У ад’ездзе заўжды ёсць нешта ўрачыстае, нават калі расстаюцца ненадоўга. Орса з сястрою меліся выехаць вельмі рана; напярэдадні ўвечары яны развіталіся з міс Лідзіяю, бо Орса не спадзяваўся, што дзеля яго яна адступіцца ад сваіх лянотных звычак. Развітанне было халоднае і прыстойнае. Пасля размовы на беразе мора міс Лідзія забаялася, што выявіла, можа быць, занадта жывую цікаўнасць да Орса, а той, у сваю чаргу, трымаў на сэрцы яе кепікі, а асабліва насмешлівы тон. Быў момант, калі ён паверыў, што ў паводзінах маладое англічанкі ёсць завязь пачуцця сімпатыі; зараз, збянтэжаны яе жартамі, ён казаў сабе, што быў у яе вачах толькі проста знаёмы, пра якога хутка забудуцца. Тым больш ён здзівіўся, калі ўранку, п’ючы каву з палкоўнікам, убачыў, што міс Лідзія ўваходзіць з яго сястрой. Яна паднялася а пятай гадзіне, а для англічанкі, і для міс Нэвіл асабліва, падобнае намаганне было занадта вялікае, каб не выклікаць у яго ганарлівасці.
— Шкада, што вы мусілі патурбавацца так рана,— сказаў Орса.— Напэўна, сястра, не паслухаўшыся мяне, падняла вас, і вы, відаць, праклінаеце нас. Можа быць, вы спадзяваліся, што мяне ўжо павесілі?
— Не,— вельмі ціха сказала міс Лідзія па-італьянску, відаць, каб не пачуў бацька.— Але ўчора вы засердзіліся на мяне за мае бязвінныя жарцікі, а я не хацела, каб вы захавалі пра мяне нядобрыя ўспаміны. Якія ж вы, карсіканцы, жахлівыя людзі! Ну дык да сустрэчы, спадзяюся, да хуткае.
I яна падала яму руку. У адказ Орса здолеў толькі ўздыхнуць. Каломба падышла да яго, адвяла да акна і, паказваючы штосьці пад сваёй вуалькаю, нешта ціха яму казала.
— Мая сястра,— сказаў Орса міс Нэвіл,— хоча зрабіць вам не зусім звычайны дарунак; мы, карсіканцы, не шмат што маем дарыць... за выключэннем нашае прыязні.. якая захоўваецца назаўжды. Сястра казала, што вы цікавіліся гэтым стылетам. Гэта сямейная рэліквія. Можа быць, ён вісеў на поясе ў кагосьці з тых капралаў, якім я абавязаны гонарам знаёмства з вамі. Каломба так шануе яго, што нават спыталася майго дазволу, каб вам яго падараваць, а я й не ведаю, ці павінны дазволіць, бо баюся, каб вы не пачалі смяяцца з нас.
— Кінжал дзівосны,— сказала міс Лідзія.— Але гэта родавая зброя, я не магу яго прыняць.
— Гэта не бацькаў кінжал,— жвава сказала Каломба.— Кароль Тэадор падараваў яго аднаму з продкаў маёй маці. Мы будзем рады, калі вы яго прымеце.
— Бачыце, міс Лідзія,— сказаў Орса.— Не зневажайце каралеўскі кінжал.
Для аматара рэліквіі караля Тэадора бясконца каштоўнейшыя за зброю наймагутнейшага манарха. Спакуса была вялікая, міс Лідзія ўжо ўяўляла, які эфект учыніць гэты кінжал, калі яна пакладзе яго на лакіраваны столік у сваёй кватэры на Сэнт-Джэймс-Плэйс.
— Але, мілая панна Каломба,— сказала яна, нерашуча беручы стылет, як чалавек, што вельмі хоча згадзіцца, і ўсміхнулася самаю прыязнаю ўсмешкаю,— я не магу.., я не наважуся адпусціць вас бяззбройную.
— Са мною мой брат,— сказала Каломба з гонарам.— I ў нас добрая стрэльба, якую падараваў ваш бацька. Орса, вы набілі яе куляю?
Міс Нэвіл узяла кінжал, а Каломба запатрабавала адзін су, каб адвесці небяспеку, якая спадае на таго, хто даруе сябрам рэзную ці кольную зброю.
