Тым часам палкоўніка Гільфуча забілі. Вось факты, як іх падавалі следчыя: 2 жніўня 18... года, адвячоркам, Мадлена П’етры, несучы збожжа ў П’етранэру, пачула адзін за адным два стрэлы, як ёй здалося на бязлюднай дарозе ў горад крокаў за сто пяцьдзесят ад таго месца, дзе яна стаяла. Амаль адразу ж яна заўважыла чалавека, што, прыгнуўшыся, бег да сяла праз вінаграднікі. На хвіліну чалавек спыніўся і абярнуўся, але было задалёка, і пані П’етры не пазнала яго, да таго ж ён трымаў у зубах вінаградны ліст, што хаваў ягоны твар амаль цалкам. Ён зрабіў знак рукою нейкаму хаўрусніку, якога сведка не бачыла, і знік у вінаградніках.
Жанчына кінула свой клунак і пабегла сцежкаю. Яна знайшла палкоўніка дэла Рэбія ў лужыне крыві, прабітага дзвюма кулямі, але яшчэ жывога. Стрэльба яго ляжала побач, гатовая да стральбы, нібы ён рыхтаваўся абараняцца ад аднаго нападцы спераду, калі другі стрэліў па ім ззаду. Ён хрыпеў і змагаўся са смерцю, але не мог вымавіць ні слова, што дактары растлумачылі характарам яго ранаў: кулі прабілі лёгкае. Ён захлынаўся крывёю, яна плыла павольна, бы чырвонае шумавінне. Дарэмна П’етры ўздымала і распытвала яго. Яна бачыла, што ён хацеў гаварыць, але не мог. Заўважыўшы, што ён спрабуе засунуць руку ў кішэню, яна хутка выцягла адтуль нататнік і разгарнула яго. Паранены ўзяў з нататніка аловак і паспрабаваў пісаць. Яна напэўна бачыла, што ён з цяжкасцю напісаў нейкія літары, але, не ўмеючы чытаць, яна не магла зразумець іх сэнсу. Знясілены гэтым намаганнем палкоўнік пакінуў нататнік у руцэ пані П’етры, моцна сціснуў яе, неяк дзіўна пазіраючы, нібы хацеў сказаць, вось словы сведкі: «Гэта важна, тут імя забойцы!»
Дабегшы да сяла, пані П’етры сустрэла мэра Барычыні з сынам Вінчэнтэла. Была ўжо амаль ноч. Яна расказала ўсё, што бачыла. Мэр забраў нататнік і пабег у мэрыю, каб узяць сваю трохколерную перавязь і паклікаць сакратара і жандараў. Застаўшыся з Вінчэнтэла, Мадлена П’етры прапанавала пайсці дапамагчы палкоўніку, калі той яшчэ жывы. Але Вінчэнтэла адказаў, што, калі ён падыдзе да чалавека, які быў зацятым ворагам яго роду, яго абавязкова абвінавацяць у забойстве. Хутка з’явіўся мэр. Палкоўнік быў ужо мёртвы. Мэр засведчыў яго смерць, загадаў забраць цела і склаў пратакол.
Нягледзячы на збянтэжанасць, натуральную ў такім становішчы, пан Барычыні паспяшаўся запячатаць нататнік і пачаў усе магчымыя пошукі, але яны не далі значных вынікаў.
Калі прыехаў следчы, нататнік распячаталі і на скрываўленай старонцы ўбачылі літары, напісаныя саслабелаю рукой, але чытэльныя. Там было напісана: «Агасты...» Следчы пераканаўся, што палкоўнік хацеў напісаць, што забіў яго Агастыні. Але Каломба дэла Рэбія, якую выклікаў следчы, папрасіла паказаць ёй нататнік. Яна доўга гартала яго, потым паказала рукою на мэра і крыкнула: «Вось забойца!» I з дакладнасцю і абгрунтаванасцю, дзіўнымі для яе пакутлівага стану, яна расказала, што бацька нядаўна атрымаў ліст ад Орса і да таго, як спаліць яго, запісаў у нататніку сынаў адрас, бо той перад гэтым перайшоў у іншы гарнізон. Зараз гэтага адраса ў нататніку не было, і Каломба зрабіла выснову, што мэр вырваў ліст, на адным баку якога быў адрас, а на другім яе бацька напісаў імя забойцы, замест якога мэр паставіў імя Агастыні. Следчы ўбачыў, што ліст, папярэдні тому, дзе было імя, і сапраўды вырваны, але не хапала і іншых лістоў, а сведкі паказалі, што палкоўнік меў звычку вырываць старонкі з нататніка, калі хацеў прыпаліць цыгару; цалкам магчыма, што ён праз недагляд спаліў старонку з сынавым адрасам. Апроч таго, адзначалася, што атрымаўшы нататнік, мэр не мог нічога прачытаць, бо было зацёмна. Ён здолеў даказаць, што ні на хвіліну не спыняўся, пакуль не зайшоў у мэрыю, а брыгадзір жандараў, з якім ён ішоў разам, бачыў, што мэр запаліў лямпу, паклаў нататнік у канверт і запячатаў.
