— Вы намалюеце партрэт маёй жонкі? — спытаўся ён, схіліўшыся над маім накідам.— Яна таксама вельмі прыгожая.
У гэты момант на пляцоўцы, пра якую я расказваў, пачыналася гульня, якая адразу прыцягнула ўвагу пана Альфонса. А я, стаміўшыся і страціўшы надзею перадаць на паперы гэтае д’ябальскае аблічча, неўзабаве кінуў маляваць і пачаў назіраць за гульцамі. Сярод іх было некалькі іспанскіх паганятых, што прыбылі ў мястэчка напярэдадні. Гэта былі арагонцы і наварцы, амаль усе незвычайна спрытныя. I таму ільцы, хоць і падтрыманыя прысутнасцю і парадамі пана Альфонса, былі хутка пераможаны прышлымі майстрамі. Мясцовыя гледачы зажурыліся. Пан Альфонс зірнуў на гадзіннік. Была яшчэ толькі палова дзесятай. Маці яшчэ не прычасалася. Ён, не вагаючыся, зняў сурдут, узяў у некага куртку і кінуў выклік іспанцам. Я, трохі здзіўлены, з усмешкай паглядаў на яго.
— Трэба падтрымаць гонар мястэчка,— сказаў ён.
I тады ён падаўся мне сапраўды прыгожым. Ён быў апантаны. Святочнае ўбранне, якое толькі што так яго займала, цяпер для яго нічога не значыла. Яшчэ пару хвілін перад тым ён баяўся павярнуць галаву, каб не з’ехаў набок гальштук. Цяпер ён ужо болей не думаў ні пра свае старанна ўчасаныя валасы, ні пра бездакорныя складкі жабо. А як жа маладая?.. Клянуся, калі б было трэба, ён, я думаю, адклаў бы і вяселле. Ён паспешліва абуў сандалі, засукаў рукавы і ўпэўнена стаў на чале пераможанай каманды, як Цэзар, што далучыўся да сваіх салдатаў у Дырахіі. Я пералез цераз жываплот і ўтульна ўладкаваўся пад засенню каменнага дрэва, каб лепей бачыць абедзве каманды.
Насуперак спадзяванням, пан Альфонс прайграў першы мяч. Ён праляцеў над самай зямлёю, з незвычайнай сілай пасланы адным арагонцам, які, відаць, быў у іспанцаў за галоўнага.
Гэта быў чалавек гадоў сарака, сухі і знерваваны, ростам у шэсць стоп, і яго аліўкавая скура была амаль такая цёмная, як счарнелая бронза Венеры.
Пан Альфонс злосна кінуў ракетку вобзем.
— Пракляты пярсцёнак,— закрычаў ён,— цісне палец, і я не магу адбіць просты мяч!
Ён з цяжкасцю сцягнуў пярсцёнак з брыльянтамі. Я падышоў, каб узяць яго, але ён апярэдзіў мой намер, падбег да Венеры, надзеў ёй пярсцёнак на безыменны палец і зноў заняў месца на чале ільцаў.
Ён быў бледны, але спакойны і рашучы. Ён болей ніводнага разу не схібіў, і іспанцы былі разбіты. Забаўна было глядзець, як радуюцца гледачы: адныя безупынна крычалі ад радасці і падкідалі капелюшы ўгору, другія ціснулі яму руку, называлі яго гонарам мястэчка. Ён прымаў такія шчырыя і гарачыя віншаванні, як бы ён адбіў варожае нашэсце. Засмучэнне пераможаных дадавала бляску яго трыумфу.
— Калі-небудзь мы згуляем яшчэ, хлопча,— сказаў ён паблажліва арагонцу.— Але я дам вам ачкоў наперад.
Мне было трохі прыкра за такую нясціпласць пана Альфонса, і я адчуваў няёмкасць перад абражаным супернікам.
Іспанскі асілак глыбока перажываў гэтае прыніжэнне. Я ўбачыў, як яго смуглявы твар зрабіўся бледны. Ён змрочна паглядзеў на сваю ракетку, сціснуўшы зубы, пасля ціха сказаў здушаным голасам: Me lo pagarὰs[62].
Голас пана дэ Пэрарада парушыў трыумф яго сына. Мой гаспадар, які вельмі здзівіўся, не знайшоўшы сына пры наглядзе за падрыхтоўкай новага экіпажа, здзівіўся яшчэ больш, калі ўбачыў яго спацелага з ракеткай у руцэ. Пан Альфонс пабег дадому, вымыў твар і рукі, надзеў свой новы сурдут і лакаваныя чаравікі, і праз пяць хвілін мы ўжо гналі рыссю па дарозе на Пюігарыг. Усе местачковыя гульцы і безліч гледачоў з радаснымі воклічамі беглі за намі так, што нашы дужыя коні ледзь здолелі пакінуць ззаду гэтых нястомных каталонцаў.
