Міс Лідзія кінула на яго погляд, поўны годнасці, і, звярнуўшыся да матроса, спыталася, калі судзіна прыйдзе ў порт.
— Пазаўтра, калі вецер не зменіцца.
— А я б ужо зараз хацела быць у Аячы, бо гэты карабель мне абрыд.
Яна паднялася, узяла сваю пакаёўку пад руку і рушыла па палубе. Орса застаўся ля стырнавога, не ведаючы, пайсці за ёю ці спыніць гэту размову, што, відаць, надакучыла ёй.
— Файная дзеўчына, клянуся Мадоннаю! — сказаў матрос.— Каб у маім ложку ўсе скочкі былі такія, я б не скардзіўся, што яны кусаюцца.
Мабыць, міс Лідзія пачула наіўную хвальбу яе прыгажосці і збянтэжылася, бо амаль адразу ж спусцілася ў сваю каюту. Хутка пайшоў і Орса. Адно ён пакінуў палубу, з’явілася пакаёўка, распытала матроса і панесла сваёй гаспадыні наступныя звесткі: ballada, перапыненая Орсавым прыходам, была складзена з нагоды смерці палкоўніка дэла Рэбія, бацькі маладога лейтэнанта, забітага два гады таму. Матрос не сумняваўся, што Орса вяртаецца на Корсіку, каб учыніць помсту, так ён сказаў і сцвярджаў, што хутка ўсе ўбачаць свежае мяса ў сяле П’етранэра. З перакладу гэтага карсіканскага выразу вынікала, што сеньёр Орса мае забіць двох ці трох чалавек, якіх падазраюць у забойстве ягонага бацькі. I сапраўды, за гэта за імі сачыла паліцыя, але яны аказаліся нявінныя, як немаўляты, бо трымалі ў руках суддзяў, адвакатаў, прэфектаў і жандараў.
— На Корсіцы няма закону,— дадаў матрос.— Я даў бы больш за добрую стрэльбу, чым за ратмана каралеўскага суда. Калі маеш ворага, трэба выбіраць паміж трыма s[84].
Цікавыя звесткі карэнным чынам змянілі адносіны міс Лідзіі да лейтэнанта дэла Рэбія. З гэтае хвіліны ён зрабіўся героем у вачах рамантычнае англічанкі. Цяпер гэты бесклапотны выгляд, гэты непасрэдны і вясёлы тон, што спачатку не спадабаліся міс Лідзіі, зрабіліся яшчэ адною вартасцю, бо гэта была глыбокая затоенасць дзейснае душы, якая не дазваляе паказацца вонкі ніводнаму захаванаму ў ёй пачуццю. Орса падаўся ёй падобным да Ф’еска[85], які хаваў шырокія планы пад выглядам бесклапотнасці; і хоць забіць некалькі шэльмаў не так высакародна, як вызваліць бацькаўшчыну, але прыгожая помста заўжды прыгожая. Да таго ж жанчыны не любяць, каб іхні герой быў палітык. Толькі зараз міс Нэвіл заўважыла, што ў маладога лейтэнанта вялікія вочы, бялюткія зубы, статная постаць, што ён выхаваны і ўмее сябе трымаць.
Наступнага дня яна шмат з ім размаўляла, і гаворка цікавіла яе. Яна багата распытвала пра ягоную краіну, а ён хораша распавядаў. Корсіка, якую ён пакінуў у дзяцінстве, спачатку каб паступіць у калеж, а потым у вайсковае вучылішча, засталася ў яго ў памяці ахінутая паэтычным святлом. Ён узрушваўся, гаворачы пра яе горы, лясы, пра своеасаблівыя норавы яе жыхароў. Як можна здагадацца, слова «помста» не раз узгадвалася ў размовах, бо немагчыма гаварыць пра карсіканцаў, не ганячы альбо не апраўдваючы гэтую іхнюю слынную страсць. Орса трохі здзівіў міс Нэвіл, агулам асудзіўшы няспынныя звады сваіх землякоў. Але сялян ён апраўдваў, бо лічыў, што вендэта — гэта дуэль бедных.
«Гэта сапраўды так,— казаў ён,— бо забіваюць толькі пасля таго, як дашлюць выклік паводле ўсіх правілаў. «Сцеражыся, я сцерагуся» — гэтымі словамі звычайна абменьваюцца ворагі да таго, як пачнуць ладзіць адно аднаму засады. У нас больш забойцаў, чым дзе, але вы не знойдзеце невысакародных прычынаў гэтых злачынстваў. Сапраўды, у нас шмат забойцаў, але няма злодзеяў».
