— Браце, вы забылі сваю краіну. Я мушу вас ахоўваць, калі вы самі не сцеражэцеся. Я павінна была зрабіць так, як зрабіла.
У гэтую хвіліну пастухі заўважылі іх, пабеглі да коней і галопам паляцелі ім насустрач.
— Evviva Орс Антон! — закрычаў магутны стары з сівою барадой, нягледзячы на спёку, ён быў у бурцы з тоўстага карсіканскага сукна, калматага, як воўна на козах.— Ды вы ад бацькі капачкі пабралі, толькі вышэйшы і дужэйшы! Але ж і стрэльба ў вас! Пра гэтую стрэльбу яшчэ загавораць, Орс Антон.
— Evviva Орс Антон! — закрычалі пастухі ўсе разам.— Мы ведалі, што нарэшце ён прыедзе!
— Ах, Орс Антон,— сказаў высокі загарэлы дзяцюк,— як бы радаваўся ваш бацька, калі б сёння быў з намі! Дарагі наш! Вы б сустрэліся з ім зараз, каб ён мне паверыў, каб дазволіў расправіцца з Джудзіча... Адважны быў чалавек! Ён не паверыў мне, а зараз добра ведае, што я меў рацыю.
— Ат,— сказаў стары.— Джудзіча свайго дачакаецца.
— Evviva Орс Антон!
I тузін стрэлаў прагучаў разам з гэтым поклічам.
У гэтай купе коннікаў, што гаварылі ўсе разам і таўкліся, каб паціснуць яму руку, узлаваны Орса нейкі час не мог уставіць ні слова. Нарэшце, прыняўшы выгляд, з якім рабіў вымовы свайму ўзводу ці саджаў пад арышт, ён сказаў:
— Сябры, дзякуй вам за прыязнь да мяне і добрую памяць пра майго бацьку, але не хачу, не жадаю, каб мне давалі парады. Я сам ведаю, што мне рабіць.
— Мае рацыю, мае рацыю! — закрычалі пастухі.— Вы ведаеце, што можаце спадзявацца на нас.
— Так, я й спадзяюся, але зараз мне ніхто не патрэбны і ніякая небяспека не пагражае майму дому. Павяртайце коні і язджайце да сваіх козаў. Я ведаю дарогу ў П’етранэру, мне не трэба праважатых.
— Нічога не бойцеся, Орс Антон,— сказаў стары.— Сёння яны не наважацца высунуцца. Калі з’яўляецца кот, мыш хаваецца ў нары.
— Сам ты кот, стары барадач! Як ты завешся?
— О, дык вы не ведаеце мяне, Орс Антон? Я ж так часта катаў вас на сваім куслівым муле. Вы не ведаеце Пола Грыфа? Бачыце, я яшчэ дужы і адданы дэла Рэбія целам і душою. Адно загадайце, і калі ваша вялікая стрэльба загаворыць, мой мушкет, стары як і ягоны гаспадар, не будзе маўчаць. Разлічвайце на яго, Орс Антон.
— Добра, добра. Але ідзіце адсюль да д’ябла і дайце нам дарогу.
Нарэшце пастухі ад’ехалі, хуткім бегам кіруючыся да вёскі, але на кожным пагорку спыняліся, нібы выглядаючы, ці не прыхавалася дзе засада, і ўвесь час трымаліся досыць блізка ад Орса і ягонае сястры, каб пры нагодзе даць ім дапамогу. А стары Пола Грыфа казаў сваім спадарожнікам:
— Я разумею яго, разумею! Ён не гаворыць, што хоча рабіць, ён робіць. Чысты бацька! Добра! Кажы сабе, што ні на каго не злуешся! Ты даў зарок святой Незе![100] Цяпер я й шэлега не дам за скуру мэра. Месяца не міне, як у ёй будзе столькі дзірак, што бурдзюка з яе не зробіш.
Такім чынам, маючы наперадзе купу разведчыкаў, нашчадак роду дэла Рэбія ўступіў у сваё сяло і рушыў да старое сядзібы капралаў, сваіх продкаў. Рэбіяністы, доўгі час пазбаўленыя свайго правадыра, грамадою выйшлі сустракаць яго. Тыя жыхары сяла, што трымаліся нейтралітэту, назіралі падзеі, стоячы ля сваіх дзвярэй. Барычыністы сядзелі ў хатах і цікавалі праз шчыліны ў аканіцах.
