— Вы, відаць, вельмі любіце паэзію. Зайздрошчу шчасцю, якое вы адчуеце, чытаючы Дантэ ўпершыню.
— Бачыце, міс Нэвіл,— сказаў Орса,— якую ўладу маюць вершы Дантэ, калі яны так узрушваюць нават дзікуначку, што ведае толькі Pater noster... Але я памыляюся; я памятаю, што Каломба разбіраецца ў паэзіі. Яшчэ дзіцёнкам яна спрабавала складаць вершы, а бацька пісаў мне, што яна лепшая voceratrice ў П’етранэры і на два лье навокал.
Каломба кінула на брата ўмольны позірк. Міс Нэвіл чула пра карсіканскіх імправізатарак і зараз памірала ад жадання пачуць адну з іх. Яна пачала прасіць Каломбу даць ёй узор свайго таленту. Орса пачаў яе адгаворваць, моцна шкадуючы, што так недарэчы ўзгадаў пра паэтычныя здольнасці сястры. Але дарэмна ён кляўся, што няма нічога пусцейшага за карсіканскую ballata, сцвярджаў, што чытаць карсіканскія вершы пасля Дантэ,— гэта здраджваць радзіме, ён адно раздражніў жаданне міс Нэвіл і мусіў урэшце сказаць сястры:
— Добра, зымправізуй што-колечы, але карацей.
Каломба уздыхнула, нейкую хвіліну пільна разглядала сурвэтку на стале, пасля — бэлькі пад столлю; нарэшце закрыла твар рукамі, бы тыя птушкі, што набываюць упэўненасць і лічаць, што іх ніхто не бачыць, калі яны самі не бачаць сябе, заспявала ці, хутчэй, пачала няпэўным голасам дэкламаваць serenata, якую я вам прапаную:
— Вось дзе выхаваная горлінка,— сказаў Орса, абдымаючы сястру з пачуццём, што ніяк не адпавядала яго ўдавана жартоўнаму тону.
— Ваша песня цудоўная,— сказала міс Лідзія.— Мне хацелася б, каб вы запісалі яе ў мой альбом. Я перакладу яе на англійскую і напішу да яе музыку.
Палкоўнік, што не зразумеў ні слова, таксама выказаў свае кампліменты, а потым дадаў:
— Горлінка, пра якую вы, панна, гаворыце, гэта тая птушка, што мы сёння з’елі?
Міс Нэвіл прынесла свой альбом і са здзіўленнем убачыла, з якой надзвычайнаю ашчаднасцю імправізатарка запісвае свае вершы. Замест таго каб кожнаму радку пачынацца з адступам, вершы выцягваліся на ўсю шырыню старонкі так, што ўжо не адпавядалі вядомаму вызначэнню паэтычных твораў: «Радкі кароткія, даўжыня неаднолькавая, пустыя месцы з абодвух бакоў». Можна было таксама зрабіць пэўныя заўвагі капрызнаму напісанню панны Каломбы, што не раз прымушала міс Нэвіл усміхацца, а братні гонар Орса — пакутаваць.
Надышоў час класціся, і абедзве дзяўчыны пайшлі ў свой пакой. Скідаючы свае пацеркі, завушніцы, бранзалеты, міс Лідзія заўважыла, што яе прыяцелька выцягнула з сукенкі нешта даўгавае, накшталт карсэтнае пласціны, але зусім інакшае формы. Асцярожна і амаль крадком Каломба паклала яго на стол пад вуаль, потым укленчыла і набожна памалілася. Праз дзве хвіліны яна была ўжо ў пасцелі. Як і ўсе англічанкі, міс Лідзія распраналася павольна, дый цікаўная натура яе прымушала яе марудзіць, прыкідвацца, што шукае нейкую шпільку; нарэшце яна падышла да стала і падняла вуаль: там ляжаў даволі доўгі стылет, прыгожа аздоблены перламутрам і срэбрам. Зброя была цудоўнага даўнейшага вырабу, дарагая для знаўцы.
— У вас тут паненкі заўжды носяць такія цацкі ў карсэце? — спыталася міс Лідзія, усміхаючыся.