Калі ён вымаўляў словы «помста» і «злачынства», міс Лідзія пільна глядзела на яго, але не магла выкрыць на ягоным твары аніякага следу хвалявання. Вырашыўшы, што ён меў неабходную душэўную сілу, каб схаваць свае пачуцці ад усіх вачэй, апроч яе, канечне, яна працягвала цвёрда верыць, што душа палкоўніка дэла Рэбія нядоўга будзе чакаць жаданага задавальнення.
З карабля ўжо бачыліся берагі Корсікі. Гаспадар называў адметныя мясціны на ўзбярэжжы, і хоць яны былі зусім не знаёмыя міс Лідзіі, яна рада была даведацца іх назвы. Няма нічога сумнейшага за безназоўны пейзаж. Часам праз палкоўнікаву падзорную трубу можна было разгледзець якога-небудзь карсіканца ў цёмнай вопратцы, са стрэльбаю, на малым коніку, што галопам ляцеў па стромых схілах. Міс Лідзія ў кожным бачыла бандыта альбо сына, што ішоў помсціць за смерць бацькі, але Орса пераконваў, што гэта якісьці мірны жыхар суседняга мястэчка, які ехаў са справамі, а стрэльбу ён узяў не так праз патрэбу, як праз шык, праз моду, таксама, як дэндзі, што заўжды выходзіць з дому з элегантным кійком. I хоць стрэльба была не такая паэтычная і высакародная зброя, як кінжал, міс Лідзія знаходзіла, што для мужчыны яна элегантнейшая за кіёк, да таго ж яна ўзгадала, што ўсе героі лорда Байрана паміралі ад кулі, а не ад класічнага кінжала.
Пасля трох дзён падарожжа карабель падышоў да Сангінэрскіх астравоў, і перад вачыма нашых падарожнікаў паўстала дзівосная панарама затокі Аяча. Яе справядліва параўноўваюць з Неапалітанскім залівам. У тую хвіліну, як карабель заходзіў у порт, ахопленыя полымем макі зацягвалі дымам гару Punta di Girato, і яна нагадвала Везувій, што яшчэ больш павялічвала падабенства. Калі б войскі Атылы зруйнавалі наваколле Неапаля, гэтае падабенства было б суцэльнае, бо вакол Аяча мясціны мёртвыя і пустэльныя. Замест зграбных будынкаў, што высяцца паўсюль ад Кастэламарэ да мыса Мізэнэ, вакол Аяча віднеюцца адно змрочныя макі, а далей — толькі бязлесыя горы. Толькі сям-там на грудах вакол горада на зялёным фоне расліннасці самотна выдзяляюцца нейкія белыя пабудовы; гэта пахавальныя капліцы, радавыя магільні. Сумная і ўрачыстая прыгажосць гэтага краявіду.
Выгляд горада, асабліва на тыя часы, яшчэ больш абцяжарваў уражанне, створанае самотнасцю наваколля. На вуліцах аніякага руху, бадзяюцца толькі некалькі асобаў, заўжды тых самых. Не відаць жанчын, апроч сялянак, што прыйшлі прадаць свой вясковы тавар. Не чуваць зычных гаворак, смеху, спеваў, як у італьянскіх гарадах. Часам пад ценем узбярэжных дрэваў тузін узброеных сялян гуляе ў карты або назірае гульню. Яны не крычаць і ніколі не сварацца; калі гульцы ўзыходзяцца, чуюцца стрэлы з пісталетаў, што заўжды гучаць раней за пагрозы. Карсіканцы ад прыроды сур’ёзныя і маўклівыя. Вечарамі сёй-той выходзіць, каб нацешыцца прахалодаю, але на Бульвары прагульваюцца амаль адны прыезджыя. Тутэйшыя сядзяць пры сваіх дзвярах, кожны здаецца насцярожаным, як сокал на гняздзе.
