— Мяне таксама,— сказаў ён зычліва.— I мяне звольнілі з палавіннаю пенсіяй, але... з вашай палавіннай пенсіяй вы не маеце за што купіць тытуню. Трымайце, капрал.
I ён паспрабаваў усунуць залатоўку ў сціснутую руку, якою малады чалавек абапіраўся на борт яліка.
Карсіканец зачырванеўся, выпрастаўся, закусіў вусны і, здавалася, гатовы быў даць рэзкі адказ. Але раптам выраз ягонага твару змяніўся, і ён засмяяўся. Палкоўнік здзіўлена стаяў з манетаю ў руцэ.
— Палкоўнік,— сказаў малады чалавек ужо сур’ёзна,— дазвольце даць вам дзве парады: першая — ніколі не прапануйце грошай карсіканцу, сярод маіх землякоў ёсць досыць няветлівыя людзі, яны кінуць вам яе ў твар; другая — не давайце людзям тытулаў, на якія яны не прэтэндуюць. Вы называеце мяне капралам, а я лейтэнант. Розніца, канечне, не надта вялікая, але...
— Лейтэнант! — крыкнуў сір Томас.— Лейтэнант! Але гаспадар сказаў мне, што вы капрал, як ваш бацька і ўсе мужчыны з вашага роду.
На гэтыя словы малады чалавек адкінуўся на борт і так шчыра і вясёла засмяяўся, што капітан і два матросы далучыліся да яго.
— Прабачце, палкоўнік,— сказаў нарэшце малады чалавек.— Але непаразуменне гэтае найзабаўнейшае, я зразумеў яго адно зараз. Сапраўды, наш род ганарыцца капраламі, што былі нашымі продкамі. Але карсіканскія капралы ніколі не насілі галуноў на адзенні. Каля тысяча сотага года некалькі камунаў паўсталі супроць тыраніі горскіх сеньёраў. Яны абралі сабе кіраўнікоў, якіх назвалі капраламі. На нашым востраве лічыцца за гонар паходзіць ад гэтых своеасаблівых трыбунаў.
— Прабачце, васпане! — сказаў палкоўнік.— Тысячу разоў прабачце. Калі вы разумееце прычыну маёй памылкі, то, спадзяюся, даруеце мне.
I ён працягнуў руку маладому чалавеку.
— Гэта справядлівая кара за мой маленькі гонар, палкоўнік, сказаў малады чалавек, усё яшчэ смеючыся, і шчыра паціснуў руку англічаніну.— Я зусім не злуюся на вас. Але як мой сябра Матэі так кепска нас пазнаёміў, то дазвольце адрэкамендавацца самому: я Орса дэла Рэбія, лейтэнант з палавіннаю пенсіяй. Мяркуючы па вашых сабаках, вы едзеце на Корсіку паляваць, буду рады паказаць вам нашы горы і макі... калі я яшчэ сам іх не забыўся,— дадаў ён, уздыхаючы.
Гэтай хвілінаю ялік прыстаў да шхуны. Лейтэнант падтрымаў міс Лідзію, пасля дапамог палкоўніку падняцца на палубу. Там сір Томас, усё яшчэ моцна збянтэжаны сваёю памылкай, не ведаючы, як прымусіць забыць ягоную грубасць чалавека, што вёў свой род з тысяча сотага года, не стаў пытацца згоды сваёй дачкі і запрасіў яго павячэраць з імі, зноў просячы прабачэння і паціскаючы яму руку. Міс Лідзія злёгку звяла бровы, але, праўда, яна ўсцешылася, даведаўшыся, што гэта быў за капрал. Нельга сказаць, што малады чалавек ёй не спадабаўся; яна пачала нават знаходзіць у ім нешта арыстакратычнае, адно што ён меў занадта вольны і вясёлы выгляд для героя рамана.
