Я спытаўся ў гэтага чалавека, ці быў у пана Альфонса, пакуль ён з ім гаварыў, пярсцёнак з брыльянтамі. Слуга вагаўся з адказам, урэшце сказаў, што, напэўна, не, што ён не звярнуў на гэта ніякай увагі.
— Калі б у яго на пальцы быў гэты пярсцёнак, я б яго абавязкова заўважыў, бо я ведаў, што ён быў падараваў яго маладой пані.
Распытаўшы гэтага чалавека, я таксама трошкі адчуў той забабонны страх, што агарнуў увесь дом пасля расказу Альфонсавай жонкі. Каралеўскі пракурор паглядзеў на мяне з усмешкай, і я не стаў яго пераконваць.
Праз некалькі гадзін пасля пахавання пана Альфонса я збіраўся пакінуць Іль. Экіпаж пана дэ Пэрарада мусіў давезці мяне да Перпіньяна. Нягледзячы на слабасць, няшчасны стары захацеў правесці мяне да садовай брамы. Мы моўчкі прайшлі праз сад, стары ледзь ступаў, абапіраючыся на маю руку. Перад тым як развітацца, я кінуў апошні позірк на Венеру. Я адчуваў, што мой гаспадар, хоць ён і не падзяляў страху і агіды, якія статуя абуджала ў яго сям’і, хоча пазбавіцца ад прадмета, што няспынна нагадваў бы яму пра жахлівае няшчасце. Я збіраўся намовіць яго аддаць статую музею. Я не наважваўся пра гэта загаварыць, але пан дэ Пэрарад машынальна павярнуў галаву ў той бок, куды я так пільна ўглядваўся. Ён убачыў статую і расплакаўся. Я абняў яго і, не асмеліўшыся сказаць ні слова, падняўся ў экіпаж.
Ад’ехаўшы, я ўжо больш ніколі не чуў, каб нейкія новыя звесткі пралілі святло на гэтае таямнічае забойства.
Пан дэ Пэрарад памёр праз некалькі месяцаў пасля смерці сына. Ён адпісаў мне ў спадчыну свае рукапісы, якія я, можа, некалі надрукую. Я не знайшоў сярод іх даследавання пра надпісы на статуі Венеры.
P. S. Мой сябар пан дэ П. толькі што напісаў мне з Перпіньяна, што статуя болей не існуе. Пасля смерці мужа першым клопатам пані дэ Пэрарад было пераплавіць яе на звон, і ў гэтай новай форме яна служыць цяпер Ільскай царкве. «Але,— дадае пан дэ П.,— здаецца, што гэты кавалак бронзы прыносіць няшчасце сваім уладальнікам. З таго часу, як над Ілем звоніць гэты звон, ужо двойчы вымярзалі вінаграднікі».
Каломба
I
У першыя дні кастрычніка 181... палкоўнік сір Томас Нэвіл, ірландзец, відны афіцэр англійскіх войскаў, вяртаючыся з падарожжа ў Італію, спыніўся ў марсэльскім гатэлі «Баво». Пастаяннае захапленне падарожнікаў-энтузіястаў стала звычаем, і, каб неяк вызначыцца, многія турысты сёння бяруць за дэвіз словы Гарацыя nil admirari[67]. Менавіта да гэтага роду незадаволеных падарожнікаў належала міс Лідзія, адзіная палкоўнікава дачка. «Ператварэнне» здалося ёй пасрэдным, вывяржэнне Везувія адно трошкі вышэйшым за коміны бірмінгемскіх заводаў. Увогуле Італія не задаволіла яе, бо гэтай краіне не ставала мясцовага каларыту, характару. Хто можа, няхай тлумачыць сэнс гэтых словаў; некалькі год таму я разумеў іх цудоўна, а цяпер не разумею ніяк. Спачатку яна цешылася надзеяю знайсці па той бок Альпаў рэчы, якіх да яе ніхто не бачыў і пра якія яна магла б пагутарыць з «прыстойнымі людзьмі», як казаў пан Журдэн[68]. Але хутка заўважыла, што паўсюль ужо наведаліся яе суайчыннікі, і, зняверыўшыся сустрэць хоць штосьці невядомае, яна пачала ўсё ганіць.
I сапраўды непрыемна, што немагчыма распавесці пра дзівосы Італіі, каб нехта не сказаў: «Вы ж, напэўна, ведаеце гэтую карціну Рафаэля з палаца ***, у ***? Гэта найлепшае, што ёсць у Італіі». А якраз яе вы і прамінулі. Каб убачыць усё, трэба зашмат часу, самае простае — усё ганіць.
У гатэлі «Баво» міс Лідзію чакала горкае расчараванне. Яна прывезла малюнак пеласгічнае ці цыкланічнае брамы ў Сэні, ёй здавалася, што аматары малявання забыліся пра яе. Але лэдзі Фрэнсіс Фэнвіч, сустрэўшы яе ў Марсэлі, паказала свой альбом, у якім паміж малюнкам званіцы і засушанаю кветкай знаходзілася тая самая брама, напісаная барвоваю охрай. Міс Лідзія аддала Сэнійскую браму сваёй пакаёўцы і страціла ўсялякую павагу да пеласгічных збудаванняў.
Палкоўнік Нэвіл, які па смерці сваёй жонкі глядзеў на свет выключна вачыма міс Лідзіі, падзяляў яе сумны настрой. Ён лічыў, што Італія не мае аніякага права засмучаць ягоную дачку, і з тае прычыны яна — найсумнейшая краіна ў свеце. Праўда, ён не меў нічога супраць карцін і помнікаў, але пераканаўся, што паляванне ў гэтай краіне аніякае, і трэба было абабегчы пад спякотным сонцам дзесяць лье ў ваколіцах Рыма, каб забіць пару благенькіх курапатак.
На другі дзень пасля прыезду ў Марсэль ён запрасіў на вячэру свайго былога ад’ютанта, капітана Эліса, які нядаўна вярнуўся з Корсікі, дзе ён прабыў шэсць тыдняў. Ён цудоўна распавёў міс Лідзіі гісторыю пра бандытаў, якая была каштоўная тым, што аніяк не нагадвала гісторыі пра злодзеяў, якія часта расказвалі дарогаю з Рыма ў Неапаль. Па абедзе мужчыны, застаўшыся самі пры пляшках бардоскага, загаварылі пра паляванне, і палкоўнік даведаўся, што няма краіны, дзе паляванне лепшае, разнастайнейшае, багацейшае, чым на Корсіцы. «Там убачыш безліч дзікоў,— расказваў капітан Эліс.— Але трэба навучыцца адрозніваць іх ад свойскіх свіней, што дзіўна да іх падобныя, бо, забіўшы свінню, будзеш мець справу з пастухамі. Яны выходзяць з гушчару, што ў іх завецца макі, узброеныя да зубоў, прымушаюць плаціць за жывёлу і насміхаюцца з вас. Ёсць яшчэ муфлоны, вельмі дзіўныя звяры, якіх не знойдзеш больш нідзе, але іх цяжка здабыць. Алені, даніэлі, фазаны, курапаткі,— ніколі не здолеў бы пералічыць усіх звяроў, што вядуцца на Корсіцы. Любіце страляць, палкоўнік — едзьце на Корсіку. Там, як казаў адзін мой знаёмы, вы зможаце пастраляць якіх хочаце звяроў: ад дразда да чалавека».
За чаем капітан зноў зачараваў міс Лідзію гісторыяй пра узбочную вендэту[69], што была яшчэ цікавейшая за першы расказ, і канчаткова прывёў яе ў захапленне Корсікаю, расказаўшы пра дзіўны і дзікі выгляд краіны, пра своеасаблівы характар яе жыхароў, пра іхнюю гасціннасць і першабытныя норавы. Нарэшце ён паднёс ёй прыгожы невялічкі стылет, больш ваблівы сваім паходжаннем, чым формаю і аздабленнем. Нейкі знакаміты бандыт саступіў яго капітану Элісу, пераконваючы, што ён пранізаў чатыры чалавечыя целы. Міс Лідзія засунула яго за паяс, потым паклала на начны столік і два разы вымала з похвы да таго, як заснула. У сваю чаргу, палкоўнік сніў, што забівае муфлона, а ўладар жывёліны прымушае яго заплаціць за яе, з чым палкоўнік ахвотна згаджаецца, бо гэта надзвычай цікавы звер, падобны на дзіка з аленевымі рогамі і фазанавым хвастом.
— Эліс кажа, што на Корсіцы цудоўнае паляванне,— сказаў палкоўнік, снедаючы сам-насам з дачкой.— Каб гэта не было так далёка, я б з ахвотаю з’ездзіў туды тыдні на два.
— А што! — адказала міс Лідзія.— Чаму б нам не паехаць на Корсіку? Пакуль вы будзеце паляваць, я займуся малюнкамі. Мне б так хацелася мець у альбоме малюнак грота, пра які казаў капітан Эліс, тога, у якім вучыўся Банапарт, калі быў малы.
