— Усё, што сказаў гэты чалавек,— хлусня,— рашуча паўтарыў Арландуча.— Каб мы былі ў чыстым полі, кожны са стрэльбаю, ён бы казаў іншае.
— Што за глупства! — сказаў Брандалача.— Не заводзьцеся з кюрэ, Арландуча.
— Ці выпусціце вы мяне нарэшце, пане дэла Рэбія? — сказаў прэфект, нецярпліва тупаючы нагою.
— Саверыя! Саверыя! — крыкнуў Орса.— Адамкніце дзверы, каб вас ліха!
— Хвілінку,— сказаў Брандалача.— Спачатку выйдзем мы. Пане прэфект, звычайна падчас сустрэчы ў агульных сяброў кожны мае свае паўгадзіны міру пасля развітання.
Прэфект кінуў на яго пагардлівы позірк.
— Рады паслужыць усёй грамадзе,— сказаў Брандалача, пасля выцягнуў руку і дадаў: — Давай, Бруска, скокні дзеля пана прэфекта.
Сабака скокнуў, бандыты паспешліва схапілі на кухні зброю і выскачылі праз сад. Данёсся рэзкі свіст, і дзверы ў залу адчыніліся, бы зачараваныя.
— Пане Барычыні,— сказаў Орса, стрымліваючы шаленства,— сёння ж я дашлю каралеўскаму пракурору скаргу на вас за махлярства і за супольніцтва з Б’янчы. Можа, я буду вымушаны абвінаваціць вас і ў нечым страшнейшым.
— А я, пане дэла Рэбія,— адказаў мэр,— дашлю на вас скаргу за засаду і супольніцтва з бандытамі. А тым часам пан прэфект загадае жандарам арыштаваць вас.
— Прэфект выканае свой абавязак,— сказаў прэфект сурова.— Ён прасочыць, каб у П’етранэры быў парадак, ён паклапоціцца, каб тут панаваў закон. Я кажу да ўсіх, панове.
Мэр і Вінчэнтэла ўжо выйшлі з залы, Арландуча адступаў за імі. Орса ціха сказаў яму:
— Ваш бацька стары, я забіў бы яго адзінаю поўхаю, дык прыміце ж яе вы, вы і ваш брат.
Замест адказу Арландуча выхапіў стылет і, нібы вар’ят, кінуўся на Орса. Але не паспеў ён замахнуцца, як Каломба ўхапіла ягоную руку і з сілаю выкруціла яе; Орса так стукнуў яму ў твар, што Арландуча адляцеў на некалькі крокаў і моцна выцяўся аб вушак. Стылет выпаў у яго з рук, але Вінчэнтэла выхапіў свой і скочыў у пакой. Тут Каломба схапіла стрэльбу і тым пераканала яго, што бойка будзе няроўная. Адначасова прэфект стаў паміж супраціўнікамі.
— Да хуткай сустрэчы, Орс Антон,— крыкнуў Арландуча, моцна ляснуў дзвярыма і замкнуў іх на ключ, каб мець час на ўцёкі.
Чвэрць гадзіны Орса і прэфект моўчкі сядзелі ў розных кутах залы. Каломба, твар якое свяціўся гонарам, паглядала то на аднаго, то на другога, абапершыся на стрэльбу, што забяспечыла перамогу.
— Што за краіна! Што за краіна! — нарэшце сказаў прэфект, імкліва падымаючыся.— Пане дэла Рэбія, вы не мелі рацыі. Дайце мне слова гонару, што ўстрымаецеся ад усялякага гвалту і будзеце чакаць, пакуль суд не вырашыць гэтую клятую справу.
— Так, пане прэфект, я вінаваты, што стукнуў гэтага мярзотніка. Але я такі стукнуў яго і не магу адмовіць яму ў сатысфакцыі, якую ён запатрабаваў.
— О не! Ён не захоча біцца з вамі!.. Але, калі ён заб’е вас... Што ж, вы зрабілі дзеля гэтага ўсё, што было трэба.
— Мы будзем сцерагчыся,— сказала Каломба.
— Арландуча здаецца мне адважным хлопцам,— сказаў Орса.— I я думаю пра яго лепш, пане прэфект. Ён безразважна схапіўся за стылет, але на ягоным месцы я, можа, зрабіў бы гэтаксама. I я рады, што рука ў маёй сястры мае не жаночую сілу.
— Вы не будзеце біцца! — закрычаў прэфект.— Я забараняю вам!
— Дазвольце сказаць вам, васпане, што ў справах гонару я не прызнаю іншага аўтарытэту, апроч свайго сумлення.
— Кажу вам, што вы не будзеце біцца!
— Вы можаце арыштаваць мяне, васпане... калі я дамся. Але калі так здарыцца, то вы адно адпозніце справу, што зараз ужо непазбежная. Вы чалавек гонару, пане прэфект, і вы добра ведаеце, што інакш быць не можа.
— Калі вы арыштуеце брата,— дадала Каломба,— палова сяла стане на ягоны бок і будзе ладная страляніна.
— Папярэджваю вас, пане прэфект,— сказаў Орса.— I прашу вас не лічыць, што я выхваляюся. Папярэджваю вас, што, калі Барычыні пачне злоўжываць сваёй уладаю мэра, каб арыштаваць мяне, я буду абараняцца.
— З сённяшняга дня,— сказаў прэфект,— я вызваляю яго ад абавязкаў мэра... Ён апраўдаецца, я спадзяюся... Дык вось, васпане, я спачуваю вам. I патрабую ад вас зусім мала: спакойна сядзіце дома, пакуль я не вярнуся з Корты. Я прабуду там усяго тры дні. Я вярнуся з каралеўскім пракурорам, і мы разблытаем да канца гэтую сумную справу. Ці абяцаеце вы да таго часу ўстрымацца ад усялякіх учынкаў?
— Я не магу абяцаць гэтага, васпане; Арландуча, я думаю, запатрабуе дуэлі.
— Як! Пане дэла Рэбія, вы, французскі вайсковец, хочаце біцца на дуэлі з чалавекам, якога падазраеце ў махлярстве?