Орса вымушана пакланіўся, пан Барычыні прамармытаў некалькі словаў, якіх ніхто не разабраў, сыны разглядалі бэлькі на столі. Прэфект меўся звярнуцца да Орса з тымі самымі словамі, якія ён толькі што сказаў Барычыні, але тут Каломба выцягнула з-пад хусткі нейкія паперы і ўрачыста стала паміж двума дагаворнымі бакамі.
— З вялікаю радасцю сустрэла б я заканчэнне вайны паміж нашымі родамі. Але, каб замірэнне было шчырае, трэба высветліць усё да канца і не пакідаць ніякага сумнення. Пане прэфект, не дзіва, што заява Тамаза Б’янчы, чалавека з такою благою славай, здалася мне падазронаю. Я сказала, што сыны пана Барычыні, мабыць, бачыліся з гэтым чалавекам у Бастыйскім астрозе.
— Няпраўда,— перапыніў Арландуча.— Я з ім не бачыўся.
Каломба кінула на яго пагардлівы позірк і сказала з вельмі спакойным выглядам:
— Вы растлумачылі, што мэтаю, з якою Тамаза мог пагражаць пану Барычыні ад імя страшнага бандыта, было жаданне пакінуць за ягоным братам Тэадорам млын, які ён танна арандаваў у майго бацькі?..
— Гэта відавочна,— адказаў прэфект.
— Ад такога мярзотніка, як гэты Б’янчы, усяго можна чакаць,— сказаў Орса, падмануты спакойным выглядам сястры.
— Падроблены ліст,— працягвала Каломба, вочы якое пачалі ззяць,— датаваны адзінаццатым ліпеня. Тамаза быў тады ў свайго брата на млыне.
— Так,— трохі занепакоіўшыся, сказаў мэр.
— Дык якую ж выгоду меў Тамаза Б’янчы? — закрычала Каломба, трыумфуючы.— Тэрмін арэнды яго брата скончыўся; бацька адмовіў яму арэнду першага ліпеня. Вось бацькавы запісы, вось дакумент аб скасаванні арэнды, ліст ад аднаго чалавека з Аяча, што прапаноўваў нам новага арандатара.
Гаворачы гэта, яна аддала прэфекту паперы, што трымала ў руках. На хвіліну запанаваў агульны подзіў. Мэр увачавідкі збялеў, Орса звёў бровы і падсунуўся да прэфекта, каб азнаёміцца з паперамі, якія той чытаў з вялікаю ўвагай.
— З нас здзекуюцца! — гнеўна закрычаў Арландуча і падняўся.— Хадземце адсюль, бацька, нам не трэба было сюды прыходзіць!
Імгнення хапіла пану Барычыні, каб авалодаць сабою. Ён папрасіў паглядзець паперы, прэфект моўчкі падаў. Ён сунуў на лоб свае зялёныя акуляры і прагледзеў запісы з досыць абыякавым выглядам; Каломба сачыла за ім вачыма тыгрыцы, якая бачыць лань, што набліжаецца да логава з яе дзецьмі.
— Але,— сказаў пан Барычыні, апускаючы акуляры і вяртаючы паперы прэфекту,— ведаючы нязмерную дабрыню пана палкоўніка... Тамаза падумаў... ён напэўна падумаў... што пан палкоўнік вырашыць пакінуць арэнду за ім... Сапраўды, ён застаўся на млыне, значыць...
— Гэта я пакінула яго,— сказала Каломба пагардліва.— Мой бацька памёр, у такім становішчы я мусіла берагчы кліентаў сям’і.
— Але,— сказаў прэфект,— гэты Тамаза прызнае, што ліст напісаў ён .., гэта зразумела.
— А мне зразумела,— умяшаўся Орса,— што ва ўсёй гэтай справе хаваецца шмат подласці.
— I яшчэ маю што запярэчыць сцвярджэнням гэтых паноў,— сказала Каломба.