IV
Наведаўшы дом, дзе нарадзіўся Напалеон, набыўшы там больш-менш прыстойнымі сродкамі кавалачак шпалерыны, на трэці дзень пасля прыезду на Корсіку міс Лідзія адчула глыбокую сумоту, як і павінна здарыцца з чужынцам у краіне, дзе замкнутасць жыхароў нібы выракае яго на суцэльную адзіноту. Яна ўжо пашкадавала пра сваё неабачнае рашэнне, але ад’ехаць адразу азначала б сапсаваць сваю рэпутацыю нястомнае падарожніцы. Міс Лідзія скарылася неабходнасці цярпець і шукаць магчымасці неяк забавіць час. Прыняўшы такое мужнае рашэнне, яна падрыхтавала алоўкі і фарбы, зрабіла замалёўкі затокі, намалявала партрэт засівералага селяніна, што прадаваў дыні, бы які гандляр на кантыненце, але меў сівую бараду і выгляд самага зацятага мярзотніка, якога толькі можна ўбачыць. Усё гэта не забаўляла яе, і яна вырашыла закруціць галаву нашчадку капралаў. Гэта было няцяжка, бо Орса не спяшаўся дадому, здавалася, яму спадабалася ў Аяча, хоць ён ні з кім тут не сустракаўся. Апроч таго, міс Лідзія паставіла перад сабою высакародную задачу цывілізаваць гэтага горнага мядзведзя і прымусіць яго адмовіцца ад тых жорсткіх планаў, што прывялі яго на востраў. Вырашыўшы перавыхаваць яго, яна казала сабе, што нельга даць загінуць гэтаму маладому чалавеку, а яна зробіць высакародны ўчынак, навярнуўшы ў сваю веру карсіканца.
Дні нашых падарожнікаў праходзілі прыблізна так: зранку палкоўнік і Орса ішлі на паляванне, а міс Лідзія малявала альбо пісала лісты прыяцелькам, спецыяльна, каб падкрэсліць, што лісты з Аяча. Каля шасці гадзін мужчыны вярталіся, нагружаныя здабычаю, вячэралі, міс Лідзія спявала, потым палкоўнік ішоў спаць, а маладыя людзі дапазна вялі гутаркі.
Нейкія фармальнасці з пашпартамі вымусілі палкоўніка зрабіць візіт прэфекту. Той, як і большасць ягоных калег, вельмі нудзіўся і быў рады даведацца пра прыезд англічаніна, чалавека багатага, свецкага, які меў прыгожую дачку. Ён сустрэў яго цудоўна, прапанаваў свае паслугі і ў хуткім часе з’явіўся з візітам у адказ. Палкоўнік, які толькі што падняўся з-за стала, зручна выпрастаўся на сафе і меўся заснуць, дачка ягоная грала на разладжаным піяніна, а Орса гартаў ноты і аглядаў прыгожыя плечы і льняныя валасы піяністкі. Абвясцілі прыход пана прэфекта, піяніна сціхла, палкоўнік устаў, працёр вочы і пазнаёміў прэфекта з дачкою.
— Я не знаёмлю вас з панам дэла Рэбія, вы, пэўна, яго ведаеце.
— Вы сын палкоўніка дэла Рэбія? — спытаўся прэфект, злёгку збянтэжаны.
— Так, васпане,— адказаў Орса.
— Меў гонар ведаць вашага бацьку.
Агульныя тэмы для размовы хутка вычарпаліся. Досыць часта палкоўнік мімаволі пазяхаў, Орса, які трымаўся ліберальных поглядаў, не жадаў гаварыць з прадстаўніком улады, адна міс Лідзія падтрымлівала гаворку. Прэфект таксама не даваў гаворцы затухнуць і з відавочнаю радасцю размаўляў пра Парыж і свецкае жыццё з жанчынаю, што была знаёмая з усімі знакамітасцямі Еўропы. Падчас размовы ён з нейкаю асаблівай цікаўнасцю раз-пораз пазіраў на Орса.
— З панам дэла Рэбія вы пазнаёміліся на кантыненце? — спытаўся ён у міс Лідзіі.
Трошкі збянтэжана міс Лідзія адказала, што пазнаёміліся яны на караблі дарогаю на Корсіку.
— Гэта вельмі прыстойны малады чалавек,— сказаў прэфект напаўголаса і дадаў яшчэ цішэй: — Ці сказаў ён вам, з якімі намерамі вяртаецца на Корсіку?
— А я не распытвала, вы можаце пацікавіцца самі,— адказала міс Лідзія велічна.
Прэфект памаўчаў, але праз хвіліну, пачуўшы, што Орса загаварыў да палкоўніка па-англійску, спытаўся:
— Вы, пане, здаецца, шмат вандравалі. Вы, мабыць, ужо забылі Корсіку... і яе звычаі.
— Так, я быў зусім малады, калі паехаў адсюль.
[84] Нацыянальны выраз, гэта значыць — выбіраць паміж schioppetto, stiletto, strada — стрэльба, стылет, уцёкі (аўт.).
[85] Ф'еска, Джан Луіджы, граф Лаванья (1522—1547) — завадатар змовы супраць генуэзскага кандацьера Андрэа Дорыя.