XI
Орса доўга не мог заснуць і таму прачнуўся позна, прынамсі для карсіканца. Адно ён падняўся, першае, што кінулася яму ў вочы, быў дом ягоных ворагаў і archere, якія яны зрабілі. Ён спусціўся ўніз і спытаўся сястры.
— Яна на кухні ліе кулі,— адказала прыслужніца Саверыя.
Так, вобраз вайны не адступаўся ад яго ні на крок.
— Якога д’ябла ты тут робіш? — спытаўся ён у сястры.
— У вас няма больш куляў да палкоўнікавай стрэльбы,— адказала яна сваім мяккім голасам.— Я знайшла форму такога ж калібру, і сёння, браце, у вас будзе дваццаць чатыры набоі.
— Дзякаваць богу, яны мне не патрэбныя.
— Да ўсяго трэба быць гатоваму, Орс Антон. Вы забылі свой край і людзей, што жывуць вакол вас.
— Калі б я й забыўся, то ты б мне хутка нагадала. Скажы, ці не прывезлі дзён колькі таму вялікае скрыні?
— Прывезлі, браце. Аднесці яе ў ваш пакой?
— Ты аднясеш? У цябе не хопіць сілы прыўзняць яе... Ці ёсць тут які мужчына?
— Я не такая слабая, як вы думаеце,— сказала Каломба, закасваючы рукавы і агаляючы белыя прыгожыя рукі; гэтыя дзівосныя рукі ўдавалі, аднак, рэдкую сілу.— Хадзем, Саверыя, памажы мне.
Яна ўжо сама падняла цяжкую скрыню, калі Орса кінуўся памагчы ёй.
— У гэтай скрыні ёсць сёе-тое для цябе, сястрычка. Спадзяюся, ты не пакрыўдзішся за такія бедныя дарункі, але на заробак лейтэнанта з палавіннаю пенсіяй надта не разгонішся.
Гаворачы, ён адчыніў скрыню і дастаў некалькі сукняў, шаль і іншыя рэчы для маладой дзяўчыны.
— Якая прыгажосць! — у захапленні сказала Каломба.— Я схаваю ўсё гэта, каб не псаваць. Няхай ляжыць да вяселля, я ж цяпер у жалобе,— дадала яна з сумотнаю ўсмешкай і пацалавала братаву руку.
— Так доўга хадзіць у жалобе, сястра,— гэта ўжо залішне.
— Я паклялася,— сказала Каломба цвёрда.— Я буду хадзіць у жалобе, пакуль...
I яна паглядзела ў акно на дом Барычыні.
— Пакуль не выйдзеш замуж,— сказаў Орса, стараючыся не даць ёй дакончыць сказ.
— Я выйду замуж толькі за таго, хто зробіць тры справы...
Яна ўвесь час змрочна глядзела на варожы дом.
— Ты такая прыгожая, Каломба, дзіўна, што ты яшчэ не замужам. Ану ж, раскажы мне, хто да цябе заляцаецца. Ды я й сам пачую серэнады. Яны павінны быць дасканалыя, каб спадабацца такой вялікай voceratrice, як ты.
— Каму патрэбна бедная сіраціна? I потым чалавек, дзеля якога я здыму жалобу, прымусіць адзець яе жанчын з вунь тога дома.
«Гэта ўжо вар’яцтва»,— сказаў сабе Орса, але не выказаў уголас свае думкі, каб не выклікаць спрэчкі.
— Браце,— ласкава сказала Каломба.— Я таксама маю вам падарунак. Ваша ўбранне занадта добрае для нашага краю. Ваш прыгожы сурдут за два дні пойдзе лахманамі, калі вы будзеце насіць яго ў макі. Трэба захаваць яго да прыезду міс Нэвіл.
Пасля яна адчыніла шафу і дастала адтуль поўны паляўнічы гарнітур.
— Я пашыла вам аксамітную куртку, а вось каптур, якія носяць нашы фарсуны, я ўжо даўно вышыла яго для вас. Хочаце памераць?
I яна прымусіла яго апрануць шырокую аксамітную куртку зялёнага колеру з вялізнаю кішэняй на спіне. На галаву ўзлажыла чорны аксамітны каптур з вострым верхам, расшыты шклянымі пацеркамі і шоўкам такога ж колеру. На вострым версе каптура матляўся кутасік.
— Вось бацькаў пояс[104], а стылет ягоны ў кішэні вашае курткі. Пайду прынясу вам пісталет.
[104] Carchera — пояс, у які кладуць набоі. Злева на яго навешваецца пісталет.