— Двайны стрэл! I абодвух напавал!.. От наш кюрэ пасмяецца... Двайны стрэл! А вось нарэшце і гэтая чарапашка Кіліна.
Орса не адказваў. Ён збялеў, як мёртвы, і кожная жылачка ягоная калацілася.
— Кілі,— крыкнуў Брандалача,— паглядзі на сцяну. Ну як?
Дзіця, памагаючы сабе рукамі і нагамі, ускараскалася на сцяну і перахрысцілася, адно ўбачыўшы труп Арландуча.
— Гэта яшчэ нішто,— працягваў бандыт.— Ты зірні далей, вунь там.
Дзяўчынка зноў перахрысцілася.
— Гэта вы іх, дзядзечка?— спыталася яна сціпла.
— Я! Я ўжо дзед нічога не варты. Кілі, гэта работа вось гэтага пана. Павіншуй яго.
— Панна будзе вельмі рада,— сказала Кіліна.— Але яна вельмі засердзіцца, калі даведаецца, што вы паранены, Орс Антон.
— Давайце, Орс Антон,— сказаў бандыт, скончыўшы перавязку.— Кіліна вунь злавіла вашага каня. Сядайце і едзьма са мною ў Стадзонскі макі. Вельмі хітраму трэба быць, каб вас там знайсці. А мы вас даглядаць будзем як найлепш. Даедзем да крыжа Святое Хрысціны, а там злезеце з каня. Аддасце яго Кіліне, яна папярэдзіць панну, а дарогаю раскажаце ёй, што і як рабіць. Гэтай малой можаце ўсё казаць, Орс Антон, яна хутчэй дасць сябе на жылачкі растачыць, чым здрадзіць.
Потым пяшчотна дадаў: «Ідзі, шэльма, каб цябе ад царквы адвялі, каб цябе праклялі, махлярка!» Брандалача, забабонны, як і большасць бандытаў, баяўся сурочыць дзяцей, бласлаўляючы ці хвалячы іх, бо ўсе ведаюць, што патаемныя сілы з Annocchiatura[122] маюць благую звычку чыніць насуперак нашым зычэнням.
— Куды ты мяне вязеш, Бранда? — спытаўся Орса згаслым голасам.
— Д’ябал! Маеце выбар: у астрог альбо ў макі. Але дэла Рэбія не можа стаць на дарогу ў астрог. У макі, Орс Антон!
— Дык бывайце ж, надзеі мае!— з болем вымавіў паранены.
— Вашы надзеі! А на якога д’ябла вы спадзяваліся, маючы дубальтоўку?.. А, гэта! I як гэта яны вас зачапілі? Відаць, гэтыя малойцы жывучыя, як кошкі.
— Яны стралялі першыя,— сказаў Орса.
— Так, я й забыўся... Бах! Бах! Бум! Бум!.. Двайны стрэл адною рукой[123]. Ну вось вы і селі, давайце спачатку зірнём на вашу работу. Няветліва пакідаць грамаду, не развітаўшыся.
Орса пагнаў каня; ні за што на свеце ён не хацеў бы бачыць няшчасных, у якіх толькі што адабраў жыццё.
— Ведаеце, Орс Антон,— сказаў бандыт, беручы каня за павады,— хочаце, я вам шчыра скажу? Дык вось: не хачу вас крыўдзіць, але мне шкада гэтых бедных хлапцоў. Даруйце, калі ласка... такія дужыя... такія маладыя!.. Арландуча, з якім я столькі разоў паляваў... Чатыры дні таму ён даў мне пачак цыгараў... Вінчэнтэла, што заўжды быў у такім гуморы!.. Што праўда, вы зрабілі тое, што мусілі зрабіць... і, дарэчы, стрэл занадта добры, каб пра яго шкадаваць... Але што мне за справа да вашае помсты... Я ведаю, што вы маеце рацыю: калі маеш ворага, трэба яго пазбыцца. Але Барычыні, гэта быў старажытны род... I вось ён выгас!.. і праз двайны стрэл. Гэта цудоўна!