— Лейтэнант дэла Рэбія,— сказаў палкоўнік, вітаючы яго на англійскі манер, з келіхам мадэры ў руцэ.— У Іспаніі я бачыў шмат вашых землякоў, гэта былі славутыя пешыя стралкі.
— Так, багата іх палегла ў Іспаніі,— сказаў малады лейтэнант сур’ёзна.
— Ніколі не забуду, як трымаўся адзін карсіканскі батальён у бойцы пры Віторыі[74],— працягваў палкоўнік.— Вось гэта будзе мне пра яе нагадваць,— дадаў ён, шаруючы грудзі.— Цэлы дзень яны адстрэльваліся з садоў, з-за жываплота і пабілі ў нас немаведама колькі людзей і коней. Вырашыўшы адступаць, яны сталі шыхтом і пачалі спешліва адыходзіць. Мы спадзяваліся ўзяць рэванш на раўніне, але гэтыя д’яблы... прабачце, лейтэнант, гэтыя адважныя хлопцы сталі ў карэ, і мы ніяк не маглі яго прарваць. Пасярэдзіне карэ, вось як зараз бачу,— афіцэр на вараным коніку. Ён трымаўся каля сцяга і паліў цыгару, як дзе ў кавярні. Часам, нібы каб падахвоціць нас, іхнія музыкі пачыналі граць... Я кідаю на іх два лепшыя эскадроны... Гоп! Замест таго каб прарваць карэ мае драгуны абыходзяць яго, заварочваюцца і вяртаюцца назад без парадку, і не адзін конь прыйшоў без вершніка... I ўвесь час гэтая д’яблава музыка! Калі дым, што ахутваў батальён, рассеяўся, пры сцягу я зноў убачыў афіцэра з цыгараю. Раз’юшаны, я сам узначаліў апошнюю атаку. З іхніх закурэлых стрэльбаў ужо нельга было страляць, але салдаты стаялі шасцю шэрагамі, выставіўшы штыхі пад мызы коней, нібы сапраўдны мур. Я крычаў, заклікаў сваіх драгунаў, гнаў каня наперад, калі афіцэр, пра якога я вам казаў, нарэшце выпусціў сваю цыгару і рукою паказаў на мяне камусьці са сваіх. Я пачуў нешта накшталт: Al capello bianco![75] У мяне быў белы плюмаж. Больш я нічога не чуў, бо куля прабіла мне грудзі. Гэта быў цудоўны батальён, пане дэла Рэбія, першы батальён васемнаццатага лёгкага палка, усе карсіканцы, як мне пасля казалі.
— Так,— сказаў Орса, вочы якога ззялі падчас расказу.— Яны прыкрылі адыход сваіх і прынеслі сцяг батальёна, але дзве траціны гэтых малойцаў спяць сягоння на раўніне Віторыя.
— А вы часам не ведаеце імя афіцэра, што іх узначальваў?
— Гэта быў мой бацька. Тады ён быў маёрам васемнаццатага палка, а за сваю чыннасць у гэты сумны дзень быў прызначаны палкоўнікам.
— Ваш бацька! Дальбог, ён быў малойца! Я б з радасцю з ім сустрэўся і, напэўна, пазнаў бы яго. Ці ён жывы?
— Не, палкоўнік,— сказаў малады чалавек, злёгку збялеўшы.
— Ён быў пры Ватэрлоа?
— Так, але ён не меў шчасця палегчы ў бітве... Ён памёр на Корсіцы... два гады таму... Божухна! Якое ж мора прыгожае! Я ўжо дзесяць год не бачыў Міжземнага мора. А вам, панна, ці не здаецца, што Міжземнае мора прыгажэйшае за Акіян?
— Мне здаецца, што яно занадта блакітнае... а хвалям не хапае велічы.
— Вы любіце дзікую прыгажосць? У такім разе, я думаю, Корсіка вам спадабаецца.
— Мая дачка,— сказаў палкоўнік,— любіць усё надзвычайнае. Таму і Італія ёй не надта спадабалася.
