«...Ні гарматы, ані штыхі — не прымусілі збялець чало ягонае,— у любой бітве незамутнёнае,— бы неба ўлетку.— Быў ён сокал — сябра арлу,— слодыч мядовая для сяброў,— мора збушаванае для ворагаў.— Вышэйшы за сонца,— мякчэйшы за месяц.— Усе ворагі Францыі не здолелі нават параніць яго,— ды забойцы з родных краёў — забілі яго ззаду,— ЯК Вітола[80], што забіў Самп’ера Корса[81],— Ніколі б не наважыліся яны заступіць яму дарогу.— На сцяне над маім ложкам — павесьце мой ганаровы крыж,— сумленна заслужоны.— Чырвоны ў ім каснік,— ды чырванейшая мая кашуля.— Дзеля сына майго, што зараз у краях далёкіх,— захавайце мой крыж і кашулю маю скрываўленую.— Убачыць на ёй ён дзве дзіркі.— За кожную дзірку,— дзірку ў чужой кашулі.— Але ж ці будзе гэта помста? — Мне трэба рука, што страляла,— вока, што цэліла,— сэрца, што задумала...»
Раптам матрос сціх.
— Чаму ж вы не працягваеце, дружа? — спыталася міс Нэвіл.
Матрос кіўком паказаў на чалавека, што выходзіў з рубкі на палубу: гэта Орса прыйшоў цешыцца месяцавым святлом.
— Скончыце ж вашу песню,— сказала міс Лідзія.— Яна мне так спадабалася.
Матрос нахіліўся да яе і ледзьве чутна сказаў:
— Я нікому не раблю rimbecco.
— Як? Rim...?
Не адказваючы, матрос пачаў насвістваць.
— Бачу, вы любуецеся нашым Міжземным морам, міс Нэвіл,— сказаў Орса, падыходзячы да яе.— Згадзіцеся, што нідзе больш не ўбачыш такога месяца.
— А я на яго і не глядзела. Я займалася вывучэннем карсіканскае мовы. Гэты матрос спяваў нейкую трагічную песню і спыніўся на самым цікавым месцы.
Матрос нахіліўся, нібы каб паглядзець на бусоль, і сярдзіта турзануў міс Нэвіл за футру. Відаць было, што ён не хацеў спяваць гэтую песню пры лейтэнанце.
— Што гэта ты спяваў, Паола Франча? — спытаўся Орса.— Гэта была ballata ці vocero[82] Панна цябе разумее і хацела б пачуць канчатак.
— Я забыўся яе, Орс Антон,— адказаў матрос і адразу ж загарлаў гімн у славу Багародзіцы.
Міс Лідзія безуважна слухала песню і больш не выпытвала спевака, паабяцаўшы сабе даведацца пра адгадку пазней. Але яе пакаёўка, фларэнцыйка, што ведала карсіканскую гаворку не лепей за сваю гаспадыню, таксама хацела падвучыцца, і не паспела англічанка штурхнуць яе локцем, як яна спытала:
— Пане капітан, а што азначае зрабіць rimbecco?[83]
— Rimbecco! — сказаў Орса.— Гэта значыць насмерць зняважыць карсіканца: папракнуць яго за тое, што ён не адпомсціў. А хто вам казаў пра rimbecco!
— Учора ў Марсэлі,— паспешліва адказала міс Лідзія.— Гаспадар шхуны вымавіў гэтыя словы.
— А пра што ён гаварыў? — жвава спытаўся Орса.
— О! Ён расказваў нейкую старую гісторыю... з часоў... так, здаецца, нешта пра Ваніну д’Арнана.
— Праз смерць Ваніны вы, відаць, незалюбілі нашага героя, адважнага Самп’ера?
— Вы лічыце гэта за геройства?
— Яго злачынства можна дараваць, ведаючы дзікія норавы тых часоў. Да таго ж Самп’ера вёў зацятую барацьбу з генуэзцамі: ці давяралі б яму землякі, калі б ён не пакараў жанчыну, што хацела дамовіцца з Генуяй?
— Ваніна,— сказаў матрос,— пайшла без мужавага дазволу. Самп’ера добра зрабіў, што скруціў ёй вязы.
— Але,— сказала міс Лідзія,— яна пайшла прасіць літасці ў генуэзцаў, каб уратаваць свайго мужа, яна кахала яго.
— Прасіць літасці — значыць зганьбаваць яго! — рэзка сказаў Орса.
— А самому забіць яе! — працягвала міс Нэвіл.— Якою пачварай ён відаць быў!
— Вы ж ведаеце, што смерці ад ягонае рукі яна прасіла як ласкі. А Атэла, панна, яго вы таксама лічыце за пачвару?
— Тут ёсць розніца! Ён быў раўнівы, а ў Самп’ера была адно пыха.
— А рэўнасць, хіба гэта не пыха? Гэта пыха ў каханні, і вы прабачаеце яе, мабыць, з-за кахання.
[80] Філіпіні, кніга XI — імя Вітола карсіканцы і зараз вымаўляюць з пагардаю. Гэта сінонім здрадніка (аўт.).
[81] Самп'ера Корса д’Арнана (1498—1567) — карсіканскі ваявода і патрыёт, праслаўлены сваёю барацьбой з Генуяй.
[82] Калі чалавек памірае, асабліва не сваёю смерцю, яго цела кладуць на стол, і жанчыны з ягонага роду, а калі іх няма, то сяброўкі альбо і чужыя, слынныя праз свой паэтычны талент, імправізуюць перад шматлікімі слухачамі вершаваныя скаргі на мясцовай гаворцы. Гэтыя жанчыны завуцца voceratrici, ці ў карсіканскім вымаўленні buceratrici, а скаргі завуцца vocero, bucero, buceratu на ўсходнім узбярэжжы і ballata на заходнім. Слова vocero, таксама як і вытворныя ад яго vocerar, voceratrice паходзяць ад лацінскага vociferare. Часам некалькі жанчын імправізуюць па чарзе, а часам жонка ці дачка памерлага сама спявае жалобную скаргу (аўт.).
[83] Rimbeccare на італьянскай азначае: «адаслаць, адбіць, адкінуць». На карсіканскім дыялекце гэта азначае: зрабіць абразлівы папрок пры людзях. Rimbecco робяць сыну забітага, гаворачы, што ён яшчэ не адпомсціў за бацьку. Rimbecco — гэта свайго роду патрабаванне да чалавека, які не змыў крывёю абразы. Генуэзскі закон сурова караў тых, што рабілі rimbecco (аўт.).