Яна адчыніла дзверы на кухню, і адразу ж у залу ўвайшлі Брандалача, студэнт-тэолаг і сабака Бруска. Бандыты былі бяззбройныя, прынамсі, так здавалася; на паясах у іх віселі ладаўніцы, але не было пісталетаў, абавязковага дадатку да іх. Увайшоўшы ў залу, яны адразу скінулі шапкі.
Можна ўявіць сабе ўражанне, якое ўчыніла іхняе раптоўнае з’яўленне. Мэр ледзьве не ўплыў, сыны адважна закрылі яго сабою, сунуўшы рукі ў кішэні па стылеты. Прэфект быў рушыў да дзвярэй, а Орса схапіў Брандалача за каўнер і закрычаў:
— Што ты тут робіш, плюгавец?
— Гэта пастка! — закрычаў мэр, намагаючыся адчыніць дзверы, але Саверыя замкнула іх звонку, як пасля даведаліся, так ёй загадалі бандыты.
— Людзі добрыя! — сказаў Брандалача.— Не бойцеся мяне. Не такі я страшны, як пра мяне гавораць. I не маем мы ніякіх благіх намераў. Пане прэфект, я да вашых паслуг. Пане лейтэнант, асцеражней, вы мяне задушыце. Мы прыйшлі сюды за сведкаў. Давай, кюрэ, гавары, у цябе язык добра падвешаны.
— Пане прэфект,— сказаў тэолаг,— не маю гонару быць з вамі знаёмым. Я завуся Джаканта Кастрыконі, больш вядомы як кюрэ... Ну вось, цяпер вы мяне пазналі! Панна, якую я таксама не меў шчасця ведаць, прасіла мяне даць ёй звесткі пра нейкага Тамаза Б’янчы, разам з якім тры тыдні таму я сядзеў у Бастыйскім астрозе. I вось што я маю вам сказаць...
— Не варта турбавацца,— сказаў прэфект.— Нічога не хачу чуць ад такога чалавека, як вы... Пане дэла Рэбія, хацелася б верыць, што вы ні пры чым у гэтай непрыстойнай змове. Але вы гаспадар у сваёй хаце ці не? Загадайце адчыніць дзверы. Трэба, мабыць, дапытаць вашу сястру пра дзіўныя сувязі, якія яна падтрымлівае з бандытамі.
— Пане прэфект,— сказала Каломба,— зрабіце ласку выслухаць, што вам скажа гэты чалавек. Вы тут, каб усталяваць справядлівасць для ўсіх, шукаць праўду — ваш абавязак. Гаварыце, Джаканта Кастрыконі.
— Не слухайце яго! — закрычалі Барычыні ўсе разам.
— Калі ўсе гавораць адначасова,— сказаў бандыт, усміхаючыся,— мы ніколі не дамовімся. У астрозе гэты Тамаза сядзеў са мною разам, але сябрам мне не быў. Да яго часта наведваўся пан Арландуча...
— Хлусня! — разам выкрыкнулі абодва браты.
— Два адмаўленні варты аднаго сцвярджэння. Тамаза меў грошы, ён еў і піў сабе ў ахвоту. Я заўжды любіў смачна паесці (гэта найменшая з маіх заганаў), і, нягледзячы на гідлівасць да кампаніі гэтага дурня, я часта паддаваўся на ягоныя ўгаворы павячэраць з ім. З удзячнасці я прапанаваў яму ўцякаць са мною разам. Адна ягадка... да якой я быў вельмі добры... дала мне патрэбныя сродкі. Але нікога не хачу кампраметаваць. Тамаза адмовіўся, сказаў, што ўпэўнены ў сваёй справе, што адвакат Барычыні прасіў за яго ўсіх суддзяў і што ён выйдзе з суда чысты, як снег, і з грашыма ў кішэні. Што да мяне, то я лічыў, што павінен ляцець на волю. Dixi.