Калі брыгадзір скончыў паказваць, Каломба у роспачы ўкленчыла і пачала прасіць яго дзеля ўсяго святога сказаць, ці не пакідаў ён мэра аднаго хоць на хвіліну. Відавочна, крануты ўзрушаным станам дзяўчыны, брыгадзір, трохі павагаўшыся, зацвердзіў, што ён выходзіў у суседні пакой па паперу, але не быў там і хвіліны, і што мэр гаварыў да яго ўвесь час, пакуль ён вобмацкам шукаў паперу ў шуфлядзе. Апроч таго, ён сказаў, што, калі вярнуўся, скрываўлены нататнік ляжаў на тым самым месцы, куды мэр кінуў яго, увайшоўшы.
Пан Барычыні адказваў зусім спакойна. Ен казаў, што выбачае паводзіны панны дэла Рэбія і згодны зрабіць ласку апраўдацца. Ён даказаў, што ўвесь вечар заставаўся ў сяле, што сын яго, Вінчэнтэла, быў з ім каля мэрыі ў момант забойства, а другі сын, Арландуча, быў прастыўшы і ўвесь той дзень не ўставаў з ложка. Ён паказаў усе стрэльбы ў сваім доме, з усіх іх даўно не стралялі. Ён дадаў, што, адразу здагадаўшыся пра важнасць нататніка, ён запячатаў яго і аддаў у рукі свайму намесніку, прадбачачы, што пры яго адносінах з палкоўнікам яго могуць падазраваць. Нарэшце ён нагадаў, што Агастыні пагражаў забіць таго, хто напісаў ліст ад яго імя, і намякнуў, што гэты мярзотнік мог западозрыць палкоўніка і забіць яго. Такая помста з падобных прычынаў зазвычай для карсіканскіх бандытаў.
Праз пяць дзён пасля смерці палкоўніка дэла Рэбія атрад вальтыжораў натрапіў на Агастыні, і пасля зацятае бойкі той быў забіты. На ім знайшлі ліст ад Каломбы, якая маліла яго прызнацца, ці вінаваты ён у забойстве, якое яму прыпісваюць. Бандыт не адказаў, і з гэтага зрабілі выснову, што ён не наважваўся сказаць дачцэ, што забіў яе бацьку. Але тыя, хто ведаў характар Агастыні, цішком казалі, што, заоіўшы палкоўніка, ён пачаў бы выхваляцца. Яшчэ адзін вядомы бандыт, Брандалача, перадаў Каломбе ліст, у якім гонарам кляўся, што яго таварыш бязвінны; але ён выстаўляў адзіны доказ, што Агастыні ніколі не казаў яму, што падазрае палкоўніка.
У выніку нікога з Барычыні не дапытвалі. Следчы расхваліў мэра, а той адмовіўся ад усялякіх дамаганняў на рачулку, за якую ён судзіўся з палкоўнікам, што сталася вяршыняю ягоных прыкладных паводзін у гэтай справе.
Паводле мясцовага звычаю, пры сабраных сябрах Каломба праспявала над бацькавым целам ballata. У ёй яна выказала ўсю сваю нянавісць да Барычыні, вінаваціла іх у забойстве, пагражала, што брат яе адпомсціць. Менавіта гэтую ballata, што зрабілася вельмі папулярнаю, і спяваў пры міс Лідзіі матрос. Даведаўшыся пра смерць бацькі, Орса, які служыў на той час на поўначы Францыі, прасіў водпуск, але не мог яго атрымаць. Спачатку з Каломбінага ліста ён палічыў Барычыні за вінаватых, але хутка атрымаў копіі ўсіх судовых дакументаў, а асабісты ліст следчага пераканаў яго, што адзіны вінаваты быў бандыт Агастыні. Раз на тры месяцы Каломба пісала яму, гаворачы пра свае падазрэнні і называючы іх доказамі. Мімаволі гэтыя абвінавачванні прымушалі бушаваць ягоную карсіканскую кроў, і часам ён нават быў блізкі да таго, каб згадзіцца з падазрэннямі сястры. Але ў адказах ён увесь час паўтараў, што яе доказы не маюць трывалага абгрунтавання і не вартыя ніякае веры. Ён нават забараняў ёй, хоць дарэмна, пісаць пра гэта. Так мінула два гады, ён быў звольнены з палавіннаю пенсіяй і тады надумаў наведаць бацькаўшчыну, не дзеля таго, каб помсціць людзям, якіх ён лічыў за нявінных, а каб аддаць замуж сястру і прадаць сваю невялічкую маёмасць, калі б гэта дало яму сродкі пражыць на кантыненце.