— Так трэба,— усміхнулася і Каломба.— Ліхіх людзей так багата.
— I вам сапраўды хапіла б адвагі ўдарыць вось так?
I міс Нэвіл узяла стылет і зрабіла выгляд, што б’е, як гэта робяць у тэатры: зверху ўніз.
— Так,— сказала Каломба сваім мяккім і напеўным голасам.— Калі спатрэбіцца абараніць сябе ці сяброў... Але трымаць яго трэба не так: калі чалавек, якога вы хочаце ўдарыць, адступіць, вы можаце параніць сябе.— Яна паднялася ў ложку.— Глядзіце, трэба біць так, знізу ўверх. Кажуць, што такі ўдар смяротны. Шчаслівыя тыя, каму не трэба такая зброя.
Яна ўздыхнула, апусціла галаву на падушку і заплюшчыла вочы. Немагчыма ўявіць сабе галоўку высакароднейшую, цнатлівейшую, прыгажэйшую. Фідый[89], ствараючы сваю Мінерву, не пажадаў бы лепшае мадэлі.
VI
Згодна з правілам Гарацыя[90], я ўзяўся адразу in medias res[91]. Зараз, калі ўсе спяць: і прыгажуня Каломба, і палкоўнік, і ягоная дачка, я карыстаюся момантам, каб пазнаёміць чытача з некаторымі асаблівасцямі, якія ён павінны ведаць, калі хоча глыбей зразумець гэтую праўдзівую гісторыю. Вы ўжо ведаеце, што палкоўніка дэла Рэбія, бацьку Орса, забілі. Але Корсіка гэта не Францыя, тут забівае не нейкі там беглы галернік, што не знаходзіць лепшых сродкаў, каб украсці ваша сталовае срэбра, тут забіваюць ворагі. Праўда, вызначыць прычыну варожасці часам надзвычай цяжка. Шмат родаў ненавідзяць адзін аднаго праз даўнейшую звычку, хоць нават з сямейных легендаў ужо зніклі згадкі пра прычыну гэтае нянавісці.
Род, да якога належаў палкоўнік дэла Рэбія, варагаваў шмат з якімі родамі, але асабліва з родам Барычыні. Нехта казаў, што ў шаснаццатым стагоддзі адзін з дэла Рэбія спакусіў дзяўчыну з роду Барычыні, і хтосьці са сваякоў зняважанае панны забіў яго. Праўда, сёй-той сцвярджаў адваротнае: што спакусілі дзяўчыну з дэла Рэбія, а забілі Барычыні. Карацей, ужываючы прыняты выраз, між двума родамі была кроў. Але, насуперак звычаю, гэтае забойства не выклікала іншых: і дэла Рэбія, і Барычыні аднолькава зазналі ўціск генуэзскага ўрада, маладыя людзі былі ў выгнанні, і многія пакаленні ў абодвух родах былі пазбаўленыя самых дзейсных сваіх прадстаўнікоў.
У канцы мінулага стагоддзя адзін дэла Рэбія, што быў афіцэрам на службе ў Неапалітанскага каралеўства, пасварыўся ў гульнёвым доме з вайскоўцамі, якія назвалі яго карсіканскім казапасам. Ён схапіўся за шпагу і меў бы бяды, бо быў адзін супроць трох, калі б нейкі незнаёмы, што таксама там гуляў, не крыкнуў: «Я таксама карсіканец» і не стаў бы яму на дапамогу. Гэты незнаёмы быў Барычыні, праўда, ён і не ведаў свайго земляка. Пасля тлумачэнняў з абодвух бакоў было сказана шмат ветлівых засведчанняў і клятваў у вечным сяброўстве. На кантыненце карсіканцы лучацца лёгка, зусім не так, як на сваім востраве. I гэта добра відаць з наступнае акалічнасці: у Італіі дэла Рэбія і Барычыні былі блізкія сябры, але, вярнуўшыся на Корсіку, сустракаліся вельмі рэдка, хоць і жылі ў адным сяле, а пасля іх смерці людзі казалі, што яны пяць ці шэсць год перад гэтым не размаўлялі. I сыны іх таксама, як казалі на востраве, жылі адпаведна этыкету. Адзін, Гільфуча, бацька Орса, быў вайсковец, другі, Джудзіча Барычыні,— адвакат. Узначаліўшы свае сем’і, адасобленыя сваімі заняткамі, яны амаль не мелі нагоды бачыцца ці чуць што-колечы адзін пра аднаго.
