X
Змалку разлучаны з бацькам, Орса не паспеў спазнаць яго як мае быць. У пятнаццаць год ён пакінуў П’етранэру і паехаў вучыцца ў Пізу, пасля паступіў у Вайсковую школу. Тым часам Гільфуча ваяваў у Еўропе пад сцягамі імператара. На кантыненце Орса бачыўся з ім рэдка, і адно ў 1815 годзе ён трапіў у полк, якім камандаваў ягоны бацька. Але, трымаючы непахісную дысцыпліну, палкоўнік ставіўся да свайго сына таксама, як і да іншых маладых лейтэнантаў, то бок з вялікаю суровасцю. Орсавы ўспаміны былі двойсныя. Ён узгадваў, як у П’етранэры бацька даваў яму сваю шаблю, дазваляў пачысціць стрэльбу, калі вяртаўся з палявання, альбо як першы раз пасадзіў яго, хлапчука, за агульны стол. Потым ён уявіў сабе, як палкоўнік дэла Рэбія саджаў яго пад арышт за нейкую хібу, а называў ён яго заўжды толькі лейтэнантам дэла Рэбія.
— Лейтэнант дэла Рэбія, вы не на сваім баявым месцы — трое сутак арышту.
— Вашы стралкі высунуліся на пяць метраў уперад — пяць сутак арышту.
— Ужо пяць хвілін паполудні, а вы яшчэ ў фуражцы — восем сутак арышту.
Толькі аднойчы пры Катр-Бра[102] ён сказаў:
— Добра, Орса, але будзь пільны.
Зрэшты, П’етранэра абудзіла ў ім не гэтыя апошнія ўспаміны. Выгляд мясцін, знаёмых з маленства, рэчаў, якімі карысталася ягоная маці, якую ён пяшчотна любіў, выклікаў у яго ў душы хвалю мілых і балючых пачуццяў. Змрочная будучыня, што чакала яго, незразумелы неспакой, што выклікала ў яго сястра, а найбольш думка, што міс Нэвіл хутка прыедзе ў гэты дом, які сёння здаваўся яму такім маленькім, такім бедным, такім неадпаведным для чалавека, прывычнага да раскошы, і які, можа быць, выкліча ў яе пагарду,— усе гэтыя думкі тлумілі яму галаву і наганялі тугу.
Вячэраць ён сеў у пачарнелае ад часу дубовае крэсла — гэтае пачэснае месца за сямейным сталом колісь займаў ягоны бацька — і ўсміхнуўся, убачыўшы, што Каломба вагаецца, ці трэба ёй сядаць з ім за стол. Дарэчы, ён быў удзячны ёй за маўчанне, якое яна захоўвала падчас вячэры, і за тое, што пасля яна хутка выйшла, бо адчуваў сябе занадта ўзрушаным, каб супраціўляцца наступу, які яна напэўна рыхтавала; але Каломба шкадавала яго і хацела даць яму час агледзецца. Падпершы галаву рукою, ён доўга сядзеў нерухома, перабіраючы ў памяці падзеі, перажытыя за два апошнія тыдні. Са страхам ён бачыў, што ўсе, здавалася, чакаюць, як ён паставіцца да Барычыні. Ён заўважаў, што меркаванне П’етранэры ўжо робіцца для яго грамадскім меркаваннем. Ён мусіць адпомсціць, каб яго не лічылі за труса. Але каму помсціць? Ён не мог паверыць, што Барычыні вінаватыя ў забойстве. Праўда, яны былі ворагі ягонаму роду, але толькі грубая забабоннасць яго землякоў магла прыпісаць ім забойства. Часам ён паглядаў на талісман міс Нэвіл і ціха паўтараў дэвіз: «Жыццё — гэта змаганне». I нарэшце цвёрда сказаў сабе: «Я выйду з яго пераможцам». З гэтаю добраю думкай ён падняўся і, узяўшы газніцу, намерыўся падняцца ў свой пакой, калі ў дзверы нехта пастукаў. Для гасцей час быў запозні. Але адразу ж з’явілася Каломба, а з ёю жанчына, што ім прыслужвала.