VII
Ці то прыезд сястры з новаю сілай абудзіў у Орса ўспаміны пра родны дом, ці то ад сораму перад сваімі цывілізаванымі сябрамі за дзікія манеры і касцюм Каломбы, але ўжо на другі дзень ён абвясціў пра свой намер пакінуць Аяча і вярнуцца ў П’етранэру. Праўда, ён прымусіў палкоўніка паабяцаць, што наведае яго сціплае жытло, калі паедзе ў Бастыю, а за гэта абяцаў яму паляванне на даніэляў, фазанаў, дзікоў і іншае.
Незадоўга да ад’езду Орса замест палявання прапанаваў прагуляцца берагам заліва. Узяўшы пад руку міс Лідзію, ён мог гаварыць з ёю зусім свабодна, бо Каломба засталася Ў горадзе, каб зрабіць пакупкі, а палкоўнік штохвіліны адыходзіў ад іх, каб пастраляць чаек і дурнікоў на вялікі подзіў сустрэчным, якія не разумелі, як можна марнаваць порах на падобную дзічыну.
Яны ішлі дарогаю, што вяла да грэчаскае капліцы, адкуль адкрываўся найпрыгажэйшы выгляд затокі, але не звярталі на яе ніякае ўвагі.
— Міс Лідзія... — сказаў Орса, калі маўчанне так зацягнулася, што далей зрабілася б няёмкім.— Скажыце шчыра, што вы думаеце пра маю сястру?
— Яна мне вельмі падабаецца,— адказала міс Нэвіл і дадала з усмешкаю: — Больш за вас, бо яна сапраўдная карсіканка, а вы занадта цывілізаваны дзікун.
— Занадта цывілізаваны!.. Я адчуваю, што мімаволі зноў раблюся дзікуном з тога часу, як ступіў на гэты востраў. Тысяча жахлівых думак хвалюе мяне, узрушвае... і мне абавязкова трэба было трохі пагаварыць з вамі да ад’езду ў маю пустыню.
— Майце мужнасць, васпане. Паглядзіце, як скарылася лёсу ваша сястра, яна дае вам прыклад.
— О, вы памыляецеся. Не верце яе пакорнасці. Яна яшчэ не сказала ні слова, але ў кожным яе поглядзе я чытаю, чаго яна ад мяне чакае.
— А чаго яна ад вас хоча?
— Ат, нічога... адно каб я праверыў, ці стрэльба вашага бацькі таксама добра б’е чалавека, як і дзічыну.
— Што за думка! I як вы можаце дапусціць такое! Вы ж толькі што самі пацвердзілі, што яна вам яшчэ нічога не сказала. Гэта жахліва.
— Каб яна не думала пра помсту, яна б адразу пачала гаварыць пра бацьку, а яна маўчыць. Яна б назвала імёны тых, каго лічыць... дарэмна, я ведаю, яго забойцамі. Але ж і тут ані слова! Гэта таму, што мы, карсіканцы, хітры народ. Мая сястра разумее, што не цалкам трымае мяне пад сваім уплывам, і не хоча спудзіць мяне, калі я яшчэ магу ўцячы. Але, падвёўшы мяне да краю прорвы, калі галава мая закружыцца, яна штурхне мяне ў бездань.
— Орса расказаў міс Лідзіі некалькі падрабязнасцяў пра смерць бацькі, прывёў асноўныя доказы, што прымушалі лічыць Агастыні за забойцу.— Але нішто не змагло пераканаць Каломбу,— дадаў ён.— Я зразумеў гэта з яе апошняга ліста. Яна паклялася знішчыць Барычыні, і... міс Нэвіл, бачыце, як я веру вам... можа быць, яны былі б ужо нежывыя, але праз веру ў забабоны, даравальную пры яе дзікім выхаванні, яна лічыць, што помсціць павінен я, як старэйшы ў сям’і, і што тут закрануты мой гонар.
— Дальбог, васпане, вы нагаворваеце на сваю сястру.
— Не, вы ж самі сказалі... яна карсіканка... яна думае, як думаюць усе тут. Вы ведаеце, чаму ўчора я быў такі сумны?
— Не, але ўжо пэўны час у вас бываюць прыступы дрэннага настрою... Вы былі лепшы ў першыя дні нашага знаёмства.
— А ўчора, наадварот, я быў весялейшы, чым звычайна. Я бачыў, што вы такая добрая, такая спагадлівая да маёй сястры!.. Мы з палкоўнікам вярталіся на лодцы. I ведаеце, што мне сказаў адзін лодачнік на сваёй д’яблавай гаворцы: «Вы забілі шмат дзічыны, Орс Антон, але паглядзіце, Арландуча Барычыні палюе лепш за вас».
— I што ж такога страшнага ў гэтых словах? Вы так хочаце быць самым лепшым паляўнічым?
— Хіба вы не разумееце: гэты мярзотнік казаў, што я не маю мужнасці забіць Арландуча.