— Порах табе даслала Каломба, а гэта ад мяне на чаравікі.
— Без глупстваў, пане лейтэнант,— закрычаў Брандалача, вяртаючы яму абедзве манеты.— Вы лічыце мяне за жабрака? Я прымаю хлеб і порах, але больш нічога не хачу.
— Я падумаў, што старыя салдаты могуць дапамагчы адзін аднаму. То да пабачэння!
Але да таго як пайсці, ён неўпрыкмет паклаў грошы ў бандытаву торбу.
— Бывайце, Орс Антон! — сказаў тэолаг.— Можа быць, днямі мы сустрэнемся ў макі і зноў будзем абмяркоўваць Віргілія.
Мінула ўжо чвэрць гадзіны, як Орса пакінуў сваіх сумленных таварышаў, калі ён пачуў, што нехта бяжыць за ім з усяе моцы. Гэты быў Брандалача.
— Гэта ўжо занадта, пане лейтэнант,— закрычаў ён, засопшыся.— Ужо занадта! Вось вашы дзесяць франкаў! Каму іншаму я б не папусціў такіх кпінаў. Мае прывітанні панне Каломбе. Цераз вас я зусім засопся! Да пабачэння.
XII
Каломба трохі непакоілася ад доўгае адсутнасці Орса, але, убачыўшы яго, яна зноў набыла той выгляд самотнае ўрачыстасці, які мела заўжды. Падчас вячэры яны гутарылі пра розныя дробязі, і Орса, насмелены спакойным выглядам сястры, распавёў пра сустрэчу з бандытамі і нават дазволіў сабе трохі пажартаваць наконт маральнае і рэлігійнае адукацыі, якую малая Кіліна атрымлівала, дзякуючы клопату свайго дзядзькі і яго шаноўнага калегі, васпана Кастрыконі.
— Брандалача сумленны чалавек,— сказала Каломба.— А што да Кастрыконі, дык я чула, што гэта чалавек без прынцыпаў.
— Здаецца мне,— сказаў Орса,— што ён варты Брандалача, а Брандалача варты яго. Абодва вядуць адкрытую вайну супроць грамадства. Першае злачынства прымушае іх штодня рабіць новыя. I ўсё ж такі яны, мабыць, не так вінаватыя, як шмат хто з тых, хто не жыве ў макі.
Сполах радасці прабег па твары Каломбы.
— Так,— гаварыў Орса.— На свой лад гэтыя няшчасныя маюць гонар. Жорсткі забабон, а не нізкая сквапнасць кідае іх у тое жыццё, якое яны вядуць.
На хвіліну запанавала ціша.
— Браце,— сказала Каломба, наліваючы яму кавы,— вы, мабыць, ведаеце, што ў мінулую ноч памёр Шарль-Батыст П’етры. Ён памёр ад балотнае ліхаманкі.
— Хто гэты П’етры?
— Адзін чалавек з нашага сяла, муж Мадлены, якая прыняла нататнік у нашага бацькі, калі ён канаў. Удава прасіла мяне пасядзець пры нябожчыку і што-небудзь паспяваць. Вам таксама варта было б прыйсці. Яны нашы суседзі, а гэта знак увагі, без якога нельга абысціся ў такіх маленькіх селішчах, як наша.
— Наліха ты туды пойдзеш, Каломба! Я зусім не хачу, каб мая сястра давала такія спектаклі.
— Орса,— сказала Каломба,— кожны ўшаноўвае памерлых на свой лад. Ballata прыйшла нам ад продкаў, і мы павінны шанаваць яе як старадаўні звычай. Мадлена не мае да гэтага здольнасцяў, а старая Ф’ёрдыспіна, найлепшая плакальшчыца ў нашых мясцінах, хворая. Трэба ж, каб нехта праспяваў ballata.
— Ты лічыш, што Шарль-Батыст не знойдзе сваёй дарогі ў іншы свет, калі над ягонаю труной не будуць спяваць благіх вершаў? Ідзі да нябожчыка, калі хочаш; я пайду з табою, калі ты лічыш, што так трэба, але не спявай, непрыстойна гэта рабіць у тваім узросце і... я прашу цябе, сястра.
— Браце, я паабяцала. Такі звычай, вы ж ведаеце, і, паўтараю, адна я магу спяваць.
— Дзіўны звычай!
— Я шмат пакутую, спяваючы. Я ўзгадваю ўсе нашыя беды. Заўтра я буду ад гэтага хворая, але так трэба. Дазвольце мне гэта, браце. Уздумайце, у Аяча вы загадалі мне імправізаваць, каб забавіць гэтую англійскую панну, што насміхаецца з нашых старых звычаяў. Ці магу я не паспяваць сёння для гэтых бедных людзей, якія будуць мне ўдзячныя і якім гэта дапаможа перажыць гора?
— Добра, рабі як хочаш. Я ўпэўнены, што ты ўжо склала сваю ballata і не хочаш ад яе адмовіцца.
— Не, браце, я не магла б скласці яе загадзе. Я станаўлюся каля памерлага і думаю пра тых, што засталіся. Слёзы набягаюць мне на вочы, і тады я спяваю што ўздумаецца.
Усё гэта было сказана з такою шчырасцю, што немагчыма было западозрыць Каломбу ў нейкім творчым самалюбстве. Орса скарыўся і пайшоў з сястрою ў дом П’етры. Нябожчык з адкрытым тварам ляжаў на стале ў самым вялікім пакоі ў доме. Дзверы і вокны былі адчынены, а вакол стала гарэла безліч свечак. У галавах нябожчыка стаяла ўдава, а за ёю шмат жанчын. Яны займалі ўсю гэтую частку пакоя, з другога боку стаялі мужчыны з непакрытымі галавамі, яны пільна глядзелі на нябожчыка і маўчалі. Кожны новы наведнік падыходзіў да стала, цалаваў нябожчыка, ківаў галавою ўдаве і яе сыну і моўчкі станавіўся ў кола. Тым не меней час ад часу хто-небудзь з прысутных парушаў урачыстае маўчанне, прамаўляючы некалькі словаў да памерлага.
— А нашто ж ты сваю жонку пакінуў? — казала каторая з суседак.— Хіба яна цябе не даглядала? А чаго ж табе не ставала? А чаму ж ты не пажыў яшчэ месяц? Твая нявестка ўнука б табе нарадзіла.
Высокі дзяцюк, сын П’етры, сціснуў халодную бацькаву руку і голасна сказаў:
— О! Чаму ж ты не памёр malemort?[113] Мы б за цябе адпомсцілі.
Гэта былі першыя словы, якія пачуў Орса, увайшоўшы. На іхні прыход людзі расступіліся, і лёгкі цікаўны шэпт выдаў узрушаную ўвагу грамады да з’яўлення voceratrice. Каломба пацалавала ўдаву, узяла яе за руку і, апусціўшы вочы долу, засяродзілася на некалькі хвілін. Пасля яна адкінула сваю вуаль, нахілілася да нябожчыка, пільна гледзячы на ягоны твар і, збялеўшы амаль таксама, як і ён, пачала:
[113] La mala morte — гвалтоўная смерць.