Нарэшце трэба было ехаць. Орса яшчэ раз паціснуў руку міс Нэвіл, Каломба пацалавала яе, пасля падставіла свае ружовыя вусны палкоўніку, які прыйшоў у захапленне ад карсіканскае ветлівасці. З акна салона міс Лідзія бачыла, як брат з сястрою сядалі на коней. Вочы ў Каломбы ззялі хітраю радасцю, якое англічанка дагэтуль не заўважала. Гэтая высокая і дужая дзяўчына, фанатычна адданая ідэям варварскага гонару, з напышлівым лобам, з вуснамі, выгнутымі ў іранічнай усмешцы, што вяла гэтага збройнага малойца нібы на наканаваную выправу, нагадала міс Лідзіі Орсавы трывогі, і ёй здалося, што яна бачыць злога генія, які вядзе яго да згубы. Ужо седзячы на кані, Орса ўзняў галаву і заўважыў яе. Ці то здагадаўшыся пра яе думкі, ці то каб сказаць ёй апошняе «бывай», ён узяў егіпецкі пярсцёнак, што вісеў у яго на матузку, і паднёс да вуснаў. Зачырванеўшыся, міс Лідзія адышлася ад акна, але амаль адразу ж вярнулася і ўбачыла, як карсіканцы на сваіх коніках галопам бягуць да гор. Праз паўгадзіны палкоўнік паказаў іх у падзорную трубу. Яны ехалі далёка ўздоўж затокі, і міс Нэвіл убачыла, што Орса часта азіраецца на горад. Нарэшце яны схаваліся за балотамі, на месцы якіх зараз узрос гожы малады лес. Зірнуўшы ў люстэрка, міс Лідзія заўважыла, што збялела.
— Што падумае пра мяне гэты хлопец? А што думаю пра яго я? I чаму я пра яго думаю?.. Дарожнае знаёмства!.. I нашто я прыехала на Корсіку! О, я яго зусім не кахаю... Не, не, дый гэта ж не магчыма... I Каломба... Я — братава voceratrice! Тае, што носіць вялікі кінжал! — I, заўважыўшы, што трымае ў руцэ кінжал караля Тэадора, яна кінула яго на свае сукенкі.— Каломба ў Лондане танцуе ў Эльмака! Божухна, вось будзе львіца![95] Напэўна, праз яе ўчыніцца фурор... Ён кахае мяне, я ўпэўнена... Гэта герой рамана, авантурную кар’еру якога я перапыніла... Але ці сапраўды хацеў ён адпомсціць за бацьку па-карсіканску?.. Ён нешта сярэдняе паміж Конрадам[96] і дэндзі... Я зрабіла з яго сапраўднага дэндзі, дэндзі, які мае карсіканскага краўца!..
Яна кінулася ў ложак і хацела заснуць, але нічога з гэтага не атрымалася. А я не бяруся працягваць яе маналог, у якім яна сотні разоў паўтарала, што пан дэла Рэбія быў, ёсць і будзе ёй нікім.
IX
А тым часам Орса з сястрою ехалі далей. Спачатку з-за хуткага бегу коней яны не маглі размаўляць, потым, калі на стромым пад’ёме коні мусілі перайсці на крок, яны пачалі перагаворвацца пра сяброў, якіх нядаўна пакінулі. Каломба з захапленнем гаварыла пра прыгажосць міс Нэвіл, пра яе льняныя валасы, пра яе далікатныя манеры. Пасля яна запыталася, ці палкоўнік такі багаты, як здаецца, ці панна Лідзія адна ў яго дачка.
— Гэта была б неблагая партыя,— сказала яна.— Здаецца, яе бацька вельмі прыязна ставіцца да вас...
I як Орса нічога не адказаў, то яна працягвала:
— Некалі наш род быў багаты, мы й цяпер з найшаноўнейшых на востраве. Усе гэтыя signori[97] выблядкі. Высакародства захавалася толькі сярод капралаў, а вы ведаеце, Орса, што нашы продкі з першых капралаў на востраве. Наш род прыйшоў з-за гор[98], бо грамадзянскія войны змусілі нас. На вашым месцы, Орса, я б не вагаўшыся папрасіла рукі міс Нэвіл у яе бацькі. (Орса паціснуў плячыма.) На яе пасаг я б купіла лясы Фальсэта і вінаграднікі, што ляжаць ніжэй нашага сяла; я б пабудавала прыгожы дом з чэсанага каменю і надбудавала б яшчэ адзін паверх на нашай старой вежы, дзе Самбукуча пабіў столькі маўраў за часы графа Анры ле бэль Місэрэ[99].