Так, гаворачы пахавальную прамову Барычыні, Брандалача паспешліва вёў Орса, Кіліну і сабаку Бруска да Стадзонскага макі.
XVIII
Між тым хутка па ад’ездзе Орса Каломба праз сваіх шпіёнаў даведалася, што Барычыні выйшлі ў поле, і адразу яе апанаваў пякучы неспакой. Яна бегала па ўсім доме, совалася ад кухні да пакояў, падрыхтаваных гасцям, яна не рабіла нічога, але была ўвесь час занятая, бясспынна паглядала, ці не відаць у сяле якога незвычайнага руху. Каля адзінаццаці гадзін досыць шматлікі поезд уехаў у П’етранэру: палкоўнік, яго дачка, іхняя чэлядзь і праваднік. Сустрэўшы іх, Каломба перш за ўсё спыталася:
— Ці бачылі вы майго брата?
Потым яна распытала правадніка, якою дарогай яны ехалі, а каторай гадзіне выехалі, і з адказаў не магла зразумець, чаму яны не сустрэліся.
— Можа быць, ваш брат паехаў верхняю дарогай,— сказаў праваднік.— Бо мы ехалі ніжняю.
Але Каломба пахітала галавою, распытваючы далей. Нягледзячы на прыродную стрыманасць, да якой дадалося яшчэ ганарлівае імкненне схаваць сваю слабасць ад чужых, яна не здолела ўтаіць страх, што хутка перадаўся палкоўніку, а асабліва міс Лідзіі, калі яна распавяла пра спробу замірыцца, якая скончылася так нешчасліва. Міс Нэвіл хвалявалася, прапаноўвала даслаць людзей ва ўсе бакі, а яе бацька хацеў зноў сесці на каня і ехаць з правадніком на пошукі Орса. Неспакой гасцей нагадаў Каломбе пра абавязкі гаспадыні. Яна паспрабавала ўсміхнуцца, прымусіла палкоўніка сесці за стол і, каб растлумачыць братава спазненне, знаходзіла дваццаць верагодных прычынаў, якія сама ж праз хвіліну разбурала. Лічачы, што супакоіць жанчын — гэта яго мужчынскі абавязак, палкоўнік таксама прапанаваў сваё тлумачэнне:
— Гатовы спрачацца, што дэла Рэбія напаткаў дзічыну; ён не здолеў утрымацца і неўзабаве вернецца з поўнымі саквамі. Д’ябал! Мы ж чулі дарогаю чатыры стрэлы. Два былі мацнейшыя за іншыя, я сказаў дачцэ: іду ў заклад, што гэта дэла Рэбія палюе. Адно мая стрэльба можа нарабіць такога шуму.
Каломба збялела, і міс Лідзія, што пільна назірала за ёю, лёгка зразумела, якія падазрэнні абудзіла ў яе палкоўнікава здагадка. Памаўчаўшы некалькі хвілін, Каломба раптам спыталася, цішэйшыя ці мацнейшыя стрэлы пачуліся першыя. Але ні палкоўнік, ні ягоная дачка, ані праваднік не звярнулі вялікае ўвагі на такі важны факт.
Ніхто з людзей, дасланых Каломбаю на пошукі, не вярнуўся, і каля першае гадзіны яна сабрала ўсю сваю мужнасць і прымусіла гасцей сесці за стол; але, апроч палкоўніка, ніхто не мог есці. На любы шум з плошчы Каломба бегла да акна, вярталася сумная і зусім сумна намагалася працягваць з сябрамі нейкую нязначную размову, якая нікога не цікавіла і якая часам перапынялася доўгім маўчаннем.
Раптам усе пачулі тупат каня.
[122] Мімавольныя чары вачыма ці словамі (аўт.).
[123] Калі нейкі недаверлівы паляўнічы не дасць веры двайному стрэлу пана дэла Рэбія, прапаную яму схадзіць у Сартэн, дзе яму раскажуць, як адзін з найпрыстойнейшых і шаноўных жыхароў гэтага горада адстраляўся адзін з перабітаю леваю рукой, быўшы ў такім самым небяспечным становішчы (аўт.).