— Не хвалюйся,— сказала яна, бегучы да дзвярэй. Аднак да таго, як адчыніць, яна спыталася, хто стукаў. Тонкі голас адказаў:
— Гэта я.
Адразу ж паднялася драўляная завала, што ляжала ўпоперак дзвярэй, і Каломба з’явілася ў зале з дзяўчынкаю год дзесяці, босаю, у лахманах, з парванаю хусцінкай на галаве, з-пад якое вырываліся доўгія пасмы валасоў, чорных як сажа. Дзяўчынка была худая, кволая, са скураю, апаленаю сонцам, але ў вачах у яе свяціўся агеньчык розуму. Убачыўшы Орса, яна спынілася і зрабіла яму рэверанс на сялянскі манер. Пасля яна ціха загаварыла да Каломбы і аддала ёй нядаўна забітага фазана.
— Дзякуй, Кілі,— сказала Каломба.— Падзякуй свайму дзядзьку. Як ён маецца?
— Добра, панна. Я не магла прыйсці раней, бо ён запазніўся. Я тры гадзіны чакала яго ў макі.
— То ты й не вячэрала?
— Ну пэўна ж, панна, я не мела часу.
— Зараз табе дадуць паесці. У твайго дзядзькі ёсць яшчэ хлеб?
— Мала, але больш яму не хапае пораху. Каштаны ўжо паспелі, і зараз яму патрэбны толькі порах.
— Я дам табе для яго хлеба і пораху. Скажаш, каб порах ашчаджаў, ён дарагі.
— Каломба,— спытаўся Орса па-французску,— каго гэта ты так апякуеш?
— Аднаго беднага бандыта з нашага сяла,— адказала Каломба тою самаю мовай.— Гэтая малеча ягоная пляменніца.
— Здаецца мне, што ты магла б спагадаць каму лепшаму. Нашто дасылаць порах шэльме, што выкарыстае яго на зладзействы? Без гэтае прыкрае слабасці, што, здаецца, тут усе маюць да бандытаў, яны б даўно звяліся на Корсіцы.
— Тыя, што сядзяць у лесе[103], не самыя кепскія ў нашым краі.
— Калі хочаш, дай ім хлеба, нікому нельга адмаўляць хлеба, але я не жадаю, каб ты дасылала ім збраёвы прыпас.
— Браце мой,— сказала Каломба ўрачыста,— вы тут гаспадар, і ўсё ў гэтай хаце належыць вам, але папярэджваю вас: я хутчэй аддам сваю вуаль гэтай дзяўчынцы, каб яна прадала яе, чым адмоўлю пораху бандыту. Не даць яму пораху! Гэта ж усё адно, што выдаць яго жандарам. Чым абароніцца ён ад іх, калі не гэтымі набоямі?
Тым часам дзяўчынка прагна ела кавалак хлеба і пільна паглядала то на Каломбу, то на яе брата, спрабуючы расчытаць у іхніх вачах сэнс таго, пра што яны гутарылі.
— Але, нарэшце, што ён зрабіў, гэты твой бандыт? За якое злачынства мусіць ён хавацца ў макі?
— Брандалача не зрабіў ніякага злачынства,— імпэтна сказала Каломба.— Ён прыбіў Джавана Апіца, які забіў ягонага бацьку, пакуль сам ён быў у войску.
Орса адвярнуўся, узяў газніцу і, не адказваючы, пайшоў у свой пакой. Тады Каломба дала дзяўчынцы порах і харчы і правяла яе да дзвярэй, паўтараючы:
— I няхай твой дзядзька пільнуе Орса!
[102] ...пры Катр-Бра...— Гэтая бітва на тэрыторыі Белый адбылася 16 чэрвеня 1815 года; французскія войскі пад кіраўніцтвам маршала Нэя перамаглі англічанаў.
[103] Быць alla campagna (тут: у лесе), значыць — быць бандытам. Бандыт — гэта не абраза: ён разумеецца ў сэнсе «выгнанец».