— Шарль-Батыст! Хрыстос прыме няхай душу тваю! — Жыццё — гэта пакуты. Ты ідзеш у мясціны,— дзе няма ні спёкі, ані холаду.— Не патрэбны ўжо табе ні серп твой,— ані цяжкая твая матыка.— Не трэба табе больш працаваць.— Цяпер табе ўсе дні — нядзелькі.— Шарль-Батыст! Хрыстос супакоіць душу тваю! — Твой сын гаспадарыць у хаце тваёй.— Бачыла я, як упаў дуб,— ссушаны ветрам паўднёвым.— Я думала, ён памёр.— Зноў прыйшла я туды,— а корань яго пусціў парастак.— Парастак вырас у дуб — густы і разгалісты.— Пад магутным голлем яго адпачні, Мадэле,— і думай пра той дуб, якога ўжо болей няма.
Тут Мадлена загаласіла, а два-тры мужчыны, што пры нагодзе стралялі б па хрысціянах таксама спакойна, як па курапатках, пачалі сціраць буйныя слёзы з засівералых шчок.
Так Каломба спявала нейкі час, звяртаючыся то да памерлага, то да ягонае сям’і, часам, як гэта часта робіцца ў ballata, яна гаварыла ад асобы нябожчыка, суцяшаючы яго блізкіх альбо даючы ім парады. Падчас спеву аблічча яе набывала ўзнёслы выраз, твар рабіўся празрыста-ружовым, што яшчэ больш падкрэслівала бель яе зубоў і полымя ў расшыраных зрэнках. Гэта была ўжо вяшчуння каля зніча. За выключэннем рэдкіх уздыхаў, прыглушанага плачу з натоўпу, што тлуміўся вакол яе, не даносілася нават шэпту. Менш успрыімлівы, чым хто іншы да гэтае дзікае паэзіі, Орса ўсё адно адчуваў, што агульнае ўзнясенне захапіла і яго. Заціснуты ў змрочным кутку, ён заплакаў па П’етры, нібы па родным бацьку.
Раптам натоўп злёгку зрушыўся, кола расступілася, і ўвайшлі нейкія незнаёмыя. Мяркуючы па павазе, з якою людзі расступіліся, каб прапусціць іх, то былі людзі шаноўныя, і прыход іхні рабіў дому гонар. I ўсё адно, шануючы ballata, ніхто не загаварыў з імі. Чалавеку, што ўвайшоў першы, было год сорак. Чорная вопратка, чырвоная ордэнская стужачка, уладны і ўпэўнены выраз твару выдавалі ў ім прэфекта. За ім ішоў сутулы стары з жаўтушным тварам; зялёныя акуляры не маглі схаваць яго баязлівы і занепакоены погляд. Ён быў у чорным зашырокім для яго постаці адзенні; хоць адзенне гэтае было яшчэ зусім новае, можна было вызначыць, што яно шмат гадоў праляжала ў шафе. Увесь час ён трымаўся побач з прэфектам, нібы хацеў схавацца ў яго цяні. Нарэшце за ім увайшлі два дзецюкі з загарэлымі тварамі, з пышнымі бакамі, якія хавалі шчокі, з вачыма ганарлівымі і напышнымі, што выдавалі дзёрзкую цікаўнасць да падзеяў. Орса меў досыць часу, каб забыць твары людзей са свайго мястэчка, але выгляд старога ў зялёных акулярах адразу ж абудзіў старыя ўспаміны. Ужо таго, што ён прыйшоў разам з прэфектам, дастаткова было, каб здагадацца, хто ён такі. Гэта быў адвакат Барычыні, мэр П’етранэры. Ён і яго сыны запрасілі прэфекта паслухаць ballata. Цяжка было вызначыць, што адбылося ў гэты момант у Орсавай душы, але прысутнасць бацькавага ворага выклікала ў ім нейкую злосць; больш чым калі ён адчуў, што яго апаноўваюць падазрэнні, якія ён так доўга гнаў ад сябе.
Калі Каломба ўбачыла чалавека, якога яна насмерць ненавідзела, яе рухавы твар адразу ж набыў змрочны выгляд. Яна збялела, голас яе зрабіўся сіпаты, пачаты верш захлынуўся на вуснах... Але хутка яна з новым імпэтам павяла сваю ballata:
«Калі ястраб гаруе — ля пустога гнязда,— шпакі носяцца навокал,— насміхаючыся з ягонага гора».
Тут пачуўся прыдушаны смяшок; смяяліся два маладыя чалавекі, што нядаўна прыйшлі. Відаць, яны палічылі параўнанне за занадта дзёрзкае.
«Ястраб абудзіцца, ён выпрастае свае крылы,— абмые ў крыві сваю дзюбу! — А табе, Шарль-Батыст, няхай сябры скажуць сваё апошняе «бывай».— Досыць пралілі яны слёз.— Адно бедная сіраціна не будзе аплакваць цябе.— Навошта ёй плакаць па табе? — Ты нямала пажыў,— заснуў ты ў сваёй хаце,— гатовы паўстаць перад Усемагутным.— Сіраціна плача па сваім бацьку,— забітым у спіну подлымі забойцамі.— Па сваім бацьку, чыя кроў чырванее — пад капцом зялёнай лістоты.— Але яна сабрала яго кроў — высакародную бязвінную кроў,— і акрапіла ёю П’етранэру,— каб яна стала смяротнаю атрутай.— I П’етранэра не змые гэтае крыві,— аж пакуль кроў вінаватага — не заліе сляды крыві бязвіннага».