— У Італіі,— сказаў Орса,— я ведаю толькі Пізу, там я вучыўся нейкі час у калежы. Але я не магу без захаплення ўзгадваць Кампа-Санта[76], сабор, Пахілую вежу... асабліва Кампа-Санта. Памятаеце «Смерць» Арканьі[77]... Здаецца, я здолеў бы намаляваць яе, так адбілася яна ў маёй памяці.
Міс Лідзія напалохалася, каб лейтэнант зноў не распачаў узнёслую прамову.
— Гэта вельмі хораша,— сказала яна, пазяхаючы.— Прабач, тата, мне трохі баліць галава, я, бадай, пайду ў каюту. Яна пацалавала бацьку ў лоб, велічна кіўнула Орса і знікла. Мужчыны яшчэ гутарылі пра паляванне і пра вайну.
Высветлілася, што пры Ватэрлоа яны стаялі насупраць і, пэўна, абмяняліся не адным стрэлам. Ад гэтага ўзаемная сімпатыя іхняя падвоілася. Яны раскрытыкавалі па чарзе Напалеона, Велінгтона[78] і Блюхера[79], потым папалявалі разам на ланяў, дзікоў і муфлонаў. Нарэшце, ужо позна ўвечары, дакончыўшы апошнюю бутэльку бардо, палкоўнік яшчэ раз паціснуў руку лейтэнанту, пажадаў яму дабранач і выказаў надзею на працяг знаёмства, што пачалося так смешна. Яны развіталіся і пайшлі спаць.
III
Ноч была прыгожая, месяц гуляў на хвалях, лёгкі брыз павольна падганяў карабель. Міс Лідзія не хацела спаць, і толькі прысутнасць гэтага недарэкі перашкаджала ёй наталяцца пачуццямі, што абуджае мора і месяцава святло ў любой чалавечай істоце, калі ў яе ў душы жыве хоць драбіначка паэзіі. Вырашыўшы, што малады лейтэнант, як істота празаічная, даўно спіць, яна паднялася, накінула футрачку, пабудзіла сваю пакаёўку і выйшла на палубу. Там нікога не было, апроч матроса-стырнавога, які спяваў на карсіканскім дыялекце нейкую народную песню, дзікаватую і тужлівую. У начной цішы гэты дзіўны напеў быў па-свойму чароўны. На жаль, міс Лідзія разумела не ўсё, што спяваў матрос. У тых месцах, дзе ўсе словы былі ёй знаёмыя, напружаны верш хваляваў яе цікаўнасць, але ў самым прыгожым месцы гучалі дыялектныя словы, сэнсу якіх яна не зразумела. Аднак яна зразумела, што гаворка ідзе пра забойства. Праклёны забойцам, мсцівыя пагрозы, усхваленне забітага — усё змяшалася тут. Яна запомніла некалькі вершаў; паспрабую іх тут перакласці:
[74] ...у бойцы пры Вікторыі...— У гэтай бітве ў Паўночнай Іспаніі аб’яднаныя англа-іспанскія войскі, узначаленыя Велінгтонам, разбілі французаў (1813).
[75] Белы капялюш (італ.).
[76] Кампа-Санта (даслоўна: Святое поле).— Так у Італіі і Іспаніі называюцца аздобленыя надгробкамі і помнікамі гарадскія могілкі.
[77] Арканья, Андрэа ды Чыёнэ Арканьёла (каля 1308—1368) — мастак і скульптар з Фларэнцыі.
[78] Велінгтан, Артур (1769—1852), герцаг — англійскі ваявода, удзельнік войнаў з Напалеонам, камандаваў войскамі саюзнікаў у бітве пры Ватэрлоа (1815).
[79] Блюхер, Гетгард (1742—1819) — нямецкі генерал; падыход яго корпуса падчас бітвы пры Ватэрлоа канчаткова вырашыў зыход яе на карысць союзнікаў.