— Ведаеце, пане дэла Рэбія, вы палохаеце мяне. Здаецца, што паветра вашага вострава не толькі наганяе ліхаманку, але і робіць вар’ятам. На шчасце, мы хутка пакінем яго.
— Але не раней, чым наведаеце П’етранэру. Вы абяцалі гэта маёй сястры.
— А калі мы не выканаем гэтага абяцання, то мусім чакаць нейкае помсты?
— Памятаеце, ваш бацька неяк распавядаў пра індусаў, што пагражаюць кіраўнікам Кампаніі[93] галадоўкаю, калі тыя не вырашаць адпаведна законам іх патрабаванні?
— Значыць, і вы заморыце сябе голадам? Сумняваюся. Адзін дзень вы яшчэ пагаладаеце, але на другі панна Каломба прынясе вам такі смачны bruccio[94], што вы адмовіцеся ад сваіх планаў.
— Вашы насмешкі жорсткія, міс Нэвіл. Вы ж бачыце, што я тут адзін. Толькі вы перашкаджалі мне звар’яцець, вы былі мой анёл-ахоўца, а зараз...
— Зараз,— сказала міс Лідзія сур’ёзна.— Каб падтрымаць ваш розум, які так лёгка падточваецца, вы маеце ваш гонар чалавека і вайскоўца і...— працягвала яна, нагнуўшыся, каб сарваць кветку,— калі гэта дапаможа вам, успамін пра вашага анёла-ахоўцу...
— Ах! Міс Нэвіл, каб я толькі мог думаць, што вы і сапраўды неяк спрыяеце мне...
— Паслухайце, пане дэла Рэбія,— сказала міс Нэвіл трохі ўсхвалявана,— вы дзіця, і я буду звяртацца да вас, як да дзіцяці. Калі я была малая, маці падаравала мне прыгожыя каралі, пра якія я марыла, але пры тым яна сказала: «Кожны раз, як будзеш накладаць гэтыя каралі, узгадвай, што яшчэ не ўмееш гаварыць па-французску». I вартасць караляў упала ў маіх вачах. Яны зрабіліся для мяне нечым накшталт дакору; але я іх насіла, і я вывучыла французскую. Бачыце гэты пярсцёнак? Гэта егіпецкі скарабей, знойдзены ў пірамідзе. Гэтая смешная выява, што вы, мабыць, лічыце за бутэльку, азначае людское жыццё. У маёй краіне ёсць людзі, што палічылі б гэты іерогліф за вельмі адпаведны. Вось гэта, далей, гэта шчыт на руцэ, якая трымае дзіду: гэта азначае змаганне, бітву. Такім чынам, спалучэнне двух знакаў утварае дэвіз, як мне здаецца, цудоўны: Жыццё ёсць змаганне. Не думайце, што я лёгка чытаю іерогліфы; адзін навуковец, прозвішча якога мае канчатак — ус, растлумачыў мне гэта. Калі ў вас з’явяцца благія карсіканскія думкі, паглядзіце на мой талісман і скажыце сабе, што трэба выходзіць пераможцам з бойкі, у якую нас уцягваюць нядобрыя страсці. Але я й сапраўды някепска навучаю.
— Я буду думаць пра вас міс Нэвіл, я буду казаць сабе...
— Кажыце сабе, што маеце сябра, які будзе шкадаваць... калі... вас павесяць. Дарэчы, гэта засмуціць і вашых продкаў-капралаў.
З гэтымі словамі яна пусціла Орсаву руку і пабегла да бацькі.
— Тата,— сказала яна,— пакіньце гэтых бедных птушак, хадземце з намі чытаць вершы ў Напалеонаў грот.
VIII
[93] Кампанія — Маецца на ўвазе Ост-Індская кампанія, якая трымала ў сваіх руках увесь англійскі гандаль з Індыяй і нажывала на гэтым вялізныя грошы. Кампанія няшчадна эксплуатавала індусаў.
[94] Гатунак сыру, нацыянальная страва карсіканцаў (аўт.).