— Каломба, ты звар’яцела,— адказаў Орса, гонячы каня галопам.
— Вы мужчына, Орс Антон, і, пэўна, лепей за жанчыну ведаеце, што вам рабіць. Але я б хацела ведаць, што гэты англічанін можа мець супраць вашага шлюбу. Ці ёсць у Англіі капралы?..
Гутарачы такім чынам, брат і сястра пасля досыць доўгага прабегу прыехалі ў невялічкую вёску блізка Баканяна, дзе спыніліся павячэраць і пераначаваць у аднаго з сяброў іхняе сям’і. Іх прынялі з тою карсіканскаю гасціннасцю, якую можна ацаніць, толькі спазнаўшы. Назаўтра гаспадар, што даводзіўся кумам пані дэла Рэбія, правёў іх за адзін лье ад свайго дома.
— Бачыце вунь тыя лясы і макі,— сказаў ён Орса ў хвіліну расстання.— Чалавек, якога б напаткала няшчасце, пражыў бы там дзесяць год, і ні жандары, ані вальтыжоры не сунуліся б туды па яго. Гэтыя лясы цягнуцца да Візавонскага лесу, і калі маеш сяброў у Баканяна ці дзе паблізу, будзеш мець усё, што трэба. У вас добрая стрэльба, яна павінна біць далёка. Матка Боска! Што за калібр! З такою стрэльбаю можна забіць і што лепшае за дзіка.
Орса холадна адказаў, што гэта англійская стрэльба і што свінец яна нясе далёка. Яны абняліся, і кожны рушыў сваёю дарогай.
Нашы падарожнікі былі ўжо недалёка П’етранэры, калі ля ўвахода ў горную гарлавіну, праз якую яны меліся ехаць, угледзелі сем ці восем мужчын са стрэльбамі. Адныя сядзелі на камянях, другія ляжалі на траве, іншыя стаялі і, здавалася, сачылі за дарогаю. Коні іхнія пасвіліся паблізу. Каломба хвіліну глядзела на іх у падзорную трубу, якую дастала са скураное торбы, што ўсе карсіканцы бяруць у дарогу.
— Гэта нашы людзі! — радасна закрычала яна.— П’еруча добра выканаў загад.
— Якія людзі? — запытаў Орса.
— Нашы пастухі,— адказала яна.— Пазаўчора ўвечары я выправіла П’еруча сабраць гэтых малойцаў, каб правесці вас да дому. Не належыць вам уязджаць у П’етранэру без дружыны, апроч таго, трэба памятаць, што Барычыні здольныя на ўсё.
— Каломба,— сказаў Орса сурова,— колькі разоў прасіў я цябе не гаварыць мне пра Барычыні і пра твае неабгрунтаваныя падазрэнні. Я не збіраюся выстаўляць сябе на посмех, вяртаючыся дадому з кодлаю гэтых лайдакоў. I я вельмі недавольны, што ты іх сабрала, не папярэдзіўшы мяне.
[95] На тыя часы англічане называлі так свецкіх людзей, што імкнуліся вылучыцца праз нешта надзвычайнае (аўт.).
[96] Конрад — герой паэмы Байрана «Карсар» (1814).
[97] Signori завуцца нашчадкі карсіканскіх феадалаў. Паміж родамі signori і caporali ідзе спрэчка за радавітасць (аўт.).
[98] Г. зн. з усходняга берага. Гэты пашыраны выраз di lὰ dei monti мяняе сэнс адпаведна месцу знаходжання таго, хто гаворыць. З поўначы на поўдзень Корсіку дзеліць горны хрыбет (аўт.).
[99] В. Філіпіні кн. II. — Граф Арыга бэль Місэрэ памёр каля 1000 года. Кажуць, што па ягонай смерці пачуўся голас, што спяваў наступныя прарочыя словы: