Гадзіне а пятай капітан Матэі прыйшоў клікаць іх на шхуну. У порце каля капітанавага яліка яны ўбачылі высокага маладога чалавека ў блакітным сурдуце, зашпіленым да падбароддзя, загарэлага, з прыгожымі вачыма, чорнымі і рухавымі, з адкрытым і разумным тварам. Манера трымацца, невялічкія закручаныя вусы адразу выдавалі вайскоўца, бо на той час вусатыя не трапляліся на кожным кроку, а нацыянальная гвардыя не завяла яшчэ ва ўсіх сем’ях моды на вайсковую выпраўку і на звычкі гвардзейскага корпуса.
Убачыўшы палкоўніка, малады чалавек прыўзняў каскетку і лёгка і прыстойна падзякаваў за зробленую паслугу.
— Рады быць вам карысны, хлопча,— сказаў палкоўнік, па-сяброўску кіўнуўшы галавою, і зайшоў на ялік.
— А ваш англічанін не надта ветлівы,— ціха сказаў малады чалавек гаспадару.
Той прыклаў указальны палец пад левае вока і апусціў куткі вуснаў. Для таго, хто разумее мову знакаў, гэта азначала, што англічанін разумее па-італьянску і што ён дзівак. Малады чалавек злёгку ўсміхнуўся і, адказваючы на знак Матэі, дакрануўся да лоба, бы кажучы, што ў галовах у англічан усё нешта не так. Пасля ён прысеў побач з гаспадаром і з увагаю, але без дзёрзкасці агледзеў сваю прыгожую спадарожніцу.
— Але ж і статныя гэтыя французскія салдаты,— сказаў палкоўнік па-англійску сваёй дачцэ.— То ж бо з іх так лёгка зрабіць афіцэраў.
Потым звярнуўся да маладога чалавека па-французску:
— Скажыце, дружа, у якім палку вы служылі?
Той злёгку штурхнуў бацьку хросніка свайго стрыечнага дзядзькі і, хаваючы іранічную ўсмешку, адказаў, што ён быў у пешых стралках гвардыі і што зараз ён пакінуў сёмы лёгкі полк.
— Вы былі пад Ватэрлоа? Вы ж такі малады!
— Прабачце, палкоўнік, гэта мая адзіная выправа.
— Яна вартая дзвюх,— сказаў палкоўнік.
Малады карсіканец прыкусіў губы.
— Тата,— сказала міс Лідзія па-англійску,— спытай, ці вельмі карсіканцы любяць свайго Банапарта?
Палкоўнік яшчэ не паспеў перакласці пытанне на французскую, а малады чалавек ужо адказваў на досыць добрай англійскай мове, хоць і з выразным акцэнтам:
— Ведаеце, панна, няма прарока ў сваёй краіне. Мы, землякі Напалеона, любім яго, можа быць, меней, чым французы. Што да мяне, то хоць мой род калісьці варагаваў з ягоным, я люблю яго і ім захапляюся.
— Вы гаворыце па-англійску! — сказаў палкоўнік.
— Вельмі кепска, як вы маглі заўважыць.
Хоць гэты вольны тон трохі збянтэжыў міс Лідзію, яна не магла не пасмяяцца, думаючы пра асабістую варожасць паміж капралам і імператарам. Гэта было нібы прадчуванне своеасаблівасці Корсікі, і яна паабяцала сабе занатаваць гэтую рысу ў дзённік.
— Можа быць, вы былі ў палоне ў Англіі? — спытаўся палкоўнік.
— Не, пане палкоўнік, я навучыўся англійскай у Францыі, калі быў зусім малады, ад аднаго палоннага з вашае краіны.
Потым звярнуўся да міс Нэвіл:
— Матэі сказаў мне, што вы вяртаецеся з Італіі. Вы, напэўна, гаворыце на чыстым тасканскім дыялекце, баюся, вам цяжка будзе разумець нашу гаворку.
— Мая дачка разумее ўсе італьянскія гаворкі,— адказаў палкоўнік.— Яна мае здольнасць да моваў. Не тое што я.
— Ці разумее панна, напрыклад, гэтыя словы аднае нашае карсіканскае песенькі? Пастух кажа пастушцы:
Міс Лідзія зразумела, але, палічыўшы словы, а яшчэ больш погляд маладога чалавека за рызыкоўныя, пачырванела і адказала: «Capisco»[73].
— Вы едзеце дадому ў адпачынак? — спытаўся палкоўнік.
— Не, пане палкоўнік. Мяне звольнілі з палавіннаю пенсіяй, мабыць, за тое, што я быў пры Ватэрлоа і што я зямляк Напалеона. Я вяртаюся дадому вольны ад надзеяў і грошай, як спяваюць у адной песні.
I ён уздыхнуў, паглядаючы на неба.
Палкоўнік усунуў руку ў кішэню і, пакручваючы ў пальцах залатую манету, прыдумляў фразу, з якою мог бы ветліва ўкласці манету ў руку няшчаснага ворага.
[73] Разумею (італ.).