Гэта, пэўна, было першы раз, калі жаданне палкоўніка сустрэла падтрымку ў ягонае дачкі. Узрадаваны гэтаю нечаканасцю, ён, аднак, палічыў за разумнае выказаць некалькі заўваг, каб пахіснуць шчаслівы капрыз міс Лідзіі. Але дарэмна ён гаварыў пра дзікасць краіны і пра цяжкасці падарожжа па ёй для жанчыны: яна нічога не баялася, яна больш за ўсё любіла вандраваць конна, яна радавалася, прадчуваючы начлегі на біваках, яна пагражала, што паедзе ў Малую Азію. Карацей, яна мела адказ на ўсё: ніколі ніводная англічанка не была на Корсіцы, значыць, яна павінна туды з’ездзіць. А якое будзе шчасце, вярнуўшыся на Сэнт-Джэймс - Плэйс, паказаць свой альбом! «Ой, чаму, даражэнькая, вы загортваеце гэты чароўны малюнак?» — «А, гэта так сабе, малюнак славутага карсіканскага бандыта, які быў у нас за правадніка».— «Як! Вы былі на Корсіцы?..»
Паміж Францыяю і Корсікай параходы яшчэ не хадзілі. Палкоўнік пачаў даведвацца пра які-небудзь карабель, што ішоў бы да вострава, які міс Лідзія вырашыла адкрыць для сябе. Тым самым днём палкоўнік напісаў у Парыж і адмовіўся ад кватэры, у якой яны меліся спыніцца, і дамовіўся з уладаром карсіканскае шхуны, што збіралася ставіць ветразь на Аяча. Каютаў было ўсяго дзве. Гаспадар кляўся, што адзін з ягоных старых матросаў быў прыстойны кухар і не меў сабе роўні ў гатаванні буй-абэсу[70], ён паабяцаў, што вецер будзе спрыяльны, а мора цудоўнае.
Апроч таго, паводле жадання дачкі, палкоўнік дамовіўся, што капітан не будзе браць іншых пасажыраў і што ён пройдзе ўздоўж берагоў вострава так, каб можна было палюбавацца гарамі.
II
У дзень, прызначаны да ад’езду, усё было запакавана і загружана з самага ранку: шхуна мелася адысці з вячэрнім брызам. Тым часам палкоўнік з дачкою прагульваліся па Канэб’еры[71], калі да іх падышоў гаспадар судзіны і папрасіў дазволу ўзяць на борт аднаго сваяка, то бок стрыечнага пляменніка хроснага бацькі ягонага старэйшага сына, які вяртаўся на Корсіку са спешнымі справамі і не мог знайсці спадарожнага карабля.
— Ён добры хлопец,— дадаў капітан Матэі.— Вайсковец, афіцэр пешых стралкоў гвардыі, ён быў бы ўжо палкоўнікам, каб Той заставаўся яшчэ імператарам.
— Ну, калі гэта вайсковец,— сказаў палкоўнік... ён меўся дадаць: Я ахвотна згаджаюся, каб ён ехаў з намі... але міс Лідзія сказала па-англійску: Пяхотны афіцэр!.. (Яе бацька служыў у кавалерыі, і яна пагарджала любым іншым родам войскаў.) Відаць, нейкі неадукаваны дзяцюк, у яго будзе марская хвароба, і ён сапсуе нам усю радасць ад падарожжа!
Капітан ні слова не разумеў па-англійску, але, відаць, сцяміў, пра што казала міс Лідзія, заўважыўшы, як надзьмуліся яе гожыя вусны, і пачаў з усіх бакоў нахвальваць сваяка, пад канец заверыўшы, што гэта вельмі прыстойны чалавек з роду капралаў, што ён ніяк не перашкодзіць пану палкоўніку, бо ён, капітан, уладкуе яго ў кутку, дзе прысутнасці ягонае ніхто не заўважыць.
Палкоўнік і міс Нэвіл здзівіліся, што на Корсіцы ёсць сем і, дзе тытул капрала пераходзіць ад бацькі да сына. Але яны шчыра лічылі, што гаворка ідзе пра пяхотнага капрала, і вырашылі, што гэта нейкі бядак, якога капітан хацеў узяць з ласкі. Калі б гэта быў афіцэр, яны б мусілі гутарыць з ім, жыць з ім побач; але капрала не было чаго бянтэжыцца, чаго ён варты без сваіх салдатаў з вінтоўкамі і штыкамі, гатовых весці вас туды, куды вы ісці і не думалі.
— Ці бывае ў вашага сваяка марская хвароба? — суха спыталася міс Лідзія.
— Ніколі, панна. Сэрца ягонае цвёрдае, як скала,— што на вадзе, што на сушы.
— Ну што ж, можаце ўзяць яго,— сказала яна.
— Вы можаце ўзяць яго,— сказаў палкоўнік, і яны пайшлі далей.
[67] Ні з чаго не дзівіся (лац.).
[68] Пан Журдэн — персанаж камедыі Мальера «Мешчанін-шляхціц».
[69] Помста, што спадае на сваяка крыўдзіцеля (аўт.).
[70] Буй-абэс — правансальскі суп з рыбаю, варанай у вадзе або белым віне з вострымі прыправамі.
[71] Канэб'ер — вуліца ў Марсэлі.