— Сапраўды складанае становішча. I што ж вы зрабілі?
— Гэта якраз той выпадак, калі трэба звярнуцца да крэменю ў стрэльбе[108].
— Дык значыць...
— Я яму ўклеіў кулю ў лоб,— холадна сказаў бандыт.
Орса скалануўся ад жаху. Але цікаўнасць і, магчыма, таксама жаданне прыпазніць хвіліну, калі трэба будзе вяртацца дадому, прымусілі яго застацца на месцы і працягваць гаворку з гэтымі людзьмі, кожны з якіх меў, прынамсі, адно забойства на сваім сумленні.
Пакуль таварыш гаварыў, Брандалача паклаў перад ім хлеба і мяса, потым надзяліў сябе, затым настала чарга сабакі. Бандыт сказаў Орса, што ён завецца Бруска і мае дзівосную здольнасць пазнаваць вальтыжораў, як бы яны ні пераапрануліся. Нарэшце ён адрэзаў лусту хлеба і кавалак сырога кумпяка і даў пляменніцы.
— Жыццё ў бандыта цудоўнае,— сказаў студэнт-тэолаг, праглынуўшы некалькі кавалкаў.— Можа быць, некалі вы яго спазнаеце, пане дэла Рэбія, і тады ўбачыце, як соладка не мець іншага гаспадара, апроч свайго капрызу.
Дагэтуль бандыт гаварыў па-італьянску, а далей перайшоў на французскую.
— Для свецкага маладога чалавека Корсіка не надта забаўная краіна, але для бандыта — зусім іншая справа! Жанчыны шалеюць па нас. Вось я, напрыклад, маю тры каханкі ў трох розных кантонах. Паўсюль я дома. А адна з іх — жандарава жонка.
— Вы, васпане, добра ведаеце мовы,— сказаў Орса сур’ёзна.
— Калі я гавару па-французску, дык гэта, ведаеце, таму, што maxima debetur pueris reverentia[109]. Мы з Брандалача хочам, каб малая не нарабіла глупстваў і ўсё ў яе было як мае быць.
— Калі ёй міне пятнаццаць год,— сказаў Кілінін дзядзька,— я добра выдам яе замуж. Я ўжо нагледзеў ёй хлопца.
— Дык прапанову будзеш рабіць ты? — спытаўся Орса.
— Пэўна ж. Няўжо вы думаеце, што калі я скажу якому-небудзь тутэйшаму багатыру: «Я, Бранда Савэлі, быў бы рады, каб ваш сын ажаніўся з Мікелінаю Савэлі», дык яго давялося б цягнуць за вушы?
— Не раіў бы яму ўпарціцца,— сказаў другі бандыт.— У майго таварыша трохі зацяжкая рука.
— Калі б я быў недавярак, навалач, махляр,— працягваў Брандалача,— мне варта было б адно расшпіліць сваю каліту і манеты па сто су паплылі б туды патокам.
— Дык у тваёй каліце ёсць нешта, што іх вабіць? — сказаў Орса.
— Не, але каб я, як некаторыя робяць, напісаў якому багатыру: «Мне трэба сто франкаў», ён бы даслаў мне іх чым хутчэй. Але я, пане лейтэнант, сумленны чалавек.
— Ці ведаеце вы, пане дэла Рэбія,— сказаў бандыт, якога таварыш называў кюрэ,— ці ведаеце вы, што ў гэтай краіне, дзе звычаі такія шчырыя, ёсць, аднак, некалькі паганцаў, інто злоўжываюць павагаю, якую мы выклікаем з дапамогаю нашых пашпартоў (і ён паказаў сваю стрэльбу), і пішуць вэксалі, падрабляючы нашы почыркі?
— Ведаю,— хутка адказаў Орса.— Але якія вэксалі?
