла ліст.
Пакуль Каломба сачыла за гатоўкаю снедання, Орса падняўся ў свой пакой і напісаў наступную цыдулку:
Прэфект прасядзеў гадзіну з намеснікам мэра, завітаў на некалькі хвілін да Барычыні і потым з адным толькі жандарам паехаў у Корту. Праз чвэрць гадзіны Кіліна панесла ліст, які мы толькі што прачыталі, і аддала яго Арландуча ў рукі.
Адказу доўга не было, Орса атрымаў яго адно ўвечары. Ён быў падпісаны Барычыні-бацькам, ён пісаў, што пе-радасць каралеўскаму пракурору гэты ліст з пагрозамі ягонаму сыну Арландуча. «З чыстым сумленнем,— дадаваў ён на заканчэнне,— я чакаю, што скажа закон наконт вашых абмоваў».
Тым часам пяць ці шэсць пастухоў, якіх паклікала Каломба, прыйшлі вартаваць вежу дэла Рэбія. Нягледзячы на Орсавы пратэсты, у вокнах, што выходзілі на плошчу, зрабілі archere, а сам Орса ўвесь вечар прымаў жыхароў мястэчка, што прапаноўвалі свае паслугі. Прынеслі нават ліст ад бандыта-тэолага, у якім ён ад свайго імя і ад імя Брандалача абяцаў прыйсці на дапамогу, калі мэр выкліча жандараў. Ліст заканчваўся такім пастскрыптумам: «Ці не магу я даведацца ад вас, што думае пан прэфект пра цудоўную адукацыю, якую мой сябра дае сабаку Бруску? Апроч Кіліны, я не ведаю больш здольных і кемлівых вучняў».
XVI
Наступны дзень прайшоў спакойна. Абодва бакі трымалі абарону. Орса не выходзіў з дому, дзверы ў дом Барычыні ўвесь час былі зачыненыя. Пяць жандараў, якіх пакінулі гарнізонам у П’етранэры, прагульваліся па плошчы альбо паблізу сяла, з імі разам быў сельскі паліцыянт, адзіны прадстаўнік мясцовае ўлады. Намеснік мэра не здымаў трохколернае перавязі. Толькі archere ў вокнах варожых дамоў нагадвалі пра вайну. Адно карсіканец звярнуў бы ўвагу, што на плошчы вакол зялёнага дуба былі толькі жанчыны.
Падчас позняе вячэры ўзрадаваная Каломба падала брату наступны ліст, які яна толькі што атрымала ад міс Нэвіл:
— Дык яна не атрымала другога майго ліста? — занепакоіўся Орса.
— Мяркуючы па даце, панна Лідзія была ўжо ў дарозе, калі ваш ліст прыйшоў у Аяча. А вы ёй пісалі, каб не ехала?
— Я пісаў, што мы ў аблозе. Мне здаецца, гэта не тое становішча, калі добра прымаць гасцей.
— Ха, гэтыя англічане такія незвычайныя. У апошнюю ноч, якую я правяла ў пакоі міс Лідзіі, яна мне казала, што была б страшэнна расчараваная, калі б пакінула Корсіку, не пабачыўшы добрае вендэты. Калі б вы захацелі, Орса, мы б маглі ім паказаць відовішча прыступу на дом нашых ворагаў.
— Ведаеш, Каломба,— сказаў Орса,— прырода памылілася, стварыўшы цябе жанчынаю. З цябе б выйшаў выдатны вайсковец.
— Можа быць. Ва ўсялякім разе я пайду рабіць bruccio.
— Не варта. Трэба даслаць некага, каб папярэдзіў і затрымаў іх, пакуль яны не выправяцца ў дарогу.
— Так? Вы хочаце выправіць чалавека такім дажджом, каб недзе струмень знёс яго разам з вашым лістом? Як шкада мне бедных бандытаў у такую навальніцу! На шчасце, яны маюць добрыя piloni[119]. Ведаеце, Орса, што трэба рабіць? Калі навальніца сціхне, выязджайце заўтра на досвітку, каб паспець да нашае сваячкі раней, чым яны выедуць. Вам гэта будзе няцяжка, міс Лідзія заўжды падымаецца позна. Вы раскажаце ім, што ў нас адбылося, а калі яны захочуць прыехаць,— сустрэнем іх з радасцю.
Орса паспяшаўся згадзіцца з сястрою, а Каломба, трохі пачакаўшы, дадала:
— Можа быць, вы думаеце, Орса, што я жартавала, гаворачы вам пра прыступ на дом Барычыні? Ці ведаеце вы, што сіла на нашым баку, нашых людзей, прынамсі, двох на аднаго іхняга? З таго часу, як прэфект вызваліў мэра ад абавязкаў, усе тутэйшыя мужчыны за нас. Мы б маглі іх размалаціць. Зачапіць іх было б вельмі лёгка. Калі б вы захацелі, я б пайшла да фантана, пачала б насміхацца з іхніх жанчын, яны б выйшлі... Можа быць... яны ж такія мярзотнікі... яны б сталі страляць па мне з archere; яны б не пацэлілі. Тады б усё было зразумела: напалі яны. Тым горш пераможаным: хіба ў бойцы разбярэш, чый стрэл трапнейшы? Паверце сястры, Орса; прыедуць гэтыячорныя сурдуты, перапэцкаюць гару паперы, нагавораць безліч пустых словаў. З гэтага нічога не атрымаецца. Гэты стары ліс здолее давесці ім, што чорнае — гэта белае. От каб прэфект не закрыў сабою Вінчэнтэла, зараз было б на аднаго меней.
Усё гэта было сказана з такім самым спакоем, з якім хвіліну таму Каломба[120] гаварыла пра гатаванне сыру.
[119] Бурка з тоўстага сукна з капюшонам (аўт.).
[120] Мая далікатная Каломба...— «Каломба» па-італьянску і па-карсіканску — галубка.