Але аднойчы, здаецца ў 1809 годзе, Джудзіча даведаўся з нейкае газеты ў Бастыі, што капітан Гільфуча быў узнагароджаны, і сказаў пры сведках, што ён з гэтага не дзівіцца, бо генерал*** спрыяе ягонаму роду. Гэтыя словы данеслі да Гільфуча ў Вену, і той сказаў камусьці з землякоў, што, вярнуўшыся на Корсіку, ён, напэўна, застане Джудзіча ўзбагацелага, бо той больш мае з прайграных справаў, чым з выйграных. Невядома, ці ён хацеў сказаць пра тое, што адвакат здраджвае сваім кліентам, ці абмяжоўваўся паўтарэннем трывіяльнае ісціны, што прайграная справа прыносіць судоўцу больш, чым выйграная. Як бы там ні было, адвакат даведаўся пра абгавор і не забыўся на яго.
У 1812 годзе ён пачаў дамагацца месца мэра ў сваёй камуне і меў надзею стаць ім, але генерал*** напісаў прэфекту ліст, рэкамендуючы сваяка Гільфучавай жонкі. Прэфект паспяшаўся ўчыніць адпаведна з жаданнем генерала, і Барычыні больш не сумняваўся, што гэтая няўдача здарылася праз інтрыгі Гільфуча. Пасля падзення імператара ў 1814 годзе генералаў стаўленец быў абвешчаны банапартыстам, а ягонае месца заняў Барычыні. У сваю чаргу, ён быў змешчаны падчас Ста Дзён, але пасля гэтае навалы зноў урачыста завалодаў пячаццю мэрыі і рэгістрацыйнымі кнігамі.
З тае пары зорка яго заззяла ярчэй чым калі. Палкоўнік дэла Рэбія быў звольнены з палавіннаю пенсіяй і пераехаў у П’етранэру. Адвакат пачаў супроць яго неабвешчаную вайну сваімі бясконцымі звадамі: то вымушаў плаціць за шкоду, што ўчыніў палкоўнікаў конь на землях пана мэра; то, нібы рамантуючы падлогу ў касцёле, загадваў зняць расколатую пліту з гербам дэла Рэбія, што пакрывала кагосьці з яго продкаў. Калі нечыя козы дратавалі палеткі дэла Рэбія, мэр заўжды абараняў іх гаспадароў.
Бакалейшчыка, што загадваў поштаю ў П’етранэры, і старога салдата-калеку, які служыў вясковым паліцыянтам, Барычыні паціху зняў, бо яны былі кліенты дэла Рэбія, і замяніў на сваіх прыхільнікаў.
