I ён зноў пачаў піць.
Тым часам пад радасныя крыкі і воплескі хлопчык гадоў адзінаццаці вылез з-пад стала і паказаў прысутным прыгожую бела-ружовую стужку, якую ён адвязаў з ножкі маладой. Гэта завецца «зняць у маладой падвязку». Яе адразу парэзалі на кавалачкі і раздалі маладым хлопцам, якія паўстаўлялі гэтыя кавалачкі сабе ў пятліцы, згодна са старым звычаем, што яшчэ захаваўся ў некаторых патрыярхальных сем’ях. Маладая густа пачырванела... Але яна яшчэ болей збянтэжылася, калі пан дэ Пэрарад, запатрабаваўшы, каб усе сціхлі, праспяваў колькі каталонскіх прыпевак, якія, сцвярджаў ён, былі вольным экспромтам. Вось іх сэнс, калі я ўсё добра зразумеў:
«Што ж гэта робіцца, сябры? Ці ў мяне ад віна ўваччу дваіцца? Дзве Венеры тут перада мною...»
Малады павярнуўся зусім разгублены, і ўсе засмяяліся.
«Так, так,— працягваў пан дэ Пэрарад,— пад маім дахам дзве Венеры. Адну я знайшоў пад зямлёй, а другая спусцілася з нябёсаў і падзяліла з намі свой пояс».
Ён хацеў сказаць: «Сваю падвязку».
«Мой сыне, выберы сабе тую Венеру, што ты жадаеш,— рымскую або каталонскую. Але ж ён, шэльма, ужо ўзяў каталонку і слушна зрабіў. Рымлянка чорная, каталонка белая. Рымлянка халодная, а да каталонкі не падысці — загарышся».
Гэткі дасціпны канец выклікаў у прысутных такое захапленне, такія бурлівыя воплескі, такі грымотны смех, што я баяўся, каб столь не абвалілася нам на галовы. За сталом не смяялася толькі трое — маладыя і я. Мне надта балела галава, дый да таго ж, не ведаю чаму, вяселлі заўсёды мяне засмучаюць. А гэтае было мне нават трошкі непрыемнае.
Калі намеснік мэра даспяваў апошнія куплеты, якія, трэба прызнацца, былі даволі нясціплыя, усе перайшлі ў вялікую залу, каб паглядзець, як адыдзе маладая, якую неўзабаве павінны былі ўвесці ў яе пакой, бо ўжо набліжалася поўнач.
Пан Альфонс падвёў мяне да акна і сказаў, паглядаючы ўбок:
— Вы будзеце з мяне смяяцца... Але я не ведаю, што са мною робіцца... Мяне зачаравалі! Я ў д’яблавых руках!
Першая думка, якая прыйшла мне ў галаву, была аб тым, што ён баіцца нейкага няшчасця, накшталт тых, пра якія гавораць Мантэнь[64] і пані дэ Сэвінье[65]:
«Каралеўства кахання поўніцца трагічнымі здарэннямі...» і г. д.
«Я думаў, што такія непрыемнасці здараюцца толькі з разумнымі людзьмі»,— сказаў я сам сабе.
— Вы выпілі зашмат каліурскага віна, дарагі пан Альфонс,— сказаў я.— Я вас папярэджваў.
— Можа, і так. Але тут нешта страшнейшае.
Ён гаварыў урывіста. Я падумаў, што ён ужо зусім п’яны.
— Вы ж памятаеце мой пярсцёнак? — сказаў ён, трохі памаўчаўшы.
— Ну, памятаю. Дык што, яго нехта ўзяў?
— Не.
— Значыць, ён у вас?
— Не... я... я не магу зняць яго з пальца гэтай д’яблавай Венеры.
— Ну дык вы проста слаба цягнулі.
— Ды не... Але Венера... яна сціснула палец.
Ён разгублена паглядзеў на мяне, успершыся на падваконне, каб не ўпасці.
— Што за байкі! — адказаў я.— Вы занадта моцна яго насунулі. Заўтра прыйдзеце з абцугамі і знімеце. Але толькі не пашкодзьце статую.
— Ды не, кажу я вам. Яна сагнула палец, яна сціснула руку, чуеце?.. Значыць, яна цяпер мая жонка, бо я падараваў ёй свой пярсцёнак... Яна не хоча яго аддаваць.
Я здрыгануўся, і мароз прабег у мяне па скуры. Пасля ён глыбока ўздыхнуў, мяне ахуталі вінныя выпарэнні, і трывога мая сунялася.
«Няшчасны,— падумаў я,— ён ушчэнт п’яны».
— Вы знаўца старажытнасцяў, пане,— дадаў малады, ледзь не плачучы,— вы ведаеце гэтыя статуі... можа, тут ёсць нейкая штука, нейкія хітрыкі, пра якія я не ведаю... Можа, вы сходзіце і паглядзіце?
[64] ...пра якія гавораць Мантэнь... — Мерымэ мае на ўвазе адну з даволі фрывольных мясцін «Вопытаў» французскага пісьменніка і філосафа Мішэля дэ Мантэня (1533—1592).
[65] Пані дэ Сэвінье, Марыя дэ Рабютэн-Шанталь (1626—1696) — французская пісьменніца, аўтар «Лістоў» — цікавага і таленавітага літаратурнага твора.