— Ахвотна,— згадзіўся я.— Хадземце разам.
— Не. Лепш схадзіце адзін.
Я выйшаў з залы.
Пакуль мы вячэралі, надвор’е паспела змяніцца, і на дварэ цяпер ліў моцны дождж. Я збіраўся вярнуцца і папрасіць парасон, але, падумаўшы, спыніўся. «Я буду вялікім дурнем,— падумаў я,— калі пайду правяраць тое, што наплёў мне п’яны чалавек! Можа, зрэшты, ён захацеў састроіць нейкі благі жарт на пацеху гэтым паважаным правінцыялам, і я, як найменей, змокну да касцей і прастуджуся».
Ад дзвярэй я зірнуў. на залітую дажджом статую і, не вяртаючыся ў залу, падняўся ў свой пакой. Я лёг, але доўга не мог заснуць. Перада мной паўставалі ўсе падзеі гэтага дня. Я думаў пра гэтую прыгожую і чыстую дзяўчыну, аддадзеную грубаму п’яніцу. «Як гэта брыдка — шлюб з разлікам! — падумаў я.— Мэр уздзявае трохколерную перавязь, святар — стулу, і вось найцнатлівейшая дзяўчына аддаецца Мінатаўру. Што могуць дзве істоты, не злучаныя каханнем, сказаць адна адной у гэтую хвіліну, за якую двое каханкаў былі б гатовыя аддаць жыццё? Ці можа калі-небудзь жанчына пакахаць мужчыну, пабачыўшы яго аднойчы грубым? Першыя ўражанні не забываюцца, і, я ў гэтым упэўнены, пан Альфонс заслужыць справядлівую нянавісць...»
Падчас гэтага маналогу, які я тут падаў, значна скараціўшы, я чуў, як у доме хадзілі сюды і туды, дзверы расчыняліся і зачыняліся, экіпажы ад’язджалі. Пасля я, здаецца, пачуў са сходаў лёгкія крокі некалькіх жанчын, што ішлі па калідоры ў другі бок ад майго пакоя. Маладую, напэўна, урачыста праводзілі да ложка. Пасля жанчыны спусціліся па сходах. Дзверы пані дэ Пэрарад зачыніліся. «Як гэтай няшчаснай дзяўчыне цяпер неспакойна і няўтульна!» — падумаў я. Ад злога гумору я доўга круціўся ў ложку. У якім жа дурным становішчы знаходзіцца стары кавалер у доме, дзе чыніцца вяселле.
Нейкі час навокал панавала ціша, пакуль яе не парушылі цяжкія крокі па сходах. Драўляныя прыступкі гучна рыпелі.
— От, хамуйла! — не стрымаўся я.— Яшчэ зараз зваліцца са сходаў.
Усё зноў сціхла. Я ўзяў кнігу, каб змяніць ток маіх думак. Гэта быў статыстычны даведнік пра дэпартамент, узбагачаны нарысам пана дэ Пэрарада аб друідычных помніках у акрузе Прад. Я заснуў на трэцяй старонцы.
Спаў я кепска і некалькі разоў прачынаўся. Было каля пятай гадзіны раніцы, і я не спаў ужо хвілін дваццаць, калі закрычаў певень. Бралося на дзень. I тады я выразна пачуў тыя самыя цяжкія крокі, той самы рып прыступак, што чуў перад тым, як заснуць. Гэта падалося мне дзіўным. Я пазяхнуў і паспрабаваў угадаць, чаму пан Альфонс усхапіўся так рана, але нічога не мог прыдумаць. I я ўжо збіраўся заплюшчыць вочы, калі ўвагу маю зноў прыцягнуў дзіўны тупат, да якога хутка далучыўся бразгат званкоў і грукат дзвярэй, што расчыняліся насцеж. Урэшце я пачуў нейкія няясныя крыкі.
«Напэўна, гэты п’янюга нешта падпаліў!» — падумаў я і саскочыў з ложка.
Я хуценька надзеўся і выйшаў у калідор. З другога канца даносіліся крыкі і галашэнне, і адзін пранізлівы голас заглушаў астатнія:
— Мой сын! Мой сын!
