— У мяне выгляд сапраўднага разбойніка са сцэны Амбігю Камік[105],— сказаў Орса, аглядаючы сябе ў маленькім люстэрку, што трымала Саверыя.
— Бо ўсё гэта вам так пасуе, Орс Антон,— сказала старая служанка.— I самы прыгожы вастраверхі[106] з Баканяна ці Бастэлікі не выглядае на такога малойца.
Снедаць Орса сеў у сваім новым убранні, а падчас сняданка сказаў сястры, што ў яго ў скрыні ёсць і кнігі і што ён збіраецца выпісаць яшчэ з Францыі і Італіі, каб пасадзіць яе за чытанне.
— Бо сорамна, Каломба, што такая дарослая дзяўчына, як ты, не ведае рэчаў, якія на кантыненце дзеці спазнаюць у немаўлячым узросце.
— Маеце рацыю, браце,— сказала Каломба.— Я ведаю, чаго мне бракуе, і я б хацела вучыцца, асабліва калі вы будзеце даваць мне ўрокі.
Мінула ўжо некалькі дзён, а Каломба не ўзгадвала імя Барычыні. Яна старалася дагадзіць брату і часта гутарыла з ім пра міс Нэвіл. Орса чытаў з ёю творы французскіх і італьянскіх аўтараў і дзівіўся то са слушнасці і трапнасці яе заўвагаў, то з яе глыбокага няведання самых звычайных рэчаў.
Неяк уранку, пасля снядання Каломба выйшла на хвілінку і вярнулася не з кніжкаю ці паперамі, як звычайна, а ў сваёй вуальцы. Выглядала яна яшчэ сур’ёзней, чым звычайна.
— Браце,— сказала яна,— прашу вас пайсці са мною.
— А куды мы пойдзем? — спытаўся Орса, прапануючы ёй руку.
— Мне не трэба ваша рука, вазьміце лепей стрэльбу і набоі. Мужчына не павінны выходзіць з дому без зброі.
— Ну што ж, трэба падпарадкоўвацца модзе. Куды мы ідзём?
Не адказваючы, Каломба накінула вуальку на галаву, паклікала вартавога сабаку і выйшла. Орса рушыў за ёю. Хутка выйшаўшы з сяла, яна павярнула на сцяжыну, што вілася ў вінаградніках. Перад гэтым яна выправіла ўперад сабаку, відаць, даўшы яму нейкі добра вядомы знак, бо той адразу ж пачаў шнарыць па вінаградніках то на адзін бок сцежкі, то на другі, але заўжды крокаў за пяцьдзесят перад гаспадыняю. Часам ён спыняўся на сцежцы, паглядаючы на Каломбу і матляючы хвастом. Здавалася, ён цудоўна ведаў абавязкі разведчыка.
— Калі Мускета забрэша,— сказала Каломба,— набівайце стрэльбу і стойце на месцы.
Адышоўшыся на паўмілі ад сяла, шмат разоў павярнуўшы, Каломба раптам спынілася ў месцы, дзе дарога крута заварочвала. Тут стаяў невялічкі капец з вецця, часткова зялёнага, часткова ўжо ссохлага, нагрувашчанага ўвышыню футы на тры. Зверху тырчаў крыж, пафарбаваны ў чорнае. Шмат у якіх кантонах Корсікі, асабліва ў гарах, вельмі стары звычай, можа быць, звязаны яшчэ з паганскімі забабонамі, патрабуе, каб падарожнікі кідалі камень ці галінку на месца, дзе хтосьці загінуў гвалтоўнаю смерцю. Доўгія гады, пакуль успамін пра гэты трагічны скон трывае ў людской памяці, гэты дзіўны ахвярнік расце дзень пры дні. Ён завецца капцом, mucchio кагосьці.
Каломба спынілася перад гэтаю кучай галля, зламіла на кусце галінку і кінула яе на капец.
— Орса, тут загінуў наш бацька! Памолімся за душу ягоную, браце!
I яна ўкленчыла. Орса адразу ж зрабіў гэтаксама. У тую ж хвіліну з сяла данёсся ўрачысты звон, бо ўночы там нехта памёр. Слёзы паплылі ў Орса з вачэй.
Праз некалькі хвілін Каломба паднялася, вочы ў яе былі сухія, але твар усхваляваны. Яна спешліва перахрысцілася вялікім пальцам, як звычайна робяць яе землякі, даючы ўрачыстыя клятвы, і вывела брата на дарогу да сяла. Моўчкі ўвайшлі яны ў дом. Орса пайшоў у свой пакой. Праз хвіліну з’явілася Каломба з маленькаю скарбонкай, якую паставіла на стол. Яна адчыніла яе і дастала кашулю, усю ў вялікіх крывавых плямах.
