Ашаломлены Орса глядзеў на сястру са здзіўленнем, да якога дамешваўся страх.
— Мая далікатная Каломба,— сказаў ён, падымаючыся з-за стала,—ды ты, я баюся, сам д’ябал. Але будзь спакойная: калі я не дамагуся, каб Барычыні павесілі, я знайду сродак дасягнуць свайго іншым шляхам. Гарачая куля ці халодная сталь! Бачыш, я яшчэ не забыў карсіканскую мову.
— Чым хутчэй, тым лепей,— сказала Каломба, уздыхаючы.— На якім кані паедзеце вы заўтра, Орс Антон?
— На вараным. А чаму ты пытаешся?
— Каб даць яму ячменю.
Калі Орса пайшоў у свой пакой, Каломба выправіла спаць Кіліну і пастухоў, а сама засталася на кухні, дзе гатаваўся bruccio. Раз-пораз яна прыслухоўвалася, нібы чакала, пакуль брат ляжа. Палічыўшы, што ён нарэшце заснуў, яна ўзяла нож, праверыла, ці ён востры, нацягнула на свае маленькія ножкі цяжкія чаравікі і без шуму выйшла ў сад.
Агароджаны сцяною сад даходзіў да досыць вялікага загона, куды ставілі коней, бо карсіканскія коні непрывычныя да стайні. Звычайна іх выганяюць на пашу, спадзеючыся, што яны самі здолеюць знайсці сабе ежу і сховішча ад холаду і дажджу.
Таксама ціхутка Каломба адчыніла брамку з саду і ўвайшла ў загон: коні, якім яна часта прыносіла хлеб і соль, сышліся да яе, адно пачуўшы ціхі свіст. Калі вараны наблізіўся да яе, яна моцна ўхапіла яго за грыву і разанула нажом па вуху. Конь імкліва рвануўся, пабег, пранізліва загігатаў, як часам гігочуць коні ад рэзкага болю. Задаволеная Каломба ўжо выйшла ў сад, калі Орса адчыніў акно і крыкнуў:
— Хто там ёсць?
I яна пачула, што ён набівае стрэльбу. На яе шчасце, брамка ў сад хавалася ў суцэльнай цемры, а часткова яе захіляла фігавае дрэва. Хутка ў Орсавым пакоі замігацела святло, і Каломба зразумела, што ён хоча запаліць газніцу. Яна паспешліва зачыніла брамку і праслізнула ўздоўж сцяны, чорны ўбор яе быў незаўважны ў змрочнай лістоце прысадаў. Яна заскочыла ў кухню за некалькі хвілін да таго, як з’явіўся Орса.
— Што здарылася? — спыталася яна.
— Мне здалося, што нехта адчыняў брамку ў сад,— сказаў Орса.
— Немагчыма, сабака б забрахаў. Зрэшты, хадзем паглядзім.
Орса абышоў сад, пераканаўся, што брамка добра замкнутая, і, трохі засаромеўшыся гэтае дарэмнае трывогі, вы-рашыў вярнуцца ў свой пакой.
— Я рада, браце,— сказала Каломба,— што вы робіцеся асцярожны, як то й належыць у вашым становішчы.
— З тваёю дапамогай,— адказаў Орса.— Дабранач.
Назаўтра Орса падняўся на досвітку, гатовы ехаць. У ягоным уборы спалучаліся элегантнасць мужчыны, што збіраецца з’явіцца перад жанчынаю, якой ён хоча спадабацца, і абачлівасць карсіканца, што сцеражэцца помсты. Паўзверх прыталенага сіняга сурдута ён павесіў на плячук бляшаную скрыначку з набоямі на зялёным шаўковым паску, стылет ён паклаў у бакавую кішэню, а ў руку ўзяў добрую мэнтанаўскую стрэльбу, набітую кулямі. Пакуль ён паспешліва піў каву, што наліла Каломба, адзін пастух пайшоў сядлаць каня. Орса з сястрою выйшлі амаль адразу ж за ім і ўвайшлі ў загон. Пастух злавіў каня, але ўпусціў сядло і аброць, здавалася, яго апанаваў жах; конь, які яшчэ не забыўся пра падзеі мінулае ночы і баяўся за другое вуха, уставаў на дыбкі, брыкаўся, гігатаў, вырабляў немаведама што.
— Давай хутчэй! — закрычаў яму Орса.
— Авой, Орс Антон! Авой, Орс Антон! — крычаў пастух.— На пакуты Прачыстае! і г. д.
Праклёны сыпаліся без ліку і супыну, большасць з іх не паддаліся б ніякаму перакладу.
— Што там здарылася? — спыталася Каломба.
Усе падышлі да каня і, убачыўшы яго скрываўленага, з разрэзаным вухам, дружна ўскрыкнулі ад подзіву і абурэння. Трэба ведаць, што скалечыць варожага каня,— для карсіканца ёсць адначасова і помста, і выклік, і смяротная пагроза. «Толькі куляю можна заплаціць за падобнае злачынства». Хоць Орса, які доўга пражыў на кантыненце, менш за каго іншага адчуваў глыбіню абразы, усё адно, каб зараз з’явіўся хтосьці з барычыністаў, ён напэўна тут жа прымусіў бы яго заплаціць за абразу, што, як ён лічыў, нанеслі яму ворагі.
— Трусы паганыя! — закрычаў ён.— Помсцяцца на няшчаснай жывёліне і не наважваюцца выйсці са мною сам-насам!
— Чаго мы чакаем! — шалёна закрычала Каломба.— Яны правакуюць нас, калечаць нашых коней, а мы маўчым! Ці мужчыны вы?
— Помста! — закрычалі пастухі.— Правядзём каня па ўсім сяле і нападзём на іхні дом.
— Да іхняе вежы падыходзіць гумно, крытае саломаю,— сказаў стары Пола Грыфа.— Я запалю яго адным махам.
Хтосьці прапанаваў пайсці па драбіны з царкоўнае званіцы, нехта яшчэ — выбіць дзверы ў доме Барычыні, скарыстаўшы бервяно, што ляжала на плошчы і прызначалася некаму на будаўніцтва. Сярод гэтых загневаных галасоў чуўся голас Каломбы, якая абяцала сваім прыхільнікам па чарцы анісавае гарэлкі перад тым, як брацца за справу.
На жаль ці, хутчэй, на шчасце, яе жорсткасць да беднага каня не зрабіла на Орса чаканага эфекту. Ён не сумняваўся, што гэтае дзікае калецтва было справаю кагосьці з ягоных ворагаў, асабліва ён падазраваў Арландуча, але ён не верыў, што гэты дзяцюк, якога ён ударыў і выклікаў на дуэль, вырашыў бы змыць ганьбу, разрэзаўшы вуха нейкаму каню. Наадварот, гэтая нізкая і смеху вартая помста павялічыла Орсаву пагарду да ворагаў, і зараз ён быў згодны з прэфектам: падобныя людзі не роўня яму. Як толькі ён здолеў перакрычаць натоўп, ён абвясціў сваім збянтэжаным прыхільнікам, што яны павінны адмовіцца ад ваяўнічых намераў і што судоўцы, якія маюцца прыехаць, адпомсцяць належным чынам за разрэзанае вуха ягонага каня.
— Я тут гаспадар,— дадаў ён сурова.— I я патрабую, каб мяне слухаліся. Першага ж, хто наважыцца гаварыць пра забойства ці падпал, я спалю самога. Ану, асядлайце мне сівога каня!
— Як, Орса,— сказала Каломба, адвёўшы яго ўбок,— вы будзеце цярпець такія абразы! Пакуль наш бацька быў жывы, Барычыні ніколі не наважваліся калечыць нашу жывёлу.