Мястэчка П’етранэра, як і ўсе селішчы на Корсіцы, забудавана вельмі нерэгулярна. Каб убачыць вуліцу, трэба ехаць у сяло Карджэзе, пабудаванае панам дэ Марбёфам[101]. Дамы, раскіданыя як папала і без аніякае сістэмы, займаюць верхнюю частку невялічкага плато, ці, хутчэй, горны выступ. У цэнтры селішча ўзносіўся магутны зялёны дуб, а ля яго можна бачыць гранітны жолаб, у які праз драўляную трубку ідзе вада з недалёкае крыніцы. Гэты помнік грамадскага карыстання быў пабудаваны на агульныя сродкі дэла Рэбія і Барычыні, але моцна памыліўся б той, хто ўзяўся б шукаць у гэтым адзнаку былое згоды двух радоў. Наадварот, гэта ёсць твор іхняе зайздрасці. Некалі палкоўнік дэла Рэбія даслаў у муніцыпальную раду сваёй камуны невялічкую суму, каб спрыяць пабудове фантана. Адвакат Барычыні паспяшаўся зрабіць такі ж самы ўклад, і вось гэтай барацьбе велікадушнасці П’етранэра абавязана сваёю вадой. Вакол дуба і фантана ляжыць вольная прастора, што завецца плошчаю, і дзе вечарамі збіраюцца розныя няробы. Часам тут гуляюць у карты, а раз на год, падчас карнавалу, ладзяць скокі. На двух баках плошчы ўзносяцца нешырокія, але высокія будыніны з граніту і чэсаных камянёў. Гэта вежы варожых радоў дэла Рэбія і Барычыні. Яны аднолькава пабудаваны, маюць аднолькавую вышыню, і відаць, што дзве сям’і ўвесь час варагуюць, а лёс нікому не дае перавагі.
Мабыць, дарэчы будзе растлумачыць, што трэба разумець праз слова «вежа». Гэта квадратны будынак прыблізна на сорак футаў вышыні, які ў іншай краіне назвалі б папросту галубоўняю. Вузкія дзверы прабіты на вышыні восем футаў ад зямлі, да іх дабіраюцца па вельмі стромых сходах. Над дзвярыма — акно і нешта накшталт каменнае павеці, у якой зроблена адтуліна-байніца, што дазваляе без рызыкі забіць нясціплага наведвальніка. Паміж дзвярыма і акном відаць два груба высечаныя шчыты. На адным быў калісьці генуэзскі крыж, зараз ён увесь пабіты і разабраць яго могуць толькі антыквары. На другім высечаны радавы герб уладароў вежы. Каб дапоўніць малюнак, дадайце сляды ад куляў на шчытах і аканіцах, і вы маеце ўяўленне аб сярэднявечнай сядзібе на Корсіцы. Я забыўся сказаць, што жылыя пабудовы прымыкаюць да вежы і часта злучаны з ёю ўнутраным пераходам.
Вежа і дом дэла Рэбія займаюць паўночны бок плошчы П’етранэры; вежа і дом Барычыні стаяць на паўднёвым баку. Ад паўночнае вежы да фантана — месца шпацыраў дэла Рэбія, Барычыні прагульваюцца з супрацьлеглага боку. З часоў пахавання палкоўнікавае жонкі ніхто ні разу не бачыў, каб хтосьці з гэтых сем’яў з’яўляўся на той палове плошчы, што не належала яму паводле нейкага бязмоўнага пагаднення. Каб скараціць дарогу, Орса сабраўся праехаць перад домам мэра, але сястра папярэдзіла яго і прапанавала завярнуць у вулку, якою можна было дабрацца да дома, не выязджаючы на плошчу.
— Нашто такі клопат? — сказаў Орса.— Хіба плошча не для ўсіх?
Ён турзянуў павады і пагнаў каня.
— Адважнае сэрца! — сказала Каломба ціхенька.— Бацька, ён адпомсціць за цябе!
Уз’ехаўшы на плошчу, Каломба стала паміж братам і домам Барычыні і ўвесь час пільна сачыла за варожымі вокнамі. Яна заўважыла, што іх нядаўна заклалі і зрабілі archere. Archere завуцца вузкія адтуліны ў форме байніцаў паміж тоўстымі камлямі, якімі закладаюць ніжнюю частку акна. Так закрываюцца, калі баяцца нападу, і з-за камлёў можна страляць па нападніках.
— Баязліўцы! — сказала Каломба.— Глядзіце, браце, яны ўжо пачынаюць сцерагчыся: вунь як забарыкадзіраваліся! Але ж некалі мусяць выйсці.
З’яўленне Орса на паўднёвым баку плошчы ўчыніла вялікае ўражанне ў П’етранэры. Яно разглядалася як прыклад адвагі, што мяжуе з неабачнасцю. Для людзей нейтральных, што сабраліся ўвечары ля дуба, гэта была тэма для бясконцых абмеркаванняў.
— Ягонае шчасце,— казалі,— што сыны Барычыні яшчэ не вярнуліся. Яны не такія цярплівыя, як адвакат, і наўрад ці прапусцілі б цераз свае землі ворага, не змусіўшы яго плаціць за дзёрзкасць.
— Папомніце мае словы, суседзе,— казаў адзін стары, тутэйшы вяшчун.— Я прыглядаўся сёння да Каломбінага твару, яна нешта задумляе. У паветры пахне порахам. Хутка ў П’етранэры з’явіцца таннае свежае мяса.
[100] Такой святой няма ў календары. Даць зарок святой Незе — упарта ні ў чым не прызнавацца (аўт.).
[101] Марбёф, Луі-Шарль-Рэнэ (1712—1786) — губернатар Корсікі.