Памерла палкоўнікава жонка, а перад смерцю наказала, каб яе пахавалі ў ляску, дзе яна любіла гуляць. Адразу ж мэр абвясціў, што яе мусяць пахаваць на агульных могілках з тае прычыны, што ён не мае дазволу на адасобленыя пахаванні. Загневаны палкоўнік абвясціў, што, пакуль прыйдзе дазвол, ён пахавае жонку там, дзе яна захацела, і загадаў капаць магілу. Тады й мэр загадаў капаць яму на могілках і выклікаў жандараў, каб, як ён казаў, сілаю дамагчыся выканання закону. У дзень пахавання сышліся абедзве партыі, і была небяспека, што за цела пані дэла Рэбія ўзнікне бойка. Чалавек сорак збройных сялян, што прыйшлі са сваякамі памерлае, прымусілі святара проста з касцёла скіравацца на дарогу да ляска, з другога боку мэр, два яго сыны, кліенты і жандары з’явіліся, каб перашкодзіць ім. Мэр загадаў шэсцю вярнуцца, але яму адказалі свістам і грозьбамі; перавага ў колькасці была на баку яго супраціўнікаў, і намеры ў іх, здавалася, былі самыя рашучыя. На яго з’яўленне заляскалі замкі стрэльбаў, адзін пастух, казалі, нават узняў прыклад да плечука, але палкоўнік прымусіў апусціць стрэльбу і сказаў: «Без майго загаду не страляць!» Мэр, як Панург[92], «ад прыроды баяўся бойкі», ён адступіў разам са сваімі людзьмі. Тады жалобная працэсія рушыла даўжэйшым шляхам, каб прайсці перад мэрыяю. Дарогаю нейкі дурань, што далучыўся да грамады, дадумаўся закрычаць: «Няхай жыве Імператар!» Некалькі галасоў падтрымалі яго, рэбіяністы ўзрушыліся і прапанавалі забіць адвакатавага бугая, што выпадкова заступіў ім дарогу. На шчасце, палкоўнік не дапусціў гэтае жорсткасці.
Зразумела, быў складзены пратакол, мэр даслаў прэфекту рапарт, напісаны самым найпышнейшым стылем, у якім ён размаляваў зганьбаванне законаў боскіх і людскіх, абразу годнасці ягонай, мэра, і годнасці кюрэ. Ён пісаў, што палкоўнік дэла Рэбія стаў на чале банапартысцкае змовы, маючы на мэце змяніць лад наследавання трона і ўзбудзіць грамадзян на збройныя ўсобіцы — злачынства, прадугледжаныя артыкуламі 86 і 91 крымінальнага кодэкса.
Надмернасць у гэтай скарзе зашкодзіла яе дзейснасці. Палкоўнік напісаў прэфекту, каралеўскаму пракурору; хтосьці са сваякоў яго жонкі быў родзічам аднаго дэпутата ад Корсікі, нехта яшчэ пляменнікам старшыні каралеўскага суда. Дзякуючы пратэкцыі абвінавачванне ў змове знялі, магіла пані дэла Рэбія засталася ў лесе, і толькі таму дурню прысудзілі пятнаццаць дзён зняволення.
Адвакат Барычыні, незадаволены вынікамі гэтае справы, вырашыў падступіцца з іншага боку. Ён раскапаў старыя паперы, з якімі пачаў аспрэчваць у палкоўніка права валодання адною рачулкай, на якой стаяў млын. Распачалася доўгая судовая справа. Пад канец года суд меўся вынесці вырак, па ўсім відаць, на карысць палкоўніку; але тут пан Барычыні перадаў каралеўскаму пракурору ліст ад вядомага бандыта Агастыні з пагрозамі яму, мэру, падпалам і смерцю, калі ён не адступіцца ад сваіх дамаганняў. Вядома, што на Корсіцы падтрымка бандытаў цэніцца высока, бо тыя, каб услужыць сваім прыяцелям, часта ўмешваюцца ў іх асабістыя спрэчкі. Бандыт Агастыні напісаў каралеўскаму пракурору, што подпіс яго падроблены і асоба ягоная зганьбавана, бо яго выставілі чалавекам, што гандлюе сваёй уплывовасцю. «Калі я знайду махляра,— пісаў ён у канцы,— я пакараю яго дзеля прыкладу».
Зразумела было, што Агастыні не пісаў гэтага ліста, дэла Рэбія вінавацілі ў падробцы Барычыні і наадварот. З абодвух бакоў гучалі пагрозы, і судоўцы не ведалі, дзе шукаць вінаватых.
[89] Фідый (каля 490—430 да н. э.) — старажытнагрэчаскі скульптар.
[90] Згодна з правілам Гарацыя...— Мерымэ падае далей словы з «Паэтычнага мастацтва» Гарацыя (верш 148), сказаныя ім пра Гамера.
[91] За сутнасць справы (лац.).
[92] ...як Панург, «ад прыроды баяўся бойкі»...— маецца на ўвазе адна з рыс героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. II, раздз. 21).