Даспяваўшы гэтыя словы, Каломба знясілена апусцілася на крэсла, закрыла твар вуалькаю, і людзі пачулі, што яна плача. Заплаканыя жанчыны абступілі імправізатарку, шмат хто з мужчын кідаў злыя погляды на мэра і яго сыноў, старыя наракалі на іх прыход, які выклікаў гэты скандал. Сын памерлага праціснуўся скрозь натоўп, намерваючыся прасіць мэра пакінуць дом чым хутчэй, але той не стаў чакаць запрашэння. Ён рушыў да дзвярэй, сыны былі ўжо на дварэ. Прэфект выказаў свае спачуванні маладому П’етры і амаль адразу ж накіраваўся за адвакатам. Орса падышоў да сястры, узяў яе пад руку і вывеў з залы.
— Праводзьце іх,— сказаў П’етры сваім сябрам.— Глядзіце, каб нічога з імі не здарылася.
Два ці тры хлопцы хутка ўклалі свае стылеты ў левыя рукавы куртак і правялі Орса з сястрою да дзвярэй іхняга дома.
XIII
Задыханая і зняможаная Каломба не магла вымавіць ні слова. Яна нахіліла галаву брату на плячук і сціснула яго руку пальцамі. I хаця ў душы Орса сердаваў на сястру за фінал ballata, але ён быў занадта ўстрывожаны, каб папракаць яе. Ён моўчкі чакаў заканчэння нервовага прыступу, калі ў дзверы пастукалі, у пакой увайшла разгубленая Саверыя і абвясціла: «Пан прэфект!» Пачуўшы гэтыя словы, Каломба ўзнялася, бы засаромеўшыся сваёй слабасці, і абаперлася рукою на спінку крэсла, якое заўважна дрыжала пад яе рукою.
Прэфект вымавіў некалькі банальных фраз, просячы прабачэння за неналежны час візіту, паспачуваў панне Каломбе, пагаварыў пра небяспеку моцных хваляванняў, асудзіў звычай пахавальных галашэнняў, якія праз талент імправізатаркі робяцца больш пакутлівымі для прысутных. Тут ён спрытна падпусціў лёгкі папрок за змест апошняе імправізацыі. Потым змяніў тон:
— Пане дэла Рэбія, я павінны перадаць вам масу прывітанняў ад вашых англійскіх сяброў; міс Нэвіл шчыра вітае вашу сястру. Ад яе маю для вас ліст.
— Ліст ад міс Нэвіл? — ускрыкнуў Орса.
— На жаль, ён не пры мне, але вам прынясуць яго праз пяць хвілін. Бацька міс Нэвіл хварэў. Быў момант, калі мы баяліся, што ён не адужае нашае жахлівае ліхаманкі. На шчасце, зараз ён акрыяў, і вы самі ў гэтым пераканаецеся, бо хутка, я думаю, яго ўбачыце.
— Пэўна, міс Нэвіл вельмі перажывае?
— На шчасце, яна даведалася пра небяспеку, калі тая ўжо адступіла. Пане дэла Рэбія, міс Нэвіл багата распавядала мне пра вас і пра вашу сястру.
Орса злёгку пакланіўся.
— Яна з вялікаю прыязнасцю ставіцца да вас абодвух. Пад такою далікатнаю знешнасцю, пад вонкаваю гарэзлівасцю ў ёй хаваецца сапраўды выдатны розум.
— Цудоўная дзяўчына,— сказаў Орса.
— Я прыйшоў сюды амаль што толькі з-за яе просьбы. Ніхто лепш за мяне не ведае гэтае фатальнае гісторыі, пра якую я не хацеў бы вам нагадваць. Як пан Барычыні яшчэ мэр П’етранэры, а я — прэфект дэпартамента, то мне не трэба казаць вам, як я стаўлюся да пэўных падазрэнняў, якія, калі мяне слушна інфармавалі, вам намаўляюць некаторыя неабачлівыя асобы і якія вы, як я ведаю, адкідаеце з абурэннем, як і належыць чалавеку вашага стану і характару.
— Каломба,— сказаў Орса, засоўгаўшыся ў сваім крэсле,— ты стамілася, можа б, ты пайшла спаць?
Каломба адмоўна хітнула галавою. Да яе зноў вярнулася яе звычайная спакайната, і яна не адводзіла ад прэфекта палымяных вачэй.
— Пан Барычыні,— гаварыў прэфект,— вельмі хацеў бы спыніць гэтую варажнечу... ці то гэтае няпэўнае становішча, у якім вы апынуліся... З свайго боку, я быў бы рады бачыць, што вы маеце адносіны, якіх павінны трымацца людзі, створаныя, каб паважаць адно аднаго...
— Васпане,— усхвалявана перапыніў яго Орса,— я ніколі не вінаваціў адваката Барычыні ў забойстве майго бацькі, але ён зрабіў учынак, які заўжды будзе перашкаджаць мне мець з ім нейкія адносіны. Ён падрабіў пагрозлівы ліст ад аднаго бандыта... прынамсі, ён пусціў чутку, што той спрыяў майму бацьку. Урэшце, васпане, гэты ліст, напэўна, і стаўся ўскоснай прычынай бацькавай смерці.
Прэфект на хвіліну задумаўся.
— Ну няхай ваш бацька паверыў у гэта і, паддаўшыся імпэтнасці свайго характару, пачаў судзіцца з панам Барычыні, гэта можна дараваць; але з вашага боку падобная слепата недапушчальная. Падумайце, дзеля чаго Барычыні меў падрабляць гэты ліст... Я не кажу ўжо пра ягоны характар... вы яго зусім не ведаеце, вы настроены супраць яго... але не дапускаеце ж вы, што чалавек, які ведае законы...
— Але, васпане,— сказаў Орса, падымаючыся,— падумайце: сказаць, што гэты ліст не падробка Барычыні, значыць, прыпісаць яго майму бацьку. Ягоны гонар, васпане, гэта мой гонар.