Відаць, нешта здарылася з панам Альфонсам. Я пабег у шлюбны пакой: у ім было поўна людзей. Першае, што я ўбачыў, быў малады муж, напалову раздзеты, які ляжаў поперак зламанага ложка. Ён быў збялелы і нерухомы. Маці крычала і плакала побач з ім. Пан дэ Пэрарад мітусіўся, цёр яму скроні калонскай вадой, клаў пад нос соль. Але марна — яго сын ужо даўно памёр. На канапе ў другім канцы пакоя маладая білася ў страшных сутаргах, яна нешта бязладна крычала, і дзве мажныя служанкі ледзьве яе трымалі.
— О Божа! — закрычаў я.— Што здарылася?
Я падышоў да ложка і прыўзняў цела няшчаснага хлопца. Яно было ўжо пруткае і халоднае. Зубы ў яго былі сціснутыя, і на счарнелым твары адбіўся невымоўны страх. Па ўсім відаць, памёр ён гвалтоўна, у страшнай агоніі. I, аднак, на вопратцы не было ні кроплі крыві. Я расхінуў яго кашулю і ўбачыў на грудзях ссінелы след, ён быў таксама па баках і на спіне. Здавалася, яго задушылі жалезным абручом. Я наступіў на нешта цвёрдае, што ляжала на дыване. Нахіліўшыся, я ўбачыў пярсцёнак з брыльянтамі.
Я адвёў пана дэ Пэрарада з жонкай у іх пакой, пасля загадаў перанесці туды маладую.
— У вас яшчэ засталася дачка, і вы мусіце аб ёй паклапаціцца,— сказаў я і пакінуў іх адных.
Я не сумняваўся, што пан Альфонс стаўся ахвярай забойства, спраўцы якога знайшлі сродак прабрацца ўночы ў пакой нявесты. Аднак гэтыя сляды на грудзях і на спіне забітага змусілі мяне задумацца, бо такія сляды не мог бы пакінуць кій або лом. I раптам я згадаў, што неяк чуў, як у Валенсіі наёмныя забойцы ўжываюць за зброю доўгія мяхі, набітыя дробным пяском. I мне адразу прыгадаўся арагонскі паганяты і яго пагроза, аднак я не наважваўся падумаць, каб ён так страшна адпомсціўся за лёгкі жарт.
Я хадзіў па ўсім доме, шукаючы паўсюль сляды ўварвання, але нідзе іх не знаходзіў. Я спусціўся ў сад, каб пабачыць, ці не маглі забойцы ўвайсці з гэтага боку, але ж не знайшоў ніякіх пэўных знакаў. Дый учорашні дождж так вымачыў зямлю, што на ёй не магло застацца больш-менш выразных адбіткаў. I, аднак, я заўважыў на зямлі некалькі глыбокіх слядоў. Яны ішлі ў два супрацьлеглыя бакі, але па адной лініі, што пачыналася ад кута жываплота, які аддзяляў двор ад пляцоўкі, і канчалася ля ўваходных дзвярэй. Гэта маглі быць сляды пана Альфонса, калі ён хадзіў да статуі па свой пярсцёнак. З другога боку, жываплот у гэтым месцы быў радзейшы, і забойцы маглі свабодна праз яго пралезці. Пахадзіўшы сюды-туды каля статуі, я спыніўся на хвіліну, каб лепей яе разгледзець. I гэтым разам, прызнацца, я не мог глядзець без страху на яе злосны і насмешлівы твар, а як галава мая яшчэ поўнілася жахлівым відовішчам, сведкам якога я нядаўна стаўся, дык мне здалося, што гэтае пякельнае боства радуецца няшчасцю, якое абрынулася на гэты дом.
Я вярнуўся ў свой пакой і заставаўся ў ім да поўдня. Тады я выйшаў, каб наведаць маіх гаспадароў. Яны трошкі паспакайнелі. Панна дэ Пюігарыг, ці, дакладней кажучы, удава пана Альфонса, апрытомнела. Яна нават паспела пагаварыць з каралеўскім пракурорам з Перпіньяна, які быў якраз праездам у Ілі. Гэты службовец занатаваў яе сведчанні. Пасля ён апытаў мяне. Я сказаў яму ўсё, што ведаў, і не хаваў перад ім маіх падозранняў што да арагонскага паганятага. Пракурор адразу загадаў яго арыштаваць.