Мы прыехалі ў Пюігарыг, і вясельнае шэсце ўжо збіралася выправіцца ў мэрыю, калі раптам пан Альфонс, ляпнуўшы сябе па лобе, ціхенька сказаў мне:
— Якая прыкрасць! Я пакінуў пярсцёнак! Ён на пальцы ў Венеры, каб яе халера ўзяла! Хоць бы ўжо не кажыце маёй маці. Можа, яна нічога не заўважыць.
— Вы б маглі некага паслаць,— параіў я.
— Ат! Мой слуга застаўся ў Ілі, а гэтым я не надта давяраю. Брыльянтаў на тысячу дзвесце франкаў, на гэта шмат бы хто спакусіўся. Дый што б тут падумалі пра маю забыўлівасць? З мяне б смяяліся. Мяне б назвалі мужам статуі... Толькі б пярсцёнак не ўкралі! Добра, што мае прайдзісветы баяцца стодзіва. Яны не наважваюцца блізка падыходзіць. Ай, не бяды! У мяне ёсць іншы пярсцёнак.
Цывільная і царкоўная цырымоніі адбыліся з адпаведнай пышнасцю, і панна дэ Пюігарыг атрымала пярсцёнак парыжскай мадысткі, не падазраючы, што жаніх даруе ёй знак кахання іншае жанчыны. Пасля селі за стол, пілі, елі, нават спявалі, і ўсё надта доўга. Я перажываў за маладую з прычыны бурлівае весялосці, што панавала вакол яе, аднак яна трымалася лепш, чым я чакаў, і яе замяшанне не было спрычынена збянтэжанасцю або прытворствам.
Можа, мужнасць абуджаецца ў цяжкіх абставінах.
Сняданне скончылася, калі Бог паклаў. А чацвёртай гадзіне мужчыны пайшлі прагуляцца ў цудоўны мясцовы парк або глядзелі, як на замкавым лузе скачуць пюігарыгскія сялянкі, убраныя ў святочныя строі. Такім чынам мы прабавілі некалькі гадзін. Тым часам жанчыны мітусіліся вакол маладой, якая паказвала ім вясельныя падарункі. Пасля яна змяніла ўбранне, і я ўбачыў, што яна схавала свае прыгожыя валасы пад капелюшом з пер’ем, бо жанчыны нішто так не спяшаюцца зрабіць, як убрацца так, як звычай ім забараняў, пакуль яны былі паннамі.
Было ўжо каля восьмай гадзіны, калі сабраліся ехаць у Іль. Але спачатку адбылася чуллівая сцэна. Цётка панны дэ Пюігарыг, што была ёй за маці, старая і надта пабожная кабета, не ехала з намі ў мястэчка. На развітанне яна прамовіла сваёй пляменніцы кранальнае павучанне аб яе сужонскіх абавязках, і павучанне гэтае выклікала патокі слёз і бясконцыя абдыманні. Пан дэ Пэрарад параўнаў гэтае развітанне з выкраданнем сабінянак[63]. Урэшце мы выехалі, і падчас усёй дарогі ўсе стараліся забавіць і развесяліць маладую, але ўсё было марна.
У Ілі нас чакала вячэра, і якая вячэра! Калі раніцай мяне збянтэжыла грубаватая застольная весялосць, дык цяпер я быў збянтэжаны яшчэ болей жартамі і намёкамі, скіраванымі да маладых. Малады, што быў знік на хвілінку перш чым сесці за стол, сядзеў збялелы і халодна-паважны. Штохвіліны ён куляў чарку са старым каліурскім віном, моцным, як гарэлка. Я сядзеў побач з ім і палічыў патрэбным яго папярэдзіць:
— Сцеражыцеся! Кажуць, што віно...
Не памятаю, што за глупства я яму сказаў, каб патрапіць у тон застолля.
Ён штурхнуў мяне каленам і ціха сказаў:
— Калі ўсе ўстануць з-за стала... я хацеў бы сказаць вам пару слоў.
Мяне здзівіў яго ўрачысты тон. Я паглядзеў на яго ўважлівей і ўбачыў, як дзіўна змяніўся ягоны твар.
— Вам нядобра? — спытаўся я.
— Ды не.
[62] Ты мне за гэта заплаціш (ісп.).
[63] Выкраданне сабінянак — эпізод з легендарнай гісторыі Старажытнага Рыма: некалі Рым быў заселены аднымі мужчынамі, суседняе племя сабінянаў адмаўлялася аддаваць сваіх жанчын замуж за рымлянаў. Тады падчас наладжанага ў горадзе раскошнага свята рымляне нечакана напалі на бяззбройных гасцей і выкралі найпрыгажэйшых сабінянак.