— Ці ёсць якія навіны ад яго, дарагая мая?— спыталася міс Нэвіл, сядаючы на ложку.
Яна заўважыла Орсаў партрэт і, каб прыкрыць яго, хуценька ўпусціла на яго насовачку.
— Так, ёсць навіны,— сказала Каломба, усміхаючыся. Пасля ўзяла партрэт і спыталася:— Як вам здаецца, ён тут падобны? На самой справе ён прыгажэйшы.
— Божухна!..— сказала міс Нэвіл, засаромеўшыся.— Я зняла... гэты партрэт... і забылася... Гэта мой недахоп... усё чапаць і не класці на месца... Як там ваш брат?
— Нішто сабе. Джаканта прыходзіў сёння рана, яшчэ чатырох не было. Ён прынёс мне ліст... для вас, міс Лідзія; мне Орса не напісаў. Тут, праўда, напісана Каломбе, але ніжэй — для міс Н... Сёстры не раўнівыя. Джаканта сказаў, што ён зусім змучыўся, пакуль напісаў. Джаканта, які мае цудоўны почырк, прапаноўваў яму напісаць пад дыктоўку, але ён не захацеў. Ён пісаў алоўкам, лежачы на спіне. Брандалача трымаў паперу. Мой брат увесь час хацеў падняцца, але любы рух выклікаў страшэнны боль у руцэ. Так шкада яго было, казаў Джаканта. Вось ліст.
Міс Нэвіл прачытала ліст, што быў напісаны па-англійску, напэўна, для перасцярогі. Вось што ў ім было:
Міс Лідзія, адвярнуўшыся, чытала ліст, а Каломба, што пільна сачыла за ёю, падала ёй егіпецкі пярсцёнак, позіркам пытаючыся, што гэта азначае. Але міс Лідзія не наважвалася падняць галавы і сумна разглядала пярсцёнак, які яна то надзявала, то здымала з пальца.
— Мілая міс Нэвіл,— сказала Каломба,— ці магу я даведацца, што вам піша мой брат? Ці піша ён пра свой стан?
— Але...— сказала міс Лідзія, чырванеючы.— Ён пра гэта не піша... Гэты ліст на англійскай... Ён просіць мяне сказаць бацьку... Ён спадзяецца, што прэфект здолее ўлагодзіць...
Каломба, хітра ўсміхаючыся, села на ложак, узяла абедзве далоні міс Нэвіл і, гледзячы на яе сваімі разумнымі вачыма, загаварыла:
— Вы будзеце добрая? Вы ж напішаце майму брату? Вы так зарадуеце яго! Спачатку я хацела пабудзіць вас адразу, як прынеслі ліст, але потым я не наважылася.
— А дарма,— сказала міс Нэвіл.— Калі б адно маё слова магло яго...
— Зараз я не магу даслаць яму ліст. Прыехаў прэфект, і ў П’етранэры ўсюды яго людзі. Потым пабачым. Ах, каб вы толькі ведалі майго брата, міс Нэвіл, вы б палюбілі яго так, як я люблю... Ён такі добры, такі адважны! Адзін, паранены, супраць двух!
Прэфект вярнуўся. Атрымаўшы паведамленне ад намесніка мэра, ён прыехаў з жандарамі і стралкамі, апроч таго, з ім явіліся каралеўскі пракурор, судовы сакратар і іншыя службоўцы, каб даследаваць новае страшнае здарэнне, што ўскладняла, ці, дакладней, завяршала варажнечу двух родаў у П’етранэры. Неўзабаве па прыездзе ён сустрэўся з палкоўнікам і яго дачкой і не стаў хаваць ад іх, што баіцца, каб справа не павярнулася кепска.
— Вы ведаеце,— сказаў ён,— у гэтай бойцы не было сведкаў. Усе ведаюць спрыт і адвагу гэтых няшчасных хлопцаў, неверагодна, каб пан дэла Рэбія мог іх забіць без дапамогі бандытаў, у якіх, як кажуць, ён зараз хаваецца.
— Гэта не магчыма,— узрушыўся палкоўнік.— Орса дэла Рэбія годны хлопец, я адказваю за яго.
— Веру вам,— сказаў прэфект.— Але каралеўскі пракурор (гэтыя паны заўжды падазраюць кагосьці), здаецца мне, настроены супраць яго. Ён мае доказ страшны для вашага сябра. Гэта ліст з пагрозамі, адрасаваны Арландуча, у якім дэла Рэбія прызначае сустрэчу... і гэтая сустрэча здаецца пракурору засадаю.
— Гэты Арландуча адмовіўся біцца на дуэлі з прыстойным чалавекам,— сказаў палкоўнік.
— Тут гэтага звычаю не разумеюць. Тут ладзяць засады і забіваюць у спіну, такая завядзёнка ў гэтай краіне. Але ёсць адно спрыяльнае паказанне: адна дзяўчынка сцвярджае, што чула чатыры стрэлы і два апошнія былі мацнейшыя, нібы стралялі са стрэльбы буйнага калібру, як у стрэльбы пана дэла Рэбія. На жаль, дзяўчынка гэтая пляменніца бандыта, якога падазраюць у саўдзеле, і яе, відаць, так навучылі.
— Васпане,— перапыніла яго міс Лідзія, пачырванеўшы да вушэй,— мы былі на дарозе, калі ўсчалася страляніна, і мы чулі тое самае.
— Праўда? Вось гэта важна. А вы, палкоўнік, вы, пэўна, таксама гэта заўважылі?
— Так,— жвава сказала міс Нэвіл.— Бацька прывычны да зброі, гэта ён мне сказаў: «Вось пан дэла Рэбія страляе з маёй стрэльбы».
— А тыя стрэлы, што вы пазналі, былі апошнія?
— Два апошнія, праўда, тата?
Памяць у палкоўніка была не надта моцная, але ўва ўсялякім выпадку ён асцярогся пярэчыць дачцэ.
— Трэба зараз жа расказаць гэта каралеўскаму пракурору, палкоўнік. Зрэшты, мы чакаем сягоння ўвечары хірурга, ён даследуе трупы і высветліць, ці раны былі ад гэтае зброі.
— Яе даў Орсу я,— сказаў палкоўнік.— Лепш бы я кінуў яе ў мора... Але ж... Добра, што яна была ў руках у гэтага малойца, бо не ведаю, як бы ён адбіўся без майго Мэнтана.
XIX
Хірург трохі запазніўся. Дарогаю ён меў адну прыгоду. Яго перастрэў Джаканта Кастрыконі і з найвялікшаю гжэчнасцю змусіў даць дапамогу аднаму параненаму. Яго прывялі да Орса, і ён перавязаў яму рану. Пасля бандытправёў яго досыць далёка і шмат расказаў пра найвядомейшых прафесараў з Пізанскага універсітэта, якія, калі яму верыць, усе былі яго блізкія сябры.
— Доктар,— сказаў тэолаг, развітваючыся,— вы выклікаеце ў мяне зашмат павагі да вас, каб я лічыў за патрэбнае нагадваць, што доктар павінны быць такі самы сціплы, як і ксёндз-спавядальнік. (I ён пабразгаў замком стрэльбы.) Вы забыліся месца, дзе мы мелі гонар вас сустрэць. Бывайце, рады быў пазнаёміцца.