— Гэта кашуля вашага бацькі, Орса.
I кінула яе яму на калені.
— Вось свінец, што яго забіў.
I яна паклала на кашулю дзве ззелянелыя кулі.
— Орса, браце мой! — крыкнула яна, схапіўшы яго за рукі і моцна сціснуўшы іх.— Орса! Ты адпомсціш!
З нейкім шаленствам яна пацалавала яго, кранулася вуснамі куляў і кашулі і вылецела з пакоя, пакінуўшы брата, які нібы скамянеў у сваім крэсле.
Яшчэ нейкі час Орса сядзеў нерухома, баючыся прыбраць гэтыя страшныя святыні. Нарэшце прымусіў сябе пакласці іх у скарбонку, потым кінуўся ў другі канец пакоя, упаў на ложак, павярнуўся да сцяны, уціснуў галаву ў падушку так, бы хацеў схавацца ад зданяў. Апошнія словы сястры гучалі ў яго ў вушах, і яму здавалася, што ён чуе прароцтва, наканаванае, непазбежнае, якое патрабуе ад яго крыві, крыві нявінных. Не буду спрабаваць вытлумачыць пачуцці няшчаснага хлопца, яны былі такія ж блытаныя, як і пачуцці, што тлумяць галаву вар’ята.
Доўга ляжаў ён так, не наважваючыся павярнуць галаву. Нарэшце ён падняўся, закрыў скарбонку, імкліва выскачыў з дому і рушыў за сяло, крочачы проста наперад, невядома куды.
Памалу вольнае паветра апрытомніла яго, ён паспакайнеў і з пэўнаю развагаю пачаў разглядаць сваё становішча і сродкі, што дапамаглі б яму вырабіцца з яго. Ён не падазраваў Барычыні ў забойстве бацькі; але ён вінаваціў іх у падробцы ліста бандыта Агастыні, і гэты ліст, так яму, прынамсі, здавалася, стаўся прычынаю бацькавай смерці. Ён адчуваў, што немагчыма спаганяць з іх за падробку. Часам забабоны і інстынкты роднага краю апаноўвалі яго і падказвалі яму лёгкую помсту на завароце сцяжыны, але ён з жахам адганяў іх, думаючы пра сваіх палкавых сяброў, пра парыжскія салоны, а асабліва пра міс Нэвіл. Пасля ён узгадваў папрокі сястры, і ўсё карсіканскае, што заставалася ў ягоным характары, апраўдвала гэтыя папрокі і рабіла іх яшчэ вастрэйшымі. У гэтай барацьбе свядомасці і забабонаў яму заставалася адзіная надзея: пад любою зачэпкай распачаць зваду з адным з адвакатавых сыноў і біцца з ім на дуэлі. Забіўшы яго стрэлам ці ўдарам шпагі, ён пагадзіў бы свае карсіканскія і французскія погляды. Знайшоўшы спосаб і абдумваючы сродкі выканання, ён ужо адчуваў, што пазбавіўся вялікага цяжару, а іншыя, больш няшчасныя думкі спрыялі супакою ягонае ліхаманкавае ўзрушанасці. Цыцэрон, у роспачы ад смерці дачкі Туліі, забыўся на свой боль, абдумваючы цудоўныя словы, якія ён мог сказаць з гэтае прычыны. Красамоўна гаворачы пра жыццё і смерць, Шэндзі[107] прымірыўся са стратаю сына. Орса супакоіўся, думаючы, як ён апіша міс Нэвіл свой душэўны стан і што гэта не зможа не крануць прыгажуню.
Ён набліжаўся да вёскі, ад якое ўжо моцна аддаліўся, таго не заўважыўшы, калі пачуў голас дзяўчынкі, якая спявала, думаючы, напэўна, што яна адна на сцяжынцы пры самым макі. Гэта была тая павольная і манатонная мелодыя, якою адрозніваюцца пахавальныя галашэнні. Дзяўчынка спявала: «Дзеля сына майго, што зараз у краях далёкіх,— Захавайце мой крыж і кашулю маю скрываўлену...»
— Што гэта ты спяваеш, малеча? — загневана сказаў Орса, раптоўна з’явіўшыся перад ёю.
— Гэта вы, Орс Антон! — ускрыкнула напалоханае дзіця.— Гэта песня панны Каломбы...
[105] Амбігю Камік — парыжскі тэатр, заснаваны ў 1869 годзе. На сцэне гэтага тэатра з поспехам ставіліся меладрамы.
[106] Pinsuto — так называюць тых, хто носіць вастраверхія каптуры, barreta pinsuta.
[107] Шэндзі — галоўны герой рамана Лорэнса Стэрна «Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена».