— Вы яшчэ ў войску?
— Я на палавіннай пенсіі, пане.
— Я спадзяюся, што вы досыць доўга былі ў французскім войску, каб цалкам афранцузіцца.
Апошнія словы ён вымавіў з выразным націскам. Сказаць карсіканцам, што яны належаць да гэтае вялікае нацыі, не азначае ўлесціць ім. Яны хочуць быць асобным народам і так упарта настойваюць на гэтым, што з імі нельга не згадзіцца. Орса, трохі падцяты заўвагаю, адказаў:
— Вы лічыце, пане прэфект, што стаць прыстойным чалавекам карсіканец можа, толькі паслужыўшы ў французскім войску?
— Ну, канечне ж, не, вы не зразумелі мяне: я кажу толькі пра некаторыя звычаі вашае краіны, яны не такія, як хацела б адміністрацыя.
Ён зрабіў націск на слове «звычаі» і надаў свайму абліччу самы сур’ёзны выгляд, які толькі мог. Неўзабаве ён развітаўся і пайшоў, узяўшы з міс Лідзіі абяцанне наведаць ягоную жонку ў прэфектуры. Калі ён выйшаў, міс Лідзія сказала:
— Трэба было з’ездзіць на Корсіку, каб даведацца, што такое прэфект. Гэты мне здаецца досыць прыстойным.
— А мне не здаецца,— сказаў Орса.— I я лічу, што ён вельмі дзіўны з гэтым сваім напышлівым і таямнічым выглядам.
Дрымота палкоўніка перайшла ў нешта больш глыбокае. Міс Лідзія кінула на яго позірк і сказала, сцішыўшы голас:
— А мне здаецца, што ён не такі й загадкавы, як вы гаворыце, і, мабыць, я яго зразумела.
— Вы вельмі праніклівая, міс Лідзія, але, калі вы бачыце сэнс у тым, што прэфект толькі што сказаў, то, напэўна, вы самі яго туды ўклалі.
— Вось фраза, вартая маркіза дэ Маскарыя[86]! Пане дэла Рэбія... хочаце, я дам вам яшчэ адзін доказ маёй праніклівасці? Я трохі вядзьмарка і ведаю, што думаюць людзі, якіх я бачыла хоць два разы.
— Божа, вы мяне палохаеце. Калі б вы маглі чытаць мае думкі, не ведаю, зарадаваўся б я ці засмуціўся...
— Пане дэла Рэбія,— пачырванеўшы, сказала міс Лідзія,— мы знаёмыя ўсяго некалькі дзён, але ў моры ці ў дзікай краіне,— спадзяюся, вы даруеце мне,— у дзікай краіне людзі робяцца сябрамі хутчэй, чым там, дзе яны жывуць свецкім жыццём... Дык не дзівіцеся ж, што я буду гаварыць з вамі пра рэчы, трохі занадта асабістыя, у якія, мабыць, чужынец не павінны б умешвацца.
— О, не кажыце гэтага слова, міс Нэвіл, мне б больш спадабалася іншае.
— Ну што ж! Васпане, не стараючыся дазнацца пра вашы таямніцы, я трохі пра іх даведалася, і яны мяне засмучаюць. Я ведаю, якое гора напаткала вашу сям’ю; мне шмат распавядалі пра мсцівы характар вашых землякоў і пра тое, якім чынам яны помсцяць... Ці не на гэта самае намякаў прэфект?
— Міс Лідзія, як вы маглі падумаць!..— і Орса збялеў як смерць.
— О не, пане дэла Рэбія,— перапыніла яна яго.— Я ведаю, што вы сапраўдны джэнтльмен. Вы мне самі казалі, што ў вашых краях толькі простыя людзі ўчыняюць вендэту... якую вы назвалі формаю дуэлі...
— Няўжо вы лічыце, што калісьці я магу зрабіцца забойцам?