— З паўгода таму я прагульваўся каля Арэца, і тут да мяне падыходзіць нейкі вясковы ёлуп, яшчэ здалёк скідае шапку і кажа: «Ах, пане кюрэ (яны заўжды мяне так клічуць), даруйце мне, дайце яшчэ часу, я даў рады знайсці адно пяцьдзесят пяць франкаў, але, дальбог, гэта ўсё, што здолеў наскрэбці». Я здзівіўся: «Што ты чаўпеш, лайдак, якія пяцьдзесят пяць франкаў?» — «Я хацеў сказаць шэсцьдзесят пяць,— адказвае.— Але сотню, што вы патрабуеце, зараз сабраць не магу».— «Як, халера, я патрабую ў цябе сто франкаў! Ды я цябе не ведаю!» Тады ён дае мне ліст, ці, хутчэй, нейкі брудны шматок, у якім яму прапанавана пакласці сто франкаў у прызначанае месца, інакш Джаканта Кастрыконі, гэта значыць я, спаліць ягоны дом, а каровы пазабівае. I хапіла ж некаму нахабства падрабіць мой подпіс! А больш за ўсё мяне ўзлавала тое, што ліст быў напісаны на гаворцы, з кучаю арфаграфічных памылак... Каб я рабіў арфаграфічныя памылкі! Я, які перамагаў ува ўсіх універсітэцкіх конкурсах! Я пачаў з таго, што ўехаў гэтаму паскудніку па мызе так, што ён два разы перакуліўся. «Як, мярзотнік, ты лічыш мяне за злодзея!» — кажу я і даю яму добрага выспятка, самі ведаеце куды. Трохі супакоіўшыся, пытаюся: «Калі ты павінен занесці гэтыя грошы ў прызначанае месца?» — «Ужо сёння». Месца было апісана дакладна: у карэнні аднае хвоі. Ён адносіць грошы, закопвае іх пад дрэвам і вяртаецца да мяне. Я схаваўся паблізу. Я прасядзеў там з гэтым чалавекам шэсць пакутлівых гадзін. Пане дэла Рэбія, каб спатрэбілася, я б праседзеў там тры дні. Праз шэсць гадзін з’яўляецца нейкі Bastiaccio[110], гнюсны ліхвяр. Ён нагінаецца, каб узяць грошы, я страляю, ды так трапна, што галава яго трапляе якраз на манеты, якія ён адкопваў. «А зараз, ёлуп,— кажу я селяніну,— забірай свае грошы і не думай болей падазраваць у подласці Джаканта Кастрыконі». Калоцячыся, небарака сабраў свае шэсцьдзесят пяць франкаў, нават не спрабуючы абцерці іх. Ён дзякуе мне, я даю яму на развітанне добрага выспятка, і ён ляціць адтуль стрыжом.
— Ах, кюрэ,— сказаў Брандалача,— зайздрошчу табе за такі стрэл. Ты, напэўна, доўга рагатаў?
— Я цэліў гэтаму Bastiaccio ў скроню,— сказаў бандыт.— I гэта нагадала мне вершы Віргілія[111]:
Liquefacto! Вы можаце паверыць, пане Орса, што свінцовая куля плавіцца ў паветры ад хуткасці лёту? Вы вывучалі балістыку і, напэўна, маглі б мне сказаць, ці гэта праўда.
Орса больш падабалася абмяркоўваць з кюрэ гэтае пытанне фізікі, чым спрачацца наконт маральнае вартасці ягонага ўчынку. Брандалача, якога не надта цікавіла гэтае навуковае абмеркаванне, перапыніў яго, заўважыўшы, што сонца маецца заходзіць.
— Як вы не захацелі вячэраць з намі, Орс Антон, то раю вам не прымушаць больш панну Каломбу чакаць. I апроч таго, не заўжды добра гуляць на дарогах, калі сонца ўжо схавалася. Чаму вы ходзіце без стрэльбы? У нашых мясцінах хапае ліхіх людзей, сцеражыцеся іх. Сёння вам няма чаго баяцца: Барычыні вязуць да сябе прэфекта, яны сустрэлі яго на дарозе, і ён спыніцца на адзін дзень у П’етранэры, перад тым, як закласці ў Корта першы камень, як гэта кажуць.., ат, глупства! Сёння ён начуе ў Барычыні, але заўтра яны вызваляцца. Ёсць там Вінчэнтэла — добры ліхадзей, і Арландуча за яго не лепшы... Старайцеся захапіць іх паасобку, сёння аднаго, заўтра другога, але сцеражыцеся, яшчэ раз вам паўтараю.
— Дзякуй за параду,— сказаў Орса.— Але ў нас няма агульных справаў, хіба што яны самі прыйдуць да мяне, а мне з імі няма пра што гаварыць.
Бандыт іранічна цмыкнуў, але нічога не адказаў. Орса падняўся.
— Дарэчы,— сказаў Брандалача,— я не падзякаваў вам за порах, ён мне якраз спатрэбіўся. Зараз у мяне ўсяго хапае.., не, мне не хапае яшчэ чаравікаў... але днямі я зраблю іх сабе з муфлонавай скуры.
Орса ўклаў бандыту ў далонь дзве пяціфранкавыя манеты.
[108] La scaglia — пашыраны выраз (аўт.).
[109] Пры дзецях трэба паводзіць сябе прыстойна.
[110] Бастыец. Карсіканскія горцы ненавідзяць жыхароў Бастыі і не лічаць іх за землякоў. Яны ніколі не кажуць Bastiese, а Bastiaccio; вядома, што канчатак -accio выкарыстоўваецца звычайна з пагардлівым сэнсам.
[111] ...вершы Віргілія...— Далей падаецца цытата з «Энеіды» Вергілія (II. IX).