— Ніхто больш за мяне не перакананы ў сумленнасці палкоўніка дэла Рэбія...— гаварыў прэфект.— Але... аўтар гэтага ліста зараз ужо вядомы.
— Хто? — ускрыкнула Каломба, падаўшыся да прэфекта.
— Адзін мярзотнік, вінны ў шматлікіх злачынствах.., у такіх, якіх вы, карсіканцы, не даруеце, злодзей, нехта Тамаза Б’янчы, што зараз сядзіць у Бастыйскім астрозе, прызнаўся, што ён аўтар гэтага згубнага ліста.
— Я не ведаю гэтага чалавека,— сказаў Орса.— З якою мэтай ён мог гэта зрабіць?
— Гэта чалавек з нашых мясцін,— сказала Каломба.—
Брат былога наша млынара. Гэта зласлівец і хлус, не варты ніякага даверу.
— Зараз убачыце,— сказаў прэфект,— які інтарэс меў ён у гэтай справе. Млынар, пра якога гаворыць ваша сястра,— ён зваўся, здаецца, Тэадор,— арандаваў у палкоўніка млын на раўчуку, валоданне якім пан Барычыні аспрэчваў у вашага бацькі. Палкоўнік, чалавек велікадушны, не меў амаль ніякае выгоды ад гэтага млына. I вось Тамаза палічыў, што, калі пан Барычыні адсудзіць раўчук, ён змусіць яго плаціць значную арэндную плату, бо ўсе ведаюць, што пан Барычыні грошы любіць. Карацей, каб падтрымаць брата, Тамаза падрабіў ліст ад бандыта, вось і ўся справа. Вы ведаеце, што родавыя сувязі на Корсіцы такія моцныя, што часам вымушаюць ісці на злачынства... Калі ласка, пазнаёмцеся з лістом, які даслаў мне генеральны пракурор, ён пацвердзіць вам тое, што я толькі што сказаў.
Орса прабег вачыма ліст, у якім дэталёва апісваліся прызнанні Тамаза, Каломба чытала з ім разам, гледзячы цераз плячук.
Прачытаўшы, яна сказала:
— Арландуча Барычыні ездзіў у Бастыю месяц таму, калі стала вядома, што мой брат маецца вярнуцца. Ён, напэўна, бачыўся з Тамаза і заплаціў яму за гэтую хлусню.
— Васпанна,— сказаў прэфект нецярпліва,— вы ўсё тлумачыце нейкімі агіднымі махлярствамі; хіба гэта сродак знайсці праўду? Вы, пане дэла Рэбія, больш разважлівы, скажыце, што вы цяпер пра гэта думаеце? Няўжо вы, як і ваша сястра, верыце, што чалавек, на якім ляжыць усяго толькі досыць нязначнае абвінавачванне, з лёгкаю душою возьме на сябе віну за злачынную падробку, каб зрабіць ласку камусьці, каго ён не ведае?
Орса перачытаў ліст генеральнага пракурора, узважваючы кожнае слова з надзвычайнаю ўвагаю; бо з таго часу, як ён убачыў адваката Барычыні, ён адчуў, што пераканаць яго стала куды цяжэй, чым некалькі дзён таму. Нарэшце ён мусіў прызнаць, што тлумачэнне здаецца задавальняючым. Але Каломба закрычала:
— Тамаза Б’янчы хлус! Яго не будуць судзіць альбо ён уцячэ з астрога, я ўпэўнена.
Прэфект паціснуў плячыма.
— Я азнаёміў вас, пане, з атрыманымі звесткамі. Я развітваюся і пакідаю вас вашым развагам. Пачакаю, пакуль розум падкажа вам выйсце, і спадзяюся, што ён будзе мацнейшы за... здагадкі вашае сястры.
Орса прамовіў колькі словаў, каб апраўдаць Каломбу, і паўтарыў, што цяпер верыць, што Тамаза адзіны вінаваты.
Прэфект падняўся.
— Каб не было так позна, я б прапанаваў вам пайсці са мною па ліст міс Нэвіл... Заадно вы б мелі магчымасць паўтарыць пану Барычыні тое, што толькі што сказалі мне, і ўсё было б скончана.
— Ніколі Орса дэла Рэбія не ўвойдзе ў дом Барычыні! — імпэтна выкрыкнула Каломба.
— Здаецца, у вашай сям’і ролю tintinajo[114] адыгрывае панна Каломба,— насмешліва сказаў прэфект.
— Васпане,— сказала Каломба цвёрда,— вас ашукваюць. Вы не ведаеце адваката. Гэта самы хітры, самы хлуслівы з усіх людзей. Заклінаю вас, не вымушайце Орса рабіць учынак, які пакрые яго ганьбаю.
— Каломба,— закрычаў Орса,— ты не думаеш, што гаворыш.
— Орса! Орса! Скарбонкаю, што я дала вам, малю, паслухайцеся мяне. Між вамі і Барычыні кроў, вы не пойдзеце да іх!
— Сястра!
— Не, браце, вы не пойдзеце, альбо я пакіну гэты дом, і вы мяне больш не ўбачыце... Орса, пашкадуйце мяне.
I яна ўкленчыла.
— Шкада,— сказаў прэфект,— што панна дэла Рэбія, такая неразважлівая. Я ўпэўнены, што вы яе пераканаеце.
Ён прыадчыніў дзверы і спыніўся, нібы чакаючы, што Орса пойдзе за ім.
— Я не магу пакінуць яе зараз,— сказаў Орса.— Заўтра, калі...
— Я выязджаю рана,— сказаў прэфект.
[114] Так завецца баран з бомкаю, што вядзе статак, па аналогіі такую ж назву даюць члену сям’і, які кіруе ёю ва ўсіх важных справах (аўт.).