— Я забараняю табе яе спяваць,— сказаў Орса страшным голасам.
Дзяўчынка пазірала то направа, то налева, нібы выглядала, у які бок уцякаць; і напэўна ўцякла б, калі б наважылася пакінуць вялікі скрутак, што ляжаў ля яе ног у траве.
Орса засаромеўся свайго гневу.
— Што гэта ў цябе там, малеча? — спытаўся ён, як мага далікатней.
I як Кіліна вагалася, ці адказваць, то ён разгарнуў дзяружку, у якую быў увязаны скрутак, і ўбачыў там хлеб і іншыя прадукты.
— Каму ты нясеш гэты хлеб, дзіцятка? — спытаўся ён.
— Вы ж ведаеце, пане, майму дзядзьку.
— А хіба твой дзядзька не бандыт?
— Ён вам можа паслужыць, пане Орса.
— Каб цябе сустрэлі жандары, яны б спыталіся, куды ты ідзеш...
— Я б ім сказала,— не вагаючыся адказала малая,— што нясу паесці мужчынам з Люка, якія высякаюць макі.
— А калі б ты сустрэла якога галоднага паляўнічага, які б захацеў паабедаць за твой кошт і забраў бы твае прадукты?..
— Ніхто б не наважыўся. Я б сказала, што гэта для майго дзядзькі.
— Сапраўды, ён не такі чалавек, што дазволіць адабраць свой абед... А ён любіць цябе?
— Ой так, Орс Антон. Як тата памёр, ён клапоціцца пра нашу сям’ю, пра маму, пра мяне і пра маю маленькую сястрычку. Да таго, як мама захварэла, ён казаў багатым, каб давалі ёй работу. Штогод мэр дарыць мне сукенку, а кюрэ навучае мяне катэхізісу і вучыць чытаць з таго часу, як дзядзька з імі пагаварыў. Але ваша сястра асабліва добрая да нас.
У гэтую хвіліну на сцежцы з’явіўся сабака. Дзяўчынка ўсунула ў рот два пальцы і рэзка свіснула: адразу ж сабака падбег да яе і пачаў лашчыцца, потым раптоўна скочыў у макі. Неўзабаве двое мужчын, кепска апранутых, але добра ўзброеных, падняліся з-за пакрытага зялёнаю порасцю пня за некалькі крокаў ад Орса. Здавалася, яны выпаўзлі, бы вужакі з гушчы разанаў і мірту, якімі парасла ўся зямля.
— А, Орс Антон, калі ласка, да нас,— сказаў старэйшы мужчына.— А што, вы мяне не пазнаяце?
— Не,— сказаў Орса, пільна гледзячы на яго.
— Дзіўна, як барада і вастраверхі каптур мяняюць чалавека! Ну, пане лейтэнант, паглядзіце ж добра. Вы што, забылі старых салдатаў з-пад Ватэрлоа? Вы ўжо не памятаеце Бранда Савэлі? Не адзін набой прыкусіў я поруч з вамі ў гэты няшчасны дзень.
— Як, гэта ты! — сказаў Орса.— Ты ўцёк з войска ў 1816 годзе!
— Так і ёсць, пане лейтэнант. Служба, ліха на яе, надакучвае, ды апроч таго трэба было яшчэ звесці пэўныя рахункі ў гэтых краях. О Кілі, але ж ты й спрытнае дзяўчо! Давай хутчэй, бо мы галодныя. Вы не ўяўляеце сабе, пане лейтэнант, які апетыт з’яўляецца ў макі. Хто гэта нам дасылае, панна Каломба ці мэр?
— Не, дзядзечка, гэта млынарыха дала мне ежу для вас і коўдру для мамы.
— Чаго яна ад мяне хоча?
— Яна кажа, што гэтыя дзядзькі з Люка, якіх яна наняла дрыляваць лес, патрабуюць зараз трыццаць пяць су і каштанаў, бо ніжэй П’етранэры пануе ліхаманка.
— О, лайдакі!.. Я пагляджу. Пане лейтэнант, калі без цырымоніяў, хочаце павячэраць з намі? Нам з вамі даводзілася й горшае есці за часы нашага беднага земляка, якога ўжо звольнілі.
— Шчыра дзякую. Мяне таксама звольнілі.
— Так, я чуў. Але іду ў заклад, што гэта не надта вас засмуціла. Цяпер ваша чарга зводзіць рахункі. Давай, кюрэ,— сказаў бандыт свайму таварышу.— За стол! Пане Орса, гэта пан кюрэ, то бок, я не ведаю, ці ён сапраўды кюрэ, але ў гэтых справах ён дасведчаны.
— Бедны студэнт-тэолаг, васпане, якому перашкодзілі выконваць сваё прызначэнне,— сказаў другі бандыт.— Хто ведае, Брандалача, можа, я стаў бы папам?
— Якая ж прычына пазбавіла царкву вашых ведаў? — спытаўся Орса.
— Драбяза, мусіў зводзіць рахункі, як кажа мой сябра Брандалача. Пакуль я грыз навуку ў Пізанскім універсітэце, мая сястра нарабіла глупстваў. Давялося вярнуцца на радзіму, каб выдаць яе замуж. Але за тры дні да майго прыезду жаніх паспешліва памірае ад ліхаманкі. Тады я звяртаюся, як і вы б зрабілі на маім месцы, да брата нябожчыка. А мне кажуць, што ён жанаты. Што рабіць?