— Браце,— закрычала Каломба,— пачакайце хаця б да заўтрашняе раніцы. Дайце мне перагледзець бацькавы паперы... Вы не можаце мне адмовіць гэтага.
— Згода, глядзі іх сёння ўвечары, пранамсі, пасля ты не будзеш мне дакучаць гэтай шалёнаю нянавісцю... Даруйце, пане прэфект... Мне так няёмка... Лепш заўтра.
— Пераначуем — больш пачуем,— сказаў прэфект, выходзячы.— Спадзяюся, што заўтра вашы ваганні скончацца.
— Саверыя,— паклікала Каломба.— Вазьмі ліхтар і праводзь пана прэфекта. Ён дасць табе ліст да майго брата.
Яна дадала некалькі словаў, якія пачула адно Саверыя.
— Каломба,— сказаў Орса, калі прэфект пайшоў,— ты мяне змучыла. Ты ўсё яшчэ адмаўляешся верыць відавочнаму?
— Вы мне далі час да заўтра,— сказала яна.— Часу мала, але я яшчэ спадзяюся.
Яна ўзяла нізку ключоў і пабегла наверх. Адтуль было чуваць, як яна паспешліва адмыкае шуфляды і капаецца ў секрэтэры, дзе палкоўнік дэла Рэбія замыкаў калісьці важныя паперы.
XIV
Саверыі доўга не было, і Орсава нецярплівасць дасягнула крайняе мяжы, калі яна нарэшце з’явілася, несучы ліст і ведучы маленькую Кіліну, якая церла вочы, бо адно яна паспела заснуць, як яе пабудзілі.
— Дзіця,— спытаўся Орса,— чаго ты прыйшла сюды ў такі час?
— Мяне паклікала панна,— адказала Кіліна.
«Якога д’ябла яна ад яе хоча?» — падумаў Орса, але ён спяшаўся раскрыць ліст міс Лідзіі. Пакуль ён чытаў, Кіліна пайшла да яго сястры.
Тры ці чатыры разы перачытваў Орса гэты ліст і кожны раз даваў яму ў думках безліч каментарыяў. Пасля ён напісаў доўгі адказ і выправіў Саверыю занесці яго аднаму вяскоўцу, што тае ж ночы ад’язджаў у Аяча. Ён і не думаў ужо абмяркоўваць з сястрою справядлівасць прэтэнзіяў Барычыні; пасля ліста міс Нэвіл увесь свет бачыўся яму ў ружовым колеры, не было ў яго больш ні падазрэнняў, ані нянавісці. Счакаўшы нейкі час, што сястра спусціцца, і не дачакаўшыся яе, ён пайшоў спаць з лёгкім як ніколі сэрцам. Даслаўшы Кіліну выконваць нейкія патаемныя даручэнні, Каломба прабавіла большую частку ночы, перачытваючы старыя паперы. Яшчэ не заняўся дзень, як хтосьці кінуў некалькі каменьчыкаў ёй у акно; на гэты знак яна выйшла ў сад, адчыніла патаемную брамку і ўвяла ў дом двух мужчын вельмі няпэўнага выгляду. Першым яе клопатам было завесці іх на кухню і накарміць. Што гэта былі за людзі, вы хутка даведаецеся.
XV
Уранку, гадзіне а шостай, прэфектаў чаляднік пастукаўся ў дзверы Орсавага дома. Ён сказаў Каломбе, што прэфект збіраецца ад’язджаць і чакае яе брата. Не вагаючыся, Каломба адказала, што брат упаў на сходах і падверадзіў нагу; не могучы ступіць ні кроку, ён моліць пана прэфекта дараваць яму і быў бы надзвычай удзячны, калі б прэфект зрабіў ласку прыйсці да яго. Неўзабаве спусціўся Орса і спытаўся ў сястры, ці не дасылаў па яго прэфект.
— Ён прасіў пачакаць яго тут,— адказала яна з самым упэўненым выглядам.
Мінула паўгадзіны, а з боку дома Барычыні не відаць было аніякага руху; тым часам Орса спытаўся ў Каломбы, ці знайшла яна што-небудзь. Яна адказала, што распавядзе ўсё, калі прыйдзе прэфект. Каломба здавалася спакойнаю, але колер твару і вочы выдавалі яе ліхаманкавую ўзрушанасць.
Нарэшце дзверы ў доме Барычыні адчыніліся. Прэфект у дарожнай вопратцы выйшаў першы, за ім ішоў мэр з сынамі. Як жа задзівіліся жыхары П’етранэры, што ад узыходу сонца пільнавалі ад’езду найвышэйшага прадстаўніка ўлады ў дэпартаменце, калі ўбачылі, што ён з трыма Барычыні напрасткі перасякае плошчу і ўваходзіць у дом дэла Рэбія.
— Яны мірацца! — закрычалі вясковыя палітыкі.
— Я ж вам казаў,— дадаў адзін стары,— Орса Антоніа занадта доўга жыў на кантыненце, каб дзейнічаць як сапраўдны мужчына.
— Але ж заўважце,— адказаў нейкі рэбіяніст,— што Барычыні першыя ідуць да яго. Яны просяць літасці.
— Гэта прэфект іх усіх акруціў,— заўважыў стары.— Цяпер ужо няма даўнейшае мужнасці. Маладыя клапоцяцца пра бацькоўскую кроў так, нібы яны ўсе байструкі.
Прэфект быў вельмі здзіўлены, убачыўшы, што Орса на нагах і спакойна ходзіць. Каломба коратка расказала пра сваю ману і папрасіла прабачэння:
— Каб вы былі дзе ў іншым месцы, пане прэфект, мой брат яшчэ ўчора прыйшоў бы засведчыць вам сваю павагу.
Орса таксама пачаў прасіць прабачэння, упэўніваючы, што ён нічога не ведаў пра гэты благі хітрык, які й яго самога глыбока абражае. Здавалася, што прэфект і стары Барычыні паверылі ў шчырасць Орса, падмацаваную, дарэчы, яго збянтэжанасцю і папрокамі, што ён кідаў сястры; але сыноў мэра гэта, відаць, не задаволіла.
— З нас насміхаюцца! — сказаў Арландуча дастаткова голасна, каб яго ўсе пачулі.
— Каб мая сястра так штукарыла са мною,— сказаў Вінчэнтэла,— я б хутка адбіў у яе ахвоту да такіх фартэляў.
Гэтыя словы і тон, якім яны былі сказаны, не спадабаліся Орса і прыглушылі яго жаданне мірыцца. Ён абмяняўся з маладымі Барычыні поглядамі, у якіх не было ні драбінкі зычлівасці.
Тым часам усе селі, за выключэннем Каломбы, якая стаяла ля дзвярэй на кухню. Прэфект пачаў прамову і, сказаўшы некалькі агульных словаў пра мясцовыя забабоны, нагадаў, што большасць выпадкаў самае зацятае варажнечы мелі прычынаю ўсяго толькі непаразуменне. Пасля, звяртаючыся да мэра, сказаў, што пан дэла Рэбія ніколі не верыў, што род Барычыні мог браць непасрэдны ўдзел у гэтым прыкрым здарэнні, у выніку якога ён страціў бацьку; што на самой справе ў яго захавалася нейкае сумненне адносна аднае акалічнасці працэсу, які вёўся паміж дзвюма сем’ямі, што гэтае сумненне можна дараваць, улічваючы доўгую адсутнасць пана Орса і характар звестак, ім атрыманых; што зараз, перакананы апошнімі фактамі, ён жадае завязаць сяброўскія і добрасуседскія адносіны з панам Барычыні і ягонымі сынамі.