— Каломба! — крыкнуў Орса.
Ён абняў яе і пяшчотна пацалаваў, што задзівіла палкоўніка і ягоную дачку, бо англічане не цалуюцца на вуліцы.
— Браце,— сказала Каломба,— даруйце, што я прыехала без вашага дазволу, але нашы сябры паведамілі, што вы ўжо тут, а бачыць вас — такая радасць для мяне...
Орса зноў абняў яе, потым павярнуўся да палкоўніка і сказаў:
— Гэта мая сястра; я ніколі б не пазнаў яе, каб яна не назвалася. Каломба, гэта сір Томас Нэвіл, палкоўнік. Палкоўнік, калі ласка, прабачце, але сёння я не змагу павячэраць з вамі... Мая сястра...
— О д’ябал! Але дзе вы збіраецеся вячэраць, даражэнькі? Вы ж ведаеце, што ў гэтай паганай карчме гатуюць толькі адну вячэру — для нас. Мая дачка будзе вельмі рада, калі панна павячэрае з намі.
Каломба паглядзела на брата, які не прымусіў доўга сябе прасіць, і яны разам увайшлі ў найбольшы пакой карчмы, што служыў палкоўніку салонам і гасцёўняю. Калі панну дэла Рэбія знаёмілі з міс Нэвіл, яна зрабіла нізкі рэверанс, але не сказала ні слова. Відаць было, што яна вельмі збянтэжылася і што свецкіх людзей яна бачыць упершыню ў жыцці. Але ўсё адно ў яе манерах не было нічога, што патыхала б правінцыйнасцю. Адметнасць у ёй пераважвала няспрытнасць. За гэта міс Нэвіл і ўпадабала яе. У карчме, занятай палкоўнікам і яго сябрамі, не было вольных пакояў, і тут спагадлівасць, а можа, і цікаўнасць прымусілі міс Лідзію прапанаваць, каб ложак для панны дэла Рэбія паставілі ў яе пакоі.
Каломба прамармытала некалькі ўдзячных словаў і паспяшалася за пакаёўкаю міс Нэвіл, каб трохі апратаць сябе, што бывае неабходна пасля коннага падарожжа ў пыле і пад спякотным сонцам.
Вярнуўшыся ў салон, яна спынілася каля стрэльбаў, што паляўнічыя саставілі ў кут.
— Якія прыгожыя стрэльбы! Яны вашы, браце?
— Не, гэта палкоўнікавы англійскія стрэльбы. Яны такія ж добрыя, як і прыгожыя.
— Я б хацела, каб і вы мелі такую.
— Ну, канечне, адна з іх належыць дэла Рэбія,— сказаў палкоўнік.— Надта ж добра ён з імі ўпраўляецца. Вось сёння: чатырнаццаць стрэлаў, і ўсе трапныя!
Тут усчалася бойка шчодрасці і сціпласці, у якой Орса быў пераможаны на вялікае задавальненне ягонай сястры; дзіцячая радасць, што раптам заззяла на яе твары, нядаўна такім сур’ёзным, выдавала гэтае задавальненне.
— Выбірайце, дарагі мой,— сказаў палкоўнік.
Орса адмовіўся.
— Добра, ваша сястра выбера за вас.
Каломбе не трэба было паўтараць. Яна выбрала найменш аздобленую стрэльбу: гэта быў цудоўны Мэнтан[87] буйнога калібру.
— Вось гэтая павінна добра біць.
Збянтэжаны Орса пачаў дзякаваць, але тут падалі вячэру, і гэта яго ўратавала. Міс Лідзія з замілаваннем глядзела, як Каломба адмаўлялася садзіцца за стол і скарылася пад братавым поглядам. Як добрая каталічка, сеўшы за стол, яна перахрысцілася.
— Добра,— сказала англічанка сабе.— Вось дзе несапсаваныя норавы.
Яна падумала, што заўважыць шмат цікавага, назіраючы за гэтаю маладою прадстаўніцаю старых карсіканскіх звычаяў. Орса відавочна адчуваў сябе ніякавата, пэўна, баяўся, каб сястра не зрабіла ці не сказала чагосьці такога, што занадта б патыхала вёскаю. Але Каломба ўвесь час паглядала на яго і паўтарала ўсе яго рухі. Часам яна глядзела на яго пільна, неяк дзіўна і тужліва, і, сустрэўшы гэты позірк, Орса першы хаваў вочы, нібы ўнікаючы пытання, якое сястра ў думках ставіла яму і якое ён вельмі добра разумеў. Гаварылі па-французску, бо палкоўнік слаба разумеў па-італьянску; Каломба французскую разумела і нават досыць прыстойна вымавіла тыя некалькі словаў, якімі яна мусіла абмяняцца з гаспадарамі.
Палкоўнік заўважыў тую ніякаватасць, што панавала паміж братам і сястрою і пасля вячэры спытаўся ў Орса са сваёю звычайнаю праматой, ці не хочуць яны пагаварыць сам-насам, у такім выпадку яны з дачкою маглі б перайсці ў суседні пакой. Орса паспяшаў падзякаваць і сказаў, што ў іх будзе час нагаварыцца ў П’етранэры, так звалася сяло, дзе ён збіраўся пасяліцца.
Палкоўнік заняў сваё звычайнае месца на сафе. Міс Нэвіл, перабраўшы розныя тэмы і зняверыўшыся, што здолее разгаварыць прыгажуню Каломбу, папрасіла Орса прачытаць ёй песню з Дантэ, гэта быў яе ўлюбёны паэт. Орса выбраў песню з «Пекла», дзе ёсць сцэна з Франчэскаю да Рыміні[88]; ён чытаў, старанна падкрэсліваючы гэтыя ўзнёслыя тэрцэты, якія цудоўна паказваюць, як небяспечна чытаць удваіх кнігу пра каханне. Падчас чытання Каломба падсунулася да стала, узняла сваю паніклую галаву, райкі яе вачэй расшырыліся і заззялі незвычайным агнём, яна то чырванела, то бялела, то трапятала мімаволі ў сваім крэсле. Узнёслай італьянскай натуры, каб разумець паэзію, не патрэбны настаўнік, які б тлумачыў прыгажосць верша!
Калі чытанне скончылася, яна ўсхвалявана сказала:
— Якая прыгажосць! Хто гэта напісаў, браце?
Орса трохі збянтэжыўся, а міс Лідзія з усмешкаю адказала, што гэта паэма аднаго фларэнцыйскага паэта, што памёр шмат стагоддзяў таму.
— Я пачытаю табе Дантэ, калі мы будзем у П’етранэры,— сказаў Орса.
— Божухна, але як прыгожа! — зноў сказала Каломба. Яна паўтарыла тры ці чатыры запомненых тэрцэты, спачатку ціха, а потым узрушылася і прадэкламавала іх голасна, з куды большаю выразнасцю, чым брат.
Міс Лідзія задзівілася:
[87] Мэнтан — горад у Англіі, дзе выраблялася пальная зброя высокай якасці.
[88] Франчэска да Рыміні.— У «Пекле» Дантэ (песня V) апавядаецца пра каханне Франчэскі Рыміні і Паола Малатэста, яе дзевера. Яны адкрылі адно аднаму сваё каханне, чытаючы рыцарскі раман пра любоўныя прыгода Ланселота.