— Калі я гавару з вамі пра гэта, то вы павінны зразумець, што я не сумняваюся ў вас, пане Орса. Але калі я з вамі загаварыла,— і яна апусціла вочы долу,— то толькі таму, што зразумела, што ў гэтай краіне, сярод дзікіх, можа быць, забабонаў, вам прыемна будзе ўсведамляць, што ёсць чалавек, які паважае вас за мужнае жаданне не паддацца ім. Давайце больш не будзем гаварыць пра гэтыя непрыемныя рэчы,— сказала яна, падымаючыся.— У мяне ад іх галава баліць, ды ўжо й позна, дарэчы. Дабранач, па-англійску.
I яна працягнула яму руку. Ён паціснуў яе з урачыстым і пранікнёным выглядам.
— Ведаеце, панна, часам ува мне прачынаюцца карсіканскія інстынкты. Часам, калі я думаю пра майго беднага бацьку... тады мяне апаноўваюць жахлівыя думкі. Дзякуючы вам, я назаўжды вызваліўся ад іх. Дзякуй, дзякуй!
Ён меўся працягваць, але міс Лідзія знарок упусціла маленькую лыжачку, і звон разбудзіў палкоўніка.
— Дэла Рэбія, заўтра а пятай гадзіне на паляванне! Не спазніцеся.
— Добра, пане палкоўнік.
V
Назаўтра, незадоўга да прыходу паляўнічых, міс Лідзія са сваёй пакаёўкаю вярталася з прагулкі на беразе мора. Яна ўжо падыходзіла да карчмы, калі заўважыла маладую жанчыну, што ўязджала ў горад на невысокім, але спрытным коніку. З ёю быў селянін, таксама конны, у куртцы з цёмнага сукна, прадранай на локцях, цераз плячук у яго вісела баклага, рукою ён трымаў стрэльбу, прыклад якое ўпіраўся ў скураную кішэню, прыточаную да сядзельнае лукі. Карацей, ён быў убраны зусім як разбойнік з меладрамы альбо як падарожны карсіканскі мешчанін. Спачатку толькі дзівосная прыгажосць жанчыны прыцягнула ўвагу міс Нэвіл. Жанчыне было гадоў дваццаць, была яна высокая, беласкурая, з цёмна-блакітнымі вачыма, ружовым ратком, зубы ў яе, нібы перліны. Увесь выгляд яе выяўляў адначасова ганарлівасць, неспакой і сумоту. Галаву яе пакрывала чорная шаўковая вуаль, так званая mezzaro, завезеная на Корсіку генуэзцамі, якая так пасуе жанчынам. Доўгія цёмна-русыя косы каронаю ляжалі вакол галавы. Строі ў яе былі чысцюткія, але самыя простыя.
Міс Нэвіл мела час агледзець яе, бо дама ў вуалі спынілася на вуліцы і з вялікаю цікаўнасцю, якая чыталася ў яе вачах, распытвала нейкага падарожнага. Пачуўшы адказ, яна хвастанула каня і галопам памчалася да самых дзвярэй карчмы, дзе спыніліся сір Томас Нэвіл і Орса. Там яна нешта спыталася ў гаспадара, потым спрытна саскочыла з каня і села на каменную лаву пры ўваходзе, а конюх яе павёў коней на стайню. На міс Лідзію, што ў сваім парыжскім касцюме прайшла перад незнаёмкаю, тая і вачэй не падняла. Праз чвэрць гадзіны адчыніўшы акно, яна ўбачыла даму ў вуалі на тым самым месцы, у той самай паставе. Неўзабаве палкоўнік і Орса вярнуліся з палявання. Тут гаспадар сказаў нешта панне ў жалобным і пальцам паказаў на маладога дэла Рэбія. Яна зачырванелася, спрытна ўскочыла, пайшла, потым знерухомела, нібы сумеўшыся. Орса быў зусім побач і з цікаўнасцю пазіраў на яе.
— Вы — Орса Антоніа дэла Рэбія? — спыталася яна ўсхвалявана.— Я — Каломба.
[86] Маркіз дэ Маскарый.— Гэтае імя і тытул прысвоіў сабе слуга ў камедыі Мальера «Цырымонлівыя паненкі», які на загад свайго пана выстаўляў сябе арыстакратам і гаварыў блытана і мудрагеліста.