— Ці вы даведаліся што істотнае ад удавы пана Альфонса? —спытаўся я ў каралеўскага пракурора, калі мае сведчанні былі занатаваныя і падпісаныя.
— Гэтая няшчасная маладая пані страціла розум,— адказаў ён, сумна ўсміхнуўшыся.— Вар’ятка, чыстая вар’ятка! Вось што яна расказала:
— Яна ляжала ўжо некалькі хвілін з засунутай заслонай, калі дзверы ў пакой расчыніліся і нехта ўвайшоў. Маладая пані ляжала на краі ложка тварам да сцяны. Яна не павярнулася, думаючы, што ўвайшоў муж. Праз момант ложак застагнаў, быццам пад вялізным цяжарам. Яна страшна спалохалася, але не наважылася павярнуцца. Так мінула хвілін пяць або дзесяць... Яна не адчувала часу. Пасля яна міжвольна варухнулася ці, можа, варухнуўся той, хто быў у ложку, і яна адчула дотык нечага, кажучы яе словамі, як лёд халоднага. Яна зноў адсунулася на край ложка, дрыжачы ўсім целам. Неўзабаве дзверы зноў расчыніліся, і нехта ўвайшоў, сказаўшы: «Добры вечар, жоначка». Праз момант заслона адсунулася. Яна пачула здушаны крык. Той, хто ляжаў побач з ёй у ложку, сеў і выцягнуў рукі наперад. Тады яна павярнула галаву і... і ўбачыла, што яе муж стаіць на каленях перад ложкам, галава каля падушкі, а нейкі зялёны волат з усяе сілы сціскае яго рукамі. Яна сказала, яна паўтарыла мне разоў дваццаць, бедная!.. яна сказала, што пазнала — ці здагадаліся? — бронзавую Венеру, статую пана дэ Пэрарада... З таго часу, як гэтая статуя тут з’явілася, усе толькі пра яе і гавораць. Але вернемся да апавядання беднай вар’яткі. Убачыўшы гэта, яна страціла прытомнасць, а за хвіліну да таго, пэўна, і розум. Яна ніяк не магла сказаць, колькі часу яна праляжала без руху. Апрытомнеўшы, яна зноў убачыла тую здань, ці, як яна кажа, статую, што нерухома сядзела ў ложку, трымаючы ў абдымках яе мужа. Праспяваў певень. Тады статуя ўстала з ложка, кінула нябожчыка і выйшла. Маладая пані кінулася званіць у званок, і астатняе вы ведаеце самі.
Прывялі іспанца. Ён быў спакойны і бараніўся з выключнай вытрымкай і разважлівасцю. Зрэшты, ён не адмовіўся ад словаў, што я быў пачуў ад яго, але словы гэтыя, як ён цвердзіў, не значылі нічога іншага, як толькі тое, што на другі дзень ён, адпачыўшы, выйграе партыю ў мяч у свайго пераможцы. Памятаю, як ён дадаў:
— Арагонец, калі яго абразяць, не чакае да заўтра, каб адпомсціцца. Калі б мне здалося, што пан Альфонс мяне абразіў, я адразу прапароў бы яму нажом жывот.
Яго чаравікі параўналі са слядамі ў садзе: сляды аказаліся значна меншымі.
Урэшце гаспадар заезду, дзе спыніўся гэты чалавек, пацвердзіў, што той усю ноч завіхаўся каля хворага мула.
Да таго ж гэты арагонец меў добрую славу ў наваколлі, яго тут добра ведалі, бо ён прыязджаў сюды гандляваць штогод. Яго вызвалілі, папрасіўшы прабачэння.
Я забыўся падаць сведчанні слугі, які апошні бачыў пана Альфонса жывога. Гэта было ў той момант, калі той збіраўся падняцца да жонкі і, паклікаўшы гэтага чалавека, спытаўся з трывогай, ці не ведае той, дзе я. Слуга адказаў, што не бачыў мяне. Тады пан Альфонс уздыхнуў і, памаўчаўшы хвіліну, сказаў: «Ну вось, д’ябал, пэўна, забраў і яго!»